Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”. Урок беларускай мовы ў 5-м класе  

- 15:00II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”. Урок беларускай мовы ў 5-м класе  

Таццяна ГАГАРЫНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Лапацінская сярэдняя школа” Гомельскага раёна,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

Тэма: Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”.

Мэта: падагульненне і сістэматызацыя ведаў вучняў па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”.

Задачы:

– замацаваць веды вучняў па тэме;
– садзейнічаць развіццю навыкаў працы з сінонімамі, антонімамі, амонімамі, мнагазначнымі словамі;
– узнавіць веды вучняў пра агульнаўжывальныя словы і словы абмежаванага ўжытку;
– замацаваць навыкі працы з тлумачальным і фразеалагічным слоўнікамі;
– стымуляваць даследчыцкую дзейнасць вучняў;
– развіваць творчыя здольнасці школьнікаў;
– садзейнічаць развіццю маўлення вучняў;
– стварыць умовы для выпрацоўкі арфаграфічнай пільнасці пяцікласнікаў;
– садзейнічаць выхаванню патрыятызму ў пяцікласнікаў.

Тып урока: урок-падагульненне.

Форма ўрока: урок-гульня.

Эпіграф:

А ў маёй Беларусі
Столькі сіняга неба,
столькі светлага сонца
і духмянага хлеба!
А ў маёй Беларусі
Што ні горад – то казка,
Што ні вёска – легенда,
Што ні сэрца – то ласка…
                        М. Зялёнка

Прэзентацыя Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”.

 

Ход урока

 І Арганізацыйны момант

Я рада бачыць усіх прысутных у добрым настроі. На вуліцы добрае надвор’е, хутка ўжо канец навучальнага года. Я спадзяюся, што і мы з вамі будзем радавацца жыццю. Як вы думаеце, што нас з вамі аб’ядноўвае? Мы з вамі – беларусы. Разам мы жывём у слаўнай, прыгожай краіне, якая называецца Беларусь. Яна ў нас адна. Самая родная, самая блізкая. Самая жаданая і самая незвычайная. Нехта скажа: “А што ў вашай краіне такога незвычайнага ці асаблівага?” І ў адказ пачуе: “А ў маёй Беларусі… А яшчэ прырода, гісторыя, культура, прамысловасць, народ і… наша мова”.

“Ты – гэта сэрца маё, мой першы ўздых і апошні выдых. Ты – вясёлка над хатай, дзе нараджаецца чалавек. Ты – песня. Ты – праўда. Ты – мова мая”, – так прызнаваўся ў каханні да роднай мовы Уладзімір Караткевіч.

Дэманструюцца фотаздымкі з прэзентацыі. Гучыць музыка.

 

ІІ Псіхалагічны настрой

Падбор азначэнняў да слова мова. Давайце мы з вамі выкажам усе азначэнні, якія ў вас асацыіруюцца з паняццем мова (беларуская, чароўная, спеўная, мілагучная, багатая, цёплая, звонкая, матчына, мяккая, душэўная, самабытная, любімая).

2 Многае яднае нас з іншымі народамі: геаграфічнае становішча, культура, літаратура, а яшчэ тое, што мы славяне. Якія вы ведаеце славянскія мовы? Больш дакладна нам раскажуць пра гэта нашы вучні-даследчыкі.

 

ІІІ Даследчая дзейнасць вучняў. Выступленні вучняў

Першы вучань. У залежнасці ад асаблівасцей гістарычнага развіцця, геаграфічнага месца славянскія мовы падзяляюцца на тры групы славянскіх моў.

Мы, беларусы, уваходзім ва ўсходнеславянскую групу разам з рускай, і ўкраінскай.
Заходнеславянская група: польская, чэшская, славацкая, верхнялужыцкая, ніжнялужыцкая.
Паўднёваславянская: балгарская, сербская, харвацкая, македонская, славенская.

Другі вучань. Акрамя моў, якімі карыстаюцца, на жаль, ёсць славянскія мовы, якія лічацца мёртвымі. Гэта палабская мова (апошні чалавек, які гаварыў на ёй памер яшчэ ў XVIII стагоддзі), агульнаўсходнеславянская і царкоўнаславянская.

Настаўнік. А як вы думаеце, што мы павінны рабіць, каб гэтага не адбылося з нашай мовай? (Адказы вучняў). Як вы думаеце, колькі слоў у беларускай мове? (Адказы вучняў). Вялікі слоўнік беларускай мовы Ф.А.Піскунова, які выдадзены ў 2012 годзе, змяшчае 223 000 слоў. Гэта вельмі многа. Таму што актыўны слоўнікавы запас адукаванага чалавека складае ад 10 да 20 тысяч слоў.

 

IV Вызначэнне тэмы і задач на ўрок

Тэма нашага ўрока “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па раздзеле “Лексіка і фразеалогія”.

Наша дрэва “Лексіка” – без лістоў. Трэба вызначыць задачы на ўрок і назваць, што ж уваходзіць у нашу лексіку. Вы будзеце называць, а я буду прымацоўваць лісткі (сінонімы, антонімы, амонімы; адназначныя і мнагазначныя словы; спрадвечна беларускія і запазычаныя словы; агульнаўжывальныя і словы абмежаванага ўжытку: дыялектныя, неалагізмы, прафесійныя, устарэлыя, жарганізмы, фразеалогія).

 

V Праверка дамашняга задання

Але перш чым прыступіць да вырашэння гэтых задач, мы павінны паўтарыць тэму мінулага ўрока: “Фанетыка”. На дошцы змешчана дамашняе заданне на наступны ўрок. Тыя вучні, якія будуць самымі актыўнымі, будуць вызвалены ад дамашняга задання. Усім жадаю поспеху.

1 Эстафета. Вучні задаюць адно аднаму пытанні па тэме “Фанетыка”.

2 Вучні робяць фанетычны запіс слоў на дошцы і вызначаюць фанетычную з’яву ў словах адказнасць, дождж.

 

VI Асноўная частка ўрока

1 Арфаграфічная хвілінка

Работа на картках. Вучань чытае тэкст услых. Трэба даказаць, што гэта тэкст. (Вучні самастойна на картках устаўляюць літары. Правяраюць правільнасць выканання па слайдзе).

“Братцы мілыя, дзеці З..млі-маткі маёй! Віншуй Божа добрых люд…ей, якія на…уч…лі мяне чыта…ь-пісаць, з той пары я шмат дзе бы… і пераканаўся, што мова наша б…ларус…кая ёсць такая ж людская і панская, як французская, альбо н…мецкая. Шмат было такіх народаў, што стра…ілі родную мову сваю, а потым і зусім загінулі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі. Наша мова для нас св…тая, бо яна нам ад Бога даная” (Францішак Багушэвіч).

2 Лінгвістычная размінка (здагадайцеся, пра што мы зараз пагаворым)

Адна – прыроду ажыўляе,
У квецень дрэвы апранае
І з поўдня цёплага дамоў
Вяртае ластавак, буслоў.
Другая – ураджай збірае
І хутка дрэвы распранае.
Крылатых рупных жыхароў
На поўдзень адсылае зноў (Вясна – восень).

Антонімы. Спачатку вучань адказвае, што такое антонімы. Потым настаўнік называе слова, а вучні павінны назваць антонім.

Усход, здаровы, школа, радасць, шчодры, брудны, кветка, кніга, жара, назоўнік.

Вывад: не ўсе словы маюць антанімічныя пары.

Сінонімы.

Адважны, бясстрашны, смелы;
Глядзець, пазіраць, паглядаць.     

Як называюцца гэтыя словы? (Азначэнне сінонімаў).

Замяніце ў сказе словы на сінонімы:

Неспадзявана воіны натрапілі на варожы дазор.
(Раптам салдаты наткнуліся на непрыяцельскі пост).

Адзін вучань на дошцы робіць разбор па членах сказа.

Для чаго яшчэ служаць сінонімы?

Фізкультхвілінка

3 Рубрыка “Пошта”. Заданне ад 10-га класа.

Амонімы і мнагазначныя словы (вучні адказваюць, што такое амонімы і чым яны адрозніваюцца ад мнагазначных слоў).

1)

загадаў прыйсці – загадаў лік сінонімы
рассадзіць гасцей – рассадзіць памідоры антонімы
нядрэнны повар – някепскі дапаможнік амонімы
надраць бульбы – надраць паперы мнагазначныя словы

2) Утварыце ўсе магчымыя словазлучэнні, ужываючы прапанаваныя словы, каб яны ўжываліся як у прамым, так і ў пераносным значэнні, растлумачце іх значэнні:

залаты (пярсцёнак, рукі, характар, бранзалет)
цёплы (колер, позірк, адносіны, паліто, шуба).

3) Вызначыце, людзі якіх прафесій карыстаюцца такімі словамі і складзіце сказы, ужываючы гэтыя словы:

дыягназ, аналіз, кардыяграма, сімптомы, наркоз;
урок, сшытак, вучань, адзнака, клас.

4) Фразеалагізмы

Дамашняе заданне было творчае: намаляваць фразеалагізмы, каб вучні разгадалі іх (некалькі вучняў намалявалі фразеалагізмы. Астатнія вучні класа павінны здагадацца, які фразеалагізм намаляваны).

Праца са слоўнікамі фразеалагізмаў: скласці сказы, ужываючы фраземы.

5) Што гэта за словы?

арфаграфія – правапіс
антракт – перапынак

Замяніце выдзеленыя беларускія словы запазычанымі сінонімамі:

кароткі перапынак, урывак з твора, аднавіць карціну, малюнак у кнізе, вопытны лётчык, старая завядзёнка

Настаўнік. Як вы думаеце, навошта выкарыстоўваюцца ў мове паралельна беларускія словы і запазычаныя? Усё правільна, але вельмі хочацца, каб часцей гучалі нашы, спрадвечна беларускія словы. І тады мова наша будзе жыць.

 

VII Дамашняе заданне

Выпісаць па пяць неалагізмаў і ўстарэлых слоў і скласці сказы або тэксты.

 

VIII Прадметная рэфлексія

Настаўнік. Вось і закончыўся наш урок. Ці ўсе наша задачы вырашаны? (Зварот да дрэва “Лексіка”). Хто мне растлумачыць, чаму ў нашага дрэва рознакаляровыя лісткі?

 

IX Рэфлексія. Ацаніце кожны сам сябе: “Пахвалі сябе сам” (сёння на ўроку я лепш за ўсіх…)

 

X Выстаўленне адзнак

Настаўнік. Завяршыць хачу ўрок словамі Ф. Багушэвіча: “…Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі. Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий