Мадэль “SOS” як сродак фарміравання кампетэнтнасці сацыяльнага ўзаемадзеяння ва ўмовах інтэграванага (інклюзіўнага) навучання

- 10:07Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

Аўтар прапануе мадэль фарміравання сацыяльнай кампетэнцыі, якую лічыць эфектыўнай формай сацыяльнага ўзаемадзеяння ў класным калектыве.

 

Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

ДАДАТАК 1 ДАДАТАК 2 ДАДАТАК 3

Інклюзіўная адукацыя ўпэўнена ўкараняецца ў сістэму адукацыі Рэспублікі Беларусь. Інклюзія – сацыяльны феномен, і поспех інклюзіўнай практыкі залежыць ад валодання суб’ектамі адукацыйнага працэсу кампетэнтнасцю сацыяльнага ўзаемадзеяння.

Вопыт работы паказвае, што навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР), трапляючы ў сацыяльна-педагагічнае асяроддзе, сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з устанаўленнем сацыяльнага ўзаемадзеяння як з аднагодкамі, так і з педагогамі. Нізкі ўзровень развіцця кампетэнцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу павышае рызыку ўзнікнення сацыяльнай дэпрывацыі ў дзяцей з АПФР, і праблема фарміравання кампетэнцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння становіцца асабліва актуальнай ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі.

Ідэю выкарыстання калектыўнага спосабу навучання для фарміравання кампетэнцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння ва ўмовах сумеснай адукацыі прадставілі беларускія даследчыкі В.У.Хітрук і А.І.Панамарова, якія рэкамендуюць “ствараць умовы для актыўнай сумеснай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў (вучыцца разам, а не проста нешта выконваць разам)…, шляхам зносін у дынамічных парах, групах, калі кожны вучыць кожнага” [3, с. 224].

З мэтай павышэння эфектыўнасці фарміравання кампетэнцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання у нашай установе адукацыі на аснове тэхналогіі калектыўнага спосабу навучання была распрацавана мадэль “SOS”, якая прадугледжвае наладжванне міжасобаснага ўзаемадзеяння ў падсістэме: каардынатары – кансультанты – слабое звяно ў ходзе сумеснага навучання.

Мэта: стварэнне спрыяльных умоў для фарміравання кампетэнцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння ва ўмовах сумеснага навучання.

Узроўні сацыяльнага ўзаемадзеяння:

1) узаемадзеянне з самім сабой (працэсы самапазнання, самаразвіцця, самаацэнкі, самакантролю);
2) узаемадзеянне з іншым (прыняцце іншага як сябе);
3) узаемадзеянне ў падсістэме: каардынатары (педагогі) – кансультанты (моцнае звяно класа) – слабое звяно (навучэнцы з АПФР, слабапаспяваючыя вучні).

Асноўныя напрамкі сацыяльнага ўзаемадзеяння:

1) сацыяльна-камунікатыўнае: імкненне да супрацоўніцтва ў неаднароднай камандзе, камунікатыўнага ўзаемадзеяння;
2) індывідуальна-асобаснае: здольнасць да самаадукацыі, самаразвіцця, да асобаснага росту;
3) міжкультурнае: гатоўнасць да сацыяльна-культурнага дыялогу, здольнасць дапамагаць слабым, праяўляючы талерантнасць, памяркоўнасць.

 

Этапы фарміравання кампетэнтнасці сацыяльнага ўзаемадзеяння

 

І этап – арганізацыйны

Мэта: стварэнне камфортных умоў для аказання ўзаемадапамогі ў працэсе сумеснага навучання.

Задачы: сфарміраваць каманду “SOS” і размеркаваць абавязкі паміж членамі каманды; абсталяваць зону “SOS” дапаможным матэрыялам.

Вынік: падрыхтоўка да ўзаемадзеяння ў падсістэме фасілітатар – каардынатары – кансультанты.

Склад каманды “SOS”:

фасілітатар (настаўнік-дэфектолаг) – ажыццяўляе суправаджэнне дзейнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, аказвае кансультатыўна-метадычную дапамогу;
каардынатары (класны кіраўнік, педагогі) – забяспечваюць супрацоўніцтва вучняў на ўроках у сістэме “SOS”, прызначаюць кансультантаў сярод мацнейшых вучняў па вучэбных прадметах і каардынуюць іх дзейнасць;
кансультанты – моцнае звяно класа, аказваюць дапамогу па патрабаванні.

 

ІІ этап – дзейнасны (аказанне ўзаемадапамогі)

Мэта: арганізацыя сацыяльнага ўзаемадзеяння ў падсістэме: каардынатар – кансультанты – слабое звяно ва ўмовах сістэмы “SOS”.

Задачы:

1) арганізаваць правядзенне вучэбных заняткаў у сістэме “SOS”;
2) фарміраваць кампетэнцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння вучняў у працэсе сумеснага навучання.

Алгарытм працы ў сістэме “SOS”:

1. Каму аказваем дапамогу?
Правіла: прыцягваць моцных вучняў да навучання слабых.
Усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу забяспечаны візуальным сігналізатарам “SOS”. У ходзе адукацыйнага працэсу навучэнец, які мае патрэбу ў дапамозе, падае чырвоны сігнал “SOS”, каардынатар выяўляе прычыну сігналу і вырашае, хто з кансультантаў здольны аказаць неабходную дапамогу. Настаўнік таксама карыстаецца сігналам “SOS” для атрымання дадатковага часу на ўроку, каб удзяліць больш увагі навучэнцу з АПФР (Дадатак 1).
2. Як аказваем дапамогу?
У аснове сістэмы “SOS” ляжыць дыферэнцыраваны падыход, які ажыццяўляецца на любым з этапаў урока (Дадатак 1).
Выкарыстоўваем наступныя прыёмы дыферэнцыраванай дапамогі з апорай на дапаможны матэрыял, размешчаны ў зоне “SOS”: чытанне з апорай на візуальную ўказку, паабзацнае чытанне, пераказ з апорай на візуальную сюжэтную стужку, пастаноўка дапаможных пытанняў, рознаўзроўневыя заданні, дадатак да задання ў выглядзе чарцяжа, схемы, указанне алгарытму для задання, прывядзенне аналагічнай задачы, карткі-падказкі з указаннем правіл, формул, запіс умовы ў выглядзе табліцы, схем, значкоў і іншыя.
3. Як ацэньваем?
Правіла: стварэнне сітуацыі поспеху.
Пры ацэньванні абапіраемся на прыёмы ацэначнай бяспекі: навучэнец – саўдзельнік ацэнкі, няхай спачатку ацэніць сябе сам; ацэньваць дзейнасць дробава, дыферэнцыравана; параўноўваць учарашнія і сённяшнія дасягненні навучэнца і адлюстроўваць гэта на “лесвічцы поспеху” (Дадатак 2); ацэньванне з узбадзёрваннем, пахвалой; для павышэння матывацыі навучання ўключыць слабога вучня ў склад каманды “SOS” у якасці памочніка-кансультанта (даручыць правесці фізкультурную хвілінку, маўленчую размінку).

Вынік: у ходзе вучэбнага ўзаемадзеяння навучэнцы набываюць найважнейшыя сацыяльныя ўменні: канструктыўна ўзаемадзейнічаць у камандзе, падтрымліваць добразычлівыя зносіны, суперажываць, разумець і паважліва ставіцца да суразмоўцы, кантраляваць свае паводзіны і дзеянні.

 

ІІІ этап – рэфлексіўны

Мэта: вызначэнне рэзультатыўнасці фарміравання кампетэнцыі сацыяльнага ўзаемадзеяння ў падсістэме: каардынатары – кансультанты – вучань з АПФР.

Выніковасць любой дзейнасці вызначаецца ў рэзультаце правядзення рэфлексіі: усім вучням у канцы ўсіх заняткаў прапануецца запоўніць “Рэфлексіўны індывідуальны ліст самаадзнакі” (Дадатак 3).

Вынік: даследчая дзейнасць рэфлексіі дазваляе ўсвядоміць свае памылкі, праблемы і ўбачыць пазітыўныя шляхі іх вырашэння праз уласны аналіз і асэнсаванне ўзаемадзеяння, параўнаць свае поспехі з поспехамі іншых вучняў.

Станоўчыя бакі ўкаранення мадэлі “SOS” у адукацыйны працэс відавочныя:

– менавіта падчас працы ў камандзе павялічваецца матывацыя да навучання не толькі ў моцных навучэнцаў, але і ў слабых;
– слабыя навучэнцы лепш успрымаюць дапамогу ад сваіх аднагодкаў, паказваючы сваю паспяховасць у навучанні;
– аказанне ўзаемадапамогі слабому звяну дае магчымасць моцнаму звяну адчуць задаволенасць ад свайго клопату пра іншых;
– класны калектыў становіцца больш дружным і моцным;
– удзел у камандзе садзейнічае фарміраванню станоўчых якасцей асобы: арганізаванасць, адказнасць, актыўнасць, спагадлівасць, добразычлівасць, імкненне да самаразвіцця, самаўдасканалення, да поспеху, гатоўнасць да ўзаемадапамогі, упэўненасць у сабе.

Прадстаўленая мадэль фарміравання сацыяльнай кампетэнцыі з’яўляецца перспектыўнай і эфектыўнай формай сацыяльнага ўзаемадзеяння ў класным калектыве, таму рэкамендуем яе выкарыстоўваць як на ўзроўні інтэграванай, так і на ўзроўні інклюзіўнай адукацыі.

 

Літаратура

1 Лаптева,М.Д. Компетентностьсоциальноговзаимодействия: компетентностныйсоставиподходы к формированию.Проблемыкачестваобразования/ Материалы XIV Всероссийского совещания / М.Д.Лаптева. – Уфа : Исследовательский центр проблем качества подготовки специалистов, – 243 с.
Шаталов, В.Ф. Учить всех, учить каждого/ Педагогический поиск / Сост. И.Н.Баженова. – М. : Педагогика, 1989. – 560 с.
Хитрюк, В.В. Основы инклюзивного образования [Электронный ресурс]: учеб.-метод. Комплекс / В.В.Хитрюк, Е.И.Пономарёва. – Барановичи : РИО БарГУ, 2014. – 358 c.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий