Кола фальклору. Забава для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 13:24Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Сцэнарый мерапрыемства, прасвечанага беларускім веснавым святам

 

Лілія ЛІТАВАР,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 34 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– пашыраць уяўленні аб народных святах і абрадах, далучаць да багацця нацыянальнай культуры праз беларускія народныя гульні, танцы, песні, прыказкі, прымаўкі і пацешкі;
– развіваць увагу, хуткасць;
– выхоўваць пачуццё любові да роднага краю, цікавасць і павагу да культурных каштоўнасцей беларускага народа.

 

Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапісы – гучанне званоў, вясёлай і спакойнай народнай музыкі, песні “Бераг белых буслоў”(сл. У.Някляева, муз. В.Раінчыка), “Родная хата”, “Хлеб ды соль”(сл. Л.Пранчака, муз. Л.Захлеўнага); кола ад калаўротка, упрыгожанае бомкамі, якія замацаваныя стужкамі; сілуэты пералётных птушак; “дрэва” бярозка; буслы з ватных дыскаў на палачках у “гняздзе” па колькасці дзяцей; тэатральная цацка бібабо “Сонейка”; рознакаляровыя стужкі; дзве лаўкі; галінкі вярбы; стыкеры “Кветкі” і “Матылькі”; тэатральныя касцюмы для дзяцей – бабулі, дзядулі, цялятка; абрус, сурвэткі, кошыкі, фарбаваныя яйкі, кулічы, булкі; хусткі; дзве талеркі з цукеркамі; хлеб, соль, ручнік.

 

Папярэдняя работа: гутаркі пра народныя святы і абрады; завучванне прыказак і прымавак; заклічак, пацешак, вершаў, прыпевак, частушак, карагодаў.

 

Ход забавы

 

Музычная зала аформлена ў выглядзе беларускай хаты. Пасярэдзіне стаіць стол, засланы абрусам, па баках пастаўлены дзве лаўкі. На сцяне па баках  выявы царквы і касцёла.

У залу ўваходзяць дзеці пад беларускую народную музыку ў бела-чорнай вопратцы з зялёна-чырвонымі стужачкамі.

 

Прывітальная песня (карагод з разводкамі)

1-е дзіця:

Мы рады вітаць вас,
Шаноўныя госці!
Жадаем вам шчасця, радасці
Ды яшчэ весялосці!

 

2-е дзіця:

Сёння гульні ў нашай зале,
Ды не абы-якія,
Будзем гуляць
У гульні – веснавыя!

 

За дзвярыма чуецца грукат кола павозкі (упрыгожанае кола ад калаўротка).

 

Вядучы: Чуеце? Гэта кола фальклору імчыцца да нас. Яно нас і пракаціць па святах вясны. Кола фальклору коціцца толькі тады, калі пачуе прыказкі і прымаўкі.

Дзеці (коцяць кола адзін аднаму і гавораць прыказкі і прымаўкі):

– Гавары меней, думай болей.
– Татава хата ўсім багата.
– Лёгка пасварыцца, цяжка памірыцца.
– Не хвалі сябе, няхай другія пахваляць.
– Хто многа абяцае, рэдка слова трымае.
– Свая хатка, як родная матка.
– Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.
– Радзіма ярчэй за сонца, даражэй за золата.
– Хто пытае, той шмат знае.
– Кветкам патрэбна сонца, а людзям мір.
– Адна ў чалавека маці, адна ў яго Радзіма.

Вядучы: Вось нешта тут прычапілася, пакуль кацілася наша кола (выхавальнік непрыметна прымацоўвае малюнак з парой года “Вясна”).

Дзеці: Гэта карцінка “Вясна”!

Вядучы: Будзем, дзеці, вясну запрашаць?

Дзіця:

Мы вясну гукаем,
Мы вясну чакаем,
Прыходзь, вясна!
З ручайком бурлівым,
З рэчкай гаманлівай,
Прыходзь, вясна!

Вядучы: А як у даўнія часы вясну гукалі?

 

Заклічка “Вясна – гу!”

Дзеці становяцца ў круг і ўсе разам гукаюць вясну з адпаведнымі рухамі:

– Вясна наша вясёлая – гу!
– Развесялі зямлю, ваду – гу!
– Зямлю, ваду і мяне маладу – гу!

 

Вядучы: А яшчэ як можна запрасіць вясну?

Дзеці: Паспяваць песні, расказаць вершыкі, карагоды павадзіць, паклікаць птушак.

Вядучы: Так, дзеткі. Беларусы вясной вельмі чакалі прысвятак Саракі, выпякалі птушак, аж сорак штук!

Дзеці:

Птушачкі, прыляціце,
Нам здароўе прынясіце!

Вядучы:

Прасіце, дзеткі, прасіце –
Усім, хто просіць,
Птушкі на крылах здароўе прыносяць!

 

Гульня “Птушкі прыляцелі”

Дзеці бяруць сілуэты пералётных птушак і развешваюць на “дрэве”.

Вядучы: Вось і бусел паказаўся над нашай малой радзімаю (выхавальнік звяртае ўвагу на “гняздо з бусламі”).

Дзіця:

Пакружыся, бусел,
Нізка над вярбою,
Пасяліся, бусел,
Побач на вярбе,
Песні Беларусі будзем пець табе.

 

Рытмічныя рухі з буслікамі

Гучыць песня “Бераг белых буслоў” у выкананні ансамбля “Верасы”.

Дзеці выконваюць рытмічныя рухі на выбар педагагічнага работніка па крузе, трымаючы буслікаў.

 

Вядучы: Наша малая радзіма – горад Ліда, такая прыгожая і сонечная!

Дзеці, прасіце ў сонейка цяпла! Бадзёрасці, дабра! Для нас і нашай малой радзімы!

Дзіця (з тэатральнай цацкай бібабо“Сонейка”):

Сонейка, сонца, выйдзі на горку,
Адчыні сваю каморку,
Дай цяпла дзеткам,
Птушкам і кветкам.

Вядучы:

А калі вясну чакалі,
Дык беларусы дрэвы прыбіралі!

 

Гульня “Упрыгож бярозку

Гучыць спакойная беларуская народная музыка, дзеці завязваюць рознакаляровыя стужкі на галінкі бярозкі.

 

Вядучы: А пасля ў карагод ставалі і спявалі!

Карагод “Сонца промні залатыя…”

Дзеці з выхавальнікам становяцца ў карагод і а капэла спяваюць карагод “Сонца промні залатыя…”

 

Вядучы: Беларусы – народ вясёлы! Так хлопцы і дзяўчаты збіраліся на ўзгорку і жартавалі.

 

Прыпеўкі на ўзгорку

Дзеці становяцца на лаўкі, хлопчыкі насупраць дзяўчынак, і па чарзе спяваюць прыпеўкі.

Дзяўчынкі:

У гародзе, у крапіве
Вырасла пятрушка.
Мяне вельмі хлопцы любяць,
Бо я весялушка.

 

Хлопчыкі:  

Дзяўчаты чарнабровы
Паехалі ў лес па дровы.
Зачапіліся за пень,
Прастаялі цэлы дзень.

 

Дзяўчынкі:

У Лідзе на базары
Хлопцы прадаюцца.
На капейку 40 штук –
І то задаюцца.

Хлопчыкі:

Ой пінжак, мой пінжак,
Парваныя плечы.
Чым такая вечарынка –
Лепш сядзець на печы.

Хлопчык:

Хопіць, сябры, жартаваць!
Кола фальклору будзем піхаць!

 

Дзеці коцяць кола па крузе, да яго “прычапляецца” галінка вярбы.

Вядучы: Што тут прыкацілася? Што гэта за галінка?

Дзеці: Гэта вярба.

Дзіця:

Я з вярбы дуду зраблю!
Заіграю: Ту-лю-лю!
“Бульбу”, “Кросны”, “Полечку”,
Каб пацешыць Волечку!

Вядучы: А нашыя хлопцы ўсё жартуюць з дзяўчынкамі!

Пакуль кола стаіць,
Аб Вербнай Нядзелі будзем гаварыць?
Час хутка ідзе,
Час ужо вярбу прыбіраць!

 

Творчае заданне “Упрыгож вярбу”

Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці ўпрыгожваюць галінкі вярбы за сталамі стыкерамі, стужкамі.

 

Вядучы: Вярбу прыбралі, ды Госпада Бога чакалі. Пойдзем да храмаў.

 

Інсцэніраванне “У храме Вербная нядзеля”

Гучыць запіс звонаў. Дзеці з вербамі падыходзяць да малюнкаў храмаў (касцёла і царквы), падымаюць вербы, “асвячаюць”іх.

Вядучы: А калі вярталіся дамоў, усіх частавалі вярбовымі пачастункамі.

1-дзіця:

А людзі між сабою
Пацяшаюцца вярбою.
Ніхто нікога не міне –
Ні цябе, ні мяне.

2-дзіця:

І мяне, і цябе
Кожны дубцом сцебане.
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень – Вялікдзень!

Вядучы:

Пачастуем вярбою і гасцей,
Каб хадзілі да нас часцей !

 

Гульня “Вярбовыя пачастункі”

Дзеці б’юцца” галінкамі вярбы, жартуюць з гасцямі.

Вядучы: Па народным павер’і галінку вярбы ставілі ў хаце, бо яна ратуе ад маланкі, хваробу праганяе, а яшчэ скацінку ў поле выганяе.

Дзеці ставяць галінкі.

 

Інсцэніроўка “Прадай мне, бабанька, бычка” (выконваюць хлопчыкі і дзяўчынка)

Стук у дзверы. З’яўляецца бабка.

Бабка: Ці не бачылі вы майго бычка?

Дзеці: Не, не бачылі.

Бабка выходзіць за дзверы, вяртаецца з бычком (у ролі бычка – хлопчык), за ёю ідзе дзед.

Дзед: Куды збіраешся, бабка?

Бабка: На кірмаш! Бычка прадаваць!

Дзед: Прадай, бабанька, мне бычка!

Бабка:

Бычок у мяне буры-буры,
Заганяе свіней, куры.
Не, не прадам.

Дзед: Прадай, бабанька, мне бычка!

Бабка:

Бычок у мяне лысы-лысы,
Мые лыжкі мне і місы.

Дзед: Прадай, бабанька, мне бычка!

Бабка:

Бычок у мяне рабы-рабы,
Кожны дзень дапамагае,
Тэлевізар мне ўключае.
Не, не прадам.

Дзед: Прадай, бабанька, мне бычка!

Бабка: А колькі дасі?

Дзед: Бяры торбу грошай і мяне ў прыдачу!

Бабка: Вось і старгаваліся! І торба грошай, і бычок у мяне, і дзед у прыдачу!

Дзед:

А каб жылося нам весялей –
Заіграйце нам хутчэй!

 

Танец “Полька-весялуха” (выконваюць героі інсцэніроўкі і дзеці).

Бабка:

Вазьму галінку,
Пайду, пачастую сваю скацінку.

Дзед:

Выганю скацінку
На шырокую далінку!

Вядучы: Бабуля, дзядуля! Ганіце цялятка асвячонай вярбой.

Дзеці: Каб яно знала дарогу дамоў!

Дзед з бабкай выганяюць цяля.

 

Вядучы: Нешта кола наша рыпіць, у дарогу просіцца. Пара яго, хлопчыкі, каціць. Ужо Вялікдзень недалёка!

Хлопчыкі коцяць кола па крузе. Да кола прыладзілі “яйка”. Разглядаюць яйкі.

Вядучы: Як будзем рыхтавацца да свята Вялікдзень?

Дзіця:

А перад гэтым святам
У людзей працы багата.
Трэба мыць бялізну,
Гатавацца,
Усюды чыста прыбірацца.

Дзеці:

Хто зараз папрацуе,
Той на Вялікдзень пасвяткуе!

Вядучы: Што будзем рабіць?

Дзеці: Хату ўпрыгожваць, выпякаць кулічы, пірагі, булкі, яйкі фарбаваць, кошыкі прыбіраць да храма.

 

Ролевая гульня “Перадсвяточныя клопаты”

Гучыць вялікодна-абрадавая народная песня

Чырвонае кока ўжо недалёка
Каліна-маліна, ягадзіца!
Цыбульку лупіці, яечкі хварбіці,
Каліна-маліна, ягадзіца!
Яечкі хварбіці, хлопчыкам дзяліці,
Каліна-маліна, ягадзіца!

Дзеці прыбіраюць лаўкі, падмятаюць, упрыгожваюць кошыкі, засцілаюць сурвэткі, завязваюць хустачкі і збіраюцца да храмаў.

Вядучы: Ці ўсё зрабілі? Самы час, відаць, схадзіць памаліцца, прабачэння папрасіць, хлеб, соль, кулічы асвяціць у храме і ў цішы Вялікдзень чакаць.

Дзеці парамі падыходзяць да “храмаў”, кошычкі “асвячаюць” і вяртаюцца да хаты.

Вядучы: Чуеце: “Хрыстос уваскрос!” – “Сапраўды ўваскрос!”

Дзеці і дарослыя паўтараюць тры разы

Вядучы:

А ў хаце:
Яйкі на талерку клалі,
І вады налівалі.

1-дзіця: 

Яечка чырвонае, свячонае,
Талерачка залатая.

2-дзіця: 

Калі з яе будзем умывацца,
То будзем сілы набірацца.

3-дзіця: 

А калі яечкам тварык пакачаем,
Ружовенькімі адразу станем.

Вядучы: Сапраўды, так! Чырвонае яйка – гэта адраджэнне ўсяго жывога! Пакуль дзяўчаткі вершы пачытаюць, мы святочны стол накрыем!

1-дзіця:  

Ззяе сонейка ў акне,
Ззяе ў хаце нашай свечка.
Падарыла мама мне
Велікоднае яечка.
Не, яно не залатое,
Ды распісана затое
Яркай фарбаю яно,
Як у казцы ці кіно.
Я не плачу, а раву:
З рук маіх, нібы з гняздзечка,
Ой, скацілася ў траву,
Ой, пабілася яечка!

2-дзіця:  

Рада курачка вясне,
Ходзіць, бачу, недалечка.
Папрашу, каб знесла мне
Велікоднае яечка.
Не, яно не залатое,
Ды распісана затое
Яркай фарбаю яно,
Як у казцы ці ў кіно.
Мама мілая, павер:
З рук маіх, нібы з гняздзечка,
Не ўпадзе ў траву цяпер
Велікоднае яечка.
                      (М.Маляўка)

 

Практычныя дзеянні “Рыхтуем Велікодны стол”

Гучыць песня “Родная хата” у выкананні ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.

Дзеці засцілаюць абрус на стол, выкладаюць з кошыкаў пірагі, кулічы, соль, хлеб, фарбаваныя яйкі, кілбасы. Упрыгожваюць стол велікоднымі сувенірамі і сядаюць на лаўкі каля стала.

Вядучы:

Вось вам, дзеткі, па яечку,
Усіх віншую я сардэчна! (раздае па адным яйку з кошыка)
Каб час не марнаваць,
Гульні будзем пачынаць!
Спрадвеку чырвонымі яйкамі ў біткі гулялі.

 

Народная гульня “У біткі”

Падчас верша дзеці выконваюць адпаведныя дзеянні.

Дзіця:

Спачатку аб зубкі пастукайце,
Да вушка прыкладзіце, паслухайце.
Калі яйка гудзе – значыць моцным будзе.
А калі не – значыць нехта разаб’е.

Вядучы:

Ці гудзе? (дзеці адказваюць: “Гудзе!”)
А ў мяне – не!
Дзеці гуляюць у біткі паміж сабою, з гасцямі.

Дзіця:

Будзем яечкі качаць
Вунь да тых цукерак,
Што відаць з талерак.
Чыё яйка дакранецца,
Той з цукеркай застанецца.

 

Народная гульня “Дакаці яйка да цукеркі”

На талерках ляжаць цукеркі. Дзеці дзеляцца на каманды, катаюць па адным яйку ў напрамку талеркі. Чыё яйка дакранецца да талеркі, той і забірае цукерку. Гульня працягваецца пакуль не скончацца цукеркі на талерках. Падводзіцца вынік, дзеці дзеляцца паміж сабой цукеркамі ў камандах.

 

Вядучы: Усе цукеркі разабралі! Малайцы, рабяткі, хлопцы і дзяўчаткі!

Вось і скончыўся агляд
Некаторых веснавых свят!
Паважаныя дзеці і дарослыя,
Калі не будзеце на народныя святы забываць,
То добрае здароўе будзеце мець.
Традыцыі продкаў шануйце,
Добра працуйце, дзетак гадуйце!
І яшчэ…Я тут хлеб рашчыняла,
Усю ноч выпякала.
Запрашаю вас, госці, пачаставацца,
Ды пра нас не забывацца.

Гучыць песня “Хлеб ды соль” у выкананні ансамбля “Бяседа”.

Частаванне гасцей і ўдзельнікаў забавы хлебам і соллю.

Дзеці развітваюцца і за колам фальклору пакідаюць музычную залу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий