Канспект інтэграваных заняткаў па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства”, “Выяўленчае мастацтва” для выхаванцаў старшай групы (5–6 гадоў)

- 11:40Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый гульні для дзяцей старшай групы “Лён сінявокі – сімвал Радзімы, наш беларускі, мілы, адзіны”

 

Таццяна ГАНЦЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 36 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

Тэма: “Лён сінявокі – сімвал Радзімы, наш беларускі, мілы, адзіны”.

Праграмныя задачы:

– знаёмства дзяцей з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам сваёй краіны;
– фарміраванне ўяўленняў пра гісторыю ўзнікнення тканіны, ткацтва, вышыўку;
– пашырэнне ўяўленняў пра беларускі арнамент, спосабы яго стварэння;
– развіццё уменняў параўноўваць рэчы даўнейшых часоў і цяперашняга часу;
– садзейнічанне развіццю памяці, увагі, мыслення, маўленчых і творчых здольнасцей выхаванцаў;
– выхаванне пачуцця пашаны да гісторыка-культурнай спадчыны свайго народа, цікавасці да народнай творчасці.

Матэрыял і абсталяванне: куфар з ручнікамі, абрусамі, кашуляй, вырабленымі майстрамі ў мінулы час; падбор карцін па тэме “Вырошчванне і апрацоўка льну ў мінулым”; семя льну; вырабы Аршанскага льнокамбіната; кавалкі льняной тканіны; карткі з выявамі сімвалаў беларускага ўзору; мальберты; абручы для гульні “Садзі лянок”.

Папярэдняя работа: разглядванне вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гутаркі з дзецьмі пра беларускія рамёствы, чытанне твораў мастацкай літаратуры, завучванне вершаў па тэме.

Метады і прыёмы: наглядны (разглядванне вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, карцін па тэме); слоўны (аповед выхавальніка, пытанні, тлумачэнні); гульнявы (дыдактычная, рухавая гульні); практычны (выкананне пэўных дзеянняў).

Тып заняткаў: камбінаваныя.

Развіваючыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі: метады АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі (ОТСМ-ТРИЗ-РТВ-технологии).

 

Ход занятку

 

І этапуводны (арганізацыйны)

Прывітанне (франтальная форма работы)
Мэта: стварэнне камфортнай атмасферы, выхаванне добразычлівага стаўлення да аднагодкаў у працэсе дзейнасці.

Сюрпрызны момант “Чароўны куфар” (франтальная форма работы).
Мэта: арганізацыя дзяцей, матывацыя на будучую дзейнасць, развіццё пазнавальнага інтарэсу.

Выхавальнік:

Чароўны куфар, адчыніся.
Што ў куфары ляжыць, пакажыся.

 

ІІ этап асноўны

Разглядванне рэчаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (абруса, ручнікоў, кашулі) (франтальная форма работы, індывідуальная)
Мэта: развіццё пазнавальнага інтарэсу дзяцей да беларускага народнага промыслу (ткацтва), садзейнічанне азнаямленню выхаванцаў з гісторыка-культурнай спадчынай свайго народа.

Выхавальнік: Дзеці, як вы думаеце, з чаго зроблены гэтыя прыгожыя рэчы?(З ільну). Так, усе гэтыя рэчы сатканы з ільну ў далёкія часы майстрамі ўручную.

Аповед выхавальніка “Вырошчванне і апрацоўка льну ў мінулым” з разглядам ілюстрацый (франтальная форма работы)
Мэта: садзейнічанне ўзбагачэння ў дзяцей уяўленняў пра этапы вырошчвання і апрацоўкі льну ў мінулым, развіццё цікавасці да традыцыйных заняткаў беларусаў, выхаванне паважлівага стаўлення да працы дарослых, да мінулага сваёй краіны.

Выхавальнік: Ёсць на Беларусі такая прыгожая расліна з блакітнымі кветкамі – лён. Калі кветкі адцвіталі, лён выбіралі, малацілі, высцілалі на росы і пад дождж, затым паднімалі і высушвалі. Потым гэтыя сцябліны мялі, рабілі з іх кудзелю, пралі ніткі. А ўжо з нітак на кроснах ткалі ручнікі, абрусы, тканіну. Сёння я прынесла семя льну, каб разгледзець яго з вамі, а вясною пасеяць на нашай градцы.

Разглядванне семя льну выхаванцамі (індывідуальная форма работы)
Мэта: развіццё пазнавальнага інтарэсу выхаванцаў.

Выхавальнік:

На далонь маю
Малое
Легла
Семя ільняное.
Як пясчынка
Ўсё адно.
Ды сапраўдны скарб
Яно.
     К. Цвірка

Выразнае чытанне дзецьмі верша М.Чарняўскага “Як вядома, ужо здавён…” (франтальная форма работы, індывідуальная)
Мэта: развіццё ўменняў выразна чытаць паэтычныя творы, перадаваць сваё стаўленне да зместу.

