“Гавораць” рукі

- 9:01В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Настаўнік дэманструе ўзоры шыпавога злучэння з адкрытым скразным адзінарным шыпом, выкананыя вучнямі ў мінулым годзе, і тлумачыць, якое злучэнне выканана правільна, звяртае ўвагу на памылкі. 

“У любой прафесіі самае важнае — веды і ўменне іх прымяняць на практыцы”, — пачынае свой урок у 8 класе Канстанцін Анатольевіч Камінскі, настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 3 Нясвіжа, фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”.  

Вучні разважаюць пра сэнс гэтых слоў і прыхо­дзяць да высновы, што яны праўдзівыя. Педагог прапанаваў дзецям разгледзець выявы вырабаў, выкананыя спецыялістамі, якія ўмеюць шырока прымяняць свае веды і ўменні ў прафесіі, і спытаў: “Што аб’ядноўвае гэтыя прадметы: табурэт і крэсла, стол і варштат, аконную раму і дзвярны праём?” Выснова: усе вырабы створаны з драўніны з прымяненнем шыпавога злучэння.

— Мы працягваем выву­чаць раздзел праграмы “Апрацоўка драўніны”. Тэма сённяшняга ўрока — “Зборка дэталей з драўніны на шыпах”, працягнем ра­біць выраб з шыпавымі злучэннямі — скрыначкі для раздатачнага матэрыялу, — гаворыць педагог. — Што вам неабходна ведаць і ўмець для работы на ўроку? 

Дзеці пералічваюць, што яны павінны ўмець рабіць нарыхтоўкі, адзначаць на іх памеры, выконваць чарцёж, валодаць навыкамі работы з інструментам.

Урок праходзіць у сталярнай майстэрні, дзе абсталявана 10 рабочых месцаў — варштатаў і ёсць прыстасаванні і прылады для работы з драўнінай: нажоўка сталярная для папярочнага і падоўжнага пілавання, рубанак, стамескі, долата, кіянка, рэйсмус, лінейка вымяральная металічная, штангенцыркуль, аловак, вугольнік сталярны, брусок з драўніны (хвоі): 22×32×110 мм (4 шт.), фанера 3×110×110 мм (1 шт). 

Канстанцін Анатольевіч уключае камп’ютарную прэзентацыю і прапануе вучням паўтарыць матэрыял, які яны вывучалі на папярэдніх уроках. 

— Падводзім вынікі таго, што вы засвоілі. Шыпавыя злучэнні атрымалі шырокае распаўсю­джанне ў сталярных вырабах. Яны выкананы без прымянення цвікоў і шруб, — адзначае педагог. — Асноўным відам злучэнняў у гэтых вырабах з’яўляюцца шыпы, а клей служыць толькі для дадатковага ўмацавання. Якасны выраб большасці сталярных вырабаў немагчымы без прымянення шыпавых злучэнняў, больш трывалых, чым злучэнні на цвіках і шрубах. 

Выкарыстоўваючы ўзор нарыхтоўкі, вучні называюць элементы шыпавога злучэння, пры гэтым раз’ядноўваюць і зноў злучаюць яго дэталі: правушына, дно, бакавая грань, тарэц, аснова, шып, заплечыкі. 

— Як мы атрымліваем дно і заплечыкі? — удакладняе Канстанцін Анатольевіч. — Для атрымання дна неабходна выканаць дзяўбанне, а для заплечыкаў спатрэбіцца папярочнае пілаванне. А чым правушына адрозніваецца ад гнязда? Гняздо закрыта з чатырох бакоў і можа знаходзіцца ў любым месцы дэталі, акрамя тарца, а правушына знаходзіцца заўсёды на тарцы нарыхтоўкі, адкрытай з двух бакоў. 

Важнае пытанне: ад чаго залежыць колькасць шыпоў на нарыхтоўцы? Варыянты адказаў:
1) ад шырыні злучаных дэталей;
2) ад таўшчыні злучаных дэталей; 3) ад даўжыні злучаных дэталей; 4) ад вільготнасці драўніны.

Вучні даюць правільны адказ: ад шырыні злучаных дэталей. Чым шырэйшая нарыхтоўка, тым большая колькасць шыпоў у ёй будзе (шып бывае адзінарны, двайны, трайны, можа мець прамавугольную, трапецыяпадобную і круглую форму). 

І зноў педагог дае заданне на актуалізацыю ведаў: знайсці адпаведнасць паміж выбарам шыпавога злучэння і памерамі нарыхтоўкі. Вучні выбіраюць варыянт адказу: 1) адзінарным шыпом злучаюць брускі таўшчынёй да 40 мм; 2) двайным або трайным шыпом злучаюць брускі таўшчынёй 40—80 мм; 3) трайным (скрыневым) шыпом злучаюць брускі звыш 80 мм. 

— Успомнім тэхналогію вырабу шыпавога злучэння, выкарыстоўваючы тэхналагічныя карты, выкананыя на папярэднім уроку, і вучэбныя плакаты “Прыёмы падоўжнага пілавання шыпавых злучэнняў”, “Апрацоўка шыпоў і правушын у памер”, — прапануе Канстанцін Анатольевіч і разам з вучнямі пералічвае ўсе этапы. 

  1. Праверыць шырыню нарыхтовак і правільнасць вуглоў.
  2. Размеціць даўжыню шыпа. 

— Паколькі вырабляецца некалькі аднатыпных дэталей, разметку трэба рабіць на кожным этапе пры выкананні кожнай дэталі, — пракаменціраваў нас­таўнік. 

  1. Размеціць глыбіню правушын.
  2. Размеціць таўшчыню шыпа.
  3. Размеціць шырыню правушын.

— Глядзім на чарцёж. Хто знойдзе памылку? — звяртае ўвагу педагог. — Правільна. На чарцяжы дзве правушыны, зна­чыць, мы не можам злучыць дэталь, у якой ёсць шып і правушына, з дэталямі, у якіх ёсць толькі правушыны або толькі шыпы. Тады робім універсальную дэталь, у якой ёсць і шып, і правушына, што дазволіць нам з’яднаць чатыры дэталі ў выраб. Таму карыстаемся наступнымі параметрамі: таўшчыня шыпа 12 мм, глыбіня шыпа 20 мм, глыбіня правушыны 20 мм і заплечыкі па 9 мм з двух бакоў. Разабраліся, ідзё­м далей.

  1. Запілаваць шып.
  2. Адпілаваць шчочкі ў шыпа.
  3. Запілаваць правушыны.
  4. Выдзеўбці правушыны.

— Часта вучні дапускаюць недакладнасці і памылкі пры выкананні запілоўвання шыпоў і правушын, — каменціруе педагог. — Неабходна ўважліва са­чыць, з якога боку ад разметачнай лініі павінна праходзіць палатно пілы пры запілоўванні. З боку правушын — знутры, а пры запілоўванні шыпа — звонку. Дапушчальная хібнасць можа скласці да 0,5 мм.   

  1. Падагнаць шыпы і правушыны.

Настаўнік дэманструе ўзоры шыпавога злучэння з адкрытым скразным адзінарным шыпом, выкананыя вучнямі ў мінулым годзе, і тлумачыць, якое злучэнне выканана правільна, звяртае ўвагу на памылкі. 

Пасля невялікай фізкультхвілінкі ўрок працягваецца. 

— На мінулым уроку вы зрабілі па дзве дэталі скрыначкі, — гаворыць Канстанцін Анатольевіч. — Сёння зробіце яшчэ дзве і выканаеце іх зачыстку, каб іх можна было злучыць. Ваша задача ўскладняецца тым, што скрынка мае вуглавое скрыневае шыпавое злучэнне, але думаю, што вы паспяхова справіцеся з гэтай задачай. Для работы вам неабходна разбіцца на пары, размеркаваць абавязкі, скласці план сумеснай работы. 

Але перш чым прысту­піць да практычнай работы, вучні ўспамінаюць правілы тэхнікі бяспекі пры рабоце з рэжучай прыладай: неабходна надзейна замацоўваць нарыхтоўку на варштаце; працаваць трэба толькі спраўным і добра заточаным інструментам; не варта падра­заць шыпы і правушыны стамескай і напільнікам, трымаючы дэталі на каленях або ў руцэ, а рабіць гэта трэба на варштаце ў замацаваным становішчы; нельга рэзаць драўніну стамескай у напрамку рукі, якая падтрымлівае дэталь, трэба накіроўваць стамеску лязом ад сябе; варта ўда­раць кіянкай дакладна ўздоўж восі долата; перано­сіць долата (стамеску) можна толькі лязом уніз; пасля заканчэння работы долата (стамеску) трэба класці лязом ад сябе; трэба са­чыць, каб лязо не выступала за край варштата. 

Вучні абступаюць педагога паўкругам, і ён праводзіць бягучы інструктаж: тлумачыць і дэманструе прыёмы выканання асобных тэхналагічных аперацый, знаё­міць з рацыянальнымі спосабамі выканання практычных дзеянняў. Дае кароткія каментарыі, бо асноўнае за яго “гавораць” рукі. 

Сутнасць дзеянняў педагога можна выкласці па пунктах: 

  1. Прачытайце зборачны чарцёж. 
  2. Атрымайце нарыхтоўкі на выраб рамкі з шыпавым злучэннем. 
  3. Разлічыце памеры шыпа і таўшчыні шчочак правушын. 
  4. Запілуйце шыпы і спілуйце шчочкі. 
  5. Правядзіце дзяўбанне, выкарыстоўваючы падкладную дошку. 
  6. Пракантралюйце якасць работы з дапамогай вымяральнай лінейкі і штангенцыркуля. 
  7. Падганіце стамескай або напільнікам шыпы і правушыны да іх шчыльнага злучэння. 
  8. Склейце шыпавое злучэнне і зацісніце яго ў штрубцынгі, праверыўшы роўнасць дыяганалей. 

— Вазьміце інструменты і свае нарыхтоўкі. Бярыцеся за практычную работу. Хтосьці з вас у гэты момант знаходзіцца на этапе пілавання, хтосьці — запілу шыпоў, правушын, а хтосьці — дзяўбання, — адзначае педагог. — Кожны пачынае працаваць з таго этапу, на якім спыніўся. Рухаемся далей. Калі ёсць пытанні, звяртаемся да мяне. 

На працягу наступных 15 мі­нут у майстэрні стаіць рабочы шум. У пэўны момант настаўнік гаворыць: 

— Спыніліся, садзімся за варштаты. Сёння вынікі вашай працы не ацэньваю, бо гэта яшчэ не заключныя заняткі па вырабе скрыначкі. Хачу толькі атры­маць ад вас зваротную сувязь. Адкажыце на наступныя пытанні. З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся на ўроку? Што новага даведаліся сёння? Чаму навучыліся? Што больш за ўсё вам спадабалася? Што б хацелася зрабіць? Нам з вамі трэба гэта ведаць? Чаму? 

Вучні з радасцю даюць тлумачэнні. 

— Вялікі дзякуй за актыўную работу! На наступным уроку мы завершым канчатковую зборку скрыначкі: вырабім дно з фанеры і злучым дэталі на клеі. Пачынайце прыбіраць рабочыя месцы, — падводзіць вынікі настаўнік. 

Самае галоўнае — практыка

— Сённяшні ўрок — адзін з васьмі па шыпавым злучэнні. Усе яго этапы, пачынаючы ад разметкі, пілавання ў памер, дзеці вывучалі на папярэдніх уроках і нават у мінулыя гады навучання. Пілаваць яны пачына­юць у 5—6 класах, а запіл шыпоў і правушын вывучаюць у 8 класе. Таму можна, напрыклад, з вучнямі 6 класа зрабіць пілаванне ў памер нарыхтовак і іх шліфаванне, а ўжо ў 8 класе, атрымаўшы нарыхтоўкі шасцікласнікаў, вучні будуць іх размячаць і ра­біць шыпавое злучэнне. Самае галоўнае — практыка. З першага разу рэдка калі ў дзіцяці атрымліваецца правільны запіл шыпа. Навык выпрацоўваецца ў пра­цэсе працяглай практычнай дзейнасці. 

У мяне ёсць падыход да правядзення ўрокаў, якога я прытрымліваюся на працягу многіх гадоў: кароткі аповед, узорны паказ і працяглая трэніроўка. Звычайна запіл шыпа паказваю 5—7 мінут. Потым дзеці працуюць з дзвюма нарыхтоўкамі: трэніровачнай і кантрольнай. Адзнак за першую нарыхтоўку амаль не стаўлю, пакуль не будзе канчатковага выніку. 

Цяжкасці ў вучняў пры выкананні такой работы ўзнікаюць чыста бытавыя. Калі, напрыклад, робіцца вялікая колькасць нарыхтовак, то яны могуць адхіліцца ад першапачатковага памеру, бо хтосьці з вучняў перашліфаваў нарыхтоўку, і яна стала не 30, а 29 мм. Страта ў 1 мм — гэта мінус бал пры ацэньванні работы. Ёсць хібнасць папраўная і непапраўная. Калі мы адпілавалі і нам не хапае 1 мм, то мы ўжо яго не дабавім. А калі шыпавое злучэнне складаецца з дзвюх доўгіх і дзвюх кароткіх нарыхтовак, то, сапсаваўшы доўгую, з яе можна зрабіць кароткую. Свае нюансы ёсць і пры дзяўбанні стамескай. Калі ўзяць стамеску, у якой шырыня большая, чым шырыня правушыны, то нарыхтоўка можа раскалоцца. Не трэба і занадта моцна біць па стамесцы. 

Усё з жыцця, усё для жыцця

Канстанцін Анатольевіч Ка­мінскі ў прафесіі з 1995 года, працаваў заўсёды ў сельскіх школах. Па першай адукацыі ён геолаг, вучыўся ў тэхнікуме, дзе займаўся пошукам і разведкай радовішчаў карысных выкапняў. Далей было ваеннае вучылішча, ПТВ будаўнікоў, дзе вучыўся на станочніка дрэваапрацоўчых станкоў. Некаторы час працаваў будаўніком, мае 5-ы разрад муляра. Канстанцін Анатольевіч таксама скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, атрымаў адукацыю менеджара ў сферы адукацыі ў РІПА. Кожны год павышае кваліфікацыю ў АПА па розных аспектах выкладання свайго прадмета.

Педагагічнае крэда Канстанціна Анатольевіча: “Усё з жыцця, усё для жыцця”. Настаўнік імкнецца падрыхтаваць дзяцей да самастойнасці ў жыцці, прывіць ім любоў да працы, сфарміра­ваць ініцыятыўнасць, уважлівасць, стараннасць, творчае мысленне і крэатыўнасць. Лічыць, што яго прадмет развівае характар, выхоўвае будучага мужчыну. 

— У метадычным плане прытрымліваюся класічнага кансерватызму, супраць якога не паспрачаешся, як супраць законаў фізікі, — гаворыць педагог. — Можна выкарыстоўваць сучаснае абсталяванне, але яго прызначэнне і прымяненне ад гэтага не зменяцца. Не стаўлю задачу падлавіць дзіця на няправільным выкананні задання і знізіць адзнаку. Галоўнае для мяне, каб вучань выканаў работу як след. Што тычыцца метапрадметных кампетэнцый (асобасных, рэгулятыўных, пазнавальных і камунікатыўных), то можна, напрыклад, ацаніць, як дзеці працуюць у парах і групах, як узаемадзейнічаюць, дапамагаюць адно аднаму. Часам у пару стаўлю моц­нага вучня з больш слабым. Моцны можа вырабіць за пэўны прамежак часу тры нарыхтоўкі з чатырох неабходных, а яго напарнік адну, але таксама якасна. Тут важная не хуткасць, а поспех, пазітыўнае стаўленне вучня да працоўнай дзейнасці. Бо ў працоўным навучанні галоўны кампанент — працоўнае выхаванне, каб дзіця атрымлівала маральнае задавальненне ад працы. А ўжо пры падрыхтоўцы да алімпіяды патрэбны хуткасць і якасць выканання, а таксама трывалыя тэарэтычныя веды, уменне чытаць зборачны чарцёж. 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий