Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў на уроках беларускай літаратуры як сродак актывізацыі пазнавальнай дзейнасці

- 16:42Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

Наталля СІДАРЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 1 імя Ф.Я.Перца г. Пінска”,
Брэсцкая вобласць

 

 

 

Назва інтэрактыўных метадаў паходзіць ад псіхалагічнага тэрміна “інтэракцыя”, што азначае “ўзаемадзеянне”. Сэнс інтэрактыўнасці складаецца з абагульнення паняццяў “інтэр” (паміж) і “актыўнасць” (узмоцненая дзейнасць). “Інтэрактыўнае ўзаемадзеянне” – узмоцненая дзейнасць удзельнікаў па ўзаемадзеянні паміж сабой.

Адной з задач сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляецца сацыялізацыя вучня. Школа павінна адпавядаць запросам грамадства і рыхтаваць сваіх выхаванцаў да жыцця ў гэтым грамадстве. Сучасны свет уступае ў эру інфармацыйнага грамадства. Таму сучасны адукаваны чалавек павінен умець працаваць з разнастайнымі крыніцамі інфармацыі, умець аналізаваць і абагульняць інфармацыю, умела прымяняць яе на практыцы. У сувязі з гэтым, важным аспектам працэсу навучання з’яўляецца фарміраванне ў вучняў культуры самастойнай вучэбнай дзейнасці. Нельга даваць вучню веды ў гатовым выглядзе, неабходна, каб ён валодаў уменнямі і навыкамі самастойна “дабываць” веды.

На практыцы  пераканалася, што вырашыць пастаўленыя праблемы можна шляхам выкарыстання асобасна-арыентаваных метадаў навучання. Прыкладам такіх метадаў з’яўляюцца інтэрактыўныя. Менавіта яны даюць педагогу цудоўную магчымасць якасна змяніць арганізуемае педагагічнае ўздзеянне, зрабіць яго прыцягальным для вучняў, умацаваць іх станоўчую матывацыю ў вучобе, у стварэнні ўмоў свайго развіцця.

Прымяняць інтэрактыўныя прыёмы на розных этапах урока і розных тыпах урокаў пачала паступова, паколькі і мне, і вучням неабходна было набыць пэўны вопыт.

Спачатку выкарыстоўвала работу ў парах. Лічу, што гэта найбольш прыдатная форма для супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі. Пасля перайшла да работы ў групах. Групу неабходна фарміраваць з 5-6 чалавек. Пры большай колькасці вучняў у групе ёсць магчымасць “схавацца” за спіны іншых, што зніжае актыўнасць і цікавасць да ўрока. Фарміравала групы па-рознаму. Кожны вучань меў магчымасць уступаць у зносіны з усімі прысутнымі ў класе і выконваць кожны раз новую ролю: “слухача”, “партнёра”, “мысліцеля”, “арганізатара”. Гэта спрыяла развіццю пэўных камунікатыўных уменняў: шукаць сувязь паміж новымі і ўжо атрыманымі ведамі, вучыцца засяроджваць увагу і быць актыўнымі, умець згадзіцца з іншым поглядам на праблему, фармуляваць і выказваць уласныя думкі.

Пры арганізацыі групавой формы дзейнасці выклікала цяжкасці ацэньванне працы вучняў. Зразумела, што любая дзейнасць на ўроку павінна быць ацэнена. Ацэньванне павінна стымуляваць работу вучняў на наступных занятках. Напачатку, калі ўсе працавалі актыўна, з жаданнем, выстаўляла ўсім удзельнікам групы высокі бал. Пасля ацэньванне даручала кіраўніку групы або кожнаму члену групы (кожны ацэньвае кожнага). Такі спосаб арганізацыі ацэньвання мае прафесійную накіраванасць, прывучае вучняў ацэньваць работу іншых. Затым пачала распрацоўваць лісты самаацэнкі актыўнасці на ўроку.

Каб зразумець, які прыём выкарыстаць на ўроку беларускай літаратуры, неабходна разгледзець кожны этап урока з канкрэтна вызначанымі мэтамі, а таксама плануемымі вынікамі. Такі падыход дае магчымасць адсочваць вынікі дзейнасці кожнага вучня на кожным этапе, а таксама захоўваць прынцып бесперапыннасці навучання ў межах адных заняткаў. Трэба адзначыць, што адзін і той жа метад можа быць выкарыстаны на розных этапах урока для дасягнення розных мэт.

Немагчыма навучыць дзіця, калі яму нецікава, калі яно не захоплена працэсам пазнання. Таму важнае месца ў сваёй рабоце ўдзяляю матывацыі і актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. З гэтай мэтай выкарыстоўваю інтэрактыўныя прыёмы навучання на пачатку ўрока для стварэння эмацыянальнага настрою, пры вывучэнні і замацаванні новага матэрыялу  і праверцы якасці ведаў і ўменняў вучняў.

Задача арганізацыйна-матывацыйнага этапу ўрока – забяспечыць спрыяльную знешнюю абстаноўку для работы на ўроку, а таксама псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да зносін. У гэтым асаблівую патрэбу адчуваюць вучні, у якіх ёсць пэўныя цяжкасці ў навучанні. Сітуацыя поспеху дазваляе зняць эмацыянальную напружанасць, пераадолець пасіўнасць, арганізаваць увагу вучняў і хутка ўключыць іх у вучэбную дзейнасць. На гэтым этапе ўрока можна выкарыстаць прыёмы “Падары кветку”, “Алітарацыя імені”, “Камплімент”.

 

АРГАНІЗАЦЫЙНА-МАТЫВАЦЫЙНЫ ЭТАП

Метад “Падары кветку”. Рэалізуецца на працягу 3-5 хвілін. Настаўнік уручае любой групе кветку з тлумачэннем, чаму гэта зроблена; у сваю чаргу гэтая група дорыць кветку наступнай групе аднакласнікаў, пры гэтым тлумачачы, чаму яны гэта робяць. Рэалізацыя метаду завяршаецца тады, калі кветка пабудзе у кожнай групе, і, магчыма, вернецца да настаўніка.

Метад “Алітарацыя імя”. Часцей гэты метад знаходзіць выкарыстанне падчас правядзення пазакласных мерапрыемстваў у выглядзе турніраў або інтэлектуальных спаборніцтваў, тады, калі неабходна настроіць членаў каманды на сумесную дзейнасць і ўзняць дух добрага саперніка. Дадатковая характарыстыка імя ўдзельніка на тую ж літару, з якой пачынаецца імя (Міхаіл – мудры, Надзея – надзейная і г. д.).

Метад “Камплімент”. Кожнаму вучню неабходна сказаць штосьці прыемнае свайму суседу па парце ці таму, хто сядзіць злева (справа). Ніколі не патрабую кампліменты ад вучня, які не хоча іх прамаўляць.

Прыём “Хто? Што?”. Прапануецца злучыць прозвішчы аўтараў з іх творамі і вызначыць іх аўтара, твор якога яшчэ не вывучалі. Гэта і будзе з’яўляцца тэмай урока.

Прыём “Шыфроўка”. З дапамогаў лічбаў на дошцы зашыфравана тэма ўрока, а лічбы адпавядаюць парадкаваму нумару літар з беларускага алфавіта.

 

ІНФАРМАЦЫЙНА-ПОШУКАВЫ ЭТАП

Метад “Асацыяцыі”. Вучням прапаноўваецца падабраць да  паняцця  2-3 словы, з якімі асацыіруецца прапанаванае паняцце; са складзенага сэнсавага раду вылучыць тыя словы, якія найбольш дакладна выражаюць сутнасць паняцця.

 

ТРЭНІРОВАЧНА-КАРЭКЦЫЙНЫ ЭТАП

Метад “Інтэрв’ю”. Прызваны развіваць вобразнае мысленне вучняў

праз арганізацыю думкадзейнасці, сэнсатворчасці, дыялогу. Вядучай педагагічнай умовай рэалізацыі метаду з’яўляецца дыялагічнасць. Час рэалізацыі залежыць ад колькасці ўдзельнікаў і можа працягвацца да 10 хвілін. Прапаную вучням вызначыць сабе субяседніка. Субяседнікі садзяцца побач. Далей прапаную 2-3 пытанні для інтэрв’ю. На працягу 3 хвілін субяседнікі абменьваюцца інфармацыяй паміж сабой па прапанаваных пытаннях (інфармацыю можна фіксаваць у сшыткі). Прынцыпова важна даваць на абмен інфармацыяй не больш за 5 хвілін. Гэта пабуджае ўдзельнікаў да праяўлення ўмення слухаць і чуць . Далей па чарзе прапаную пары аператыўна прадставіць атрыманую інфармацыю (кожны ўдзельнік прадстаўляе не сваё меркаванне, а суразмоўцы).

Напрыклад, можна прапанаваць наступныя пытанні для інтэрв’ю: 

Тэма ўрока

Пытанні

К.Чорны “Насцечка”

 

 

 

1. Як вы думаеце, ці меў Серж уладу над бацькамі?

2. Што, на вашу думку, змяніла пазіцыю бацькі ў пытаннях выхавання сына?

3. Як характарызуюць старога Закрэўскага наступныя словы: “Разумныя кажуць, што свет трымаецца на смелых людзях”?

А.Васілевіч “Сябры”

 

 

 

1. Каго можна назваць сапраўдным сябрам?

2. Паразважайце, ці паўплывала на Грышку гэтае здарэнне.

3. Ці хацелі б вы мець такога сябра (сяброўку), як у апавяданні А.Васілевіч?

У.Караткевіч “Нямоглы бацька”

 

 

 

 

1. Ці маглі людзі, якія прытрымліваліся “закону карысці”, шчасліва жыць на свеце?

2. Якое пытанне вы задалі б пры сустрэчы з Гнатам?

3. Як вы разумееце словы старога бацькі “Жылі сілай, а розум забывалі. Жылі сённяшняй карысцю. Знішчалі “ўчора” і таму не мелі права на “заўтра”?

 

Метад “Акета 5 з 25”. Дапамагае сканцэнтравацца на змесце твора, на вобразе героя, а таксама пашырае лексічны запас вучняў. Вучні атрымліваюць картку з пералікам 25 рыс характару таго ці іншага героя. Неабходна выбраць 5 аптымальных рыс для характарыстыкі канкрэтнага персанажа і абгрунтаваць свой выбар. Напрыклад, пры вывучэнні літаратурнай легенды Максіма Танка “Ля вогнішч начлежных” (5-ы клас) прапануецца наступны варыянт анкеты:

Характарыстыка вобраза Галіны. 25 рыс характару.

Добрая. Злая. Спагадлівая. Жорсткая. Сквапная. Нерашучая. Верная. Бессардэчная. Вольналюбівая. Смелая. Цудоўная. Светлая. Чулая. Даверлівая. Цярплівая. Працавітая. Ласкавая. Адзіная. Сардэчная. Мілая. Самастойная. Адданая. Клапатлівая. Любімая. Адзінокая.

Метад “Віктарына”. Пытанні разнастайных віктарын могуць ахопліваць многія раздзелы літаратуры, а таксама быць накіраванымі на пашырэнне кругагляду вучняў. У некаторых выпадках арыентаваны на выяўленне не столькі ведаў, колькі кемлівасці, вынаходлівасці, умення рознабакова падыходзіць да літаратурных праблем. На мой погляд, найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца віктарыны на разуменне зместу твора.

Віктарына на разуменне зместу твора У.Караткевіча “Былі ў мяне мядзведзі”

1. Як завуць галоўнага героя апавядання? (Сяргей.)
2. Кім па прафесіі былі продкі галоўнага гароя апавядання? (Ляснічымі.)
3. Як называюцца некалькі пакаленняў, якія наследуюць адну і тую ж прафесію” (Дынастыя.)
4. Кім стаў Сяргей, калі вырас? (Мастаком-анімалістам.)
5. Пералічыце жывёл, якія ў розны час жылі ў доме Сяргейкі? (Вожыкі, чарапахі, марскія свінкі, рыбкі, сіямскі кот, сабакі, ваўчаняты, лісы, фенек, шчанюк гепарда.)
6. Як назвалі мядзведзянятка?( Бурык.)
7. Як звалі дзеда, разам з якім Сяргей прывучаў Бурыка да лесу? (Марка.)
8.Чаму Бурыка пасадзілі на ланцуг? (Каб не палохаў людзей і не хадзіў за Сяргеем.)
9. Хто выратаваў Сяргея ад Грома? (Бурык.)
10. Калі Сяргей апошні раз бачыў Бурыка? (Восенню 1942 года.)

Метад “Перакрыжаваныя групы”. Прапаноўваю стварыць некалькі творчых груп, напрыклад, 6 груп па 4 вучні. Творчым групам прапануецца праблема, якую патрэбна абмеркаваць і выпрацаваць нейкае рашэнне. Затым  удзельнікі у групах разлічваюцца па парадкавых нумарах і ствараюцца групы новага саставу (напрыклад, у першую групу аб’ядноўваюцца ўсе “першыя” нумары, у другую – усе “другія” і г. д.). Групам новага саставу прапаноўваецца абмеркаваць варыянт рашаемай праблемы і затым ён агучваецца адным удзельнікам групы).

Метад “1×2×4”. Рашэнне праблемы будзе ажыццяўляцца спачатку індывідуальна, затым у парах, потым у творчых групах. Называецца праблема-пытанне, прапаную ўсім удзельнікам індывідуальна напісаць тэкст рашэння гэтай праблемы. Пяці-сямі ўдзельнікам прапаную агучыць свае варыянты рашэння праблемы. Ствараюцца пары удзельнікаў (па жаданні). Парам прапаноўваецца параўнаць тэксты па рашэнні праблемы кожным з удзельнікаў і скласці агульны тэкст, паглыбіўшы яго змест. Затым дзве пары аб’ядноўваюцца ў творчыя групы па чатыры чалавекі. Творчыя групы параўноўваюць варыянты тэкстаў, расшыраюць і паглыбляюць іх змест. У канцы адбываецца рэфлексія.

Метад “Вяртушка”. Клас дзеліцца на два варыянты. Кожнаму варыянту і парце даецца пэўнае пытанне, на выкананне якога адводзіцца 3-5 хвілін. Пасля заканчэння працы над пытаннем вучні даюць адказ на сваё пытанне суседу па парце, пасля вучні перасаджваюцца па схеме і тлумачаць сваё пытанне і адказ зноў. Перасаджваецца толькі адзін вучань з пары. Гэта методыка дае вялікі вынік па засваенні тэмы. Настаўнік папярэджвае вучняў, што ад іх добрасумленнасці залежыць ступень засваення тэмы субяседнікам.

Метад “Алфавіт”. З’яўляецца ўніверсальным, ён не мае ні ўзроставых, ні змястоўных межаў. Яго можна выкарыстоўваць з вучнямі любога ўзросту. Перад урокам настаўнік рыхтуе тэхналагічную карту—ліст ватману, на якім зверху ўніз з левага боку запісаны маркерам алфавіт (за выключэннем літар, з якіх не можа пачынацца слова). Сярод паняццяў, якія можна прапанаваць вчням для рэалізацыі метаду, могуць быць любыя лінгвістычныя альбо літаратуразнаўчыя тэрміны, назвы мастацкіх твораў, з’явы, паняцці. Запаўненне тэхналагічнай карты пачынаецца ў групе і заканчваецца тады, калі ля дошкі пабывалі ўсе ўдзельнікі хаця б па адным разе, або тады, калі на кожную літару алфавіта на тэхналагічнай карце запісана хаця б адно слова-паняцце.

Напрыклад, па тэме “К.Чорны “Насцечка” можа выглядаць наступным чынам:

А – акуратная;
Б – белатварая, бойкая,баязлівая (у пэўных момантах);
В – ветлівая, вясёлая, выхаваная;
Г—гасцінная, “гаспадынька”;
Д – добразычлівая, даводзіць справу да канца і г.д.

Метад “Акраслова”. Замест алфавіту выбіраецца акрэсленае слова, звязанае з тэмай урока. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Падарожжа па краіне літаратуры” вучням прапаную выкарыстаць прыём на кожную літару слова “літаратура”

Л – літаратурныя паняцці;
І – і рыцары, і жартаўнікі, і героі-равеснікі;
Т – тэма;
А – аўтар;
Р – родны;
А – апавяданне;
Т – творчасць;
У – урокі жыцця;
Р – розум;
А – асвета.

 

 КАНТРОЛЬНА-РЭФЛЕКСІЙНЫ ЭТАП

Метад “Пераблытаныя лагічныя ланцужкі”. Пэўны матэрыял падаецца са спецыяльна зробленымі памылкамі, якія вучні павінны выправіць.

Я. Колас “Крыніца” (5-ы клас)

1. Парады гары.
2. Маці-гара.
3. Крынічка.
4. Глыба загарадзіла дарогу.
5. Асірацела гара.
6. Кропелькі зніклі.
7. Вяртанне крынічкі.

Метад “Завяршы фразу”. Настаўнік прапануе дзецям запісаць у сшытак пачатак   фразы    адпаведнасці з тэмай урока), якую неабходна завяршыць. Вучні індывідуальна завяршаюць фразу, запісваюць яе ў сшытак. Праз дзве хвіліны настаўнік прапануе 2-3 вучням выканаць ролю экспертнай групы: падысці да кожнага аднакласніка, коратка зафіксаваць тыя варыянты, якія не паўтараюцца, а пасля абагульніць. Затым педагог завяршае абагульненне, прапануе свой   пункт гледжання. Напрыклад:

 

Тэма ўрока

Завяршы фразу

У.Караткевіч “Нямоглы бацька” (5-ы клас)

1. І памёр “закон карысці”, і нарадзіўся…

2. Трэба шанаваць старых бацькоў, таму што…

А.Федарэнка “Падслуханая казка” (5-ы клас)

1. На Беларусі маргарытку называюць стакроткай, таму што…

2. Выканаць хатняе заданне Марыйцы дапамог…

А.Васілевіч “Сябры” (6-ы клас)

1. Сапраўдны сябар той, хто…

2. Апавяданне “Сябры” А. Васілевіч прымусіла мяне задумацца над…

І.Пташнікаў “Алені” (6-ы клас)

1. У законы прыроды не павінен умешвацца чалавек, таму што…

2. Мы ў адказе за тых, каго прыручылі, бо…

 

Метад “Памяняемся месцамі”. Гэты метад прыдатны для вучняў 5-6-х класаў. Прапаную памяняцца месцамі тых, хто даведаўся на ўроку нешта новае; каму было цікава на ўроку; хто актыўна працаваў на ўроку; хто яшчэ жадае працаваць і іншыя. Тыя вучні, якія адказваюць на пытанне станоўча, пераходзяць са свайго месца на іншае. Калі вучні адказваюць на пытанне адмоўна, то застаюцца на сваіх месцах. Пытанні могуць быць падрыхтаваны і па тэме ўрока. Метад “Памяняемся месцамі” прыдатны і на этапе рэфлексіі. Прапаную памяняцца месцамі тых, хто задаволены сваёй работай на ўроку, а хто не; хто працаваў творча, а хто па шаблоне; хто стаміўся; у каго яшчэ засталіся нявырашаныя пытанні.

А.Васілевіч. Апавяданне “Сябры”

Прапаную памяняцца месцамі тых, хто:

– хацеў бы мець за сябра Грышу;
– хацеў бы мець за сябра Лёню;
– лічыць Лёню і Грышу сапраўднымі сябрамі;
– быў сведкам падобнай сітуацыі.

Метад “Рэфлексіўны круг”. Усе ўдзельнікі садзяцца ў круг. Задаю алгарытм рэфлексіі: прашу расказаць вучняў пра свой эмацыянальны настрой у ходзе занятку,  па яго заканчэнні. Прашу адказаць на пытанні:

– што новага вы даведаліся?
– чаму навучыліся?
– якія прычыны гэтага?
– як вы ацэньваеце свой удзел на занятку?

Затым усе вучні па чарзе выказваюцца ў адпаведнасці з зададзеным алгарытмам.

Інтэрактыўныя метады і прыёмы з’яўляюцца не толькі дзейсным сродкам навучання, але і важнай умовай асобаснага развіцця вучняў, садзейнічаюць развіццю ўмення наладжваць стасункі з іншымі людзьмі, камунікаваць з імі, працаваць у камандзе, тактоўна выказваць свае меркаванні, ажыццяўляць свабодны выбар і самастойна прымаць рашэнне. А гэтыя якасці, што вельмі важна, неабходныя для паспяховай сацыялізацыі асобы.

Выкарыстанне на ўроках інтэрактыўных прыёмаў і метадаў дазваляе сфарміраваць у вучняў наступныя якасці:

– актыўнасць,
– самастойнасць,
– узаемадапамогу,
– камунікабельнасць,
– крэатыўнасць,
– мэтанакіраванасць.

Пералічаныя якасці будуць садзейнічаць найбольш эфектыўнай сацыялізацыі нашых выпускнікоў і дапамогуць ім паспяхова адаптавацца ў дарослым жыцці.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий