Аб’ём піраміды. План-канспект урока матэматыкі ў 11-м класе    

- 16:45Математика. Сценарии, Методичка

Таццяна КЛАЧКОВА,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Субацкі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Клас: 11-ы.

Тып урока: урок адпрацоўкі ўменняў і навыкаў.

Мэта ўрока: адпрацоўка ўменняў і навыкаў рашэння задач на знаходжанне аб’ёма піраміды.

Задачы ўрока:

– ствараць умовы для фарміравання каштоўнаснай кампетэнцыі праз рашэнне практычных задач на знаходжанне аб’ёма піраміды;   
– ствараць умовы для фарміравання кампетэнцыі самавызначэння праз вызначэнне асобасна значымай мэты, ажыццяўленне рэфлексіі і самаацэнкі;
– ствараць умовы для фарміравання вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі праз неабходнасць вызначэння і выканання паслядоўных дзеянняў па дасягненні мэты;
– ствараць умовы для фарміравання матэматычнай кампетэнцыі праз неабходнасць прымянення разнастайных прыёмаў мысліцельнай дзейнасці ў працэсе работы з матэрыяламі ўрока.

Метады: рэпрадуктыўныя.

Аб’ём піраміды. Прэзентацыя

 

Ход урока

I Арганізацыйна-матывацыйны этап

          1 Арганізацыя пачатку ўрока

Дыдактычная задача: падрыхтоўка навучэнцаў да работы на ўроку.
Рэфлексійная дзейнасць навучэнцаў: самаправерка.
Дзейнасць настаўніка па забеспячэнні рэфлексіі: праверка гатоўнасці.
Метады: славесныя.
Арганізацыйная форма: калектыўная.

Слайд 1. Аб’ём піраміды

 

          2 Пастаноўка мэты і задач урока

Дыдактычная задача: забяспечыць пастаноўку мэты і задач урока.
Рэфлексійная дзейнасць навучэнцаў: пастаноўка мэты вучэбнай дзейнасці.
Дзейнасць настаўніка па забеспячэнні рэфлексіі: пастаноўка мэты і задач.
Метады: славесныя.
Арганізацыйная форма: калектыўная.

Слайд 2

– Сёння мы працягнем вучыцца рашаць задачы на знаходжанне аб’ёма піраміды, разгледзім прымяненне формулы аб’ёма піраміды пры рашэнні практычных задач.

– Якія задачы вы паставіце перад сабой? Да якіх вынікаў будзеце імкнуцца?

 

3 Праверка дамашняга задання

Дыдактычная задача: забяспечыць праверку дамашняга задання.
Рэфлексійная дзейнасць навучэнцаў: выкананне тэста.
Дзейнасць настаўніка па забеспячэнні рэфлексіі: арганізацыя праверкі дамашняга задання.
Метады: практычныя.
Арганізацыйная форма: індывідуальная.

Выкананне тэста

1. Вызначыце формулу для знаходжання аб’ёма піраміды.

2. Вылічыце аб’ём піраміды з плошчай асновы 25 см2 і вышынёй 6 см.

3. З формулы аб’ёма піраміды выразіце вышыню.

4. У аснове піраміды – квадрат са стараной 7 см. Знайдзіце аб’ём піраміды, калі яе вышыня 10 см.

5. З формулы аб’ёма піраміды выразіце плошчу асновы:

Слайд 3. Праверка тэста.

 

          4 Актуалізацыя ведаў навучэнцаў

Дыдактычная задача: забяспечыць падрыхтоўку навучэнцаў да работы на ўроку.
Рэфлексійная дзейнасць навучэнцаў: выкананне вусных практыкаванняў.
Дзейнасць настаўніка па забеспячэнні рэфлексіі: арганізацыя вуснай работы на ўроку.
Метады: славесныя, наглядныя.
Арганізацыйная форма: калектыўная.

а) Закончы сказ.
– Калі бакавыя канты піраміды роўныя, то піраміда праецыруецца… (у цэнтр апісанай акружнасці).
– Калі бакавыя канты складаюць з плоскасцю асновы роўныя вуглы, то вышыня піраміды праецыруецца… (у цэнтр апісанай каля асновы акружнасці).
– Калі двухгранныя вуглы пры аснове піраміды роўныя, то вяршыня праецыруецца… (у цэнтр упісанай у аснову акружнасці).

Слайд 4, 5

б) Рашыце задачу.
Знайдзіце аб’ём піраміды, вышыня якой 3 м, а ў аснове прамавугольнік са старанамі 1 м і 2 м.

в) Рашыце задачу.
У правільнай чатырохвугольнай пірамідзе вышыня – 3 м, бакавы кант – 5 м. Знайдзіце яе аб’ём.

г) Рашыце задачу.
Знайдзіце аб’ём правільнай трохвугольнай піраміды, старана асновы якой роўная 1 м, вышыня – 2 м.

д) Аснова піраміды – прамавугольнік са старанамі 9 м і 12 м; усе бакавыя канты – 12,5 м. Знайдзіце аб’ём піраміды.

 

II Трэніровачна-карэкцыйны этап

Дыдактычная задача: забяспечыць работу па адпрацоўцы ўменняў і навыкаў.
Рэфлексійная дзейнасць навучэнцаў: рашэнне задач.
Дзейнасць настаўніка па забеспячэнні рэфлексіі: арганізацыя работы па адпрацоўцы ўменняў і навыкаў.
Метады: практычныя.
Арганізацыйная форма: калектыўная работа, работа ў парах.

 

Разгледзім рашэнне задач.

а) У саўгасе пачата будаўніцтва штучнай сажалкі ў форме правільнай чатырохвугольнай усечанай піраміды са старанамі 16 м і 24 м, глыбіні 3 м. Колькі кубаметраў грунта патрэбна вынуць для выканання сажалкі?

б) Гранітная падстаўка мае выгляд усечанай піраміды вышынёй 3,6 м з квадратнымі асновамі, даўжыні старон асноў – 2 м і 2,8 м. Знайдзіце масу падстаўкі, калі ўдзельная шчыльнасць граніту 2,5 г/см3.

– Якія веды аб уласцівасцях геаметрычных цел нам патрэбны, каб рашыць задачу?

          Работа з падручнікам. № 289 і 291.

 

III Кантрольна-рэфлексійны этап

Дыдактычная задача: забяспечыць праверку засваення матэрыялу.
Рэфлексійная дзейнасць навучэнцаў: выкананне самастойнай работы.
Дзейнасць настаўніка па забеспячэнні рэфлексіі: арганізацыя самастойнай работы.
Метады: практычныя.
Арганізацыйная форма: індывідуальная.

Рашыце задачу

У аснове піраміды Хеопса – квадрат, са старанамі 230 м, тангенс нахіла бакавой грані да плоскасці асновы роўны 1,2 м. Знайдзіце аб’ём самай высокай егіпецкай піраміды, калі аснова вышыні знаходзіцца ў цэнтры квадрата.

Слайд 6 (самаправерка)

 

IV Рэфлексія

Дыдактычная задача: аналіз паспяховасці дасягненняў навучэнцаў.
Рэфлексійная дзейнасць навучэнцаў: самааналіз, самаацэнка.
Дзейнасць настаўніка па забеспячэнні рэфлексіі: агульны аналіз урока.
Метады: славесныя.
Арганізацыйная форма: калектыўная.

– Якія задачы вы ставілі перад сабой? Ці ўсё атрымалася? Над чым яшчэ трэба папрацаваць? Якія задачы вы паставіце перад сабой на наступны ўрок?

Слайд 7

 

V Дамашняе заданне

 № 292, № 269

Слайд 8.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий