Музей “Млын часу” – неад’емны ўдзельнік выхаваўчага працэсу

- 11:15Воспитательная работа, Опыт

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Поразаўская сярэдняя школа”
Гродзенская вобласць

 

 

 

Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення – адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці кожнай установы адукацыі. І калі сцэна – гэта сэрца тэатра, то сэрца грамадзянскага і патрыятычнага выхавання ў школе – музей.

З 1986 года ў Поразаўскай сярэдняй школе функцыянаваў музей Баявой славы. У 2014 годзе музей перапрафіляваны ў гісторыка-краязнаўчы. Кіруе яго працай настаўнік гісторыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, сертыфікаваны экскурсавод, чалавек, які ахвотна дзеліцца сваімі ведамі, – Таццяна Кухарчык. Захаванне старонак гісторыі Таццяна Аляксандраўна лічыць сваім абавязкам, а выхаванне пры дапамозе музейнай педагогікі – самым эфектыўным і дзейсным.

Музей “Млын часу” павялічвае сваю прысутнасць у інтэрнэце праз віртуальную версію, таму прыкладзены намаганні, каб зрабіць яе яркай, цікавай і простай у выкарыстанні.

Сёння фонды музея налічваюць больш за шэсцьсот трыццаць музейных прадметаў асноўнага фонду і больш за дваццаць навукова-дапаможнага. У экспазіцыях, у тым ліку, прадстаўлены артэфакты і рарытэты, знойдзеныя ў нашай мясцовасці, фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы жыхароў, прадметы этнаграфіі. Галоўная крыніца папаўнення экспазіцый – наладжанае ўзаемадзеянне з жыхарамі пасёлка, супрацоўнікамі Поразаўскага сельскага савета, прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і прадстаўнікамі міжнароднай арганізацыі па пошукавай рабоце службы перапахавання ў Рэспубліцы Беларусь. Апошняя перадача экспанатаў адбылася 1 верасня. Старшыня Поразаўскага сельскага савета Віктар Акудовіч на Дзень ведаў зрабіў сапраўдны падарунак школе – і музей папоўніўся дзесяццю рэчамі, кожная з якіх мае сваю гісторыю і зойме пачэснае месца сярод экспанатаў.

Найбольш запатрабаваныя ў навучэнцаў формы работы – урокі Памяці і Мужнасці, экскурсіі і круглыя сталы з удзелам прадстаўнікоў Ваўкавыскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. У школьным музеі ў сярэднім за навучальны год праводзіцца не менш за дзесяць сумесных мерапрыемстваў. Іх самы актыўны ўдзельнік, а часам і ініцыятар – выпускнік Поразаўскай школы 1969 года, падпалкоўнік у адстаўцы Іван Агеец.

Добрая традыцыя – запрашаць у музей для сустрэч са старшакласнікамі былых вучняў школы, якія дабіліся высокіх вынікаў у рабоце ці маюць заслугі перад Айчынай. У сакавіку адбылася такая сустрэча з лейтэнантам, уладальнікам ордэна “За асабістую мужнасць” і прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года Гродзеншчыны” Аляксеем Харламавым. Асабісты прыклад годных людзей – эфектыўны спосаб выхавання грамадзянскасці і патрыятызму.

Створаны і актыўна дзейнічае савет музея, адна з галоўных задач якога – весці пошукавую, даследчую работу па выяўленні, вывучэнні і захаванні помнікаў гісторыі. На працягу пяці гадоў рэзультатыўным быў удзел у Міжнароднай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа”. Менавіта падчас актыўнага дзеяння, дэталёвага вывучэння і фарміруюцца лепшыя якасці юных патрыётаў. Сярод членаў савета музея “Млын часу” – пераможцы конкурсаў юных экскурсаводаў, актыўныя ўдзельнікі квест-гульні “Музейная спадчына Свіслаччыны”, прызёры і пераможцы шматлікіх анлайн-віктарын і алімпіяд.

У рамках дэкады патрыятычных спраў прадстаўнік савета музея “Млын часу” стаў пераможцам абласнога і лаўрэатам рэспубліканскага этапа конкурсу “У кожнага імя свае героі” ў намінацыі “Даследчая праца”. А кіраўнік музея ўзнагароджана дыпломам першай ступені абласнога этапа гэтага ж конкурсу ў намінацыі “Афганская вайна – жывая памяць”.

Намаганні педагогаў і навучэнцаў не засталіся незаўважанымі: пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 29.06.2022 № 37 музею Поразаўскай сярэдняй школы прысвоена званне “Народны”. Мы ганарымся гэтым высокім статусам і бачым перспектывы для далейшага развіцця. Групай педагогаў і прадстаўнікоў вучнёўскага самакіравання распрацаваны і будзе рэалізаваны ў 2022/2023 навучальным годзе праект “Асоба і гісторыя. Веды і памяць”. Ён накіраваны на павышэнне ўзроўню каштоўнасных уяўленняў пра важнасць асабістага ўкладу ў культурна-гістарычную спадчыну беларускага народа.

Нашы навучэнцы дэманструюць адданасць сваёй малой радзіме і разумеюць, што іх абавязак – захаванне і памнажэнне багаццяў, дасягненняў роднай Беларусі.

            

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий