Роля лялькі на ўроках нямецкай мовы ў пачатковай школе  

- 10:09ИНОСТРАННЫЙ ЯЗЫК, Иностранный язык в начальной школе, Методичка

Фарміраванне першасных камунікатыўных навыкаў на замежнай мове праходзіць дынамічна, арганічна і лёгка, калі “ажывіць” іх даступным спосабам — выкарыстоўваць на занятках лялькі.

Інеса КРАСІКАВА,
настаўнік нямецкай мовы
ДУА “Гімназія імя Я.Купалы” г. Мазыра,
Гомельская вобласць

inessa.krasikova@yandex.ru

 

 

„Guten Tag! Hallo, wie geht ‘s? Hast du heute gute Laune?“ Кожны мой занятак па нямецкай мове ў пачатковай школе пачынаецца з гэтых слоў. Вось так адразу, з першых хвілін заняткаў вельмі важна ўводзіць навучэнцаў у атмасферу іншамоўнай камунікацыі.

Праблема матывацыі да вывучэння нямецкай мовы яшчэ не стаіць у пачатковай школе, бо трэцякласнікам цікава ўсё: незвычайнае гучанне іншаземнай мовы, новыя незнаёмыя словы, якія трэба “раскадзіраваць” і зразумець, напісанне слоў і сказаў. Але з кожным днём, з кожным годам па меры ўскладнення вучэбнага матэрыялу матывацыя можа паніжацца. Перад кожным настаўнікам узнікае тады пытанне: “Як падтрымаць цікаўнасць да свайго вучэбнага прадмета?”

У далёкім ужо 2016 годзе я пазнаёмілася з незвычайным, творчым, улюблёным у сваю працу чалавекам – берлінскай тэатральнай актрысай і педагогам Зузі Клаўс. Мы, настаўнікі нямецкай мовы, атрымалі выдатную магчымасць стаць удзельнікамі яе майстар-класу, а затым, разам са сваімі вучнямі, і гледачамі яе лялечнага спектаклю „Apfelmännchen“.

Зузі Клаўс адкрыла тады для нас чароўны свет лялькі. У рамках яе майстар-класу мы пазнаёміліся з рознымі прыкладамі лялек: ад папяровых, якіх тут жа змайстравалі пад кіраўніцтвам Зузі, да прафесійных, якія маюць своеасаблівую міміку, могуць адкрываць рот, лыпаць вачыма, рухаць нагамі і рукамі. Наш педагог прадэманстравала таксама прыёмы работы з гэтымі лялькамі. Напрыканцы ўсе прысутныя атрымалі заданне аб’яднацца ў пары і паказаць свой фантазійны лялечны міні-дыялог. Паколькі ўвесь майстар-клас праходзіў на нямецкай мове, усе прысутныя мелі магчымасць удасканальваць свае камунікатыўныя навыкі. Многія калегі задавалі свае пытанні, выказвалі ідэі і прапановы, абмеркавалі прыёмы выкарыстання лялек на вучэбных занятках і ў пазакласнай дзейнасці.

Сустрэча, майстар-клас і спектакль Зузі Клаўс тады вельмі ўразілі мяне, і я захапілася гэтай ідэяй, таму адразу паспрабавала працаваць з лялькамі на сваіх вучэбных занятках. Мы нават паказалі казку “Чырвоны Капялюшык” у рамках тыдня нямецкай мовы.

Калі ў гэтым навучальным годзе я зноў прыйшла ў трэція класы, то ўспомніла пра лялькі. У мяне засталося няшмат лялек, але гэтага хапіла, каб зацікавіць маіх вучняў. І вось зараз кожны ўрок да іх прыходзяць Дракончык Дані, добры Паліцэйскі Пэтэр, Прынцэса, Чырвоны Капялюшык і яе Бабуля, хітры і вясёлы Касперле. Дракончык Дані заўсёды пытаецца ў навучэнцаў пра настрой і здароўе кожнага, паліцэйскі Пэтэр дае заўвагі тым, хто няўважлівы, Касперле хваліць за стараннасць, а Чырвоны Капялюшык і яе Бабуля супакойваюць тых, у каго адразу штосьці не вельмі атрымліваецца на занятку.

Лялькі для маіх навучэнцаў – гэта істоты, якія жывуць побач і маюць свой характар. З лялькай можна размаўляць толькі на нямецкай мове, яна дапамагае вучыцца, ніколі не пакрыўдзіць, а, наадварот, заўсёды палепшыць настрой. Многія навучэнцы, па маім меркаванні, любяць вучыцца з лялькай. І вось ужо яны прыносяць з дому свае лялькі, каб на занятках разыграць свой маленькі дыялог з суседам па парце, вывучыць разам новыя словы, сказы, навучыцца ставіць пытанні на нямецкай мове.

Увогуле, фарміраванне першасных камунікатыўных навыкаў на нямецкай мове праходзіць дынамічна, арганічна і лёгка, калі “ажывіць” іх вось такім даступным спосабам.

Сучасным дзецям не хапае камунікацыі ў сваёй сям’і, дзе іх бацькі, а таксама браты з сёстрамі захоплены смартфонамі і інтэрнэтам. А так проста ўзяць у рукі ляльку і адно з адным пагаварыць.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий