“А у нас стряслась беда — сочиненье снова”

- 9:08В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Аўтарская методыка Веранікі Юхноўскай па навучанні напісанню сачыненняў была прадстаўлена на майстар-­класе ў сталіцы. 

Многія настаўнікі пачатковых класаў не раз задаваліся пытаннямі: як навучыць дзяцей пісаць сачыненні правільна і без памылак? Як правільна размеркаваць час урока падчас напісання сачынення? Як пазбегнуць паўтораў у тэксце? Як у палёце творчай думкі не забываць пра арфаграфічную пільнасць? Як навучыць дзяцей складаць звязаныя па сэнсе сказы і пры гэтым не ўпускаць галоўную думку? Па меркаванні намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 36 Мінска Веранікі Юхноўскай, у навучанні напісанню сачынення дапамогуць сродкі візуалізацыі (схемы, табліцы, інтэлект-карты і інш.).

— Інтэлект-карты — гэта графічны спосаб прадстаўлення інфармацыі ў выглядзе карты, якая складаецца з асноўных і другарадных тэм, — патлумачыла Вераніка Мікалаеўна. — Выкарыстоўваючы іх, дзеці без асаблівых намаганняў складаюць план сачынення. Так, напрыклад, пры напісанні тэксту-апісання мамы можна вылучыць ключавыя тэмы: знешнасць і характар. З іх выцякаюць другарадныя: апісваючы знешнасць, мы звяртаем увагу на маміны рукі, вочы, усмешку і інш.; апісваючы характар, гаворым пра тое, што мама любіць, што ў яе добра атрымліваецца, якімі “хатнімі” прафесіямі яна валодае. Склаўшы такі план у выгля­дзе кластара, лёгка выбудаваць лагічна звязаны ланцужок сказаў, з якіх у выніку складаецца прыгожы, правільна аформлены тэкст.

Для напісання сачынення-апісання прыроды настаўніца таксама выкарыстоўвае прыёмы візуа­лізацыі. Напрыклад, апісваючы восеньскую прыроду, вылучаюцца асноўныя напрамкі: надвор’е, расліны, жывёлы, птушкі, людзі і інш. Ад кожнага з гэтых паняццяў адгаліноўваюцца другарадныя тэмы, удакладняюцца прыметы. Гатовы кластар — аснова правільна напісанага сачынення.

— Каб стаць кампазітарам, трэба як мінімум вывучыць ноты. Каб стаць мастаком, трэба мець элементарныя ўяўленні аб асноўных і змешаных колерах, кампазіцыі, лініі гарызонту. Каб стаць паэтам, трэба ведаць, што такое рытм, рыфма. Толькі маючы аснову, можна развіць свае навыкі і здольнасці. І, вядома, у кожным з гэтых напрамкаў трэба ба­чыць узоры і ў іх адзначаць тое, што блізка табе. Настаўнікі часта патрабуюць напісаць сачыненне, не звяртаючы ўвагі на падрыхтоўчую работу, не навучаючы азам і не паказваючы высокамастацкіх узораў, жадаючы скараціць час на напісанне сачынення. Але ў такім выпадку навучэнцы спрабуюць напісаць адразу пра ўсё, не захоўваючы пунктуацыйныя нормы, не ўстанаўліваючы лагічныя сувязі, не вылучаючы асноўную думку. Таму ў любым выпадку перад напісаннем сачынення дзеці вучацца працаваць з гатовымі тэкстамі па сфармуляванай тэме, аналізаваць іх, выбіраць неабходныя эпітэты, метафары, параўнанні. Іх потым можна выкарыстаць у сваіх творах, — адзначыла Вераніка Юхноўская. 

Педагог прадставіла ўзор сачынення-апісання мамы: 

“Няма на зямлі чалавека, больш блізкага і роднага, чым мама. І нават не важна, колькі табе гадоў, пяць ці пяцьдзясят, заўсёды патрэбна яе падтрымка, яе добры погляд. І проста важна чуць яе ласкавы голас. Але чым больш мы сталеем, тым менш, як нам здаецца, маем патрэбу ў ёй. У віхуры падзей, феерверку новых знаёмстваў і сустрэч часам мы забываем пра яе, пра маму… А яна чакае, перажывае за нас, спадзяецца, што мы патэлефануем, раскажам, як справы і проста пагаворым. І не забывайце, што на свеце ёсць толькі адзін чалавек, які шчыра радуецца, калі табе добра і ты змог дабіцца поспеху, і гэта твая мама. Яна гатова на любы ўчынак дзеля цябе, і толькі яна здольна адна замяніць усіх. Але ніхто не зможа замяніць яе, нават калі будзе вельмі старацца! І, напэўна, падсумаваць усё вышэйсказанае хочацца адной залатой фразай: “Беражыце сваіх мам, бо яны не вечныя” і часцей кажыце: “Я люблю цябе, мама!”.

Іншыя падыходы выкарыстоўвае В.М.Юхноўская да навучання напісання тэксту-апавядання. Па словах педагога, у гэтым выпадку дзецям лепш не да­ваць гатовыя тэксты па зада­дзенай тэме перад напісаннем сачынення, інакш яны міжволі пачына­юць капіраваць вобразы герояў, іх дзеянні. Каб тэксты-­апавяданні атрымаліся разнастайнымі, цікавымі, Вераніка Міка­лаеўна выкарыстоўвае таймлайн (стужку часу) — шкалу, на якую ў храналагічным парадку наносяцца падзеі. Гэты прыём дапамагае выбудоўваць структуру будучага тэксту.

Падчас майстар-класа педагогі прымалі актыўны ўдзел у рабоце, трэніраваліся ў выкарыстанні прыёмаў візуалізацыі пры напісанні розных відаў сачыненняў і змаглі адказаць на вялікую колькасць пытанняў па гэтай тэме. Напрыканцы майстар-класа адна з удзельніц адзначыла: “Аказваецца, гэта зусім не праблема, як здавалася раней”.

Матэрыялы Наталлі КАЛЯДЗІЧ. 
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий