Дыдактычныя матэрыялы для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў беларускай мовы

- 9:46Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

Таццяна КУРЧЭЙКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА“Бярозаўская сярэдняя школа № 3”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

Зараз асаблівая ўвага звяртаецца рэалізацыі ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета.

Вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” прадугледжана дасягненне вучнямі наступных асобасных адукацыйных вынікаў: валоданне беларускай мовай як сродкам пазнання свету, далучэння да культуры як сістэмы каштоўнасцей і нормаў паводзін; валоданне пачуццём патрыятызму і інш. Творчы настаўнік стараецца дапоўніць змест падручнікаў дадатковымі матэрыяламі, якія забяспечваюць самы шырокі спектр магчымасцей для рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока.

Важна прадумаць не толькі адукацыйную, але і выхаваўчую задачу ўрока, падабраць неабходны практычны матэрыял. У змесце вучэбнага прадмета “Беларуская мова” ў найбольшай ступені на дасягненне асобасных адукацыйных вынікаў арыентаваны ўступныя тэмы (“Мова – найважнейшы сродак зносін”, 5-ы клас; “Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа”, 6-ы клас; “Валоданне літаратурнай мовай – асноўны паказчык культуры чалавека”, 7-ы клас; “Роля беларускай мовы ў развіцці нацыянальнай культуры”, 8-ы клас і інш.), а таксама раздзелы “Маўленне”, “Тэкст”, “Стылі маўлення”, “Культура вуснага і пісьмовага маўлення”. Пры вывучэнні гэтых тэм выкарыстоўваю рубрыку тэкстаў “Мой чароўны беларускі край”: “Ганарымся Бацькаўшчынай”, “Свой край”, “Памяць маёй зямлі”, “Карані памяці”, “Родны куточак”, “Багацце нашай зямлі” і іншыя.

Вучні ў час працы над тэкстамі, у якіх апавядаецца пра Беларусь і беларусаў, далучаюцца да гісторыі, духоўнай культуры свайго народа, яго традыцый. Асабліва карысным на ўроку з’яўляецца складанне асобных сказаў, звязных тэкстаў, напісанне пераказаў, водгукаў, сачыненняў, выкарыстанне прыказак і прымавак. Важнае выхаваўчае значэнне маюць і эпіграфы да ўрока.

Мне як настаўніку найбольш імпануе выкарыстанне тэксту як спосабу стварэння адзінай тэматычнай прасторы на працягу ўсяго ўрока. Такая работа спрыяе не толькі развіццю моўнай, маўленчай, правапіснай кампетэнцый вучняў, але і вырашае важную пазнаваўчую і выхаваўчую задачы ўрока.

У 9-м класе пры вывучэнні раздзелаў “Складаназлучаныя сказы”, “Складаназалежныя сказы”, “Бяззлучнікавыя складаныя сказы” практыкую тэматычную падборку тэкстаў, якую прымяняю на некалькіх уроках: аналізуем змест, вучымся афармляць тэкст у адпаведнасці з правіламі пунктуацыі.

Асаблівай увагі патрабуе асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці, фарміраванне ў вучняў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы. Творчы характар мае дыктант з працягам. Менавіта гэты від работы дазваляе замацаваць веды, развіваць маўленне. Вучні запісваюць пад дыктоўку тэкст, а потым ствараюць працяг тэксту, тэматычна звязаны з прапанаваным. У якасці дамашняга задання прапаную сачыненне-разважанне (напрыклад, “Маё жыццё – маё сумленне”).

Багатым выхаваўчым патэнцыялам валодаюць культуразнаўчыя тэксты, якія выкарыстоўваюцца на ўроку мовы ў якасці дыдактычнага матэрыялу. Праз аналіз зместу звяртаю ўвагу вучняў на факты духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа: традыцыі, мараль, побыт, каштоўнасці, нацыянальныя сімвалы і інш. Выкарыстоўваю такія тэксты: “Беларускае народнае адзенне”, “Ежа беларусаў”, “Песня – душа народа”, “Беларуская батлейка”, “Купальскі абрад”, “Хлеб”, “Замкі Беларусі” і іншыя. Заданні на ўрок распрацоўваю, выкарыстоўваючы тэксты з экзаменацыйнага зборніка. Прапаную такія заданні: прадоўжыць тэкст па пачатку, узнавіць галоўную частку тэксту па пачатку і канцоўцы, са сказаў пабудаваць тэкст. Такі від дзейнасці развівае логіку, камунікатыўныя навыкі і творчыя здольнасці вучняў.

Заданні распрацоўваю, выкарыстоўваючы тэксты патрыятычнага кірунку.

 

 

Прыклады дыдактычных матэрыялаў

Тэкст “Ляцелі ў вырай журавы”

Люблю цябе і слухаю, прырода,
Такая блізкая парой любой!
                                    В.Жуковіч

Ляцелі ў вырай журавы

Чапляючыся крыллем за нізкія хмары, над самым Жыцькавам ляцелі ў вырай журавы.

Колькі дзён перад гэтым, не зважаючы на блізкую восень, так грэла і пякло ў небе сонца, што ў пыльнай і ломкай, высушанай да звону цішыні было чуваць, як шапоча вусатым коласам спалавелае ячменнае поле. Потым з поўначы падзьмуў густы і стылы восеньскі вецер, неяк адразу напаўзлі кудзелістыя, брудныя, нізкія, але цяжкія ўжо хмары.

Журавы спакойна, не спяшаючыся, махалі ў воблаках крыллем, махалі, нібы развітваючыся з усім, што бачылі зверху. Жураўліны ключ то крыху звужаўся, то, расшыраючыся, нават заломваўся даўжэйшым канцом, але птушкі адразу ж выпрамляліся, выраўноўвалі яго, не перастройваючыся нават.

Развітальная жураўліная песня, як камячок тугі, качалася ў зашэрхлых ад доўгага лёту птушыных горлах. Здавалася нават, што яна перадаецца па ключы, а потым з лёгкім пошумам крылаў павольна і нячутна ападае.

Паводле Я.Сіпакова

Заданні

1 Уставіць літары

Чапляючыся крыл…ем за ні…кія хмары, над самым Жыц…кавам ляцелі ў вырай журавы.

Кол…кі д…ён пера… гэтым, не зважаючы на блі…кую восень, так грэла і пякло ў небе сонца, што ў пыл…най і ломкай, высушанай да звону ціш…ні было чувац…, як шапоча вусатым коласам спалавела… ячменна… поле. Потым з по…начы падз…муў густы і стылы восен…скі вецер, неяк адразу напа…злі куд…елістыя, брудныя, ні…кія, але ця…кія ўжо хмары.

2 Паставіць прапушчаныя знакі прыпынку

Журавы спакойна_ не спяшаючыся_ махалі ў воблаках крыллем_махалі_ нібы развітваючыся з усім_ што бачылі зверху. Жураўліны ключ то крыху звужаўся_ то_ расшыраючыся_ нават заломваўся даўжэйшым канцом_ але птушкі адразу ж выпрамляліся_ выраўноўвалі яго_ не перастройваючыся нават.

3 Скласці тэкст з пераблытаных абзацаў, вызначыць тэму, асноўную думку

Развітальная жураўліная песня, як камячок тугі, качалася ў зашэрхлых ад доўгага лёту птушыных горлах. Здавалася нават, што яна перадаецца па ключы, а потым з лёгкім пошумам крылаў павольна і нячутна ападае.

Чапляючыся крыллем за нізкія хмары, над самым Жыцькавам ляцелі ў вырай журавы.

Журавы спакойна, не спяшаючыся, махалі ў воблаках крыллем, махалі, нібы развітваючыся з усім, што бачылі зверху. Жураўліны ключ то крыху звужаўся, то, расшыраючыся, нават заломваўся даўжэйшым канцом, але птушкі адразу ж выпрамляліся, выраўноўвалі яго, не перастройваючыся нават.

Колькі дзён перад гэтым, не зважаючы на блізкую восень, так грэла і пякло ў небе сонца, што ў пыльнай і ломкай, высушанай да звону цішыні было чуваць, як шапоча вусатым коласам спалавелае ячменнае поле. Потым з поўначы падзьмуў густы і стылы восеньскі вецер, неяк адразу напаўзлі кудзелістыя, брудныя, нізкія, але цяжкія ўжо хмары.

 

Тэкст “Беларусы”

Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!
                           У.Караткевіч

 

Беларусы

Мы, беларусы, старажытны народ. Сваю зямлю мы пачалі абжываць сорак тысяч гадоў таму назад.

Помнім апошні ледавік, які разам з абломкамі скал ссунуўся на нас са Скандынавіі і растаў на нашых землях, пакінуўшы на ўспамін пра сябе шмат валуноў ды празрыстых азёр.

Помнім, як у сваім дагістарычным дзяцінстве карміліся тым, што збіралі ў лесе. Помнім, як палявалі на звяроў і лавілі рыбу, як прыручылі потым коней, кароў ды курэй, як навучыліся вырошчваць жыта і пшаніцу.

Помнім, як пабудавалі столькі прыгожых замкаў і храмаў, што іншаземцы дзівіліся з іх і называлі нашу зямлю краінай замкаў і храмаў.

Словам, беларусы – гэта ўсё: наша прыгожая дагледжаная зямля, нашы добраўпарадкаваныя вёскі і гарады, нашы цудоўныя архітэктурныя шэдэўры, узведзеныя рукамі нашых майстроў. Усё тое, што пабудавана і дагледжана нашымі людзьмі.

Паводле Я.Сіпакова

 

Заданне: На месцы пропускаў, дзе трэба, устаўце літары. Пастаўце знакі прыпынку. Памяняйцеся сшыткамі з суседам па парце і праверце адно аднаго.

Беларусы

Мы_ беларусы_ старажытны народ. Сваю з..млю мы пачалі абжываць сорак тыс..ч гадоў таму назад.

Помнім апошні ледавік _ які разам з абломкамі скал ..сунуўся на нас са Скандынавіі і рас..таў на нашых землях_ пакінуўшы на ўспамін пра сябе шмат валуноў ды празрыстых азёр.

Помнім_ як у сваім дагістарычным дзяцінстве карміліся тым_ што збіралі ў лесе. Помнім_ як палявалі на звяроў і лавілі рыбу_ як прыручылі потым коней, кароў ды курэй_ як навучыліся вырошчваць жыта і пшаніцу.

Помнім_ як пабудавалі столькі прыгожых замкаў і храмаў_ што іншаземцы дзівіліся з іх і называлі нашу зямлю краінай замкаў і храмаў.

Словам, беларусы_ гэта ўсё_ наша прыгожая дагледжаная зямля, нашы добраўпарадкаваныя вёскі і гарады, нашы цудоўныя архітэктурныя шэдэўры_ узведзеныя рукамі нашых майстроў. Усё тое_ што пабудавана і дагледжана нашымі людзьмі.

1 Вызначыце словы з памылкай:

1) памалу
2) да спадобы
3) памаленьку
4) па парадку

2 Падкрэсліце граматычныя асновы, растлумачце, чаму не ставяцца знакі прыпынку:

1) У полі рунь і рунь у небе.
2) Сонца і вецер.
3) Сонца будзе свяціць і трава зеляніцца.
4) Як далёка заляцела наша родная зямля і як прыйшлася яна многім даспадобы!

 

Тэкст “Куток маленства”

Мы жывём, каб вяртацца
Час ад часу туды,
Дзе мінула юнацтва,
Дзе маленства сляды.
                      А.Вярцінскі

Куток маленства

Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не толькі не цьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшым, даражэйшым. Многа можа быць у чалавека за жыццё іншых куткоў, і больш слаўных, і больш выдатных, але гэты куток не забываецца, не адступае ўдалеч сярод іншых дарагіх успамінаў. Ён самы дарагі, самы шчымлівы! Куток гэты – тая хата, дзе мы вучыліся бегаць, чулі цеплыню матчыных рук і цеплыню сэрца, куток нашага маленства.

З радасцю і болем пад’язджаю я кожны раз да родных сваіх мясцін. Гледзячы па тым, з якога боку ідзе дарога да роднага кутка, ад Гомеля ці ад Мазыра пачынаюцца гарады, станцыі, вёскі, на якія не магу ўжо глядзець без хвалявання. Рэчыца, Васілевічы, Мазыр – для мяне не проста назвы паселішчаў, а як бы жывыя істоты, таварышы маладосці. Чым бліжэй вядзе дарога да Глінішчаў, тым бліжэйшыя, даражэйшыя таварышы выходзяць насустрач.

Паводле І.Мележа

 

Заданне: На месцы пропускаў упішыце тып складанага сказа, пастаўце знакі прыпынку, устаўце прапушчаныя літары, падзяліце на абзацы.

Куток маленства

Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не тол..кі не ц..мее ў памяці_ а становіц..а як бы яснейшым, дараж..йшым.________________________________________________________ Многа можа быць у чалавека за жыц..ё іншых куткоў, і бол..ш слаўных, і больш выдатных_ але гэты куток не забываец..а, не а..ступае ўдалеч сярод іншых дарагіх успамінаў._____________________________________________________ Ён самы дарагі, самы шчымлівы! Куток гэты – тая хата, дзе мы вучыліся бегац.., чулі ц..плыню ма..чыных рук і ц..плыню сэрца, куток нашага маленства. З радас..цю і болем пад’язджаю я кожны раз да родных сваіх м..сцін. Гледз..чы па тым, з якога боку ідзе дарога да роднага кутка, ад Гомеля ці ад Мазыра пачынаюц..а гарады, станцыі, вёскі_ на якія не магу ўжо глядзець без хваляван..я. ___________________________________________________ Рэчыца, Васілевічы, Мазыр – для мяне не проста назвы паселішчаў, а як бы жывыя істоты, таварышы маладос..ці. Чым бліжэй вядзе дарога да Глінішчаў_ тым бліж..йшыя, даражэйшыя таварышы выходзяць насустрач. ___________________________________________________________________

 

Тэкст “Ганарымся Бацькаўшчынай”

 Ганарымся Бацькаўшчынай

Гонар за родную з_млю. Ён нараджа_цца яшчэ ў мал_нстве і, як першы в_сновы парастак набіра_ сілу, крэпне на прац_гу ўсяго жыцця. Гонар за родную з_млю не можа пачацца па волі кагосьці іншага або стварацца спецы_льнымі законамі. Ён б_рэ свой выток з сэрца, душы чалавека разам з любоўю да роднага дома, кв_цістага лугу, блакітнага льнянога пал_тка і пошуму дуброў. Гэты гонар заключа_цца ў любові да пес_нь, музыкі, паданн_ў і абрадаў свайго народа. А любіць – гэта значыць ведаць, адчуваць у штодз_нным жыцці, спазнаваць самому і перадаваць сва_ веды і вопыт іншым. Каб не забыць, што тая часцінка завецца Бацькаўшчынай. І не проста завецца. Яна ў кожнай кропельцы тваёй крыві, у кожнай кл_тачцы твайго цела, у кожнай думцы.

Я ганаруся сваёй Бацькаўшчынай, бо змалку прыпаў душою да яе невычэрпнага вытоку.

Паводле І.Мележа

Заданні

1 Вызначыць стыль і тып, сродкі сувязі сказаў.
2 Уставіць прапушчаныя літары, растлумачыць напісанне.
3 Прадоўжыць тэкст сваімі выказваннямі.

 

Тэкст “Шчыры патрыёт роднай зямлі”

Шчыры патрыёт роднай зямлі

Якуб Колас нарадзіўся ў маляўнічым лясным прыволлі дзе векавечныя хвоі і кашлатыя елкі падпіралі сіняе неба а непадалёку бруіліся хвалі нястомнага Нёмана.

Акінчыцы, потым Ласток гэта ціхія і прыгожы_ м_сціны чароўнага роднага кра_, дзе прал_глі ж_ццёвыя пуц_віны паэта. Аднак многа ўраж_нняў паэта было зв_зана з л_снічоўкай Альбуць, дзе ён прач_таў перша_ слова, склаў першы свой верш, слухаў пес_ні л_сных жав_ранкаў, радаваўся гулкім в_сновым навал_ніцам.

Тут у Альбуці загарэлася ў сэрцы Коласа паэтычная іскра і ніякія ліхалецці жыцця не змаглі яе пагасіць. Пачынаць паэтычны спеў яму дапамагалі хвалі Нёмана гоман лесу лугавое раздолле дзядзькавы казкі, матчыны песні і само жыццё якое настойліва стукалася ў акенца ціхай і глухой леснічоўкі.

Пісаў ён спачатку і па-руску, і па-беларуску, але перавагу аддаваў роднаму слову. “Матчына мова за руку вяла”, – прызнаваўся пазней Якуб Колас.

Паводле С.Александровіча

Заданні

1 Паставіць знакі прыпынку ў тэксце: першы, трэці абзац.
2 У другім абзацы ўставіць літары.
3 Пабудаваць схему апошняга сказа, растлумачыць знакі прыпынку.

 

Тэкст “Павучымся беларускасці ў класікаў”

Павучымся беларускасці ў класікаў

Янка Купала і Якуб Колас гэта выдатныя асобы ў беларускай мове літаратуры і культуры. Зробленае імі ў галіне мастацкай літаратуры фарміраванні літаратурнай мовы мае вельмі вялікае значэнне.

Янка Купала атрымаў пачатковую адукацыю на польскай мове і пачынаў пісаць свае творы па_ польску. Якуб Колас ведаў рус_кую мову і пачынаў сваю творчую д_ейнасць на рускай мове. Але творцы выпрацавалі такую форму піс_мовай мовы, якая стала прыкладным узорам для _сіх, хто пачынаў пісаць разам з імі ці пасля іх па_беларуску. Піс_меннікі істотна ўзбагацілі беларус_кую мову мастацкімі сро_камі, зрабі_шы яе той, на якой можна выказаць любую думку, перадаць усю гам_у чалавечых пачу_цяў і адносін, адлюстраваць унутраны свет чалавека.

Развіццё мовы залежыць ад яе носьбітаў, у значнай ступені ад яркіх прадстаўнікоў нацыянальнай культуры, якімі без перабольшання былі Янка Купала і Якуб Колас. Гэтыя два геніі беларускага народа – стваральнікі беларускай літаратурнай мовы.

Паводле К.Карнелюка

Заданні

1 Вызначыць стыль і тып мовы
2 Пабудаваць схемы сказаў апошняга абзаца.
3 Паставіць знакі прыпынку ў першым абзацы.
4 У другім абзацы ўставіць прапушчаныя літары.

 

Тэкст “Памяць маёй зямлі”

Памяць маёй зямлі

Якая яна, мая з_мля? Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная з_мля. Безліч разоў грукаталі па ёй кал_сніцы вайны. Але мы ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі не была агрэсарам. Яна заўсёды мужна і да канца бараніла дом, сваю праўду і веру.

Пам_ць маёй з_млі пра гэта і ў старадаўніх гарадзі_чах і ў курганах пад якімі сп_ць яе абаронцы і ў барвовых, бы_цам ад крыві мурах замкаў на пале_ках дзе працавіты плуг часам выворвае каме_ную с_керу меч або гільзы часоў апошняй вайны і ў вечных агнях перад помнікамі салдатам.

І, перш за ўсё, памяць ма_й з_млі – гэта людзі і іх вечная, н_ўміручая праца. Араць палі, біць студні, расціць сады, пл_сці з каме_ню і дрэва карункі дзівосных будынкаў, сп_ваць песні, складаць вершы.______________________________________________________________

Паводле У.Караткевіча

Заданні

1 Уставіць прапушчаныя літары.
2 Дапоўніць тэкст сказамі.
3 Паставіць знакі прыпынку ў другім абзацы.

 

Тэкст “Багацце нашай зямлі”

Мы, беларусы, як і кожны народ, любім родную зямлю, сваю краіну, ганарымся ёю і лічым, што маем на гэта падставы.

Разнастайная і прыгожая ў нас прырода. Блакітнымі стужкамі ўюцца вялікія і малыя рэкі, сінеюць акаймаваныя лясістымі ўзгоркамі азёры, перашэптваюцца з ветрам стромкія бары, бярозавыя гаі і цяністыя дубровы, шырока рассцілаюцца палеткі. Нават балоцістыя абшары Палесся маюць нямала прыемнага для вока.

Шматвяковая, багатая на падзеі гісторыя ў нашага народа. Доўгі і складаны шлях праз многія гады барацьбы і пакут прайшоў наш народ, пакуль дабіўся волі і незалежнасці, атрымаў уласную дзяржаўнасць._______________________________________________________

Беларусь сёння славіцца здабыткамі якіх ніколі раней не мела і якія сталі магчымымі ў выніку стваральнай працы нашага народа. Славіцца багаццем вырабаў заводаў і фабрык разнастайнай прадукцыяй сельскай гаспадаркі высокім узроўнем культуры.

Бягуць у розных кірунках чыгуначныя і аўтамабільныя дарогі, злучаючы прыгожыя старажытныя і маладыя гарады, новабудоўлі, над якімі ўзвышаюцца стрэлы вежавых кранаў.

Паводле Т.Хадкевіча

Заданні

1 Даць загаловак тэксту
2 Вызначыць стыль і тып мовы.
3 У трэцім абзацы зрабіць працяг тэксту.
4 У чацвёртым абзацы паставіць знакі прыпынку, растлумачыць.

 

Прыклад арганізацыі работы настаўніка з вучнямі на ўроку
(Тэма: Паслядоўнае і змешанае падпарадкаванне (азнаямленне)) 

1 Арфаграфічная хвілінка. Знайсці памылкі ў словах і выправіць, запісаць словы

На досцы, дужка, наткусаны, паттачыць, салодкі, у каробаццы, махчымасць, падношчык, лыжка, на дарошцы, на сцесцы, маччын.

 

2 Праца з тэкстам, вызначыць тэму і асноўную думку, стыль і тып мовы

Прырода – крыніца прыгажосці

Гэтыя пранікнёныя радкі сталі формулай праяўлення любові да роднага краю, бацькоўскай зямлі, бо для кожнага з нас гэта зямля самая ласкавая і непаўторная. Дзе б мы ні апынуліся пазней, у якіх краінах ні пабывалі, мы заўсёды вяртаемся на радзіму свайго дзяцінства. Гэтыя знаёмыя з маленства мясціны – часцінка таго вялікага і святога, што мы называем словамі Айчына, Бацькаўшчына.

Ад чалавека залежыць, ці будзе наша прырода такой жа непаўторнай і багатай, як стала сёння. Нам неабходна з адказнасцю ставіцца да ўсяго навакольнага, зрабіць кожны куточак зямлі прыгажэйшым.

 

3 Спісаць, паставіць знакі прыпынку, вызначыць галоўныя і даданыя часткі, падпарадкаванне

1) Я шчаслівы што ў суджаны час нарадзіўся на гэтай зямлі дзе такія густыя лясы дзе вясной непаўторна штораз зелянеюць лугі.

2) Люблю зіму з яе марозам што вокны прыбярэ ва ўзор і белы снег што укрыўшы поле ірдзіцца бляскам ясных зор.

3) Прыемна ехаць па старой дарозе і наглядаць якія змены адбыліся на ёй за той доўгі час калі ты яе не бачыў.

 

4 Пабудаваць схемы сказаў, вызначыць від сувязі частак

1-ы варыянт

1) Мы ішлі да ручая, што хаваўся ў лясной лагчыне, за якой адразу пачыналася паваротка на іхні хутар.

2) Дзе б я ні быў, куды б ні закінуў мяне лёс, сэрца маё заўсёды рвецца дамоў.

2-і варыянт

1) Усё, што адбывалася навокал, было такім незвычайным, агромністым, што здавалася нібы нерэальным.

2) Я люблю пазіраць туды, дзе шумяць каласамі шырокія нівы або рассцілаюцца бясконцыя зялёныя лугі.

 

5 Прадоўжыць сказ

Многія з нас успамінаюць пра радзіму тады, калі…

Неабходна памятаць, што наша зямля…

 

Неабходна ўлічваць, што падмуркам любога ўрока беларускай мовы з’яўляецца непасрэдная праца з тэкстам, які становіцца адпраўной кропкай у працэсе бесперапыннага выхавання.

Выхаваўчы патэнцыял урока ў многім залежыць ад прафесіяналізму настаўніка. Упэўнена, што майстэрства настаўніка – не выпадковая ўдача і не шчаслівая знаходка, а сістэматычная карпатлівая праца, пастаянныя пошукі і спробы самаўдасканалення.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий