На радзіме Якуба Коласа

- 9:07Без рубрики, В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Як праходзіць Год гістарычнай памяці на радзіме славутага беларускага песняра, 140-годдзе якога мы адсвяткавалі надоечы? Якія пытанні хвалююць кіраўніка сістэмы адукацыі Стаўбцоўшчыны напрыканцы каляндарнага года? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Людміла Стонька.

— У Год гістарычнай памяці ва ўстановах адукацыі раёна вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню гістарычнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа, — расказвае Людміла Мар’янаўна. — Тым больш што гэта юбілейны год для нашага славутага земляка Якуба Коласа. Дарэчы, 3 лістапада ў Стоўбцах быў адкрыты помнік беларускаму песняру, якога шчыра любяць на малой радзіме. Экспазіцыя “Па слядах Якуба Коласа” (да 140-годдзя з дня нараджэння нашага земляка) Залужскай сярэдняй школы прымала ўдзел у абласной канферэнцыі ў Нясвіжы, у абласных “Дажынках-2021” у Капылі, а таксама ў турыстычным форуме “Спадчына Беларусі”, прысвечаным Году гістарычнай памяці.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі раёна створаны выставы па тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Актывізавана музейная работа: кожную апошнюю сераду месяца вучні бясплатна наведваюць музеі Мінскай вобласці, сярод якіх — філіял музея Якуба Коласа, ся­дзібы “Смольня”, “Аль­буць”, “Акінчыцы” і інш.

— З якімі асноўнымі дасягненнямі падыходзіць сістэма адукацыі Стаўбцоўскага раёна да канца 2022 года?

— Новая сярэдняя школа № 4 Стоўбцаў — узор найсучаснейшай установы адукацыі з мультыбордамі ў кожным кабінеце, развіццём робататэхнікі, навучаннем дзяцей пажарнай бяспецы і правілам бяспечных паводзін. 

У рамках “Дажы­нак-2022” мы сур’ёзна палепшылі матэрыяльную базу ўстаноў адукацыі, адрамантавалі фасады школ, добраўпарадкавалі тэрыторыю дзіцячых садоў №№ 1 і 5, сярэдняй школы № 2. І самае важнае — прывялі ў сучасны стан школьныя стадыёны: пабудавалі новы стадыён у гімназіі № 1 Стоўбцаў і надалі сучасны выгляд стадыёну ў сярэдняй школе № 2. Апошняя рэканструкцыя — сумесная з галоўным упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама. Таксама Беларуская федэрацыя футбола спансіравала нам уладкаванне сучаснай пляцоўкі па міні-футболе, а Прэзідэнцкі спартыўны клуб вы­дзеліў сродкі на пабудову шматфункцыянальнай пляцоўкі з вулічнымі трэнажорамі. Лічу, што гэта выдатны напрамак для ўмацавання здароўя дзяцей, развіцця фізічнай культуры і спорту.

16 лістапада, у Міжнародны дзень талерантнасці, мы адкрылі інклюзіўную пляцоўку сумесна з дабрачынным праектам “Крылы шчасця”. Адаптыўная пляцоўка была адкрыта пад патранатам Наталлі Анатольеўны Рыжанковай. Пляцоўкай будуць карыстацца дзеці с асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, каб не адставаць у развіцці ад сваіх здаровых равеснікаў. 

Рыхтуем дзяцей да будучага цэнтралізаванага экзамену, арыентуем іх на ўдзел ва ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіядах, каб яны сабе змаглі аблег­чыць паступленне ва УВА. 

— Як наладжана ў раёне работа з маладымі спецыялістамі і з адоранымі навучэнцамі? 

— З 21 маладога спецыяліста, якія сёлета прыйшлі да нас на работу, 16 — нашы выпускнікі. Са сваімі працаваць лёгка, бо іх ведаеш яшчэ па школе, удзеле ў алімпіядах. Мы працуем над тым, каб нашы выпускнікі вярталіся ў раён на работу. У бягучым годзе сваім выпускнікам школы выдалі 15 мэтавых накіраванняў на вучобу, каб праз 4 гады атрымаць як мінімум 15 маладых спецыялістаў у сваіх установах адукацыі. 

Мая мара — каб Стаўбцоўскі раён гучаў заўсёды толькі са станоўчага боку, каб нашы дзеці напоўніцу атрымлівалі ўсё, што можа ім прадаставіць дзяржава і сістэма адукацыі, і каб пасля яны прымянялі свае веды на карысць малой радзімы.

Я сама ўраджэнка Стаўбцоўшчыны, скончыла Засульскую сярэднюю школу. І з першага працоўнага дня (пасля заканчэння педагагічнага вучылішча і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы) для мяне важны мой раён, дзе мае веды і вопыт спатрэбіліся лю­дзям. Не баюся прызначаць на пасады кіраўнікоў маладых педагогаў. Ужо два гады ў нас працуе малады дырэктар Налібоцкай сярэдняй школы Сяргей Андрэевіч Новікаў. Ён два гады працаваў настаўнікам гісторыі, а зараз з’яўляецца кіраўніком установы адукацыі. Скажу так: у маладога дырэктара вочы гараць, яму хочацца спазнаваць новае, ву­чыцца. 

Па выніках ЦТ 2022 года 4 выпускнікі Стаўбцоўскага раёна ма­юць 100-бальны вынік. Нашы дзеці вучацца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Ягор Аммер, вучань Засульскай сярэдняй школы, прайшоў навучанне ў НДТ па напрамку “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”. З 6 снежня 2022 года ў тэхнапарк залічаны Паліна Сяменчанка з Коласаўскай сярэдняй школы і Юлія Грыгарцэвіч з Дзераўнянскай сярэдняй школы (па адукацыйных кірунках “Інфармацыйная бяспека” і “Энергетыка будучыні”).

— Раскажыце пра супрацоўніцтва з баць­камі навучэнцаў і сацыяльнымі парт­нёрамі?

— У нашых установах адукацыі рэалізуецца праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, мы актыўна ўдзельнічаем у абласным трэвэл-праекце “Сямейны дыліжанс”. Лічу, што адна з найбольш дзейсных форм работы з бацькамі — сямейныя клубы, іх у нас 13 у 12 установах адукацыі.

Мясцовыя ўлады таксама заўсёды трымаюць сістэму адукацыі ў полі зроку. Сродкі на яе падтрымку заўсёды знаходзяцца. Акрамя таго, у нас ёсць добрая практыка шэфскай дапамогі. Па традыцыі кіраўнікі гаспадарак за работу ў летні перыяд уручаюць прэміі нашым вучням. Ёсць гаспадаркі, якія прэміру­юць дзяцей па выніках навучальнага года. Так, ААТ “Жацерава” ўручае прэміі навучэнцам Горкаўскай сярэдняй школы. ААТ “Рубяжэвічы” ўжо выплаціла грашовыя прэміі 11 выдатнікам Рубяжэвіцкай сярэдняй школы ў памеры 3 базавых велічынь. Няхай сумы і невялікія, але гэта грошы, заробленыя інтэлектуальнай працай.

— Што плануеце арганізаваць у рамках акцыі “Нашы дзеці”? 

— Акцыя “Нашы дзеці” ў раёне заўсёды прахо­дзіць маштабна, бо мы падводзім вынікі работы з адоранымі дзецьмі, уручаем ім грашовыя прэміі. Часам іх памер даходзіць да 300—350 рублёў! Асобна праводзім навагоднія мерапрыемствы для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей з мнага­дзетных і малазабяспечаных сем’яў. З раённага бюджэту ў рамках акцыі будзе выдаткавана каля 30 тысяч рублёў. Старшыня райвыканкама сам штогод наведвае мнага­дзетную сям’ю ці аддзяленне сацыяльнага прытулку, прыёмную сям’ю або дзіцячы дом сямейнага тыпу, каб кожнае дзіця атрымала навагоднія падарункі і святочны настрой. 

Гутарыла Наталля КАСТЭНКА.
Фота Аляксандра ПЯТРОВА.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий