Беларускамоўны дзень у дзіцячым садзе

- 13:23Дошкольное образование. Идеи, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

У практыку работы ясляў-сада № 29 Ліды ўведзены беларускамоўны дзень, на працягу якога ўсе супрацоўнікі размаўляць з дзецьмі і дарослымі на беларускай мове. У матэрыяле ідзе гаворка пра асаблівасці арганізацыі гэтага дня ў залежнасці ад узросту выхаванцаў і прыводзяцца прыклады работы.

 

Алена ЖЭГЗДРЫН,
выхавальнік
ДУА “Яслі-сад № 29 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей – адна з галоўных задач выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Для яе рэалізацыі неабходна выкарыстоўваць у дашкольнай установе беларускую мову. Таму ў практыку работы нашай установы дашкольнай адукацыі па чацвяргах уведзены беларускамоўны дзень, на працягу якога ўсе супрацоўнікі размаўляць з дзецьмі і дарослымі на беларускай мове.

У першай малодшай групе беларуская мова ўводзіцца паступова ў розныя віды дзейнасці: выхавальнікі чытаюць народныя казкі, прапануюць паслухаць беларускую музыку, пагуляць у народныя гульні. Дзеці паўтараюць за выхавальнікам асобныя словы, невялікія вершы, пацешкі.

У другой малодшай групе гэта работа ў гэтым напрамку працягваецца далей і садзейнічае:

– адрозніванню дзецьмі беларускага і рускага маўлення;
– пабуджэнню да ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове;
– ужыванню формул беларускага этыкету;
–разыгрыванню кароткіх твораў на беларускай мове.

У сярэдняй і старшай групах у гэты дзень на беларускай мове з дзецьмі праводзяцца не толькі заняткі, якія рэалізуюць задачы адукацыйнай вобласці “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, але і ўвесь адукацыйны працэс (Дадатак). Усё гэта садзейнічае фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці і станоўчых адносін да роднай мовы.

У маёй групе галоўным героем гэтага дня становіцца Бульбашык. Да дзяцей прыходзяць у госці лялькі Аленка, Янка і Арынка.

На працягу ўсяго дня яны знаходзяцца разам з дзецьмі на занятках, удзельнічаюць у гульнях. Таксама для таго, каб выхаванцы лепш вывучылі новыя словы, вядзецца альбом “Слоўнікавая скарбонка”, у якім дзіця малюе прадметы, аб’екты ў адпаведнасці з тэмай тыдня, тым самым хутчэй запамінаючы іх назвы на беларускай мове. Потым у гульнях “Назаву слова, пакажы малюнак”, “Што ты ўзяў”, “Скажы па-беларуску” мы іх замацоўваем.

У беларускамоўны дзень усе супрацоўнікі  ўстановы дашкольнай адукацыі (памочнік выхавальніка, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання) размаўляюць на беларускай мове. Таксама і бацькоў мы заклікаем да гэтага: заходзячы ў групу бацькі вітаюцца з намі і развітваюцца на беларускай мове, паказваючы сваім дзецям моўны прыклад. Вялікая падзяка бацькам за тое, што яны падтрымліваюць нас у гэтай справе, папраўляюць сваіх дзетак, тлумачаць незразумелыя словы.

На сайце дашкольнай установы выкладваем кансультацыі для бацькоў, якія знаёмяць іх з тым, як навучыць дзетак беларускай мове: “Мова продкаў і нашчадкаў”, “Роля мастацкай літаратуры ў развіцці дашкольнікаў”. Таксама там зроблена ўкладка “Слоўнікавая скарбонка”, у якой даем новыя словы, якія вывучылі з дзецьмі на тыдні.

Вельмі радуе тое, што дзеці ўжо падчас вольных гульняў, у размовах пачалі выкарыстоўваць беларускія словы не толькі па чацвяргах, але і ў астатнія дні тыдня.

 

Дадатак

 

Беларускамоўны дзень у сярэдняй групе. Тэма тыдня “Агародніна”

 

Мэта: пашырыць уяўленні пра агарод, расліны, якія пасаджаны чалавекам; узбагаціць слоўнік беларускімі словамі; практыкаваць у зносінах на беларускай мове; фарміраваць навыкі здаровага ладу жыцця.

 

Раніца

Прывітанне на беларускай мове, гаворка з бацькамі па-беларуску.

1 Зносіны

Гутарка “Чым карысная агародніна”.

Мэта: развіваць уменне адказваць на пытанні; замацоўваць веды пра карысныя якасці агародніны; фарміраваць станоўчыя адносіны да ежы з агародніны.

 

2 Індывідуальная праца па маляванні

“Вясёлыя гульні з лініяй і колерам” (Серыя “Умней-ка”). С. 24.

Мэта: замацоўваць назвы колераў, практыкаваць ва ўменні маляваць алоўкамі без праглядаў.

 

3 Гульня

Дыдактычная гульня “Чароўны мяшочак”.

Мэта: развіваць уменне дзяцей з дапамогай тактыльных пачуццяў распазнаваць па форме і называць агародніну.

Матэрыял і абсталяванне: муляжы агародніны.

 

4 Элементарная працоўная дзейнасць

Праца ў прыродзе. Даручэнне паліць расліны.

Мэта: фарміраваць уменне вызначыць неабходнасць паліва раслін.

 

Ранішняя гімнастыка

 Выкананне агульнарухавых практыкаванняў з гімнастычнымі палкамі пад беларускую музыку (па плане кіраўніка па фізічнай культуры).

 

Снеданне. Прыём ежы

Мэта: замацаваць ужыванне ў мове ветлівых слоў “дзякуй”, “калі ласка”, “смачна есці”.

 

Заняткі

1 Музычная дзейнасць

Гульня “Бусел і жабка” (па плане музычнага кіраўніка).

 

2 Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін. Агародніна

Праграмныя задачы:

– практыкаваць ва ўменні адказваць на пытанні, заахвочваць дзяцей да складання самастойных сказаў; актывізаваць у маўленні дзяцей назвы колераў, агародніны; адпрацоўваць правільнае вымаўленне заўсёды цвёрдага гука [р] у складах, словах, сказах; практыкаваць у правільным дапасаванні назоўнікаў да прыметнікаў;
– развіваць маўленне дзяцей, увагу, памяць;
– выхоўваць цікавасць да працы ў агародзе.

Слоўнік: ураджай, агурок, памідор, кабачок, капуста, бульба, гарох, морква, бурак; капаць, расціць, паліваць, палоць.

Метадычныя прыёмы: сюрпрызны момант, гульня “Раскажы пра агародніну”, практыкаванне “Закончы сказ”, гульня “Агароднік”, гутарка.

Дапаўненне: абсталяванне – кошык з агароднінай.

План правядзення

Бульбашык: Добры дзень, дзеці! Мая бабуля сабрала на агародзе багаты ўраджай. Вось прыслала вам падарункі.

Выхавальнік ставіць кошык за шырму. Прапануе каму-небудзь узяць плод і расказаць па схеме:

– форма;
– на што падобны;
– якога колеру;
– які на смак;
– як ужываецца (сыры, вараны, смажаны).

Прыклад адказу: Агурок – доўгі, авальны, зялёны, сакавіты, яго ядуць сырым ці соляць.

Выхавальнік: Вось які багаты ўраджай вырасціла бабуля Бульбашыка! Давайце разам скажам – “ураджай” (Харавыя і індывідуальныя адказы дзяцей).

Бульбашык: А зараз давайце палічым агародніну: адна морква, дзве морквы, тры….

Якую агародніну любіце есці вы?

Прыдумайце, як вы закончыце сказ “Я ем…”.

Спытайцеся ў свайго сябра, якую агародніну ён любіць есці.

Прыклад: “Саша, ты ясі агурок?”. Саша адказвае: “Так, я ем агурок”.

Гульня “Агароднік”

Дзеці прыдумваюць, якой агароднінай яны будуць і становяцца ў круг.

Выхавальнік: Я буду агароднікам. (Выходзіць у сярэдзіну круга і стукае палкай аб зямлю).

Дзеці: Хто там?

Выхавальнік: Агароднік!

Дзеці: Чаго прыйшоў?

Выхавальнік: Рэпку ўзяць!

Пасля такога адказу ўсе вядуць карагод і спяваюць:

Зверху рэпка зялёная,
У сярэдзіне тоўстая,
Напрыканцы вострая.
Хавае хвост пад сябе.
Хто да яе не падыдзе,
Усялякі за віхор возьме.

Агароднік адгадвае, хто з дзяцей назваў сябе рэпкай.

Выхавальнік: Даша, ты назвала сябе рэпкай?

Калі агароднік адгадае, рэпка займае яго месца. Агароднік не павінен ведаць, хто назваўся рэпкай. Адгадваць ён можа тры разы, калі не адгадае, то выбіраюць іншага агародніка.

Бульбашык:

– Дзе расце агародніна? (На градках у агародзе).
– Што трэба рабіць, каб вырас добры ўраджай? (Трэба палоць, паліваць).
– Што яшчэ трэба для таго, каб выраслі расліны? (Цёплае надвор’е, вільготная зямля, каб не перашкаджала пустазелле).
– Хто з вас працаваў на градках?
– Як вы дапамагалі дарослым?

Бульбашык: Вось і мне пара збірацца, трэба бегчы на агарод, дапамагаць бабулі. Цяпер я ведаю, як цяжка вырасціць агародніну.

Дзеці развітваюцца з Бульбашыкам.

 

Фізічная культура (на паветры). Гульнявы занятак

 Рухомыя гульні “Хто пайшоў?”, “Лаві-кідай”,  гульнявое практыкаванне “Прайдзі, не дакраніся”.

 

Прагулка

 

1 Гаспадарча-бытавая праца

Даручэнне сабраць мячы пасля фізкультурнага занятку.

Мэта: развіваць адказнасць, уменне дзейнічаць па славеснай інструкцыі.

 

2 Назіранне за птушкамі

Мэта: выклікаць цікавасць да навакольнага асяроддзя, паглыбляць уяўленні пра птушак; заахвочваць да ўдзелу ў размове; развіваць жаданне і ўменне выказваць свае меркаванні; выхоўваць культуру маўленчых зносін.

 

3 Індывідуальная работа

Завучванне лічылкі.

 

4 Беларуская народная гульня (з мастацкім словам “Крот і агарод”)

Мэта: замацоўваць вымаўленне гука [р]; удасканальваць уменне бегаць з лоўляй і выкрутамі, уменне хутка арыентавацца ў навакольных абставінах; спрыяць захаванню добрых узаемаадносін паміж дзецьмі.

 

5 Самастойная гульнявая дзейнасць

Мэта: развіваць уменне прымаць удзел у размове, задаваць пытанні.

 

6 Гаспадарча-бытавая праца

Складанне цацак у шафу пасля гульняў.

Мэта: выхоўваць жаданне сумесна з выхавальнікам падтрымліваць парадак на ўчастку.

 

Другая палова дня

 1 Моўная гульня “Палічы да пяці”

Мэта: фарміраваць уменне дапасоўваць лічэбнікі да назоўнікаў у родзе, ліку, склоне.

 

2 Мастацкая дзейнасць

Аплікацыя “Агародніна на талерцы”.

Мэта: развіваць уменне дзяцей працаваць з гатовымі формамі, правільна размяшчаць іх на лісце паперы, адпрацоўваць навык акуратнага наклейвання.

 

3 Мастацкая дзейнасць

Чытанне беларускай народнай казкі “Як курачка пеўніка ратавала”.

Мэта: працягваць фарміраваць уменне слухаць і разумець мову выхавальніка, адказваць на яго пытанні; падвесці да разумення жанравых уласцівасцей казкі.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий