Мнагаклетачныя водарасці. Урок біялогіі ў 7-м класе

- 14:02II И III СТУПЕНИ, Биология. Сценарии, Методичка

 

 

Людміла АМЕЛЬЧАНКА,
настаўнік біялогіі і хіміі
ДУА “Бярозавіцкая сярэдняя школа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць

ludaamelchenko@gmail.com

 

 

Тэма ўрока. Мнагаклетачныя водарасці.

Клас: 7-ы.

Мэта ўрока: сфарміраваць прадстаўленні вучняў пра асаблівасці будовы і працэсы жыццядзейнасці мнагаклетачных водарасцей.

Мэта ўрока мовай навучэнцаў: у канцы ўрока я змагу назваць прадстаўнікоў мнагаклетачных водарасцей і даць ім характарыстыку.

Прагназуемы вынік урока:

– навучэнцы ведаюць асаблівасці асяроддзя пражывання, будовы і працэсы жыццядзейнасці мнагаклетачных водарасцей;
– прыводзяць прыклады прадстаўнікоў мнагаклетачных водарасцей;
– тлумачаць прыметы падабенства і адрознення мнагаклетачных і аднаклетачных водарасцей;
– характарызуюць умовы жыцця мнагаклетачных водарасцей;
– ведаюць тыпы і спосабы размнажэння мнагаклетачных водарасцей.

Тып урока: камбінаваны.

Матэрыялы і абсталяванне: карткі з заданнямі, табліцы з выявамі мнагаклетачных водарасцей, гербарый розных відаў водарасцей, набор гексаў, “Святлафор”, канструктар “Банчэмс”, дыван для работы з канструктарам.

 

Ход урока

Ι Арганізацыйна-псіхалагічны этап

Стварэнне спрыяльнай псіхалагічнай абстаноўкі і матывацыя вучняў на маючы адбыцца ўрок.

Добры дзень! Мне прыемна сустрэцца з вамі. Паглядзіце ў акно. На вуліцы восень, адкрасавалі кветкі, асыпалася лісце, і настрой стаў асеннім. Усе гэтыя кветкі (настаўнік паказвае на выразаныя кветкі) раней раслі на вялікай сонечнай паляне. Уявіце, што наш клас і ёсць чароўная сонечная паляна. Каб развеяць восеньскую тугу і дабавіць нам на ўрок летняга настрою, давайце прымацуем кветкі на сваім рабочым месцы там, дзе вам спадабаецца (да кветкі на край прымацаваны маленькі кавалачак скотчу). Паглядзіце, у класе стала цяплей і весялей, таму што зацвілі кветкі, а з імі і вашы ўсмешкі. Давайце з такім настроем і пачнем наш урок.

 

ΙΙ Праверка дамашняга задання

На дошцы знаходзіцца спецыяльны дыван з выявай хламідаманады (але там адсутнічае святлоадчувальнае вочка і ёсць толькі адзін жгуцік), зробленай з канструктара “Банчэмс”.

Аднаму з вучняў патрэбна пайсці да дошкі, каб расказаць пра асяроддзе пражывання хламідаманады, выправіць памылкі на дыване і растлумачыць, навошта гэтыя структуры (якія дабавіў вучань) патрэбны дадзенай водарасці.

Другі вучань павінен паказаць і назваць асаблівасці будовы і размнажэння хламідаманады.

Трэці вучань з дапамогай канструктара “Банчэмс” з хламідаманады будуе (у той момант, калі другі вучань расказвае пра асаблівасці размнажэння хламідаманады) выяву хларэлы і расказвае пра асаблівасці яе будовы, харчавання і размнажэння.

 

ІІІ Арыенціровачна-матывацыйны этап

Настаўнік дэманструе на дошцы табліцы з выявамі спірагіры, ламінарыі, ульвы, макрацыстыса, фукуса. Прапануе вучням адказаць на пытанні:

– Да якога царства жывых арганізмаў можна аднесці дадзеныя аб’екты?

– Гэта аднаклетачныя ці мнагаклетачныя арганізмы? Чаму вы так лічыце?

Настаўнік просіць падумаць над назвай тэмы ўрока і яго мэтай.

Вучні з дапамогай настаўніка вызначаюць тэму і мэту ўрока. Запісваюць дату і тэму ўрока ў сшыткі. 

 

ΙV Аперацыйна-пазнавальны этап

На дошцы знаходзяцца чатыры гексы: мнагаклетачныя водарасці (цэнтральны гекс), спірагіра, ульва, ламінарыя (выкладваюцца вакол цэнтральнага гекса).

Настаўнік дзеліць клас на тры групы. У кожнай групы – адзін з прадстаўнікоў мнагаклетачных водарасцей. Кожны вучань вывучае свой раздзел інфармацыі ў падручніку, запісвае ключавыя словы гэтай інфармацыі на пустыя гексы. Затым прадстаўнік ад кожнай групы прыкладвае свой гекс з ключавымі словамі на дошку і паведамляе інфармацыю. У ходзе тлумачэння астатнія вучні робяць сабе запісы ў сшытак.

Настаўнік каардынуе работу вучняў, карэкціруе іх адказы. Інфармацыю пра работу груп атрымлівае з дапамогай “Святлафора” (зялёны колер – усё зразумела, усё зрабіў; жоўты – ідзе праца; чырвоны – патрэбна дапамога).

 

Фізкультмінутка. Прыём “Ажыві казку”

Вучні становяцца паміж партамі. Настаўнік чытае казку, дэманструе рухі і просіць вучняў паўтараць за ім.

 Цягнулася да яго сваімі ілжэножкамі (паднялі рукі ўверх і пацягнуліся на насочках, зрабілі глыбокі ўдых, апусцілі рукі). Амёба была дружалюбная, любіла гуляць і вітаць сваімі ілжэножкамі суседзяў. Вось яна пабачыла сваю сяброўку справа (павярнуліся ўправа), усміхнулася і памахала ёй ілжэножкай (вучні ўсміхнуліся і памахалі свайму суседу справа), вось яна пабачыла суседку злева (павярнуліся ўлева), усміхнулася і памахала ёй таксама ілжэножкай (усміхнуліся, памахалі суседу злева). Амёба пагуляла і адправілася дадому (вучні селі за парты).

Дадаткова настаўнік коратка расказвае пра фукус і макрацыстыс.

 

V Кантрольна-карэкцыйны этап

1. На дошцы – карткі з прыметамі водарасцей. Патрэбна раздзяліць іх на тры групы: прыметы, характэрныя для ульвы, спірагіры і агульныя прыметы.

– мнагаклетачная водарасць;
– аўтатроф;
– прымацоўваецца рызоідамі;
– ніткавая водарасць;
– насельніцтва многіх прыморскіх краін ужывае яе ў ежу;
– хларапласт мае выгляд спіральна закручанай стужкі;
– ёсць ядро;
– характэрны палавы працэс кан’югацыя.

 

2. Карткі з заданнем.

Уважліва прачытайце тэкст. Устанавіце па апісанні і запішыце два прыстасаванні ламінарыі да воднага асяроддзя, з чым звязаны гэтыя прыстасаванні па схеме: прыстасаванне – прычына ўзнікнення прыстасавання.

Ламінарыя, або “марская капуста”, – род марскіх водарасцей з класа бурыя водарасці. Слаявішча ў выглядзе пласцінкі, роўнай ці маршчыністай, даўжынёй ад некалькіх дзясяткаў сантыметраў да 20 м, бурай афарбоўкі, прымацоўваецца рызоідамі. Растуць ламінарыі, утвараючы густыя зараслі ў месцах з пастаянным цячэннем. Вялікія “падводныя лясы” звычайна ўтвараюцца на глыбіні 4–10 м.

Адказ: 1) Наяўнасць рызоідаў для ўтрымання пры моцным цячэнні; 2) Наяўнасць бурага пігменту для фотасінтэзу на вялікай глыбіні; 3) Слаявішча вялікай даўжыні для дасягнення верхніх слаёў вады, для таго каб ажыццяўляўся фотасінтэз.

 

VI Падвядзенне вынікаў. Выстаўленне адзнак

Настаўнік вяртаецца да мэты ўрока. Навучэнцы даюць настаўніку адваротную сувязь пра дасягненне мэты з дапамогай “Святлафора”.

Выстаўленне адзнак.

 

VIІ Дамашняе заданне

§10, пытанні 1–4.

 

VIIІ Рэфлексія. Прыём “3×2×1”

3 новыя паняцці, якія я даведаўся на ўроку;
2 факты, якія мяне здзівілі;
1 самая важная думка, якая ў мяне ўзнікла.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий