Гульня-віктарына “Беларусь – мая старонка”. Занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” ў старшай групе

- 15:10ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Наталія ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 12 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць у дзяцей асновы патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, замацоўваць уяўленні аб родным горадзе, абласных гарадах Беларусі, дзяржаўных сімвалах Беларусі (гімн, сцяг, герб);
– развіваць дыялагічную і маналагічную мову, уменне слухаць сваіх сяброў;
– выхоўваць у дзяцей патрыятычныя пачуцці, любоў да роднага краю.

Папярэдняя работа: разглядванне карты Беларусі, беларускага арнаменту, знаёмства з вырабамі народных умельцаў, завучванне вершаў, падрыхтоўка прэзентацыі “Мой Навагрудак”, гутаркі пра родны край, экскурсія па знакамітых мясцінах Навагрудчыны.

Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапісы – мінусавая фанаграма песні “Завешся ты ласкава Белай Руссю”(музыка Л.Захлеўнага, словы І.Лучанка); песня “Зямля мая азёрная” (словы Н.Галіноўскай, музыка Н.Галкінай); шапачка-маска для Ваўка (на дзіця); мультымедыйная ўстаноўка.

 

Ход мерапрыемства

 

Гучыць фанаграма песні “Завешся ты ласкава Белай Руссю”.

Выхавальнік.

Радзіма наша – Беларусь,
І, колькі ні шукай,
Не знойдзеш ты на ўсёй зямлі
Мілей, чым гэты край.
Не знойдзеш ты такіх людзей,
Іх сэрцы – дабрыня,
Яна струменіць, льецца ў свет
Крынічкаю штодня.
Таму ў жыцці не трэба быць
Няшчырым, сквапным, злым.
Не забывай: ты беларус!
І заставайся ім. (П. Пястрак)

 

Выхавальнік. Зямля бацькоў – жыцця крыніца. Менавіта тут, ля парога бацькоўскага дома, і пачынаецца наша з вамі агульная Радзіма – Рэспубліка Беларусь. І не важна, жывеш ты ў вялікім горадзе, ці ў маленькай вёсачцы. Толькі пад небам роднай Беларусі вы можаце знайсці сваё месца, раскрыць свае здольнасці, прынесці карысць грамадству, адчуваць сябе сапраўднымі патрыётамі Беларусі.

Дарагія сябры! Сёння мы з вамі правядзём інтэлектуальны рынг “Беларусь мая старонка” Вы згодны? (Так)

 

1. Тур “Мая Навагрудчына”

Назавіце горад у якім мы жывём (Навагрудак).
Назавіце вуліцы горада Навагрудка (Міцкевіча, Леніна, Савецкая, Скарыны).
Якія музеі ёсць у нашым горадзе?(Дом-музей А.Міцкевіча, гісторыка-краязнаўчымузей).
Якія прадпрыемствы горада вам вядомы? (Навагрудскі завод газавай апаратуры, Швейная фабрыкаБелКрэда, “Леор Пластык”, Навагрудскі завод металавырабаў, Навагрудскі хлебазавод).
Як называецца вядомае возера каля Навагрудка (Свіцязь).

 

Тур “Гарады Беларусі”

Галоўны горад Беларусі (Мінск).
Назавіце абласныя цэнтры нашай рэспублікі (Мінск, Гродна, Гомель, Брэст, Віцебск, Магілёў).
У якой вобласці мы жывём? (Гродзенскай).
Якія гарады наведвалі вы з бацькамі (Ліда, Баранавічы).
У якім горадзе ёсць мемарыяльны комплекс “Крэпасць-герой”? (Брэст).

 

3. Тур “Экалагічны”

Назавіце рэкі Беларусі (Днепр, Нёман, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Сож, Бярэзіна).
Якая рыба жыве ў азёрах Беларусі (Сом, карп, карась, шчупак).
Назавіце жывёлу беларускіх лясоў – сімвал Беларусі (Зубр).
Якая птушка можа зрабіць гняздо на страсе хаты? (Бусел).
Назавіце рэдкія віды жывёл і раслін, якія занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь (Чорны бусел, шэры журавель, сава, барсук, рысь, гарлачык белы, ветраніца, медуніца, чабор).

 

Выхавальнік. Малайцы дзеці, а цяпер я аб’яўляю гульнявы перапынак.

 

Гульня “Воўк”

Раз, два, тры, чатыры, (пляскаюць у далонi)
Зайчык вушы натапырыў (паказваюць вушы).
Iдзе з лесу воўк, воўк (імiтуюць хадзьбу).
Ён зубамi шчоўк, шчоўк (далонямi паказваюць клацанне воўчай пашчы).
Ты ж, ваўчына, пачакай! (пагражаюць пальцам адной рукi)
Як схаваемся, шукай! (прысядаюць, прыкрываюць далонямi твар i не варушацца).
Ідзе воўк і дзеці разбягаюцца.

 

4. Тур “Чым і кім славіцца мой край”

Хто такі Ф.Скарына? (Першадрукар).
Якіх вядомых гістарычных асоб Беларусі вы ведаеце? (Адам Міцкевіч, Ефрасіння Полацкая і г.д.).
Якую выдатную дату адзначаюць Беларусы 3 ліпеня?(Дзень Незалежнасці).
Назавіце першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага (Навагрудак).
Назавіце імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.(А.Р.Лукашэнка).

 

5. Тур “Што ты ведаеш пра Беларусь”

Дзяржаўныя сімвалы Беларусі (Сцяг, герб, гімн).
Расліна, якая з’яўляецца сімвалам працы і дабрабыту (Лён).
Колькі колераў мае беларускі сцяг? (Тры – зялёны, чырвоны, белы).
Як называецца галоўная песня краіны (Гімн).
Якія краіны з’яўляюцца суседзямі Беларусі (Польшча, Літва, Латвія, Расія, Украіна).

 

6. Тур “У госці да беларускай казкі”

Якімі словамі пачынаецца казка “Курачка Раба”.(“Жылі-былі дзед і баба. Была ў іх курачка Раба”).
Што казала Каза-манюка кожны раз дзеду, калі вярталася з пашы.(“Нідзе не была, нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла праз масток, ухапіла кляновы лісток”).
Якімі словамі заканчваецца казка “Як курачка пеўніка ратавала”(“Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка-маладзец! Тут і казцы канец”).
З якой казкі гэтыя радкі?

З доўгімі вусішчамі,
З чорнымі вачышчамі,
Зыркімі, лупатымі,
З лапамі рагатымі,
Шырачэзнымі ў шыі,
Клешні во якія! (“Рак-вусач”)

З якой казкі словы: “Карова, карова, дай масла! Пеўнік ляжыць, не дыхае, бабінкай падавіўся”? (“Як курачка пеўніка ратавала”).

 

Выхавальнік. І вось апошні тур “Спяваем разам”.

Дзеці выконваюць песню “Зямля мая азёрная”.

 

Выхавальнік. Сённяшняе мерапрыемства дало нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. I дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашым сэрцы заўсёды будзе адчуванне моцнай сувязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе непаўторную прыгажосць роднай зямлі. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

 

Красуй у прасторы вясновым,
Радзімая сэрцу зямля.
Сагрэтая сонцам і словам
Краіна-матуля мая.
Расквеціў лугі, пералескі
Цвіценнем і радасцю май.
Ляціце да воблакаў, песні.
Квітней, мой абуджаны край.
Хачу я ні многа, ні мала, —
Каб спраўдзіць надзею з надзей,
Каб ты, Беларусь мая, стала
Краінай шчаслівых людзей! (Л.Пранчак)

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий