Гурток для кожнага

- 10:57В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Якой будзе дадатковая адукацыя ў новым навучальным годзе, абмеркавалі ўдзельнікі Рэспубліканскага савета “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі: арыенціры развіцця”, які прайшоў у Жлобіне.

Міксуем “лічбу” і творчасць

Свае творчыя планы на год прадэманстравалі ўсе 264 установы дадатковай адукацыі краіны на мінулым тыдні ў межах дзён адкрытых дзвярэй, раскруціўшы свае стракатыя калейдаскопы: ладзіліся канцэрты і творчыя выступленні, забаўляльна-пазнавальныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы, выставы і майстар-класы. Гэта дазволіла юным гасцям выбраць сабе пазаўрочную справу па душы.

Як улічыць усе густы і кожнаму дзіцяці прапанаваць падыхо­дзячы гурток, добра ведаюць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яго кіраўнік Надзея Васільчанка гаворыць: “Інтарэсы нашых дзяцей разнастайныя. Вядома, вялікую цікавасць выклікаюць заняткі па харэаграфіі, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчым мастацтве. Для тых, хто цікавіцца моднымі трэндамі, у нас працуе студыя моды. Часта, каб бацькі і дзіця вызначыліся з выбарам, на дапамогу прыходзяць педагогі-псіхолагі. Хочацца падкрэсліць, што заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах да­памагаюць і ў выбары прафесіі. Напрыклад, у нашай народнай студыі выяўленчага мастацтва навучэнцы праходзяць дапрафесійную падрыхтоўку і рыхтуюцца да паступлення ў сярэднія спе­цыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Запатрабаваны і аб’яднанні па інтарэсах інтэлек­туальнага профілю. Для самых маленькіх і будучых школьнікаў працуе школа ранняга развіцця “Калейдаскоп”.

Надзея Васільеўна заклікае калег імкнуцца задавольваць усе адукацыйныя запыты навучэнцаў і іх бацькоў: “Нам, педагогам, неабходна ўлічваць той факт, што ва ўстановы дадатковай адукацыі прыходзяць “новыя” дзеці і іншае пакаленне бацькоў. Гэта значыць, само жыццё ставіць іншыя задачы, якія вырашаць па-старому ўжо не атрымліваецца. Відавочна, у сувязі з гэтым усё большую актуаль­насць у арганізацыі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі набываюць паняцці “мадэрнізацыя”, “інавацыя”, “лічбавізацыя”, “праектная і эксперыментальная дзейнасць”. 

Але пры гэтым Н.В.Васільчанка лічыць, што не варта пагружацца ў іх цалкам: “Ва ўмовах хуткага развіцця навукі, тэхнікі, лічбавых тэхналогій мастацка-эстэтычнае выхаванне адыгрывае важную ролю ў адукацыйнай прасторы. Менавіта мастацкае выхаванне развівае пачуццё прыгожага, фарміруе светапогляд і крэатыўныя якасці асобы, што служыць матывацыяй да любой творчай, стваральнай дзейнасці”.

Кожны дзясяты — аматар тэхнікі

Кожны дзясяты навучэнец устаноў дадатковай адукацыі захоплены тэхнічнай творчасцю і спартыўна-тэхнічнымі кірункамі. Гэта звыш 36 тысяч навучэнцаў, якія зай­маюцца ў 3600 аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнага і спартыўна-тэхнічнага профілю. Пра арыенціры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў гэтых кірунках расказаў дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко. Па яго словах, у гэтым годзе бу­дзе зроблены акцэнт на прымяненні новых тэхналогій, якія дапамо­гуць зацікавіць падлеткаў і мо­ладзь спазнаваць свет навукі і тэхнікі, на стварэнні інтэрактыўнай адукацыйнай развіццёвай прасторы для дзяцей і падлеткаў, а на базе абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі будуць створаны высокатэхналагічныя пляцоўкі, абсталяваныя сучаснай тэхнікай, інфармацыйнымі, камунікацыйнымі тэхналогіямі і сістэмамі. Такія пляцоўкі ўжо створаны на базе Гомельскага абласнога і Аршанскага раённага цэнтраў тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

Нам, педагогам, неабходна ўлічваць той факт, што ва ўстановы дадатковай адукацыі прыходзяць “новыя” дзеці і іншае пакаленне бацькоў. Гэта значыць, само жыццё ставіць іншыя задачы, якія вырашаць па-старому ўжо не атрымліваецца.

Надзея Васільчанка.

Маштабным абяцае быць і рэалізацыя адукацыйных маршрутаў па інжынерных прафесіях, у тым ліку і высокатэхналагічных.

Па словах С.М.Сачко, сёння на рынку працы ўпор робіцца на развіццё інжынернага і прадпрымальніцкага мыслення ў моладзі. Асноўная метадалагічная задача ў гэтым напрамку — прадастаўленне магчымасці будучым удзельнікам праектаў асвоіць на практыцы і прайсці тэхналагічны ланцужок ад зараджэння інавацыйнай ідэі да стварэння камерцыйнага прадукту. У гэтых мэтах ва ўстановах дадатковай адукацыі рэалізуецца сацыяльна-эканамічны профіль, які каардынуецца Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам.

Чакаецца, што пашырыцца сетка аб’яднанняў па інтарэсах, звязаных з перспектыўнымі напрамкамі развіцця сучаснай навукі і тэхнікі і арыентаваных на інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці лічбавай эканомікі ХХІ стагоддзя і інавацыйныя прафесіі будучыні. Сёння ў трэндзе такія кірункі, як мабільная робататэхніка, прататыпаванне, праграмаванне, сеткавае і сістэмнае адміністраванне, інжынерны дызайн CAD, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка, вэб-тэхналогіі, графічны дызайн, радыётэхнічнае канструяванне і інш.

“Наперадзе нас чакае вялікая работа па пераводзе дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю на сучасныя рэйкі з улікам інавацыйнага развіцця рэспублікі. Я думаю, абапіраючыся на назапашаны вопыт і традыцыі, рэсурсны патэнцыял калектываў устаноў адукацыі, мы зможам вырашыць самыя складаныя і сур’ёзныя задачы”, — адзначыў С.М.Сачко.

Зялёнае асяроддзе

У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў новым навучальным годзе будзе зроблены акцэнт на развіцці аб’яднанняў па інтарэсах геаграфічнай накіраванасці турыстычна-краязнаўчага профілю, а таксама сельскагаспадарчай накіраванасці эколага-біялагічнага профілю. Як расказала дырэктар цэнтра Алены Ануфровіч, пачнуць работу аб’яднанні па інта­рэсах “Юны географ”, “Займальная геалогія”, а таксама “Практыкум па садаводстве”, які будзе накіраваны на вывучэнне гатункавай разна­стайнасці пладовых і агародных культур і агратэхнічных метадаў іх вырошчвання. Прадоўжыцца работа па развіцці сеткі ўстаноў адукацыі, уключаных у рэалізацыю адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Запланаваны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне дапамогі ў работах на вучэбна-доследных участках.

Інтрыгай новага навучальнага года стане тое, што ў лабараторна-практычным комплексе Рэс­публіканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства будзе абсталявана і адкрыта лабараторыя прагрэсіўнага раслінаводства. Яна будзе служыць для вывучэння сучасных тэхналогій раслінаводства, правядзення даследаванняў і падрыхтоўкі навучэнцамі актуальных навукова-даследчых праектаў для прадстаўлення як на рэспуб­ліканскім, так і на міжнародным узроўні.

Насычаным у гэтым кірунку навучальны год будзе і ў рэгіёнах. Так, гэтымі днямі на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і мо­ладзі першыя заняткі для вучняў 8—11 класаў праходзяць у новым аб’яднанні па інтарэсах “Школа біялогіі” для паглыблення ведаў па гэтым прадмеце. Праект арганізуецца сумесна чатырма ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска. Тут пачнуць сваю работу і агракласы. На базе Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі пачнуць працаваць аб’яднанні па інтарэсах “Юныя біятэхнолагі”, “Юны рэпарцёр” і “Юныя кінолагі”. На базе Гомельскага абласнога цэнтра турызму і экалогіі дзяцей і моладзі адкрываюцца новыя кірункі работы. Гэта і міжрэгіянальны экалагічны злёт “Берагі дружбы”, і турыстычна-экалагічная акцыя “Шэсць граняў лета” (па добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый), і “Сусветнае “зялёнае кафэ” (юныя эколагі распрацоўваюць экалагічныя маршруты сумесна з Расійскім цэнтрам навукі і культуры), і “Чароўная лабараторыя вады” (экалагічны адукацыйны праект для дашкольнікаў, накіраваны на пошукава-эксперыментальную дзейнасць). Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства адкрывае навуковае таварыства навучэнцаў “Турэксперт”.

Як бачым, нават не попыт выклікае прапанаванне, а, прапаноўваючы такі шырокі спектр заняткаў, педагогі прадугадваюць усе дзіцячыя інтарэсы. Дзецям застаецца толькі зрабіць свой выбар.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий