Настаўнік дэманструе ўзоры шыпавога злучэння з адкрытым скразным адзінарным шыпом, выкананыя вучнямі ў мінулым годзе, і тлумачыць, якое злучэнне выканана правільна, звяртае ўвагу на памылкі.
“У любой прафесіі самае важнае — веды і ўменне іх прымяняць на практыцы”, — пачынае свой урок у 8 класе Канстанцін Анатольевіч Камінскі, настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 3 Нясвіжа, фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”.
Вучні разважаюць пра сэнс гэтых слоў і прыходзяць да высновы, што яны праўдзівыя. Педагог прапанаваў дзецям разгледзець выявы вырабаў, выкананыя спецыялістамі, якія ўмеюць шырока прымяняць свае веды і ўменні ў прафесіі, і спытаў: “Што аб’ядноўвае гэтыя прадметы: табурэт і крэсла, стол і варштат, аконную раму і дзвярны праём?” Выснова: усе вырабы створаны з драўніны з прымяненнем шыпавога злучэння.
— Мы працягваем вывучаць раздзел праграмы “Апрацоўка драўніны”. Тэма сённяшняга ўрока — “Зборка дэталей з драўніны на шыпах”, працягнем рабіць выраб з шыпавымі злучэннямі — скрыначкі для раздатачнага матэрыялу, — гаворыць педагог. — Што вам неабходна ведаць і ўмець для работы на ўроку?
Дзеці пералічваюць, што яны павінны ўмець рабіць нарыхтоўкі, адзначаць на іх памеры, выконваць чарцёж, валодаць навыкамі работы з інструментам.
Урок праходзіць у сталярнай майстэрні, дзе абсталявана 10 рабочых месцаў — варштатаў і ёсць прыстасаванні і прылады для работы з драўнінай: нажоўка сталярная для папярочнага і падоўжнага пілавання, рубанак, стамескі, долата, кіянка, рэйсмус, лінейка вымяральная металічная, штангенцыркуль, аловак, вугольнік сталярны, брусок з драўніны (хвоі): 22×32×110 мм (4 шт.), фанера 3×110×110 мм (1 шт).
Канстанцін Анатольевіч уключае камп’ютарную прэзентацыю і прапануе вучням паўтарыць матэрыял, які яны вывучалі на папярэдніх уроках.
— Падводзім вынікі таго, што вы засвоілі. Шыпавыя злучэнні атрымалі шырокае распаўсюджанне ў сталярных вырабах. Яны выкананы без прымянення цвікоў і шруб, — адзначае педагог. — Асноўным відам злучэнняў у гэтых вырабах з’яўляюцца шыпы, а клей служыць толькі для дадатковага ўмацавання. Якасны выраб большасці сталярных вырабаў немагчымы без прымянення шыпавых злучэнняў, больш трывалых, чым злучэнні на цвіках і шрубах.
Выкарыстоўваючы ўзор нарыхтоўкі, вучні называюць элементы шыпавога злучэння, пры гэтым раз’ядноўваюць і зноў злучаюць яго дэталі: правушына, дно, бакавая грань, тарэц, аснова, шып, заплечыкі.
— Як мы атрымліваем дно і заплечыкі? — удакладняе Канстанцін Анатольевіч. — Для атрымання дна неабходна выканаць дзяўбанне, а для заплечыкаў спатрэбіцца папярочнае пілаванне. А чым правушына адрозніваецца ад гнязда? Гняздо закрыта з чатырох бакоў і можа знаходзіцца ў любым месцы дэталі, акрамя тарца, а правушына знаходзіцца заўсёды на тарцы нарыхтоўкі, адкрытай з двух бакоў.
Важнае пытанне: ад чаго залежыць колькасць шыпоў на нарыхтоўцы? Варыянты адказаў:
1) ад шырыні злучаных дэталей;
2) ад таўшчыні злучаных дэталей; 3) ад даўжыні злучаных дэталей; 4) ад вільготнасці драўніны.
Вучні даюць правільны адказ: ад шырыні злучаных дэталей. Чым шырэйшая нарыхтоўка, тым большая колькасць шыпоў у ёй будзе (шып бывае адзінарны, двайны, трайны, можа мець прамавугольную, трапецыяпадобную і круглую форму).
І зноў педагог дае заданне на актуалізацыю ведаў: знайсці адпаведнасць паміж выбарам шыпавога злучэння і памерамі нарыхтоўкі. Вучні выбіраюць варыянт адказу: 1) адзінарным шыпом злучаюць брускі таўшчынёй да 40 мм; 2) двайным або трайным шыпом злучаюць брускі таўшчынёй 40—80 мм; 3) трайным (скрыневым) шыпом злучаюць брускі звыш 80 мм.
— Успомнім тэхналогію вырабу шыпавога злучэння, выкарыстоўваючы тэхналагічныя карты, выкананыя на папярэднім уроку, і вучэбныя плакаты “Прыёмы падоўжнага пілавання шыпавых злучэнняў”, “Апрацоўка шыпоў і правушын у памер”, — прапануе Канстанцін Анатольевіч і разам з вучнямі пералічвае ўсе этапы.
- Праверыць шырыню нарыхтовак і правільнасць вуглоў.
- Размеціць даўжыню шыпа.
— Паколькі вырабляецца некалькі аднатыпных дэталей, разметку трэба рабіць на кожным этапе пры выкананні кожнай дэталі, — пракаменціраваў настаўнік.
- Размеціць глыбіню правушын.
- Размеціць таўшчыню шыпа.
- Размеціць шырыню правушын.
— Глядзім на чарцёж. Хто знойдзе памылку? — звяртае ўвагу педагог. — Правільна. На чарцяжы дзве правушыны, значыць, мы не можам злучыць дэталь, у якой ёсць шып і правушына, з дэталямі, у якіх ёсць толькі правушыны або толькі шыпы. Тады робім універсальную дэталь, у якой ёсць і шып, і правушына, што дазволіць нам з’яднаць чатыры дэталі ў выраб. Таму карыстаемся наступнымі параметрамі: таўшчыня шыпа 12 мм, глыбіня шыпа 20 мм, глыбіня правушыны 20 мм і заплечыкі па 9 мм з двух бакоў. Разабраліся, ідзём далей.
- Запілаваць шып.
- Адпілаваць шчочкі ў шыпа.
- Запілаваць правушыны.
- Выдзеўбці правушыны.
— Часта вучні дапускаюць недакладнасці і памылкі пры выкананні запілоўвання шыпоў і правушын, — каменціруе педагог. — Неабходна ўважліва сачыць, з якога боку ад разметачнай лініі павінна праходзіць палатно пілы пры запілоўванні. З боку правушын — знутры, а пры запілоўванні шыпа — звонку. Дапушчальная хібнасць можа скласці да 0,5 мм.
- Падагнаць шыпы і правушыны.
Настаўнік дэманструе ўзоры шыпавога злучэння з адкрытым скразным адзінарным шыпом, выкананыя вучнямі ў мінулым годзе, і тлумачыць, якое злучэнне выканана правільна, звяртае ўвагу на памылкі.
Пасля невялікай фізкультхвілінкі ўрок працягваецца.
— На мінулым уроку вы зрабілі па дзве дэталі скрыначкі, — гаворыць Канстанцін Анатольевіч. — Сёння зробіце яшчэ дзве і выканаеце іх зачыстку, каб іх можна было злучыць. Ваша задача ўскладняецца тым, што скрынка мае вуглавое скрыневае шыпавое злучэнне, але думаю, што вы паспяхова справіцеся з гэтай задачай. Для работы вам неабходна разбіцца на пары, размеркаваць абавязкі, скласці план сумеснай работы.
Але перш чым прыступіць да практычнай работы, вучні ўспамінаюць правілы тэхнікі бяспекі пры рабоце з рэжучай прыладай: неабходна надзейна замацоўваць нарыхтоўку на варштаце; працаваць трэба толькі спраўным і добра заточаным інструментам; не варта падразаць шыпы і правушыны стамескай і напільнікам, трымаючы дэталі на каленях або ў руцэ, а рабіць гэта трэба на варштаце ў замацаваным становішчы; нельга рэзаць драўніну стамескай у напрамку рукі, якая падтрымлівае дэталь, трэба накіроўваць стамеску лязом ад сябе; варта ўдараць кіянкай дакладна ўздоўж восі долата; пераносіць долата (стамеску) можна толькі лязом уніз; пасля заканчэння работы долата (стамеску) трэба класці лязом ад сябе; трэба сачыць, каб лязо не выступала за край варштата.
Вучні абступаюць педагога паўкругам, і ён праводзіць бягучы інструктаж: тлумачыць і дэманструе прыёмы выканання асобных тэхналагічных аперацый, знаёміць з рацыянальнымі спосабамі выканання практычных дзеянняў. Дае кароткія каментарыі, бо асноўнае за яго “гавораць” рукі.
Сутнасць дзеянняў педагога можна выкласці па пунктах:
- Прачытайце зборачны чарцёж.
- Атрымайце нарыхтоўкі на выраб рамкі з шыпавым злучэннем.
- Разлічыце памеры шыпа і таўшчыні шчочак правушын.
- Запілуйце шыпы і спілуйце шчочкі.
- Правядзіце дзяўбанне, выкарыстоўваючы падкладную дошку.
- Пракантралюйце якасць работы з дапамогай вымяральнай лінейкі і штангенцыркуля.
- Падганіце стамескай або напільнікам шыпы і правушыны да іх шчыльнага злучэння.
- Склейце шыпавое злучэнне і зацісніце яго ў штрубцынгі, праверыўшы роўнасць дыяганалей.
— Вазьміце інструменты і свае нарыхтоўкі. Бярыцеся за практычную работу. Хтосьці з вас у гэты момант знаходзіцца на этапе пілавання, хтосьці — запілу шыпоў, правушын, а хтосьці — дзяўбання, — адзначае педагог. — Кожны пачынае працаваць з таго этапу, на якім спыніўся. Рухаемся далей. Калі ёсць пытанні, звяртаемся да мяне.
На працягу наступных 15 мінут у майстэрні стаіць рабочы шум. У пэўны момант настаўнік гаворыць:
— Спыніліся, садзімся за варштаты. Сёння вынікі вашай працы не ацэньваю, бо гэта яшчэ не заключныя заняткі па вырабе скрыначкі. Хачу толькі атрымаць ад вас зваротную сувязь. Адкажыце на наступныя пытанні. З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся на ўроку? Што новага даведаліся сёння? Чаму навучыліся? Што больш за ўсё вам спадабалася? Што б хацелася зрабіць? Нам з вамі трэба гэта ведаць? Чаму?
Вучні з радасцю даюць тлумачэнні.
— Вялікі дзякуй за актыўную работу! На наступным уроку мы завершым канчатковую зборку скрыначкі: вырабім дно з фанеры і злучым дэталі на клеі. Пачынайце прыбіраць рабочыя месцы, — падводзіць вынікі настаўнік.
Самае галоўнае — практыка
— Сённяшні ўрок — адзін з васьмі па шыпавым злучэнні. Усе яго этапы, пачынаючы ад разметкі, пілавання ў памер, дзеці вывучалі на папярэдніх уроках і нават у мінулыя гады навучання. Пілаваць яны пачынаюць у 5—6 класах, а запіл шыпоў і правушын вывучаюць у 8 класе. Таму можна, напрыклад, з вучнямі 6 класа зрабіць пілаванне ў памер нарыхтовак і іх шліфаванне, а ўжо ў 8 класе, атрымаўшы нарыхтоўкі шасцікласнікаў, вучні будуць іх размячаць і рабіць шыпавое злучэнне. Самае галоўнае — практыка. З першага разу рэдка калі ў дзіцяці атрымліваецца правільны запіл шыпа. Навык выпрацоўваецца ў працэсе працяглай практычнай дзейнасці.
У мяне ёсць падыход да правядзення ўрокаў, якога я прытрымліваюся на працягу многіх гадоў: кароткі аповед, узорны паказ і працяглая трэніроўка. Звычайна запіл шыпа паказваю 5—7 мінут. Потым дзеці працуюць з дзвюма нарыхтоўкамі: трэніровачнай і кантрольнай. Адзнак за першую нарыхтоўку амаль не стаўлю, пакуль не будзе канчатковага выніку.
Цяжкасці ў вучняў пры выкананні такой работы ўзнікаюць чыста бытавыя. Калі, напрыклад, робіцца вялікая колькасць нарыхтовак, то яны могуць адхіліцца ад першапачатковага памеру, бо хтосьці з вучняў перашліфаваў нарыхтоўку, і яна стала не 30, а 29 мм. Страта ў 1 мм — гэта мінус бал пры ацэньванні работы. Ёсць хібнасць папраўная і непапраўная. Калі мы адпілавалі і нам не хапае 1 мм, то мы ўжо яго не дабавім. А калі шыпавое злучэнне складаецца з дзвюх доўгіх і дзвюх кароткіх нарыхтовак, то, сапсаваўшы доўгую, з яе можна зрабіць кароткую. Свае нюансы ёсць і пры дзяўбанні стамескай. Калі ўзяць стамеску, у якой шырыня большая, чым шырыня правушыны, то нарыхтоўка можа раскалоцца. Не трэба і занадта моцна біць па стамесцы.
Усё з жыцця, усё для жыцця
Канстанцін Анатольевіч Камінскі ў прафесіі з 1995 года, працаваў заўсёды ў сельскіх школах. Па першай адукацыі ён геолаг, вучыўся ў тэхнікуме, дзе займаўся пошукам і разведкай радовішчаў карысных выкапняў. Далей было ваеннае вучылішча, ПТВ будаўнікоў, дзе вучыўся на станочніка дрэваапрацоўчых станкоў. Некаторы час працаваў будаўніком, мае 5-ы разрад муляра. Канстанцін Анатольевіч таксама скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, атрымаў адукацыю менеджара ў сферы адукацыі ў РІПА. Кожны год павышае кваліфікацыю ў АПА па розных аспектах выкладання свайго прадмета.
Педагагічнае крэда Канстанціна Анатольевіча: “Усё з жыцця, усё для жыцця”. Настаўнік імкнецца падрыхтаваць дзяцей да самастойнасці ў жыцці, прывіць ім любоў да працы, сфарміраваць ініцыятыўнасць, уважлівасць, стараннасць, творчае мысленне і крэатыўнасць. Лічыць, што яго прадмет развівае характар, выхоўвае будучага мужчыну.
— У метадычным плане прытрымліваюся класічнага кансерватызму, супраць якога не паспрачаешся, як супраць законаў фізікі, — гаворыць педагог. — Можна выкарыстоўваць сучаснае абсталяванне, але яго прызначэнне і прымяненне ад гэтага не зменяцца. Не стаўлю задачу падлавіць дзіця на няправільным выкананні задання і знізіць адзнаку. Галоўнае для мяне, каб вучань выканаў работу як след. Што тычыцца метапрадметных кампетэнцый (асобасных, рэгулятыўных, пазнавальных і камунікатыўных), то можна, напрыклад, ацаніць, як дзеці працуюць у парах і групах, як узаемадзейнічаюць, дапамагаюць адно аднаму. Часам у пару стаўлю моцнага вучня з больш слабым. Моцны можа вырабіць за пэўны прамежак часу тры нарыхтоўкі з чатырох неабходных, а яго напарнік адну, але таксама якасна. Тут важная не хуткасць, а поспех, пазітыўнае стаўленне вучня да працоўнай дзейнасці. Бо ў працоўным навучанні галоўны кампанент — працоўнае выхаванне, каб дзіця атрымлівала маральнае задавальненне ад працы. А ўжо пры падрыхтоўцы да алімпіяды патрэбны хуткасць і якасць выканання, а таксама трывалыя тэарэтычныя веды, уменне чытаць зборачны чарцёж.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.