Выкарыстанне онлайн-дошкі Miro для візуалізацыі навучальнага матэрыялу на ўроках матэматыкі

- 12:21Математика. Идеи, Методичка

Марына ІГНАЦІК,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Дварэцкая сярэдняя школа”
Дзятлаўскага раёна
Гродзенскай вобласці

 

 

Візуалізацыя дапамагае вучням правільна прадставіць і прааналізаваць навучальны матэрыял, структураваць яго, звязаць атрыманую інфармацыю ў цэласную карціну той ці іншай з’явы або аб’екта.

Тым самым візуалізацыя вучэбнай інфармацыі дазваляе вырашыць цэлы шэраг педагагічных задач: забеспячэнне інтэнсіфікацыі навучання, актывізацыі вучэбнай і пазнавальнай дзейнасці, фарміраванне і развіццё крытычнага і візуальнага мыслення, зрокавага ўспрымання, вобразнага прадстаўлення ведаў і навучальных дзеянняў, павышэння візуальнай пісьменнасці і візуальнай культуры, развіцця памяці, крэатыўных працэсаў, лагічных высноў і асацыяцый.

Планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне метадаў візуалізацыі ў працэсе навучання школьнікаў матэматыцы садзейнічае ўсвядомленаму ўменню вырашаць матэматычныя задачы, павышае ўзровень эфектыўнасці навучання, садзейнічае развіццю розных форм разумовай дзейнасці, якія вучань мог бы прымяніць у любой жыццёвай сітуацыі. Такім чынам, візуалізацыя выступае магчымасцю ўдасканаліць творчы, крэатыўны і інтэлектуальны ўзровень вучняў.

Візуалізацыю навучальнага матэрыялу выкарыстоўваю на розных этапах урока матэматыкі. Вядома, гэта можна рабіць на дошцы, у сшытках, з дапамогай раздатачнага дыдактычнага матэрыялу і іншымі традыцыйнымі спосабамі. Але аптымізаваць гэты працэс, безумоўна, дапамагае выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій. Для гэтага існуе вялікая колькасць сэрвісаў.

Вялікі патэнцыял бачу ў выкарыстанні онлайн-платформы або онлайн-дошкі Miro, інструкцыю па выкарыстанні якой без цяжкасцей можна знайсці ў інтэрнэце. Сэрвіс не толькі дае магчымасць наглядна дэманстраваць вучням навучальны матэрыял, візуалізаваць розныя працэсы, але і дазваляе зрабіць навучанне інтэрактыўным, што спрыяе развіццю і падтрыманню цікавасці да матэматыкі.  

У якасці заданняў выкарыстоўваю дыяграмы, структурна-лагічныя схемы, карты памяці, апорныя канспекты, інтэлект-карты, ментальныя карты, якія спрыяюць засваенню вялікіх аб’ёмаў інфармацыі, дапамагаюць лёгка запамінаць і прасочваць узаемасувязі паміж блокамі інфармацыі, настройваюць вучняў на ўдумлівую і сканцэнтраваную работу на ўроку.

Значна, што інструмент дае адначасовы доступ да аднаго задання (праекта) з магчымасцю размеркавання на блокі і падзелу па зонах адказнасці. Так кожны ўдзельнік вучэбнага працэсу атрымлівае сваю ролю ў агульнай справе, пры гэтым адчувае адказнасць за асабісты ўклад у агульны вынік дзейнасці, што дае магчымасць вучыць дзяцей супрацоўніцтву паміж сабой.

Напрыклад, на этапе актуалізацыі ведаў па тэме “Задачы на рух” прапаную вучням прывесці ў адпаведнасць характарыстыкі (абазначэнне, формула, адзінкі вымярэння) асноўных велічынь (скорасць, час, шлях), якія выкарыстоўваюцца пры рашэнні адпаведных задач.

Калі заданне выконваецца вучнямі на індывідуальных камп’ютарах, ноўтбуках або смартфонах, вынікі выканання задання абавязкова дэманструю на інтэрактыўнай дошцы або мультыбордзе.

Шырока выкарыстоўваю інтэлект-карты (схемы мыслення, у арыгінале “Mind Maps”). У цэнтры схемы знаходзіцца ключавое слова або малюнак, ад якога ў розныя бакі адыходзяць галіны (катэгорыі, асноўныя паняцці), якія разгаліноўваюцца на галінкі (пункты, падпункты). У выніку атрымліваецца нешта накшталт павуціння ці каранёвай сістэмы, якая адлюстроўвае сувязі паміж паняццямі, велічынямі, формуламі і г.д.

Напрыклад, пры паўтарэнні ведаў па тэме “Задачы на рух” прапаную вучням аднавіць інтэлект-карту, якая сістэматызуе і візуальна дэманструе тыпы задач на рух і адпаведныя формулы, якія выкарыстоўваюцца пры іх рашэнні.

Звычайна, заданні такога тыпу прапаную для работы ў парах, што забяспечвае эфектыўнае ўзаемадзеянне вучняў пры рабоце над агульным заданнем.

Пасля ўрока звычайна забяспечваю агульны доступ вучняў да онлайн-дошак з выкананымі заданнямі з мэтай забеспячэння магчымасці паўтарэння матэрыялу вучнямі дома.

Да падрыхтоўкі аналагічных заданняў прыцягваю саміх вучняў, што дазваляе павысіць узровень засваення неабходнага матэрыялу і цікавасць да вывучэння прадмета матэматыкі.

Наогул, магчымасці онлайн-дошкі Miro вельмі шырокія для выкарыстання ў навучальным працэсе. Таму гэта платформа для кожнага настаўніка можа стаць інструментам, які дапаможа пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий