О, паэзія! Выток самых прыгожых і высокіх пачуццяў! Якое вялікае шчасце – мець у суразмоўцах паэта, здольнага вярнуць цябе да тваёй сутнасці…
Я спачуваю тым, хто не сустрэўся яшчэ з Піменам Емельянавічам Панчанкам. Знаёмцеся: народны паэт Беларусі, прыхільнік і аматар беларускага мастацкага слова, выратавальнік чалавечай душы і яе мудры творца, Асоба, Мастак, Грамадзянін. Яго імя ходзіць ад сэрца да сэрца: хвалюе, радуе, вучыць Дабру і дорыць Надзею. Гэта і ёсць той самы стрыжань, які робіць чалавека Чалавекам, а яго шлях жыцця – шляхам да Вечнасці. Сёлета споўнілася б 105 гадоў з дня нараджэння самабытнага лірыка. Для юбіляра, “Паэзія – споведзь веку, прапушчаная праз уласнае сэрца”. Сапраўды, чытаць яго творы без хвалявання немагчыма, бо ў іх такая замілаванасць да жыцця, незамутнёна чыстая любоў да Бацькаўшчыны і роднага слова, такая высокая паэзія праўды! Яна не вычэрпваецца старонкамі прачытанага, а жыве як роздум і ўнутраная сіла, як святло незгасальнага сумлення, радасць адкрыцця і пазнання. Пазнання чалавека, гісторыі, Айчыны.
Давайце пашырым наша ўяўленне пра добрага і светлага чалавека, узнавім асобныя моманты яго нялёгкай жыццёвай долі, пагартаем старонкі паэтычнага сшытка знакамітага песняра, які верыў у чароўную сілу Паэзіі, верыў Яго Вялікасці Слову. А ён працаваў менавіта так, з поўнай аддачай, з глыбокім адчуваннем адказнасці перад літаратурай. Паплывём з таленавітым майстрам па рацэ Гісторыі – і вернемся з гэтай вандроўкі больш дасведчанымі, гістарычна-памятлівымі, духоўна багатымі і мудрымі людзьмі.
Звярніце ўвагу на партрэт паэта. Такі праніклівы – праз вякі – позірк чалавека. Разважлівасцю, удумлівасцю, аптымізмам свецяцца яго вочы. Такія і вершы – блішчаць гаючаю, выратавальнаю чысцінёй, ствараюць суцэльнае прыгожае паэтычнае палатно, дзе ўсё паяднана – і памяць, і ўдзячнасць, і захапленне, і вера…
Быў, ёсць і будзе заклапочаны паэт пра вернасць Радзіме, якая пачалася з кутка, дзе нарадзіўся, вырас, любоў да якой насіў у гарачым сэрцы.
Нарадзіўся будучы паэт сто пяць гадоў таму, 23 жніўня 1917 года, у Таліне. Якраз тады, калі бушавала полымя першай сусветнай вайны. Бацьку забралі ў войска. У гэты час і з’явіўся на свет хлопчык, якому далі імя – Пімен. Эстонія не пакінула ніякага следу ў свядомасці дзіцяці, таму што маці вярнулася на сваю радзіму ў Бягомль.
Тут прайшло дзяцінства і ранняе юнацтва. Сын лесніка вырас на ўлонні прыроды. Тут ён пачынаўся як творца. Паэт гаварыў, што хараство роднай бацькоўскай зямлі, да якой прырос з маленства ўсім сэрцам, да таго куточка, дзе звонка струменяць крынічныя воды, так прывабна гучаць песні зямной птушкі-жаваранка і так імкліва ўзвышаюцца сасновыя бары, прапахлыя водарам верасовых грыбоў – падштурхнула і натхніла юнака да творчасці.
Думка… Вось яна, самая каштоўная якасць вершаў Пімена Панчанкі. Думка, падсвечаная пранізліва-шчымлівай журбою – такім рэдкім і надзейным пачуццём. Бо ў ім няма злосці, нянавісці, пагарды, а ёсць толькі вялікасны боль і ачышчальны смутак, якія здольны прасвятліць чалавека. Вярнуць яго да спакойнага, мудрага стану, у якім толькі і можна разважаць пра высокае, тварыць яго. У кожнай думкі паэта – сваё адметнае жыццё, знешняя абалонка, сваё дыханне і ўзмах крыла. Паспрабуем закрануць глыбінную, каранёвую струнку знаўцы чалавечай душы, каб ажывіць яе.
Шлях гуманіста і вялікага жыццялюба пазначаны мноствам адкрыццяў: паэтычны россып роздуму пра лёс народа, яго гісторыю, мову, прывязанасць да бацькоўскай зямлі, экалогія душы і экалогія прыроды, каханне, духоўныя і маральныя традыцыі. Здавалася, амаль усе праявы жыцця шукалі свайго выйсця ў слове. Пімен Панчанка – аўтар кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў “На паэтычным небасхіле”. Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, Я.Райніса і іншыя. Творчасць паэта стала крыніцай натхнення айчынных кампазітараў І.Лучанка, В.Іванова.
Сёння, калі многае перацэньваецца з гістарычнага мінулага нашай Радзімы, пашыраюцца гарызонты праўды, вершы паэта ўспрымаюцца з вялікай цікавасцю і захопленасцю. Яны нясуць багатую пазнавальную інфармацыю, запаўняюць нашы прабелы па гісторыі беларускага народа, прымушаюць па-іншаму глянуць на многія падзеі. Пачынаеш чытаць – і дзіўная рэч! – цябе не пакідае адчуванне, што ты бачыш усё сваімі вачыма…
Ваеннае ліхалецце – скразны лейтматыў творчасці Пімена Панчанкі. Вайна зрабіла 24-гадовага юнака заўчасна сталым, з вайною закончылася ўчарашняя хлапечая бесклапотнасць, пачаліся цяжкія страты і турботы.
Яго песня, апранутая ў шынель, абвергла вядомае выслоўе: ”Калі гавораць гарматы, музы маўчаць”. Яго муза гаварыла, ды яшчэ як! Яе голас быў то гнеўна-выкрывальны, то душэўна-сцішаны. Паэт-франтавік прайшоў шляхамі суровых выпрабаванняў Вялікай Айчыннай вайны, якая была не проста фактам біяграфіі, а часам глыбокага роздуму аб лёсе краіны, народа. Убачанае і перажытае жыве ў вершах штрыхом, эпізодам, лёсамі людзей. Зверствы фашыстаў выклікаюць прагу помсты, гатоўнасць ахвяраваць сваім жыццём дзеля вызвалення Айчыны.
Несмяротныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, пачуццём суперажывання, спагады да чужога гора. Таму з цікавасцю чытаецца кожны верш, народжаны памяццю аб вайне: зборнікі ”Дарога вайны”, і “Далёкія станцыі”, вершы “Сустрэча з бярозай”, ”Сінія касачы”, “Герой”, “Іх вечныя агні”, “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток”, “Краіна мая”. Яны вярэдзяць і рвуць чалавечыя душы, дапамагаюць зразумець, якое гэта багацце – жыць у міры.
“Краіна мая”. Лірычны герой – салдат-беларус, які да вайны араў поле, магчыма, гушкаў дзяцей, радаваўся жыццю. Ключавая думка – памяць вайны, памяць абавязку перад загінуўшымі – гучыць пранізліва-балюча і настойліва. Напісаны ён быў паміж баямі. Прытаміліся салдаты на вайне. Засумавалі па сваёй роднай старонцы, сям’і, пасаджаным каля хаты клёне, па матчынаму хлебу. Верш – своеасаблівы плач па пакінутым родным краі. Ён нагадвае нам плач Яраслаўны з “Слова аб паходзе Ігаравым”:” Краіна мая, радасць мая, // Песня мая маладая! // Па нівах тваіх, па тваіх гаях // Сынава сэрца рыдае”.
З шчымлівай самотай падлеткі знаёмяцца з вершам “Кожны з нас прыпасае Радзімы куток”. Вядучая тэматычная лінія – перад чытачамі паўстае салдат-патрыёт, які выйшаў з акружэння і апынуўся каля спаленай роднай хаты. Лірычны герой зліваецца з сваёй старонкай, лашчыць і абдымае яе як маленькае дзіця, нешта шэпча… Яго сэрца і сэрцы маладога пакалення разрываюцца ад болю, выкліканага трагедыяй зямлі, карцінай страшэннага разбурэння, якое ўбачыў малады салдат на малой радзіме:
Развіднела. А певень людзей не будзіў.
Цішыня. Мёртвы попел. Ні стуку, ні груку.
Каміны… Каміны… Дух пажарышча горкі.
Пімен Панчанка стварыў літаратурны помнік вялікай людской трагедыі. Нельга заставацца раўнадушнымі і чэрствымі, калі згадваем радкі знакамітага верша“Іх вечныя агні”, перад якімі старыя маці ў адзіноце перажываюць трагедыю – страту сыноў на вайне. Калі чытаеш, сэрца працінае суперажывальны водгук, да горла падступае спазма, здаецца, не здолееш чытаць далей. Божа літасцівы, засцеражы нашых матуль і ўсіх бацькоў ад такога бязлітаснага гора, пазбаў ад жалобных песень-плачаў па дзецях сваіх!: “Да болю можа кожны прыцярпецца // І да няшчасця, толькі не яны, // Што страцілі дзяцей… // Гарыць для іх цяпельца // На тым далёкім беразе вайны”.
Колькі ў гэтых, псіхалагічна “шчыльных”, эпізодах чалавечага болю, гневу, смутку, жальбы, якая высокая канцэнтрацыя праўды! Яны запальваюць і мацуюць сэрцы многіх і многіх пакаленняў высокім патрыятычным і гуманістычным пафасам.
Абапіраючыся на прачытаныя творы, юнакі і дзяўчаты ўсведамляюць, што вайна – суровае і вялікае выпрабаванне, што яна заўсёды згубна ўплывае на чалавека, прыносіць няшчасце, забірае людзей, калечыць душы тых, хто ацалеў. Праходзяць гады, але мы заўсёды будзем памятаць пра страшны час, абпалены вайной, і пра тых, хто набліжаў Перамогу.
На высокай ноце гучыць заклік да згоды чалавека і прыроды. Пейзажная лірыка прызнанай Асобы поўніцца замілаванасцю да ўсяго жывога, усхваляванымі экалагічнымі матывамі. І талент ён меў рэдкі – пяшчотна паэтызаваў і бярог прыгажосць зямлі, адчуваў кожнаю клетачкай і жылкаю яе дыханне. Сваё дыханне звярае паэт са спеўным дыханнем роднай беларускай прыроды, кожную часцінку яе красы ўспрымае як бясцэнны дар. Ён запрашае моладзь услухацца ў чароўную музыку зямлі, прайсціся напаўзабытымі сцежкамі маленства і юнацтва, каб прасвятліць сваю душу крынічнай чысцінёй рэк і азёр, сагрэць цяплом жытнёвай хвалі, наталіць гаркаватым водарам чабаровых ялін. Яго бязмежная адданасць сваёй Бацькаўшчыне, лірычны дух яскрава адлюстроўваюцца ў вершах “Прырода на дзіва праўдзіва…”, “Восень”, “Лес асенні глуха гудзе”, “Ну, вось табе твой бор, твой верас…”, “У родных мясцінах”:
І ў лес іду знаёмай сцежкай.
На мяне глядзіць хваёвы край
З хітраю ўсмешкай: “Пазнавай!”
Глыбока кранаюць вучняў вершы, прасякнутыя экалагічным гучаннем. “Сармацкае кадзіла”, “Лясы і рэкі”, “Не люблю я слова “пакарыцель”, “Крык сойкі”. Паэт звяртаецца да сваіх нашчадкаў з пранікнёнымі словамі перасцярогі і шчырай сардэчнай просьбы: “А яшчэ прашу: // Пакідайце і буслу, і чайцы // Больш вады і неба на душу”.
Абаронца-эколаг пратэстуе супраць варварскіх адносін да прыроды, да таго, што нельга яе бяздумна руйнаваць, спапяляць, нішчыць. Эмацыянальны градус абурэння, гневу падвышаецца настолькі, што паэт б’е трывогу ў сувязі з тым, як чалавек вынішчае грыбніцы, выдзірае ягаднікі, рабуе лес, як перасыхаюць рэкі, атручваецца вада і гіне рыба:
Смерць лясоў для мяне
непрымальна,
Як і гібель павольная рэк…
Людзі, людзі, жывіце
нармальна
І пра будучы думайце век.
Такім чынам, падрастаючае пакаленне пераконваецца, што чалавек павінен жыць у згодзе, гармоніі з прыродай, любіць і шанаваць прыродны свет.
Безумоўна, найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца мова. Бацькоўскае слоўца адпавядае душы чалавека, яно зжылося з беларусамі, прайшло з імі праз стагоддзі. Хваляваў і непакоіў Панчанку лёс роднай мовы. Услухаемся ў мужныя радкі: “Для мяне ж яна вечна жывая, як раса, як сляза, як зара”. Паэту не патрэбна іншая, самая багатая, яму неабходна свая, без якой няма сэнсу жыць. Патрыёт сваёй радзімы. Яго любоў і павага да матчынай мовы прасочваецца ў пранікнёна-задушэўных вершах “Беларуская мова”, “Родная мова”, “А мову ледзь не затапталі”…
Выразнае чытанне, асэнсаванне, аналіз твораў падтрымлівае ў школьнікаў жаданне і імкненне вывучаць і папулярызаваць непаўторнае роднае слова, развівае цікавасць да гісторыі і культуры роднага краю, да літаратурнай спадчыны выдатнай постаці.
Мастак слова праз людскія лёсы дапамог нам глянуць на лёс уласны, засвоіць няпростыя ўрокі жыцця. “Без чалавечнасці не будзе вечнасці” – гэтыя словы паэта сталі гуманістычным імператывам эпохі. Душэўнасць, дабрыня, узаемаразуменне, праўда, сумленне, справядлівасць, з’яўляюцца ключавым імпульсам слыннага паэта. Яны – голас і рэха яго душы, якая і памылялася, і верыла, і любіла, і пакутавала… Мелодыі сапраўдных каштоўнасных арыенціраў гучаць на поўную сілу ў вершах “Мала сказаць ненавіджу…”, “Гнеў і літасць”, “Крык сойкі”, “Той дзень прапаў і страчаны навекі…” і іншыя. Асноўная фабула: люстэрка, у якім адбіваецца барацьба паміж спрадвечнымі ідэаламі і несумленнасцю, зайздрасцю, чэрствасцю, абыякавасцю, раўнадушнасцю, эгаізмам, подласцю. Паэт-творца пратэстуе супраць тых, хто марнуе сваё жыццё, выказвае негатыўныя адносіны да людзей, якія не жывуць па Божых запаветах, прагназуе іх адзіноту ў старасці:
Той дзень прапаў і
страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты
чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.
Велічная Постаць падштурхоўвае падлеткаў тварыць прыгажосць, дарыць людзям цяпло і радасць, здзіўляцца хараству і красе ў свеце. Яны ўсведамляюць важную ісціну: самае мудрае жыццёвае крэда – быць Чалавекам.
Хораша і светла жыў мастак самабытнага таленту на зямлі, несучы ў сваім сэрцы гістарычную памяць, жывыя ўрокі мужнасці і патрыятызму, свой высокі закон. Яго творы і сёння не могуць быць непачутымі – у праўды стагоддзяў асаблівы голас. Вершы Пімена Панчанкі – як глыток чыстага паветра, як бальзам для цела і душы, ад якога сэрцу радасна і балесна.
Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”