Сцэнарый гульні для дзяцей малодшай групы «У госці Буслік завітаў»
Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы: фарміраваць першапачаткова ўяўленні пра вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ручнік, сурвэтку, беларускае нацыянальнае адзенне, беларускую нацыянальную цацку – свістульку); развіваць эмацыянальныя пазітыўныя адносіны да народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цікавасць да нацыянальнай культуры; выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, гонару за свой народ, сваю спадчыну; спрыяць добраму эмацыянальнаму настрою дзяцей.
Матэрыялы і абсталяванне: беларускія нацыянальныя касцюмы для дзяцей, куфэрак, абрус, сурвэтка, цацкі-свістулькі, лапці, шапачка з выявай бусліка.
Папярэдняя работа: развучванне вершаў, забаўлянак, адгадванне загадак, знаёмства з беларускім нацыянальным касцюмам, беларускім абуткам – лапцямі, разгляданне альбома “Беларуская народная творчасць”, лепка беларускай народнай цацкі – свістулькі-пеўнік.
Ход занятку
Выхавальнік:
Сонца раніцай з намі вітаецца,
Падміргне і за хмару схаваецца.
Сонца, сонейка, добрай раніцы.
Добрай раніцы, дзеці!
Дзеці: Добрай раніцы!
Выхавальнік: Дзеці, давайце ўсміхнёмся, як сонейка, адно аднаму. У нашым пакоі яшчэ стала цяплей і ўтульней ад нашых усмешак. Але ж, пачакайце, здаецца мне, хтосьці да нас спяшаецца.
Гучыць беларуская народная музыка, у госці да дзяцей прыходзіць Буслік.
Буслік:
Добрай раніцы, дарагія дзеці!
Якія вы прыгожыя, быццам кветкі.
Сустрэчы з вамі вельмі рады!
Дзеці: Добрай раніцы, Буслік!
Буслік: Я многа лятаю, многа дзетак сустракаю, але такіх кемлівых і дапытлівых яшчэ не бачыў, таму завітаў яшчэ раз. Я хачу спытаць, а ці ведаеце вы, у якой краіне мы жывём?
Дзеці: Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь. Расказваюць верш.
Плыве ў блакіце белы бусел,
У луг квяцісты, як абрус,
А мы з табою – беларусы,
Радзіма наша – Беларусь!
М.Пазнякоў
Буслік: Малайцы, дзеці, а ў якім горадзе мы жывём?
Дзеці: Мы жывём у горадзе Навагрудку.
Буслік: Малайцы. Калі ласка, адкажыце мне, хто вы па нацыянальнасці?
Хлопчык: Я па нацыянальнасці беларус. (Расказвае верш “Блакіт нябёс”)
Блакіт нябёс і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус…
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я – хлопчык-беларус.
С.Сокалаў-Воюш
Дзяўчынка: Я па нацыянальнасці беларуска. (Расказвае верш “Беларусачка”)
Твар румяненькі,
Белая хустачка.
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка!
І хачу
Так, як тата і мама,
Родны край свой любіць
Я таксама!
А.Бадак
Буслік: Так-так, малайцы. Сапраўды я бачу, што вы сапраўдныя беларусы, любіце сваю Радзіму, свой народ, сваю мову.
Выхавальнік: Так, сапраўды, мы жывём у прыгожай краіне, такой цудоўнай і бязмежнай.
Фізкультхвілінка
Куды ні глянь – лясы шумяць,
Цвіце за полем гай,
А поле вокам не абняць
І гэта ўсё мой край.
Жыве, працуе мой народ
І ў снежань, і ў май.
І харашэе з году ў год
Мой родны, любы край.
А.Русак
Выхавальнік: Сапраўды прыгожы казачны край, а людзі добрыя, працавітыя.
Буслік: Спакон вякоў наша краіна Беларусь славілася сваімі майстрамі. Іх залатыя рукі рабілі цудоўныя рэчы, якімі ўпрыгожвалі сваё жыллё. Бачыце ў мяне куфэрак? А каб яго адчыніць і даведацца, што ў ім, трэба адгадаць загадку.
З гліны мы яго зляпілі,
Потым у печы абпалілі.
Навучыўся ён спяваць –
Не дае нікому спаць.
Дзеці: Гэта пеўнік.
Буслік: Так, гэта беларуская народная цацка. Гліняныя цацкі суправаджаюць чалавека ад самага нараджэння. Іх вешалі над калыскай дзіцяці, пры дапамозе іх расказвалі казкі, вершы.
Дзеці расказваюць верш “Чароўная свістулька”:
Глінянага пеўніка
Мне падарылі.
Гліняныя ў пеўніка
Ножкі і крылы,
Хвост пер’ем гарыць
І грабеньчык іскрыцца.
І свецяцца вочы,
Нібыта суніцы.
Выхавальнік: Так, усё гэта вельмі цікава. Дык з чаго, дзеці, зроблены пеўнік, з якога матэрыялу?
Дзеці: З гліны.
Выхавальнік: Значыць, ён які?
Дзеці: Гліняны.
Выхавальнік: А калі цацка зроблена з дрэва? То якая яна?
Дзеці: Драўляная.
Буслік: Ну што, малайцы! Пастараліся, трэба і адпачыць.
Выхавальнік: А зараз пагуляем у гульню “Адгадай, чый галасок”.
Сярод дзяцей выбіраюць “бусліка”, ён у шапачцы з выявай бусліка становіцца ў цэнтры круга, які ўтвараюць дзеці. Яны рухаюцца па крузе са словамі:
Пайшоў буслік у лясок
І згубіў свой паясок.
Буслік, вочкі закрывай,
Хто пакліча, адгадай!
Пасля заканчэння слоў “Буслік” закрывае вочы. Выхавальнік дашкольнай адукацыі дакранаецца да каго-небудзь з дзяцей, той кліча: “Буслік”. “Буслік” расплюшчвае вочы і адгадвае, хто яго паклікаў, вымаўляючы імя па-беларуску.
Выхавальнік: А што яшчэ цікавага ты нам раскажаш, Буслік?
Буслік: Ну, а яшчэ паглядзіце сюды. Бачыце, якія прыгожыя рэчы ў мяне ёсць. Можа, хто з вас ведае, што гэта? (Ручнік, сурвэтка).
Буслік: Гэтыя рэчы ўпрыгожаны беларускім узорам. Гэта беларускі нацыянальны касцюм. Так апраналіся беларусы. А вось на ногі абувалі, можа хто-небудзь мне скажа – што?
Дзеці: Лапці.
Буслік: Лапці – гэта абутак, у ім хадзілі і старыя, і малыя. Вясной, калі толькі ажывала прырода, нарыхтоўвалі лыка, з якога потым плялі лапці.
Выхавальнік: Дзякуй табе, Буслік, за цікавы аповед. А зараз я запрашаю пагуляць у беларускую народную гульню “Лапці”.
Гучыць беларуская народная музыка, дзеці гуляюць.
Буслік: Дзякуй вам, мае даражэнькія. Вельмі мне спадабалася ў вас. Я ўпэўнены, што вы расцяце сапраўднымі беларусамі, любіце сваю краіну, сваю спадчыну. А на памяць пра нашу сустрэчу я хачу вам падарыць вось гэтыя сувеніры. Ну, а мне час вяртацца. Да пабачэння! Да новых сустрэч!
Дзеці: Да пабачэння!
Выхавальнік: Ну, вось і скончылася наша сустрэча. Вы шмат чаго даведаліся новага, цікавага. Я ўпэўнена, што вы любіце свой край і ганарыцеся тым, што нарадзіліся на гэтай казачнай зямлі, а я ганаруся вамі.
Літаратура
1 Залатая скарбонка. Хрэстаматыя дашкольнікаў: дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання. – Мн. : Аверсэв, 2018.
2 Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь / Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мн. : НІА, 2019.