Адкрытыя дыялогі і дыскусіі, форумы і марафоны, дзясяткі спікераў і тысячы слухачоў, актыўнае абмеркаванне самых надзённых пытанняў краіны — візітоўка Беларускага таварыства “Веды”. У сярэдзіне снежня яно адсвяткуе 75-годдзе. Як заставацца сучасным у такім паважным узросце — даведаемся ў старшыні аб’яднання Вадзіма ГІГІНА.
— Вадзім Францавіч, давайце нагадаем, для чаго было створана таварыства “Веды”?
— У пасляваенныя гады, гады аднаўлення народнай гаспадаркі, савецкае кіраўніцтва добра разумела важнасць распаўсюджвання навуковых і грамадска-палітычных ведаў сярод насельніцтва. Бо дзякуючы ім фарміраваўся вобраз вялікай савецкай дзяржавы і было дакладнае разуменне: веды — гэта ідэалогія, якая не можа быць на другім месцы.
Таварыства “Веды” — арганізацыя з вялікай гісторыяй, якая ў розныя часы трансліравала актуальную інфармацыю людзям. Яно абуджала цікавасць да ведаў, прафесійнай адукацыі і творчасці, падтрымлівала тых, хто імкнуўся рухаць наперад навуку, тэхніку і культуру. Лектары “Ведаў” прыязджалі нават у самыя далёкія гарады і вёскі.
Сёння перад таварыствам стаіць тая ж задача — даносіць актуальныя веды да кожнага беларуса, асабліва да моладзі, з дапамогай новых падыходаў і інструментарыю. Разам з нашымі спікерамі і лектарскімі групамі, прыязджаючы ў рэгіёны, пры дапамозе лічбаў і фактаў мы пераконваем людзей у праўдзівасці той інфармацыі, якую прадастаўляем ім.
Лектар ці спікер павінен адчуваць аўдыторыю, а зрабіць гэта можна толькі ў жывым дыялогу. Калі ты бачыш, што аўдыторыя не задае пытанні — значыць, сам задавай іх і тым самым пакажы людзям сваю гатоўнасць да зносін. Дарэчы, я лічу не вельмі добрым выступленне, калі спікер не пакінуў часу для пытанняў, бо галоўнае — гэта зносіны. Усе праекты вырастаюць вакол зносін.
У савецкі час вялася рэгулярная лекцыйная работа пад кіраўніцтвам ЦК партыі і ЦК камсамола, і была цэлая сетка людзей, якія арганізоўвалі такую дзейнасць. Цяпер мы, пакідаючы структуру ранейшай, мяняем падыходы. Але пры гэтым мы не гонімся за дзясяткамі тысяч членаў таварыства, бо для нас важна, каб на месцах была структура, гатовая атрымліваць заяўкі на сустрэчы з нашымі лектарамі.
— За апошні год спікеры таварыства аб’ехалі ўсю краіну?
— Так. Вельмі пазнавальныя нашы акцыі: “Беларусь адзіная” — традыцыйнае турнэ па краіне, прымеркаванае да Дня народнага адзінства, “У рэжыме праўды” — рэспубліканскі асветніцкі праект, у рамках якога мы правялі больш за 2000 сустрэч напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму. Ажыццяўляўся гэты праект з 24 лістапада 2021 года па 19 лютага 2022-га. Прызнаюся, гэта быў адзін з самых захапляючых перыядаў майго жыцця, бо кожны дзень праходзілі сустрэчы і не пакідала адчуванне, што гэтая справа сапраўды патрэбная і важная. У час дыялогавых пляцовак у розных рэгіёнах краіны група нашых прафесійных экспертаў (30 палітыкаў, публіцыстаў і грамадскіх дзеячаў) адказвала на хвалюючыя пытанні нашых грамадзян. Завяршылі гэты праект знакавым мерапрыемствам у сталічным Палацы спорту, прадэманстраваўшы, што работа з людзьмі можа выбудоўвацца не толькі праз лекцыйную работу, але і праз музычныя нумары, Тэd-прэзентацыі і г.д.
Затым у сярэдзіне чэрвеня мы далі старт патрыятычнай акцыі “Дарогамі мужнасці і стойкасці”, прымеркаванай да Дня Незалежнасці. Яна ахапіла 27 гарадоў і населеных пунктаў, якія адзначаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. І зноў нашы вядучыя спікеры праехаліся па краіне з гістарычнай і актуальнай палітычнай інфармацыяй. Атрымаліся адкрытыя размовы з аўдыторыяй і водгук на праблемы, якія існуюць на месцах.
Таварыства “Веды” — арганізацыя з вялікай гісторыяй, якая ў розныя часы трансліравала актуальную інфармацыю людзям.
З 24 кастрычніка па 2 лістапада мы актыўна ўдзельнічалі ў нашых ужо класічных дыялогавых пляцоўках, абмяркоўваючы законапраект аб Усебеларускім народным сходзе. Такім чынам, за апошні год мы апрабавалі розныя формы работы, сфарміравалі пул экспертаў і стварылі праекты, па якіх нас пазнаюць.
— А ці вялікая каманда “Ведаў”?
— Калі пачынаць справу з афармлення членства, то можна адразу вешаць замок. Канечне, паступова мы будзем укараняць калектыўнае членства і ўжо прынялі палажэнне аб гэтым. Аднак мы не станем гнацца за вялікім членствам, бо сёння сябар таварыства — гэта той, хто з’яўляецца нашым лектарам, спікерам, а таму і наш білет — знак якасці. Мяне радуе, што мы гэты працэс не сталі паскараць штучна. Але людзі, калі мы прыязджалі да іх паўторна, пачалі прыносіць нам яшчэ савецкія білеты таварыства, і толькі за кошт іх мы можам значна пашырыць нашы рады. Да таго ж вельмі актыўна працуюць і пярвічкі на месцах, а з мясцовай ініцыятывы звычайна вырастае вялікая справа. Напрыклад, у НАН пачалі самі афармляць сертыфікаты прыналежнасці да нашага таварыства, і гэта выдатна. Пасля ўсе гэтыя ініцыятывы ідэйных людзей мы аб’яднаем.
Дарэчы, калі гаварыць пра каманду, то яна з’яўляецца часткай Міністэрства адукацыі, з боку Андрэя Іванца адчуваем вялікую падтрымку. Прабіваць праекты, праштурхоўваць праз кабінеты чыноўнікаў — справа складаная, і тут ведамства ўзяло на сябе функцыі нашага лоцмана. Да таго ж Андрэй Іванавіч заўсёды адкрыты для новых ініцыятыў і праектаў, ды і сам не раз падказваў нам вельмі добрыя ідэі.
— Чым займаюцца рэгіянальныя структуры аб’яднання?
— Хацеў бы асабліва адзначыць нашых супрацоўнікаў у рэгіёнах. Многія з іх шмат гадоў працуюць у “Ведах”. Паверце, гэта людзі, цалкам адданыя сваёй справе, гатовыя колькі заўгодна часу траціць на арганізацыю мерапрыемстваў, за што я ім вельмі ўдзячны. Усё гэта толькі на першы погляд здаецца лёгкім, а на самай справе трэба не толькі прывезці спікера, але і дамовіцца з прадпрыемствам ці залай, сабраць людзей, вырашыць транспартнае пытанне і г.д. Дарэчы, па сваім характары нашы прадстаўнікі падобныя на педагогаў, а многія з іх і па адукацыі настаўнікі. Сапраўдны педагог — гэта чалавек, які працуе практычна круглыя суткі і не можа дазволіць сабе замкнуць кабінет і забыць да раніцы пра сваю работу. Так і нашы супрацоўнікі. Часам здараліся выпадкі, калі карэкціроўкі па арганізацыі і правядзенні тых жа дыялогавых пляцовак уносіліся апоўначы.
Да таго ж нашы людзі ў рэгіёнах арганізоўваюць правядзенне адзіных дзён інфармавання. Таварыства імкнецца прыбраць фармалізм і падыходзіць больш творча да фармулявання тэм для абмеркавання.
— Вы сказалі, што таварыства плённа супрацоўнічае з Міністэрствам адукацыі, а прадстаўнікі школ і УВА — пастаянныя ўдзельнікі вашых мерапрыемстваў…
— Важна падкрэсліць: старшыні праўленняў абласных арганізацыйных структур таварыства — рэктары ўніверсітэтаў. Мінскую абласную ўзначальвае рэктар БДУІР Вадзім Богуш, Гродзенскую — рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, Брэсцкую — рэктар БрДУ імя А.С.Пушкіна Ганна Сендар, Гомельскую — рэктар ГДУ імя Ф.Скарыны Сяргей Хахомаў і Магілёўскую — рэктар МДУ імя А.А.Куляшова Дзяніс Дук. Ну, а іх памочнікі — энергічныя людзі розных прафесій, якія ўжо шмат гадоў працуюць у “Ведах”.
Душа радуецца, калі да нашых рэгіянальных сустрэч далучаюцца мясцовыя спецыялісты. Так, напярэдадні 17 верасня адбылося выдатнае выступленне ў Гродне дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Віктара Белазаровіча, у Гомелі — доктара гістарычных навук і загадчыка кафедры ўсеагульнай гісторыі ГДУ імя Ф.Скарыны Мікалая Мязга, у Мінску і Мінскай вобласці — дэкана гістарычнага факультэта БДУ Аляксандра Каханоўскага, а ў Магілёве — прарэктара па выхаваўчай рабоце МДУ імя А.А.Куляшова Дзмітрыя Рагаўцова. Стварэнне супольнасці мясцовых экспертаў і спікераў — вельмі важная справа, якую мы будзем і далей развіваць.
Сёння сябар таварыства — гэта той, хто з’яўляецца нашым лектарам, спікерам, а таму і наш білет — знак якасці.
Акрамя гэтага, у лістападзе мінулага года разам з Курчатаўскім цэнтрам, НАН Беларусі і камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама мы пачалі цікавы праект для падрастаючага пакалення “Фармат навукі: даступна”. Яго мэта — займальна і даступна расказаць моладзі пра галоўныя навуковыя ідэі і даследаванні сучаснасці, каб прывіць падрастаючаму пакаленню павагу да навукі і імкненне да даследчай дзейнасці. На сустрэчах з вучонымі мы пастараліся паказаць, што прыродазнаўчыя, тэхнічныя навукі можна даносіць праз цікавыя формы.
На першай такой сустрэчы ў зале НАН прысутнічаў старшыня каардынацыйнага савета па справах моладзі ў навуковай і адукацыйнай сферах Савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па навуцы і адукацыі Мікіта Марчанкаў. Ён азнаёміў мінскіх падлеткаў са сваімі вынаходствамі і акцэнтаваў іх увагу на тым, што навука зараз становіцца ключавым фактарам як сацыяльна-эканамічнага развіцця, так і палітычнага ўзаемадзеяння. Айчынныя вучоныя таксама прэзентавалі свае распрацоўкі. Прызнаюся, калі слухаў іх, міжволі задаваўся пытаннем: ці разумеюць дзеці тое, пра што ім гавораць са сцэны? Але праз некаторы час зразумеў: яны размаўляюць на адной мове. Гэты праект мы працягваем, бо бачым зацікаўленасць у ім.
А яшчэ вельмі прыемна, калі ў аўдыторыі падыходзіць настаўнік з просьбай працягваць далей школу маладых журналістаў або блогераў. Увогуле, праведзеная работа мае каштоўнасць, калі ёсць водгук аўдыторыі, а ён ёсць.
— Першапачаткова таварыства было ўсесаюзным. А ці падтрымліваеце вы з кім-небудзь партнёрскія адносіны на постсавецкай прасторы?
— Пра дзейнасць нашых “Ведаў” добра ведаюць у Расіі. Мы намецілі планы на будучыню з аднайменным расійскім таварыствам. Ужо ёсць дагавор з Расійскай асацыяцыяй палітычнай навукі, які мы падпісалі ў рамках форуму Саюзнай дзяржавы ў Светлагорску Калінінградскай вобласці. У нас сфарміраваліся добрыя адносіны з Грамадскай палатай Расійскай Федэрацыі. Да юбілейных мерапрыемстваў будзе падпісана дамова з вядомым у Беларусі расійскім фондам “Гістарычная памяць”. Безумоўна, мы назіраем за тым, як працуюць падобныя таварыствы ў розных краінах на постсавецкай прасторы, хоць зараз яны і называюцца па-іншаму.
Мы хацелі б, каб і “Настаўніцкая газета” стала нашым партнёрам, на яе старонках мы маглі б дзяліцца актуальнай інфармацыяй пра мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі. Пасля праекта “Беларусь адзіная” да нас прыйшла вялікая колькасць заявак на працяг сустрэч на гістарычную тэматыку. Шчыра скажу: усе заяўкі задаволіць мы не ў сілах, таму пакуль прапаноўваем ладзіць сустрэчы са студэнтамі і педагогамі па абмеркаванні падручніка “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Хоць увогуле мы адкрыты да розных прапаноў.
— Вадзім Францавіч, падзяліцеся, калі ласка, планамі развіцця і далейшай перазагрузкі “Ведаў”.
— Наступны год стане перыядам больш планавай і сістэмнай дзейнасці. Пры гэтым мы пастараемся захаваць той драйв, які атрымлівалі на працягу гэтага года. Мы ні ў якім разе не павінны дапускаць самазаспакоенасці і фармалізму ў рабоце і не зніжаць тэмп. Мы вельмі крытычна ставімся да сваёй дзейнасці, таму будзем мяняць фармат нашых знакамітых дыялогавых пляцовак: зробім іх больш дыскусійнымі і дыялогавымі з удзелам некалькіх спікераў, якія нацэлены на вырашэнне канкрэтных праблем пэўнага рэгіёна ці прадпрыемства.
Уся каманда “Ведаў” ставіць амбіцыйныя задачы, на рэалізацыю якіх будзе накіравана яшчэ больш сур’ёзная работа ў наступным годзе. Асаблівую ўвагу ўдзелім далейшай рабоце ў рэгіёнах. Тым самым “Веды” будуць маштабаваць паспяховыя сёлетнія практыкі і запусцяць новыя фарматы дзейнасці.
Зараз рыхтуемся адсвяткаваць юбілей вялікім інтэлектуальным марафонам з нашымі вядучымі лектарамі на базе Акадэміі кіравання. Ёсць задума ў Мінскім гарадскім палацы культуры правесці гістарычны фестываль.
“Веды” — гэта шматлікая каманда, кожнаму ўдзельніку якой я хацеў бы падзякаваць за плённую працу і павіншаваць з надыходзячым святам!
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.