Восеньскія вячоркі “Наша хата на дасціпных майстроў багата”. Для вучняў 5–9-х класаў

- 13:37Воспитательная работа, Сценарии

Восень у беларусаў заўсёды асацыіравалася з палявымі работамі і вячоркамі, дзе людзі сумесна бавілі вячэрні час, калектыўна працавалі. Для сучасных дзяцей гэты народны звычай стане больш зразумелым, калі іх уключыць у мерапрыемства “Восеньскія вячоркі”.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: захаванне і папулярызацыя традыцый і звычаяў малой радзімы, развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей дзяцей, стварэнне ўмоў для выхавання пачуцця гонару за багатую культурную і гістарычную спадчыну беларускага народа.

Галоўныя героі: Вядучы, Гаспадар, Гаспадыня, госці рознага ўзросту.

Месца правядзення: школьны музей, этнаграфічная экспазіцыя.

 

 Ход мерапрыемства

 Вядучы. Дарагія сябры! Запрашаем вас на беларускія вячоркі!

Дзе жанчыны ткуць і вышываюць.
А дзяўчаты песні ўсім спяваюць.
Гаспадары гасцей вітаюць, забаўляюць.
Малыя на печы ў лялькі гуляюць.
Старыя маладое жыццё ўспамінаюць.

 

Госці: Добры вечар у хату! На вячоркі можна?

Гаспадар: Заходзьце, госцікі даражэнькія! Добры сусед даражэйшы за далёкую радню.

Гаспадыня:

Трэба солі, яек, хлеба,
То бяжыш перш да суседа.
А сваяк жыве далечка,
Не пазычыць нават свечку.

 

Усе сядаюць і пачынаюць займацца рознай справай (вышываць, прасці, вязаць, майстраваць лялькі, плесці кошыкі і г.д).

 

Гаспадар: Замерзлі? Восень на дварэ. А работу ніхто не адмяняў. Нездарма кажуць: “Восень – работ восем”.

Вядучы: Дружна і весела жывуць у нашай вёсцы суседзі. Парадніла іх адна наша малая радзіма, праца, прыгажосць родных краявідаў.

 

Гучыць народная песня “Тры вербушкі”

 

Стаіць гара высокая,
А пад гарою гай, а гай.
Густы той гай, гусцюсенькі,
Ой наш радзімы край.
А ў тым гаю рака цячэ,
Вада, як шкло, блісціць,
Далінаю шырокаю,
Куды яна бяжыць?
Яна бяжыць у край берагам,
Дзе вяжуцца чаўны.
Прайшла вясна і лецейка,
Насталі халады.
Тры вербушкі схіліліся,
І журацца яны.
Вы не журыцесь, вербушкі,
Чакайце вы вясны.

 

Вядучы: Мудрасць, дасціпнасць, працавітасць нашых людзей праяўляюцца ў самабытных казках, загадках, гульнях, жартах.

Гаспадар: Многа я на свеце гадкоў пражыў. Усё на гэтым свеце бывае.

Госць 1: А чаго не бывае, дзядзька?

Гаспадар: Ведаю я такую казку “Чаго на свеце не бывае”. Слухайце.

 

Казка “Чаго на свеце не бывае(выконваюць удзельнікі вячорак)

Вядучы: Багаты пан справіў пышнае частаванне. Паклікаў знакамітага генерала. Хочацца яму чым-небудзь пахваліцца перад госцем. Ён і кажа:

Пан: Многія часта кажуць, што мужык і пан – усё адно. Як можна горкага мужыка з нашым братам параўнаць?!

Генерал: О так, так !

Пан: Не на словах, а на справе пакажу, што варты мужык!

Вядучы: Прыказаў пан слугам паклікаць мужыка Івана, які быў самым бедным ва ўсёй вёсцы.

Пан: Скажы, мужык, чаго на свеце не бывае? Цяпер людзі да ўсяго дайшлі, што могуць лятаць у паветры, гаварыць па дроце. Калі скажаш, чаго на свеце не бывае, дык тады атрымаеш многа грошай.

Іван: Ну, добра. Шмат што бывае цяпер на свеце, а толькі сякерай ніхто не падпяразваецца – гэтага не бывае.

Генерал: О, розум у гэтага мужыка воўк не з’еў, можа даць адказ.

Пан: Гэтым мяне не здзівіш! У нас ніхто сякерай не падпяразваецца, у другіх краінах бывае і гэта.

Іван: Я ў чужых краінах не быў, гэтага не бачыў.

Пан (узрадавана): Ты не быў, дык я быў, больш цябе бачыў, а ты скажы, чаго на самай справе на свеце не бывае. Калі яшчэ будзеш лгаць, дык будзеш паўгода ў мяне працаваць.

Іван (думае): Баба папом не бывае, дзяўчына абедні не служыць – вось гэтага на свеце не бывае.

Генерал: Ха-ха! Здагадлівы!

Пан: Ну, брат, і гэта бывае на Нямеччыне! Ідзі на двор, думай у апошні

раз. Скажаш – атрымаеш узнагароду, а не – паўгода папрацуеш.

Вядучы: Думаў, думаў Іван. І рашыўся!

Іван: Скажу! Няхай слухаюць! Твая праўда, пане, усё на свеце бывае. Вось яшчэ нядаўна думаў я, што людзі на неба не пападаюць, а як сам пабываў, дык цяпер бачу, што і гэта бывае.

Пан (здзіўлена): Як ты туды папаў?

Іван: Мой дзед-пакойнік прыказаў быць і двух жураўлёў за мной прыслаў. Сустрэў я на тым свеце ўсіх сваіх родных і блізкіх.

Пан: Ці не бачыў ты на тым свеце пакойнага пана, бацьку майго?

Іван: Бачыў яго, панок, бачыў. Ваш бацька-пакойнік цяжкай, але вельмі важнай працай заняты: ён кароўнікі чысціць!

Пан: Не! Не можа быць! Лжэш! Ах, ах! Прайграў я грошы. Бяры і ідзі вон адсюль!

 

Гаспадыня: А зараз давайце загадваць загадкі. Адна ўмова: у іх павінна расказвацца пра розныя вясковыя рэчы, а таксама пра тое, што мы сёння на вячорках майструем.

Удзельнікі вячорак загадваюць загадкі.

1. Пяць каморак, адны дзверы. (Пальчатка)
2. Авечка ў карове. Што гэта такое? (Шкарпэткі ў буцах)
3. У лаве пятак, не вымеш ніяк. (Сучок)
4. Па сенях ходзяць, а ў хату не ідуць. (Дзверы)
5. Малога Данілу ў пятлі задавіла. (Гузік)
6. Жалезная душа не бярэ барыша. (Бязмен)
7. У Маркіты рот адкрыты. (Комін)
8. Уцякаюць чырычыкі, задраўшы лычыкі. (Лыжы)
9. Ножак ён не мае, ён – з адною ручкай, а грыбы збірае з бабкаю і ўнучкай. (Кошык)

Госць 2: Ведаеце, чым рай адрозніваецца ад пекла? Не? Тады слухайце.

Трапіў адзін мужык на той свет. У пекле ўсе людзі былі вельмі худыя і злыя. Сядзелі яны вакол вялікага чыгуна з ядою, а ў кожнага ў руцэ быў вялікі апалонік. Кожны чэрпаў з чыгуна поліўку, але не даставаў апалонікам да рота. Так паўтаралася кожны дзень. Вось і сядзелі ўсе галодныя. У раі чалавек убачыў, што ўсе людзі таксама сядзяць вакол вялікага вогнішча, у цэнтры якога вісіць кацёл з ядою. У руках у кожнага вялікі апалонік. Чэрпаюць яны ежу з катла, але не дастаюць да свайго рота. Таму адзін аднаго кормяць. Усе сытыя і вясёлыя.

Госць 3: Ой, рана нам на той свет, гэты хочацца яшчэ патаптаць. Я вам вось які жарт раскажу.

Жыў у нашай вёсцы чалавек па прозвішчы Стукаў. Выпала яму з адной просьбай прыйсці ў сельскі Савет. Пастукаў ён у дзверы да старшыні сельсавета, зайшоў у кабінет. Начальнік у яго пытае:
– Ты хто такі?
– Я Стукаў.
– Я чуў, што ты стукаў, ты мне прозвішча гавары.

Гаспадар: А чаму зараз у школе вучаць?

Госць 4: Усяму! Хто хоча вучыцца, той навучыцца, а хто не – той век пад дзвярыма стукаць будзе. Раскажу вам байку са школы:

Настаўніца спытала ў вучня:
– Да якога разраду адносіцца назоўнік “мёд”?
– Уласны, – кажа вучань.
– Чаму?– пытае настаўнік.
– Дык ён жа свой, не куплены.

Гаспадыня: Гаспадарскі хлопец, нічога не скажаш!

Гаспадар: А мой бацька ў школе чатыры класы закончыў, дык у яго ўнучка пытае:

– Дзед, а як пішуцца словы “карова”, “каза” і “авечка”?
– З вялікай літары, унучка, – кажа дзед.

Пайшла ўнучка ў школу і напісала гэтыя словы, як дзед сказаў. Настаўніца выправіла памылкі і двойку паставіла. Прыйшла ўнучка дахаты і плача, што дзед няправільна навучыў.

– Што гэта за настаўніца такая? – абураецца дзед. – У нас гэта самыя важныя жывёлы, святыя, можна сказаць, а яна іх з малой літары піша.

Гаспадар: Цяпер такія дзеці пайшлі, што нічога не баяцца.

Гаспадыня: Давайце мы ў іх саміх спытаем. Дануся, ты чаго больш за ўсё баішся?

Дзяўчынка: Я баюся грому і маланкі. Калі грыміць, я хаваюся пад ложак.

Гаспадыня: Віця, а ты чаго баішся?

Хлопчык: Я больш за ўсё баюся суседскіх сабак. Яны мне порткі парвалі і пакусалі.

Гаспадыня (звяртаецца да гаспадара): А ты сам чаго ў дзяцінстве баяўся?

Гаспадар: Я баяўся тыя пластмасавыя ногі, якія пан Хруль насіў і якія ў яго пад паветкай ляжалі, бо думаў, што прыйдуць яны ўночы да мяне і прымусяць свае ногі мыць. Я ж часта клаўся спаць з рабымі нагамі. А ў пана яны чыстыя былі (пан Хруль не працаваў фізічна, бо ў час Першай сусветнай вайны згубіў нагу і насіў прывезены з Літвы пратэз).

Гаспадыня: Я так думаю: спачатку чалавек павінен у школе адвучыцца, прафесію атрымаць, тады армію адслужыць, а потым і жаніцца трэба. Бо была такая гісторыя:

Жыў з маці нежанаты сын. Захацеў ён супу. Кажа да маці:
– Звары мне фасолі, я яе так люблю.
– Можа, лепш з капусты, бо на агародзе свежая вырасла.
– Не! Хачу з фасолі.

Так яны не дамовіліся. Пачала маці варыць суп: укінула ў ваду рэбры і пайшла тэлевізар глядзець. Праз некаторы час з’явіўся каля печы сын, укінуў у суп міску фасолі і пайшоў на двор. А праз некалькі хвілін маці з капустай да печы падышла. Не заўважыла яна фасолі ў супе і ўкінула туды капусту. Так хадзілі яны па чарзе суп варыць. А што атрымалася потым даведаліся.

Госць 6: У нас так кажуць пра жаночую долю: “Замуж выйсці не напасць, абы замужам не прапасць”.

Госць 7: А пра мужчын так: “Зяць любіць узяць”. Панадзіўся зяць да цешчы ў абед у летнюю кухню на салодкую смятану, якую тая кіснуць у слоікі ставіла. Заўважыла цешча, што смятана стала прападаць. І пачала замест смятаны малако нятлустае ліць. Праз некалькі дзён зяць кажа: “Мусіць, твая карова, цешча, захварэла”. “Чаму гэта?” – пытае тая. “Дык замест смятаны адно малако худое”. “А ты адкуль ведаеш?” Так зяць сябе выдаў.

Гаспадыня: Жаночая доля складаная: усё жыццё каля печы з чыгунамі трэба вазіцца. Паставіла баба суп варыць, а запалкі да крышкі прыліплі. Накрыла яна суп, і каробка ў супе патанула. Спатрэбіліся бабе запалкі, а знайсці не можа. Абшукала ўсюды, няма нідзе, і пайшла да суседкі пазычаць. Калі сям’я абедаць сабралася, тады знайшліся запалкі – у супе плавалі.

Гаспадар: Нешта наша моладзь задумалася. Давайце ў гульню “Шкута” пагуляем.

 

Моладзь становіцца ў круг. Выбіраецца адзін вядучы, які ходзіць па-за кругам і трымае ў руках пярсцёнак. Затым ён незаўважана перадае яго каму-небудзь з удзельнікаў. Гуляючыя гучна прамаўляюць: “Шкута ідзе, золата нясе, / А той, хто адгадае, / Той вялікае шчасце мае”. Прысутныя адгадваюць, у каго пярсцёнак. Калі адгадалі, то ён выбягае з круга, вядучы яго ловіць. Злоўлены становіцца вядучым. Гульня працягваецца.

 

Вядучы: Хутка ноч настане, а госці не спяшаюцца з гасціннай хаты. Такія мы, беларусы, сяброўскія, хлебасольныя, вясёлыя!

 

Мясцовыя прыпеўкі выконваюць усе ўдзельнікі вячорак.

 

1. Паглядзіце, дарагія,
Як мы весела жывём.
На падворку
І танцуем, і пяём.

2. Хадзі, хата, хадзі, хата,
Хадзі, курыца хахлата.
Хадзі, сені і парог,
І смятана, і тварог!

3. Ах, пайду да я гуляці,
Дома нечага кусаці.
Сухары ды корачкі,
На нагах апорачкі.

4. Гусачкі і качачкі,
Усе плывуць па парачцы,
А я, бедна сірата,
Іду па вуліцы адна.

5.Д зевачкі-бяляначкі,
Дзе вы пабяліліся?
Учора мы кароў даілі,
Малачком памыліся.

6. Не кукуй, зязюля шэра,
Не на ту бярозу села.
Перасядзь на ёлачку –
Нясі паклон мілёначку.

Гаспадыня: Паспявалі, то трэба і пачаставацца.

Таркаванцы, дранічкі –
Каму як падабаецца.
Са смятанай, малаком
Ешце, госцікі, рукой.

 

Гаспадыня (працягвае): Частуйцеся пірагом.

Госць 8:

Люблю яго са смакам,
Люблю яго з грыбамі.
Люблю, калі на свята
Так пахне пірагамі.
Гаспадар (усіх частуе мёдам).
Гэта пчала людзям мёд дала.
Таму, першчым

Шчодра памазаць
Мёдам скарынку,
Трэба памятаць,
Колькі пчала гнула спінку.
Госці дзякуюць гаспадарам.

Госць 9:

Радуе сэрца
Да болю знаёмы
Пошчак паленцаў
У хаце вясковай.
А ў пакоі

Дух цёплы з кіслінкай.
І ў чыгунку

Суп пярловы з рабрынкай.
Радуе вока
Жэрдка каўбас.
Госцю тут рады,
Чакаюць і нас.

Госць 10:

Слаўлю вас, людзі,
У каго на стале
Хлеб у пашане
І Бог на сцяне.
Слаўлю хаціну,
Дзе пахне блінамі,
Паранай бульбай,
Сухімі грыбамі.
Справа нялёгкая –
Усіх накарміць.
Праўду ў нас кажуць:
Не ў горадзе жыць.

 

Вядучы: Няхай жа вечна звіняць нашы народныя песні і жарты! Няхай жа вечна жыве наша родная вёска, яе мудрыя людзі і душэўныя вячоркі!

Гаспадар: Гучы, наша вясёлая і неўміручая вясковая полечка!

 

Гучыць полька.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий