Міфалогія як сістэма ўяўленняў чалавека пра свет. Сцэнарый урока-прэзентацыі ў 6-м класе па вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”

- 15:20II И III СТУПЕНИ, Методичка, Музыка, хореография, искусство

Зінаіда ПАРМОНІК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ханявіцкая сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Тэма: Міфалогія як сістэма ўяўленняў чалавека пра свет.

Мэта: фарміраванне ў вучняў агульнага ўяўлення пра міф як цэласную сістэму поглядаў чалавека на навакольны свет і сваё месца ў гэтым свеце.

Задачы:

– актуалізаваць уяўленні вучняў пра міфалогію на падставе метапрадметных сувязей;
– паказаць найбольш папулярныя і цытуемыя міфалагічныя сюжэты і вобразы (на прыкладзе твораў розных відаў мастацтва);
– фарміраваць уменне інтэрпрэтаваць сюжэты і вобразы міфаў, увасобленых у творах розных культур, розных відаў мастацтва;
– развіваць пазнавальную і мастацка-эстэтычную актыўнасць;
– выхоўваць цікавасць да беларускай міфалогіі.

Тып урока: камбінаваны ўрок.

Від урока: урок з выкарыстаннем тэхналогіі навучання ў супрацоўніцтве, інфармацыйных тэхналогій.

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: вучэбны дапаможнік, рабочы сшытак, мастацка-ілюстрацыйны матэрыял, раздатачны матэрыял, тэхнічнае абсталяванне (мультыборд ці ПК (ноўтбук), тэлевізар, падключэнне да інтэрнэту).

Дыдактычнае забеспячэнне ўрока: мультымедыйная прэзентацыя, відэа, аўдыёкніга, сэрвіс LearningApps.org.

З.Пармонік. Міфалогія як сістэма ўяўленняў чалавека пра свет, 6 клас. Прэзентацыя

Эпіграф: “Міф – гэта паэтычная фантазія на гістарычную тэму” (Я.Б.Глушакоў).

Веды, уменні і навыкі, якія набудуць навучэнцы ў ходзе ўрока

Мяркуецца, што да канца ўрока вучні будуць ведаць:

– што такое “міф” і “міфалогія” як сістэма ўяўленняў чалавека пра свет;
– найбольш папулярныя міфалагічныя сюжэты і вобразы ў творах мастацтва розных жанраў;
– актуальнасць і маральную значнасць твораў мастацтва старажытнасці для нашых дзён.

Мяркуецца, што да канца ўрока вучні будуць умець:

– даваць абагуленую характарыстыку міфа (на прыкладзе мастацкіх твораў розных відаў мастацтва);
– пераказваць сюжэты міфаў, узноўленых у творах розных відаў мастацтва;
– інтэрпрэтаваць сюжэты і вобразы міфаў;
– фармуляваць уласную ацэнку вывучаемага твора мастацтва;
– чытаць кросэнс “Міфалогія як сістэма ўяўленняў чалавека пра свет”.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Настаўнік: Словы “міф” і “міфалогія” для вас не новыя, вы часта сустракаліся з імі на ўроках гісторыі і літаратуры. Але мы разгледзім міфы незвычайным вобразам – не проста ўспомнім знаёмыя сюжэты і міфалагічных герояў, але ўбачым і пачуем пра іх у творах мастацтва.

Эпіграфам да нашага ўрока стане выказванне рускага паэта Яўгена Барысавіча Глушакова “Міф – гэта паэтычная фантазія на гістарычную тэму”. Пра тое, наколькі гэтыя словы адпавядаюць ісціне, мы і пагаворым сёння.

 

2 Падрыхтоўка да работы на асноўным этапе

Актуалізацыя ведаў навучэнцаў

Настаўнік паказвае на слайдзе найбольш вядомыя творы мастацтва на міфалагічную тэму (напрыклад, выявы Афрадыты, Праметэя, Арфея і Эўрыдыкі, Нептуна і інш.)

– З некаторымі з гэтых міфалагічных герояў вы, напэўна, знаёмы. Назавіце іх імёны. Калі ўспомніце, раскажыце звязаныя з імі гісторыі.

– Як вы думаеце, чаму гэтыя гісторыі, нягледзячы на тое, што ім так многа гадоў, папулярныя ў наш час?

Матывацыя дзейнасці навучэнцаў

Настаўнік: Самае галоўнае, што мы павінны высветліць, – чаму людзям тых часоў, усіх нацыянальнасцей, ва ўсіх кутках планеты ўласціва складваць гісторыі пра тое, што адбываецца ў свеце. Пытанне складанае, і на яго па-ранейшаму шукаюць адказ прадстаўнікі навукі і мастацтва.

– А як думаеце вы? Чаму чалавек складваў міфы, казкі, легенды? Перад тым як адказаць, прачытайце пралог да тэмы “Міфалогія ў мастацтве” на с. 40 рабочага сшытка. (Вучні чытаюць тэкст і выказваюць меркаванне, што міф, казка, легенда – гэта спроба чалавека адказаць на ўсе хвалюючыя яго пытанні: пра паходжанне чалавека, зямлі, вады, свету ў цэлым. Настаўнік каменціруе адказы дзяцей).

Мэтавызначэнне дзейнасці навучэнцаў

Настаўнік: Менавіта пра тое, што ў міфах людзі разважалі пра складанасці ўладкавання свету, яго паходжанне, пачаткі усяго існага, з’яўленне чалавека, мы і будзем гаварыць на ўроках, прысвечаных тэме міфалогіі. Дапамогуць нам у гэтым творы розных відаў мастацтва.

3 Паведамленне тэмы ўрока

Настаўнік: Сёння на ўроку мы пагаворым з вамі пра міфалогію як сістэму ўяўленняў чалавека пра свет (тэма ўрока з’яўляецца на слайдзе 1). Сёння на ўроку мы:

– пазнаёмімся з паняццямі “міф” і “міфалогія”;
– раскрыем прыроду міфа як адну з форм асваення і пазнання навакольнага свету;
– атрымаем уяўленне пра тое, як уплывае міф на культуру чалавека.

Агучванне мэт на мове вучня (напрыклад, да канца ўрока я навучуся…)

 

4 Вывучэнне новага матэрыялу

Настаўнік. Перад тым як знаёміцца з творамі мастацтва на міфалагічную тэматыку, выканайце заданне 1 на с. 41 рабочага сшытка: трэба назваць не толькі міфалагічныя вобразы, але і знаёмыя творы мастацтва – літаратуры, выяўленчага мастацтва, у якіх гэтыя вобразы прадстаўлены.

А цяпер падрабязна спынімся на міфалагічных сюжэтах.

Слайд 2. Як уладкаваны свет? Хто стварыў чалавека? Што з’яўляецца крыніцай жыцця на зямлі? Ужо ў глыбокай старажытнасці людзі шукалі адказы на гэтыя пытанні. Адчуваючы сваю бездапаможнасць перад тым, што адбываецца, яны звязвалі свае тлумачэнні з боскімі сіламі. Сонца, Месяц, вада, агонь, святло, усе незразумелыя з’явы навакольнага свету станавіліся адушаўлёнымі, абагаўляліся і надзяляліся імёнамі.

Слайд 3. Пра старажытныя божаствы мы даведваемся з міфаў і легендаў, якія людзі стваралі тысячы гадоў таму.

Слоўнікавая работа

Міф – гэта паданне, якое перадае ўяўленні людзей пра свет і чалавека, пра багоў і герояў.
Міфалогія – сукупнасць міфаў і міфалагічных уяўленняў.
Навучэнцы запісваюць у сшытак азначэнні паняццяў “міф” і “міфалогія”.

Слайд 4. У антычных міфах мы сустракаемся з Зеўсам – богам неба, маланкі і грому. Брат Зеўса, Пасейдон – уладар мораў і акіянаў. Бог агню Гефест лічыцца майстрам на ўсе рукі. Бог Апалон увасабляе святло.

Слайд 5. У славянскай міфалогіі нам сустракаюцца бог грому і маланкі Пярун, заступніца сям’і і шлюбу багіня Лада, сімвал урадлівасці зямлі і добрага ўраджаю багіня Мокаш…

– А якіх яшчэ славянскіх і старажытнагрэчаскіх багоў вы ведаеце? Як старажытныя грэкі, славяне і старажытныя егіпцяне адлюстроўвалі багоў? (Адказы навучэнцаў).

Слайд 6. Апавядаючы пра старажытныя божаствы, чалавек спрабаваў пракрасціся ў таямніцы прыроднага і жывёльнага свету, спасцігнуць найважнейшыя праблемы жыцця чалавека. Магчыма, менавіта таму міфалагічныя божаствы так падобныя да людзей. Яны валодаюць шматлікімі чалавечымі якасцямі – дабрынёй, высакароднасцю, велікадушнасцю або жорсткасцю, дзёрзкасцю і зменлівасцю.

Слайд 7. Кожны народ складаў свае міфы і легенды. Асаблівую папулярнасць у сучаснай мастацкай культуры атрымалі міфы Антычнага свету.

У старажытнагрэчаскім міфе пра Зеўса апавядаецца гісторыя яго ўзыходжання на святую гару Алімп. На гэтай гары жылі галоўныя багі. Як вярхоўны бог Алімпа, бацька ўсіх багоў і людзей, Зеўс утрымлівае раўнавагу паміж дабром і злом, прабачаючы ці караючы тых, хто правініўся.

Слайд 8. Праслухоўванне і абмеркаванне фрагментаў аўдыёкнігі А.М.Куна “Міфы і легенды Старажытнай Грэцыі” (“Алімп”).

Слайд 9. Гіганцкая статуя Зеўса некалі ўпрыгожвала адзін з галоўных храмаў Алімпіі. Атлетычна складзены бог – заступнік Алімпійскіх гульняў – велічна сядзіць на троне. Ён справядлівы і высакародны, грозны і літасцівы. Яго погляд засяроджаны на спаборніцтвах.

Настаўнік. Разгледзьце скульптурную выяву Зеўса, створаную ў І ст. да н.э. Якое ўражанне ў вас ад скульптуры Зеўса? Ахарактарызуйце скульптуру. Што перш за ўсё прыцягвае вашу ўвагу? Як выглядае Зеўс? Які ў яго погляд? Якія эпітэты мы можам выкарыстаць у апісанні гэтага твора мастацтва? (Вучні апісваюць скульптуру).

Звярніце ўвагу на тое, што ў руках у Зеўса. Прачытайце ў § 8–9 вучэбнага дапаможніка назвы і назначэнне атрыбутаў Зеўса. Якія з атрыбутаў сімвалізуюць уладу? (Вучні разважаюць над пастаўленым пытаннем).

Слайд 10. У антычных багоў, як і ў людзей, былі ўласныя дзеці. Дзяцей багоў і смяротных людзей – паўбагоў – называлі героямі. Адным з самых знакамітых стаў герой Геракл – сын Зеўса і простай жанчыны. Геракл атрымаў вядомасць дзякуючы дванаццаці здзейсненым подзвігам. У кампазіцыі старажытнагрэчаскага скульптара Лісіпа паказана перамога Геракла над Немейскім ільвом. Магутны герой адолеў ільва голымі рукамі, ператварыўшы здабытую шкуру ў свой шлем і плашч.

– Хто з вас ведае гісторыі пра дванаццаць подзвігаў Геракла?

Самастойная праца ў парах

На сталах вучняў – папкі з інфармацыяй пра подзвігі Геракла. (У кожнай пары – апісанні двух подзвігаў). Вучні знаёмяцца з інфармацыяй і рыхтуюць паведамленні. Настаўнік дапамагае вучням падрыхтаваць не проста аповед пра подзвіг героя, а мастацкі пераказ.

Слайд 11. У скульптуры мы бачым, як напружана цела Геракла. Мускулістыя рукі героя сціскаюць шыю цара звяроў. Скульптар паказаў Геракла ў руху. Каб праўдзіва перадаць сцэну цяжкай барацьбы, Лісіп адлюстраваў героя з невялікім паваротам тулава, нахілам галавы наперад.

Слайд 12. У славянскай міфалогіі апявалі волатаў. Героі паданняў – Ілья Мурамец, Алёша Паповіч, Дабрыня Нікіціч – адрозніваліся вялікай сілай. Абараняючы радзіму, яны здзяйснялі розныя подзвігі. Пра іх складаліся гісторыі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны.

Слайд 13. Прагляд і абмеркаванне відэа “»Тры Багатыры», Васняцоў – апісанне карціны”.

Слайд 14. Ёсць паданні, у якіх апавядаецца пра гістарычныя падзеі, напрыклад, пра паходжанне гарадоў і вёсак, назваў гор і рэк. У Кіеве захавалася гісторыя пра тое, што горад атрымаў сваю назву ад імя старэйшага з трох братоў, якія прыплылі разам з сястрой да высокіх узгоркаў на беразе Дняпра. Звалі братоў Кій, Шчэк, Харыў, а сястру – Лыбедзь.

Слайд 15. У кампазіцыі скульптара Васіля Захаравіча Барадая і архітэктара Мікалая Міхайлавіча Фешчанкі браты, якія плывуць у ладдзі, паказаны ў вобразе воінаў. У іх руках вайсковая зброя – лук і дзіды. Кожны з братоў, гледзячы ў розныя бакі, узіраецца ўдалячынь у пошуках зямлі. На карме ладдзі – Лыбедзь, якая накіравала позірк наперад, да далёкіх, нязведаных берагоў. Яе адзенне, якое раздзімаецца па ветры, перадае імклівы рух карабля.

Слайд 16. Прагляд і абмеркаванне відэа “Кій, Шчэк, Харыў і іх сястра Лыбедзь”, “Аповесць мінулых гадоў – заснаванне Кіева”.

Слайд 17. У беларускай міфалогіі згадваюцца асілкі. Яны маглі карчаваць дрэвы, разбіваць камяні, перацягваць горы… Беларускі мастак Валерый Пятровіч Славук адлюстраваў асілка магутным і рашучым. Асілак – выхадзец з народа. Яго адзенне – падпяразаная кашуля і камізэлька, на галаве – саламяны капялюш. Для яго няма перашкод. Ён з лёгкасцю трымае ў руках ствол шматгадовага дрэва, таропка крочачы наперад.

Слайд 18. Прагляд і абмеркаванне відэа “Асілкі – магутныя волаты старажытнасці”.

Слайд 19. Старажытныя міфы перадаюць нам уяўленні людзей пра свет і чалавека. Яны адказваюць на самыя складаныя пытанні светабудовы. Менавіта таму міфалагічныя сюжэты, увасобленыя ў творах мастацтва, выклікаюць у сучаснага чалавека непадробную цікавасць.

 

5 Практычная частка

Паглядзіце мультфільм “Вяртанне з Алімпу” рэжысёра А.Г.Сняжко-Блоцкай. Успомніце з аўдыёкнігі Н.А.Куна “Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі” раздзел “Алімп”. Складзіце вуснае апавяданне на тэму “Узыходжанне Зеўса”.

 

6 Абагульненне і сістэматызацыя ведаў

Пытанні:

– З якімі міфалагічнымі персанажамі вы пазнаёміліся?

– Назавіце віды мастацтва, у якіх увасоблены міфалагічныя вобразы, з якімі мы сёння пазнаёміліся.

Праца з сэрвісам LearningApps.org. (рэжым доступу http://LearningApps.org/2745545)

 

7 Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія

“Букет настрою”. Настаўнік просіць навучэнцаў ацаніць сваю дзейнасць на ўроку – прымацаваць кветку-сцікер каля тэксту з эпіграфам на дошцы:

– зялёнага колеру – урок прабудзіў пачуцці;
– жоўтага колеру – нічога не разбудзіў у душы;
– чырвонага колеру – ёсць пытанні, на якія буду шукаць адказы.

 

Спасылкі на выкарыстаныя інтэрнэт-рэсурсы

  1. https://www.youtube.com/watch?v=Vh9pm6k1JHM
  2. https://www.youtube.com/watch?v=riLiMPHO1z8
  3. https://www.youtube.com/watch?v=idtdjwpGEOk
  4. https://www.youtube.com/watch?v=o8P113aQGzs
  5. https://www.youtube.com/watch?v=Iaser4fI4YQ
  6. https://learningapps.org/ (рэжым доступу http://LearningApps.org/2745545)

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий