У 1 клас — без хвалявання

- 13:06В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У сярэдняй школе № 2 Стоўбцаў сёлета адкрыюцца два 1-­я класы. Як зрабіць працэс адаптацыі дзіцяці да школы бязбольным і незаўважным, расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла СТАРАВОЙТАВА. 

Хутка ў школу

— Сёлета ў нас за парты сядуць 38 першакласнікаў — гэта дзеці як з мікрараёна школы, так і з іншых частак горада. Лічба можа крыху змяніцца, бо набор у першыя класы яшчэ не завершаны. Гэта будуць два класы — класы інтэграванага навучання і выхавання. Наша ўстанова адукацыі мае багаты вопыт работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: з 1998 года быў адкрыты першы клас інтэграванага навучання па першай мадэлі, а з 2012 года наша ўстанова з’яўляецца апорнай для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Якасныя спецыялісты дапамогуць бацькам у вырашэнні праблем іх дзяцей. 

— Людміла Георгіеўна, ці праводзіцца папярэдняе знаёмства бацькоў з педагогамі, якія будуць выкладаць у 1-х класах? Ці могуць бацькі выбраць для свайго дзіцяці настаўніка?

— Так, мы прадастаўляем бацькам такую магчымасць. Звычайна заняткі па пад­рыхтоўцы дзяцей да школы праводзяць настаўнікі 4-х класаў, якія на наступны год плануюць узяць першакласнікаў. Падчас гэтых заняткаў бацькі і іх дзеці знаёмяцца з педагогамі. Пры падачы дакументаў бацькі выказваюць пажаданне, да якога б настаўніка яны хацелі трапіць. Часам бывае і такое, што бацькі выбіраюць аднаго педагога, а дзіця сэрцам выбрала іншага. Безумоўна, мы прыслухоўваемся больш да дзіцяці.

Педагагічны стаж Л.Г.Старавойтавай складае амаль 35 гадоў. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага ў 1987 годзе маладая настаўніца прыйшла працаваць у Заямнаўскую сярэднюю школу, а праз год па запрашэнні дырэктара перайшла ў сваю родную школу, дзе і працуе па сённяшні дзень. Педагог заўсёды імкнулася да таго, каб тая работа, якая ёй даручана, была выканана якасна, каб вынікам былі задаволены і дзеці, і бацькі, і настаўнікі, і ў цэлым школа. 

Сёлета першыя класы набіраюць Святлана Гаптар і Ірына Цупрун. Гэта вопытныя настаўніцы, якія маюць добрыя вынікі і ў вучэбнай дзейнасці, і ў алімпіядным і конкурсным руху. Дасягненні вучняў Ірыны Валяр’янаўны звязаны з дакладнымі навукамі, яна аддае перавагу тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. Святлана Геор­гіеўна — гуманітарый, і яе выхаванцы маюць дасягненні пераважна па прадмеце “Чалавек і свет”, беларускай мове, у яе арсенале гульнявыя тэхналогіі і тэхналогія гуманна-асобаснага навучання Ш.Аманашвілі.

— У вашай установе штогод арганізуюцца заняткі па падрыхтоўцы дзяцей да школы. Як яны праводзяцца? 

— Заняткі, якія носяць назву “Хутка ў школу”, праходзяць штогадова з кастрычніка па май. Дзеці займаюцца па вучэбным дапаможніку для дашкольнікаў “Падрыхтоўка да школы” Л.Прапушняк. Па суботах праводзіцца па 4 урокі. Дзеці знаёмяцца са школай, даведваюцца пра правілы паводзін у ёй, атрымліваюць прадметную (па фарміраванні матэматычных уяўленняў, развіцці маўлення і навучанні грамаце, знаёмстве з навакольным светам) і псіхалагічную падрыхтоўку. Арганізоўваюцца заняткі “Развіццё эмацыянальна-валявой сферы і навыкаў зносін”. Гэтая практыка існуе дастаткова даўно. Бацькі ахвотна прыводзяць дзяцей на заняткі, бо ў такім выпадку адаптацыя першакласнікаў да школы праходзіць больш паспяхова. Вучні не баяцца ісці 1 верасня ў школу: ім знаёмы будынак, настаўнік, аднакласнікі. 

Сёлета таксама будзе аб’яўлены набор у групу “Хутка ў школу”. Заняткі будзе праводзіць настаўніца 4 класа Вольга Данільчук.

З дашкольніка ў школьніка

— Якім павінна быць дзіця, падрыхтаванае да школы? На развіццё якіх навыкаў бацькам неабходна звяр­нуць асаблівую ўвагу?  

— Ператварэнне дашкольніка ў школьніка — складаны працэс, звязаны з перабудовай ладу жыцця, псіхікі дзіцяці і з ня­звыклай для яго фізічнай нагрузкай. Зрабіць так, каб адаптацыя да новага рытму жыцця прайшла для дзіцяці бязбольна, плаўна, — задача няпростая. Поспехі шасцігадовага дзіцяці ў школе шмат у чым залежаць ад яго псіхалагічнай гатоўнасці да школы. Што ж уключае ў сябе гэтае паняцце? Яго кампанентамі з’яўляюцца асобасны, інтэлектуальны і валявы віды гатоўнасці. Асобасная гатоўнасць уключае наяўнасць цікавасці да школы, станоўчае стаўленне да яе, жаданне вучыцца, імкненне заняць пазіцыю школьніка. Бацькі павінны не пужаць школай, а настройваць дзіця на тое, што яму тут бу­дзе добра і камфортна.

Дзіця, якое паступае ў школу, павінна дасягнуць пэўнага ўзроўню інтэлектуальнага і эмацыянальна-валявога развіцця. Вучэбная дзейнасць патрабуе пэўнага запасу ведаў аб навакольным свеце, сфарміраванасці элементарных паняццяў. Дзіця павінна валодаць разумовымі аперацыямі, умець абагульняць і дыферэнцыра­ваць прадметы і з’явы навакольнага свету, умець планаваць сваю дзейнасць і ажыццяўляць самакантроль. Валявая гатоўнасць выяўляецца ў здольнасці кіраваць сваімі паводзінамі, арганізаванасці, уменні планаваць свае дзеянні, ажыццяўляць самакантроль. Не менш важна і развіццё камунікатыўных навыкаў, якія спрыяюць узнікненню сяброўскіх адносін з аднагодкамі, развіццю арганізатарскіх здольнасцей. 

Перадумовы псіхалагічнай гатоўнасці дзіцяці да школы пачынаюць фарміравацца ў дашкольным узросце. Вялікая роля ў гэтым належыць бацькам. Многія мамы і таты робяць памылку, імкнучыся раней часу ўкласці ў дзіця школьную мудрасць. Галоўнае для дзіцяці ў гэты перыяд — быць актыўным, кемлівым, разняволеным. Паспяхова вучыцца ў школе яно зможа, калі будзе ўмець кіраваць сваім паводзінамі, падпарадкоўваць свае жаданні таму, што неабходна зрабіць, вельмі важнае і ўменне паслядоўна і мэтанакіравана рухацца да вызначанай мэты. 

— Што робіцца ў школе, каб працэс адаптацыі першакласнікаў прайшоў лёгка і плаўна?

— Адаптацыя дзіцяці да школы адбываецца не адразу. Не дзень, не тыдзень патрабуецца для таго, каб асвоіцца ў школе па-сапраўднаму. Гэта дастаткова доўгі працэс. Аптымальны час для адаптацыі дзяцей да школы 1,5—2 месяцы. Але некаторыя дзеці праходзяць складаны перыяд даўжынёй у 3—4 месяцы, а то і ўвесь навучальны год. Усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцей першакласніка. 

Важна, каб спрыяльная атмасфера была створана ў школе, класе і сям’і. У першыя часы бацькам трэба дапамагаць дзіцяці збіраць партфель, каб яно ў школе змагло знайсці патрэбныя рэчы, неабходныя для ўрока. Важна прытрымлівацца рэжыму дня. Каб адаптацыя прайшла паспяхова, дзіця неабходна пастаянна заахвочваць. А паколькі 1—2 класы займаюцца з выкарыстаннем слоўна-змястоўнай ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці, то дзіця неабходна хваліць. У настаўніка павінен быць назапашаны багаты арсенал фраз накшталт “Малайчынка!”, “Ты сам справіўся!”, “У цябе ўсё атрымалася!”, “З цябе можна браць прыклад!” і інш. Такімі фразамі настаўнік падахвочвае дзіця, усяляючы ў яго веру ў свае сілы, не параўноўваючы з іншымі. На лёгкую адаптацыю накіраваны і курс “Уводзіны ў школьнае жыццё”, які дапамагае згуртаваць дзяцей.

Актыўная жыццёвая пазіцыя

— Як вырашаецца праблема пераемнасці паміж дашкольнай установай і школай? 

— Праблемы пераемнасці навучэнцаў 1-х класаў і дашкольнікаў імкнёмся вырашаць своечасова, на карысць і навучэнцаў, і выхаванцаў дашкольнай установы. У жніўні пачынаецца вывучэнне нарматыўна-прававых актаў, складанне на іх аснове лакальных актаў. Так, ствараецца план сумеснай работы з дашкольнымі ўстановамі адукацыі — яслямі-садамі № 2 і № 3 Стоўбцаў. У план работы ўключаецца сумеснае метадычнае аб’яднанне, у межах якога педагогі школы наведваюць заняткі ў да­школьных установах, а выхавальнікі — у 1-х класах. На падставе гэтага выпрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі, разглядаюцца праблемныя моманты. На працягу шэрага гадоў аналізуюцца ўсе прадметы, якія вывучаюцца ў 1-х класах. Так, напрыклад, было заўважана, што складана праходзяць урокі па працоўным навучанні, бо дзеці дрэнна валодаюць нажніцамі. Былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі і прапанавана бацькам дома папрацаваць у гэтым напрамку, бо гэта развіццё дробнай маторыкі дзіцяці. 

Шмат даюць узаеманаведванне заняткаў і правядзенне кансультацый для да­школьных устаноў (планавых і па запытах) на тэмы “Асаблівасці адаптацыі першакласнікаў да навучання ў школе”, “Прыёмы развіцця камунікатыўных здольнасцей будучых школьнікаў”, “Сродкі развіцця станоўчай матывацыі вучэбнай дзейнасці”.

Па заканчэнні першага перыяду адаптацыі праводзім педагагічны кансіліум, куды запрашаем розных спецыялістаў, абмяркоўваем праблемы, якія ўзніклі, і карэкціруем далейшую дзейнасць для ўдасканалення метадаў і форм работы з дзецьмі. 

Выпускнікі старшых груп прыхо­дзяць на экскурсіі ў школу, атрымліваюць задавальненне ад таго, што ім дазваляюць пасядзець за школьнымі партамі, яны запрашаюцца на святы, урачыстыя лінейкі. Таксама арганізоўваюцца сумесныя выставы творчых работ першакласнікаў і старэйшых дашкольнікаў. 

— Якія пытанні па адаптацыі часцей за ўсё ўзнікаюць у дзяцей? 

— У апошнія гады заўважаем, што ідзе ўзмоцненая падрыхтоўка дзяцей да школы. Часам бацькі нават звяртаюцца па дапамогу да рэпетытараў. Настаўніку ў выніку даводзіцца з такімі дзецьмі арганізоўваць індывідуальную работу, каб ім не было сумна на ўроку. Сустракаюцца і завышаныя патрабаванні бацькоў да свайго дзіцяці. Яны ставяць высокую планку, а калі ў дзіцяці штосьці не атрымліваецца, узнікаюць пытанні. Яшчэ адной праблемай з’яўляецца нізкая пазнавальная актыўнасць першакласнікаў: працаваць на ўроку для іх складана, а вось бавіць час з гаджэтамі — лёгка, даступна. І вучні хо­чуць больш лёгкай працы. 

Мы задаволены прадметнай падрыхтоўкай дзяцей, якія прыходзяць да нас у першыя класы. А вось у названых вышэй праблемах вінаваты дарослыя. Празмернае жаданне, каб дзіця было паспяховым, бацькоўскія трывогі і чаканні толькі перашкаджаюць, а не дапамагаюць. 

— Як педагогу зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі?

— Каб зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі, настаўніку варта займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. Настаўнік павінен быць генератарам ідэй. Калі ён сам працуе з агеньчыкам, то вельмі лёгка падключыць бацькоў да ўсіх відаў дзейнасці: да правядзення ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, заняткаў у групах прадоўжанага дня, свят, экскурсій, майстар-класаў. Яскравае сведчанне паспяховага ўзаема­дзеяння настаўнікаў і бацькоў — прызавыя месцы на конкурсах “Я і мама — майстрыхі”, “Я і тата — майстар” сем’яў Соф’і Жыбуль і Марыі Ганчаронак, Арцёма Самародскага і Івана Высоцкага ў межах раён­нага фестывалю пачаткоўцаў “Ганаруся Стаўбцоўскім краем”.

Прывабная атмасфера

Бацькоў найперш прыцягвае камерная, дамашняя атмасфера, што пануе ў 2-й стаўбцоўскай школе. Коль­касць усіх вучняў — да 500 чалавек, настаўнікі добра ведаюць сваіх выхаванцаў. Напаўняльнасць класаў у пачатковай школе ў сярэднім складае 22 навучэнцы, а гэта таксама немалаважны момант у выбары ўстановы, бо педагог можа ўдзяліць больш увагі кожнаму вучню. Прываблівае бацькоў і добрая матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. За летнія месяцы школа абнавілася, папрыгажэла. Зроблены касметычныя рамонты вучэбных кабінетаў, абноўлены фасад будынка, з’явіўся новы стадыён. 

Акрамя таго, у школе пераважаюць мастацкі і харэаграфічны напрамкі, якія развіваюцца не адно дзесяцігоддзе. Для 1-х класаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Рытміка і танец”, для 2—9-х — “Народна-сцэнічны танец”. Паспяхова дзейнічае танцавальны ансамбль “Светлячок”, куды ўвахо­дзяць навучэнцы з 1 па 9 клас і якім кіруе Ала Ярмак. Нягледзячы на свой узрост, першакласнікі радуюць сваімі дасягненнямі, у ліку якіх дыпломы лаўрэата І ступені V адкрытага Міжнароднага фестывалю дзіцяча-юнацкай і дарослай творчасці “На піку майстэрства” і лаўрэата ІІ ступені міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “На алімпе”. 

Улічваючы непадроблены інтарэс вучняў да гаджэтаў, з новага навучальнага года будуць арганізаваны факультатыўныя заняткі “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”, якія будуць праходзіць у кабінеце інфарматыкі пад кіраўніцтвам Таццяны Бельскай. У STEАM-класе будуць праводзіцца заняткі аб’яднання па інтарэсах па робататэхніцы для вучняў 2—5 класаў. Выкладаць будзе Марына Кіслова.

Актыўна рэалізуецца ў школе і профільнае навучанне. Ва ўстанове дзейнічаюць профільныя групы педагагічнай накіраванасці з вывучэннем на павышаным узроўні англійскай мовы і матэматыкі, рускай і англійскай моў, хіміі і біялогіі. Таксама ў 11 класе у базавай групе вучні асвойва­юць прафесіі “Аўтаслесар” і “Кухар”. 

Дасягненні вучняў таксама прыцягваюць увагу грамадскасці. Так, летась дыпломамі ІІІ ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры адзначаны дзевяцікласніца Валерыя Шумчык (настаўніца Таццяна Скварчэўская) і дзесяцікласнік Раман Чабан (настаўніца Жанна Ганчар). Паспяхова ўдзельнічаюць вучні і ў конкурсах работ даследчага характару.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ. 
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий