Добра, калі настаўнік дасканала ведае свой прадмет, а яшчэ лепш, калі мае захапленне, якім можа зацікавіць выхаванцаў. Астрамечаўскім школьнікам у гэтым плане пашанцавала.
На ўроках тэхнічнай працы яны не толькі авалодваюць асновамі сталярнай справы, але і спасцігаюць сакрэты бондарства.
У педагогіку ўраджэнец Століншчыны Анатоль Адамавіч Сенькавец прыйшоў не адразу. Але з вышыні часу выбар настаўніцкай прафесіі бачыцца яму заканамерным.
У дзяцінстве цікаўнаму хлапчуку вельмі падабалася дапамагаць свайму дзядзьку Яўгену Іванавічу Бруцкаму, вядомаму на ўсю ваколіцу майстру сталярных работ. Анатоль захоплена назіраў за тым, як ва ўмелых руках звычайныя дошкі і брускі ператвараюцца ў дзверы, шыбы, табурэткі, сталы… Будучы “на падхваце”, падлетак паступова спасцігаў азы рамяства: вывучаў уласцівасці матэрыялаў і асаблівасці настройкі інструментаў, асвойваў простыя аперацыі па апрацоўцы драўніны.
А вось жыццёвую філасофію будучы педагог засвоіў у дзеда Анатоля Іванавіча, удзельніка Першай сусветнай вайны, заўзятага рыбака і паляўнічага. “Рамяство заўсёды з табой, не трэба ніякай торбы, каб яго пераносіць”, — гэтыя дзедавы словы адыгралі важную ролю ў асобасным і прафесійным станаўленні А.А.Сенькаўца.
Стаць педагогам ён не марыў. Пасля заканчэння школы і службы ў арміі паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, дзе набыў кваліфікацыю інжынера-механіка па сельскагаспадарчых машынах. На працягу 13 гадоў Анатоль Адамавіч шчыраваў у калгасах Гомельшчыны і Брэстчыны: умацоўваў іх рамонтна-тэхнічную базу. Работа падабалася, але з-за напружаных сялянскіх будняў зусім не заставалася часу на дзіцячае захапленне, што вельмі засмучала. Хацелася цалкам прысвяціць сябе любімай справе.
Гэтае жаданне падтрымаў тагачасны дырэктар Астрамечаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна Анатоль Іванавіч Даніш, які прапанаваў былому вучню пасаду настаўніка тэхнічнай працы. А.А.Сенькавец з радасцю пагадзіўся, хаця адаптаваўся да новай работы амаль 2 гады. Дапамаглі яго працавітасць і настойлівасць.
У школе Анатоль Адамавіч адразу арганізаваў гурток “Юны сталяр”, займацца ў якім было шмат жадаючых. Пад кіраўніцтвам творчага педагога дзеці выраблялі конаўкі, дзежкі, бочкі. Гурткоўцы паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсах, выставах і алімпіядным руху.
Асаблівая гордасць настаўніка — калекцыя адметных самаробных прылад і прыстасаванняў, некаторыя з якіх існуюць у адзінкавым экзэмпляры і ўяўляюць сабой сімбіёз сялянскага вопыту і кемлівасці з сучаснай інжынернай думкай. Для вырабу многіх інструментаў выкарыстоўваліся дэталі сельскагаспадарчай і бытавой тэхнікі, адходы піларамы, другасная сыравіна.
— На жаль, зацікавіць сучасных падлеткаў сталярнай справай, якой даводзіцца канкурыраваць з гаджэтамі, даволі цяжка, — заўважае А.А.Сенькавец. — Многім дзецям не хапае цярпення і ўседлівасці, хочацца хуткага выніку без адпаведнай падрыхтоўкі. Мая задача — сфарміраваць у школьнікаў базавыя працоўныя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца ім у дарослым жыцці. Для гэтага неабходна зацікавіць дзяцей. Паколькі слухаць тэарэтычны матэрыял сумна, разумна спалучаю яго з практыкай. Але галоўнае — матывую ўласным прыкладам. Паказваю, як трэба, і заўсёды падкрэсліваю: каб дасягнуць поспеху, варта шмат працаваць.
Педагог умее заразіць сваім энтузіязмам выхаванцаў, якія на дадатковых занятках вырабляюць складаныя стульчыкі, біклагі, экзатычныя кумганы, бочачкі, цабэркі, дзежкі, ражкі. Сваім вопытам Анатоль Адамавіч шчодра дзеліцца з калегамі на майстар-класах, канферэнцыях і выставах. Акрамя таго, настаўнік як прафесійны рамеснік актыўна ўдзельнічае з уласнымі бондарскімі вырабамі ў кірмашах і фестывалях рознага ўзроўню. Яго работы адзначаны шматлікімі граматамі і дыпломамі.
Маляўнічы дом А.А.Сенькаўца з незвычайнай разной шалёўкай бачны здалёк. У вольны час педагог працуе ва ўласнай майстэрні і шкадуе, што ў сутках усяго 24 гадзіны. Цікавых задум у яго вельмі шмат.
— Бондарства — адзін са спосабаў самарэалізацыі, — гаворыць Анатоль Адамавіч. — Прыемна, што любімая справа прыносіць карысць і іншым. Для творчага чалавека вельмі важна адчуваць сваю запатрабаванасць і значнасць работы, якой ён прысвяціў усё жыццё.
За гэта настаўніку можна не хвалявацца. Вынікі 24-гадовай педагагічнай дзейнасці пацвярджаюць і першае, і другое.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.