1-е дзіця:

Як вядома, ужо здавён,
Беларусы сеюць лён.
Зацвіце – блакіту болей,
Пчолкам рупным весялей.
І над ніваю, над полем
Сінява – яшчэ сіней!
Будзе кужаль, палатно,
Будзе ў нас абновак шмат.
Хто абноўкам тым не рад?

2-е дзіця:

Беларускі наш лянок –
Залацісты кужалёк.
Да ўсяго ты здатны,
Ва ўсім акуратны.
У куточку хаты прасніца стаяла,
Маці ніткі прасці дачка памагала.
І матала, і круціла,
Пражу-ніткі матавіла,
Ставіла дачка новыя
Кросенцы кляновыя.

Гульня “Што спачатку, што потым”(падгрупавая форма работы)
Мэта: замацаванне ў дзяцей уяўленняў пра этапы вырошчвання і апрацоўкі льну ў мінулым, выхаванне пачуцця добразычлівага партнёрства.

Дзеці дзеляцца на дзве каманды. Кожная каманда павінна выкласці “ланцужок” этапаў апрацоўкі і вырошчвання льну ў мінулы час, затым зверыць выкананае заданне з падборкай карцін на дошцы.

Выхавальнік: Лён – гэта беларускае багацце. З даўніх часоў людзі апраналіся ў ільняное адзенне, карысталіся ручнікамі, абрусамі, якія ткалі з ільну. А з ільнянога семя атрымлівалі карыснае масла. І ў цяперашні час людзі шануюць лён. Нездарма кветкі лёну змешчаны на гербе нашай краіны. А на Аршанскім ільнокамбінаце, які сёння арганізаваў рэкламу сваёй прадукцыі, вырабляюць вось такія прыгожыя рэчы. Давайце іх разгледзім.

Гульня “Чым падобныя і чым адрозніваюцца” (франтальная форма работы, індывідуальная)
Мэта: развіццё ўменняў параўноўваць рэчы даўнейшых часоў і цяперашняга часу.

Фізкультхвілінка. Рухавая гульня “Садзі лянок” (франтальная форма работы)
Мэта: змена відаў дзейнасці, развіццё каардынацыі рухаў, выхаванне добразычлівасці.

Выхавальнік: І ў далёкія часы і ў цяперашні час людзі стараліся ўпрыгожваць прадметы, рэчы, каб яны былі больш прывабнымі. Чым упрыгожаны рэчы, якія сёння мы з вамі разглядалі? (Вышыўкай, арнаментам). Так, асаблівасцю беларускай вышыўкі з’яўляецца арнамент, які ўвасабляе сабой чырвоны ўзор на белым фоне. Белы колер сімвалізуе чысціню душы і помыслаў, а чырвоны – колер сонца і крыві, а значыць, жыцця.

Дыдактычная гульня “Вышывальшчыкі” (франтальная форма работы, індывідуальная)
Мэта: развіццё каштоўнасных адносін выхаванцаў да ткацтва і вышыўкі як культурнай спадчыны беларускага народа, творчых здольнасцей, увагі, мыслення.

Выхаванцам прапаноўваюцца карткі з узорамі-сімваламі беларускага арнаменту. Дзеці павінны знайсці адпаведны ўзор-сімвал на картках большага фармату і выкласці (“вышыць”) узор, а таксама расказаць пра яго.

Гульня з мячом “Я – лён, ты – мая часцінка” з выкарыстаннем метада АТММ-ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі (франтальная форма работы, індывідуальная)
Мэта: развіццё цікавасці, творчага ўяўлення дзяцей.

Выхавальнік: Я  лён, ты  мая часцінка. Ты хто? (Абрус, ручнік, семя, льняное масла, кашуля, тканіна, элемент герба нашай краіны.)

 

ІІІ этап. Заканчэнне заняткаў (франтальная форма работы)

Мэта: падвядзенне вынікаў дзейнасці выхаванцаў, развіццё маўлення, выхаванне патрыятычных пачуццяў.

3-е дзіця:

Лён сінявокі – сімвал Радзімы!
Наш беларускі, мілы, адзіны.
Ты так прыгожа калосішся ў полі
Сінімі кветкамі ў вольным прасторы,
Герб наш прыгожа абараняеш,
Нас апранаеш і даглядаеш.

4-е дзіця:

А ручнікі, быццам дзіва – такія!
Ну, а кашулі, спадніцы якія!
Сінія кветачкі, шэранькі ствол,
Белыя блузачкі – гэта ўсё ён,
Наш беларускі мякенькі лён!

 

 

Літаратура

1 Учебная программа дошкольного образования. – Минск : Нац. Ин-т образования, 2019.
2 Кахноўская, А. Падыходы да арганізацыі этнакультурнага выхавання дзяцей ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі / А.Кахноўская // Пралеска. – 2016. – № 6. – С. 12–16.
3 Никонова, Л. Познавая прошлое и настоящее / Л.Никонова // Пралеска. – 2016. – № 2. – С. 61–69.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий