Курсы павышэння кваліфікацыі, выданне вучэбнага дапаможніка, работа ў каледжах, ліцэях… Што яшчэ чакае кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ў новым навучальным годзе?
З мінулага верасня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні — пасада надзвычай важная і адказная. За 9 месяцаў у кожным рэгіёне назапашаны багаты вопыт, аднак па-ранейшаму застаецца шэраг праблемных пытанняў. Для іх абмеркавання ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі сабраліся прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Мінскага гарадскога і абласных інстытутаў развіцця адукацыі, непасрэдна самі педагогі.
— Сёння нікога не трэба пераконваць у тым, што патрыятычнае выхаванне з’яўляецца ключавым і прыярытэтным у нашай рабоце. На кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ўскладзена адказная місія, — адзначыла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Л.В.Емяльянчык.
Ларыса Васільеўна засяродзіла ўвагу на кадравым забеспячэнні ўстаноў адукацыі адпаведнымі спецыялістамі, павышэнні іх кваліфікацыі. Напрыклад, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі распрацаваны тэматычны модуль. Таксама павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка можа весціся на базе рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Увядзенне пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні плануецца і ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Многія кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні працуюць па сумяшчальніцтве. Прычым для многіх гэтая пасада не з’яўляецца асноўнай. Гэта неабходна выправіць, — адзначыла Ларыса Васільеўна.
Кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні можа быць любы педагог. Галоўнае патрабаванне — вышэйшая адукацыя, вопыт ваеннай службы або засваенне праграмы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу. У ідэале гэта павінна быць шматгранная асоба, паколькі само паняцце ваенна-патрыятычнага выхавання шырокае. Але гэта ў ідэале. Як паказвае практыка, падобныя кандыдаты трапляюцца не так часта.
У 2022/2023 навучальным годзе будзе весціся работа над выданнем першага вучэбнага дапаможніка для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Юрыя Уладзіміравіча Емяльяненкі, у парадку выключэння дырэктар школы мае права прыняць кандыдата на пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, калі той не мае вопыту ваеннай службы, але з’яўляецца ўладальнікам іншых выключных якасцей. Аднак усё роўна на такую важную і адказную пасаду па магчымасці варта прымаць чалавека, які цалкам адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням.
Яшчэ адно важнае пытанне — функцыянал. Сумесна з адміністрацыяй школы важна абазначыць прыярытэты дзейнасці, якія для канкрэтнай установы адукацыі, рэгіёна ўяўляюць найбольшую значнасць. Абапіраючыся на службовую інструкцыю, метадычныя рэкамендацыі, неабходна дакладна вызначыць асноўны функцыянал кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, які, безумоўна, уключае патрыятычны складнік, гарантаванне бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне індывідуальнай работы, патрыятычных мерапрыемстваў, дабрачынную дзейнасць, догляд воінскіх пахаванняў.
Выкладанне дысцыпліны “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” — толькі частка службовых абавязкаў. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні мае права праводзіць вучэбна-палявы збор, заняткі аб’яднання па інтарэсах, а таксама факультатыўныя заняткі ваенна-патрыятычнай накіраванасці.
— Не трэба замыкацца ў сваім коле, трэба ўзаемадзейнічаць, развіваць сацыяльныя сувязі з установамі, арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, вайсковымі часцямі. Адна з прыярытэтных функцый і залог паспяховай работы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні — гэта наладжванне такога ўзаемадзеяння, — адзначыла Ларыса Васільеўна.
Удзельнікі семінара абмеркавалі фарміраванне ў навучэнцаў паважлівых адносін да дзяржаўных сімвалаў, святкаванне Дня народнага адзінства, арганізацыю мерапрыемстваў праекта “ШАГ”, работу з бацькамі. Была адзначана важнасць абсталявання ў кожнай установе адукацыі да Года гістарычнай памяці экспазіцыі, прысвечанай генацыду беларускага народа, выкарыстання патэнцыялу музейнай педагогікі ў ваенна-патрыятычным выхаванні.
Падчас рэспубліканскага семінара быў прадстаўлены
багаты рэгіянальны вопыт
Некаторыя да сённяшняга часу памылкова думаюць, што кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні — гэта выключна настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі. Аднак выкладанне дысцыпліны “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” — толькі частка службовых абавязкаў. Яны значна шырэйшыя: кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні мае права праводзіць вучэбна-палявы збор, заняткі аб’яднання па інтарэсах, а таксама факультатыўныя заняткі ваенна-патрыятычнай накіраванасці.
Віталь Гарыевіч Міцкевіч, які працуе ў сярэдняй школе № 93 Мінска, такой магчымасцю выдатна карыстаецца. Для вучняў 5—6 класаў ён праводзіць заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Для 6 класа — яшчэ і “Юны пагранічнік”, для 8—9 класа — “Школа юных абаронцаў Айчыны”, а для 10—11-класнікаў — “Гатовы Радзіме служыць!”.
— Выпускнікі, якія прайшлі курс заняткаў “Гатовы Радзіме служыць!”, як плануецца, будуць паступаць ва УВА ваеннага профілю нараўне з сувораўцамі. Гэтая льгота значна павялічыла колькасць навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў у нашай школе. У гэтым годзе ў 10—11 клас мы вырашылі набраць 20 чалавек, аднак заявы прынеслі каля 40 бацькоў. Павялічыўся і працэнт паступлення ў ваенныя ўстановы вышэйшай адукацыі, — адзначыў Віталь Гарыевіч. — Падчас семінара закраналася тэма эфектыўнасці нашай работы. А як можна яе вызначыць? Паказчык эфектыўнасці работы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, на мой погляд, залежыць ад трох крытэрыяў: дасягнення пастаўленай мэты, узаемадзення “настаўнік — вучань” і аператыўнага ўдзелу ў выкананні задач. Напрыклад, прыйшоў загад нясення Вахты Памяці. Як хутка мы рэагуем на выкананне гэтай задачы, наколькі аператыўна і паспяхова можам падрыхтаваць дзяцей? — падзяліўся педагог.
На думку кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 3 Барысава Андрэя Мікалаевіча Корчава, у сувязі з адсутнасцю ў некаторых школах на працягу доўгага часу пасады ваенрука, многія кампетэнцыі былі страчаны. Пачынаць работу па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў даводзілася практычна з нуля.
— На пасаду часцей за ўсё прыходзяць або былыя ваеннаслужачыя, або грамадзянскія асобы. Тут узнікае шэраг праблем. У першай катэгорыі недастатковае ўяўленне пра сістэму адукацыі, у другой — пра ваенны складнік. Я адношуся да першай катэгорыі, таму ўлівацца ў сістэму адукацыі даводзілася метадам проб і памылак. Для чалавека, які нядаўна прыйшоў у гэтую сферу, сапраўдны “культурны шок” выклікае мноства напрамкаў дзейнасці і мерапрыемстваў, якія трэба праводзіць. Як тут не разгубіцца? Я дзейнічаў так: склаў графічны каляндар і змясціў у ім усе мерапрыемствы, якія нам прапануюць розныя інстанцыі, уключыў туды дзяржаўныя святы і памятныя даты. Толькі пасля гэтага паспрабаваў усё размеркаваць, каб не было паўтарэнняў, каб мерапрыемствы не накладваліся адно на адно, каб іх фізічна было магчыма правесці. Мы з калегамі размяркоўваем іх па паралелях. Напрыклад, у 5—6 класах праводзім конкурс малюнкаў, бо ў гэтым узросце ўсе дзеці яшчэ любяць маляваць. У 8, 9, 10 класах — конкурс патрыятычнай песні. Такое размеркаванне знімае лішнюю нагрузку і з дзяцей, і з класных кіраўнікоў, — адзначыў Андрэй Мікалаевіч.
Каб дапамагчы кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні ў планаванні работы, у Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі творчая група педагогаў склала прыкладны план работы. “Таксама мы стварылі пералік нарматыўна-прававых дакументаў, якія непасрэдна або апасродкавана тычацца работы ваенрука, стварылі на сайце інстытута адпаведны электронны рэсурс”, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Таццяна Віктараўна Ярмак.
У мінулым годзе многім кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні даводзілася ўдасканальваць сваё майстэрства метадам проб і памылак. Новы навучальны год павінен стаць этапам больш дынамічнага прафесійнага развіцця, удасканалення працы на такой важнай і адказнай пасадзе. Мы ж і далей будзем знаёміць чытачоў з лепшым рэгіянальным вопытам у гэтым кірунку.
Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА