Ад вытокаў да сучаснасці: керамічны посуд з агоўскімі матывамі. Даследча-творчы праект

- 15:24Проекты

У рабоце апісаны вопыт навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Арыбал” і “Вясёлкавыя фарбы” Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” па вырабе набору керамічнага посуду на ганчарным крузе і роспісе ў беларускіх традыцыях.

 

Аўтары праекта:
Кірыл МЕЛЬНІКАЎ, 13 год
навучэнец аб’яднання па інтарэсах “Арыбал”
Дыяна АРХІПЕНКА, 15 год
навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Вясёлкавыя фарбы”

Кіраўнікі праекта:
Уладзімір ПАНАМАРОЎ,
Наталля ПАНАСЮК,
педагогі дадатковай адукацыі
ДУА “Жлобінскі гарадскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”,
Гомельская вобласць

 

Змест даследчай працы

– пашпарт праекта;
– уводзіны;
– асноўная частка;
– заключэнне;
– спіс выкарыстанай літаратуры.

Пашпарт праекта

Назва праекта: “Ад вытокаў да сучаснасці: керамічны посуд з агоўскімі матывамі”.

Тып праекта: даследча-творчы, кароткачасовы, інтэграваны.

Адукацыйная вобласць: дэкаратыўна-прыкладная творчасць.

Метады, выкарыстаныя ў праекце: тэарэтычныя (збор, вывучэнне, аналіз і сінтэз інфармацыі), эмпірычныя (мадэляванне, абагульненне атрыманых вынікаў, абарона праекта).

 

Праект выкананы ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Жлобінскі гарадскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” ў рамках раздзелаў праграмы аб’яднання па інтарэсах “Арыбал”.

 

Уводзіны

 

Традыцыйная культура заўсёды адлюстроўвала светапогляд народа, яго грамадскія каштоўнасці. Часам здаецца, што людзьмі забыта значна больш, чым засталося адкрыць, і таму чалавецтва ўсё мацней і мацней цягнецца да свайго мінулага. Рымары, каўпачнікі, кушняры, залатнікі – гэтыя прафесіі цяпер існуюць толькі ў кнігах, фільмах, на малюнках і яшчэ ў слоўніках. І такіх прафесій дзясяткі, а па свеце і сотні.

Калі ўглыбіцца ў карані гісторыі і ўспомніць, якую важную ролю ў станаўленні чалавецтва адыграла ганчарная справа, якой павагай і пашанай карысталіся людзі, якія ў дасканаласці валодалі гэтым нялёгкім, але жыццёва неабходным рамяством, становіцца зразумела, што і мы не павінны забываць на традыцыі нашых продкаў, мы павінны зберагаць і перадаваць будучым пакаленням тысячагадовыя веды нашай гістарычнай спадчыны. Быць звязуючым звяном паміж мінулым і будучым. Выхоўваць у навучэнцаў павагу і інтарэс да свайго мінулага, да традыцый сваіх прадзедаў. Берагчы іх і памнажаць.

Ганчарная вытворчасць дасягнула максімальнага росквіту ў канцы IХ стагоддзя, але далей намеціўся глыбокі спад, як на тэрыторыі Беларусі, так і ва ўсім свеце. Гэта было звязана з бурным развіццём індустрыі ў многіх краінах. Вытворчасцю посуду ўжо займаліся фабрыкі і заводы, вырабляючы мільённымі экзэмплярамі чашкі, міскі, вазы. Гэта рабіла ручную працу ганчароў неканкурэнтаздольнай. Ганчары закрывалі свае майстэрні, як і іншыя рамеснікі, і ўсё больш выбіралі працу на прамысловых прадпрыемствах. Так, з часам, да канца ХХ стагоддзя традыцыйны ганчарны промысел і наогул пераўтварыўся ў экзотыку, а ганчарныя вырабы цяпер усе больш выкарыстоўваліся як сувеніры альбо прадметы ўпрыгожвання інтэр’ера.

Народны мастацкі роспіс на Беларусі распаўсюджаны не так шырока, як кераміка. Але ўжо каля шасці тысяч год назад на керамічных вырабах з’яўляліся ўзоры і арнамент. Талеркі, кружкі ўпрыгожвалі магічнымі кругамі, цікавымі лініямі, таямнічымі ўзорамі. Выявы людзей, жывёл і раслін таксама можна было ўбачыць на знойдзеных керамічных прадметах у час раскопак.

Роспіс быў тэматычны. Калі, напрыклад, керамічны посуд прызначаўся для садавіны, на ім умелец маляваў садавіну. Лічылася, што дзякуючы роспісу актыўна развівалася выяўленчае мастацтва ў цэлым.

Агоўскі роспіс – незаслужана забытае народнае рамяство, але ў апошнія некалькі год яно атрымала “новае дыханне”.

Таму, прадметам даследавання стала вывучэнне ганчарнага промыслу нашай краіны, асаблівасцей беларускага роспісу і развіццё гэтых традыцый у наш час.

 

Мэта праекта: выраб набору керамічнага посуду на ганчарным крузе і роспіс у беларускіх традыцыях.

Задачы:

– пазнаёміцца з гісторыяй беларускай керамікі і ганчарнага промыслу; асаблівасцямі агоўскага роспісу;
– вывучыць тэхналогію вырабу традыцыйных відаў посуду з дапамогай ганчарнага круга і вырабіць іх, захоўваючы традыцыі;
– вывучыць тэхніку беларускага роспісу і распісаць керамічны посуд, захоўваючы традыцыі.

Праца над праектам была падзелена на некалькі этапаў.

Падрыхтоўчы этап: падбор інфармацыі, падрыхтоўка метадычнай літаратуры па тэме праекта, складанне перспектыўнага плана праектнай дзейнасці.

Даследчы этап: вывучэнне тэхналогіі і апрацоўкі вырабаў з гліны асаблівасцей беларускага роспісу.

Практычны этап: рэалізацыя прадуктыўнай дзейнасці – выраб керамічнага посуду пры дапамозе ганчарнага круга і роспіс беларускім арнаментам.

Заключны этап: аналіз вынікаў праекта, абагульненне вопыту па тэме праекта, падрыхтоўка і прадстаўленне прэзентацыі.

 

Асноўная частка

 

Ганчарная справа – гэта адзін з найстаражытнейшых відаў дзейнасці чалавека.

Неад’емным элементам у ганчарнай справе з’яўляецца непасрэдна сам ганчарны круг. Вынаходніцтва ганчарнага круга выклікала сапраўдны фурор у ганчарнай справе. З яго дапамогай можна было шматразова паскорыць і акультурыць вытворчасць гліняных вырабаў: посуд выходзіў з-пад рук ганчара больш тонкі і роўны.

Гэта была сапраўдная рэвалюцыя ў развіцці вытворчасці керамікі. У краінах Індыі, Егіпта і Месапатаміі сляды наяўнасці ганчарнага круга археолагі прыпісваюць да III–IV тысячагоддзя да нашай эры, у Кітаі і Старажытнай Грэцыі – тысячу гадамі пазней. У Паўночную Еўропу і Расію гэта вынаходніцтва прыйшло толькі ў эпоху Сярэднявечча. Характэрна, што з вынаходніцтвам ганчарнага круга рамяство з пераважна жаночага ператварылася ў мужчынскае, так як пры кручэнні цяжкога круга патрабавалася мужчынская моц.

З часу з’яўлення ганчарнага круга і да сучасных мадэлей ён прайшоў тры асноўныя этапы станаўлення. Гэта ручны круг, круг з нажным прывадам (кручэнне круга адбывалася пры дапамозе ног, якія верцяць цяжкі махавік, замацаваны знізу станка). Ну а пасля вынаходніцтва электрарухавіка, ён стаў электрамеханічным. Сёння гэта самы распаўсюджаны від ганчарнага круга, але ручныя і з нажным прывадам рэдка, але сустракаюцца.

Добра развітая ганчарная вытворчасць была раней і ў Беларусі. Ганчары былі ў кожнай вёсцы. Увесь посуд у хаце вырабляўся імі на самадзельных, драўляных ганчарных кругах, якія раскручвалі нагамі. З-пад рук майстроў выходзілі не толькі кружкі, міскі, але і шмат рознай іншай утвары. Гэта гарлачы, кубышкі, макітры, кветкавыя кашпо, рукамыйнікі і нават гарлачы-календары.

Ганчарныя вырабы выкарыстоўваліся таксама і ў якасці медыцынскага абсталявання. У ход ішоў розны гліняны посуд. У адным посудзе гатавалі зёлкі, у іншым захоўвалі сушаныя травы і карэнне. А самыя маленькія збанкі, якія за свае невялікія памеры называліся махоткамі, выкарыстоўваліся пры прастудах у якасці медыцынскіх банак. Таксама па заказах лекараў ганчары выраблялі спецыяльныя медыцынскія грэлкі ў выглядзе нізкага посуду з плоскім дном і вузкім горлачкам.

Сталовы посуд беларускія ганчары распісвалі спецыяльнымі керамічнымі фарбамі альбо ангобамі (жыдкімі каляровымі глінамі), пакрывалі шклопадобнай палівай – глазурай. Асабліва шмат выраблялася чарналашчанага посуду.

Набыўшы ганчарны круг, навучэнцы гуртка “Арыбал” вырашылі вырабіць набор керамічнага посуду з яго дапамогай, захоўваючы традыцыі беларускага ганчарнага промыслу.

Перш чым прыступіць да работы на ганчарным крузе неабходна распрацаваць эскізы: талеркі вялікай, міскі маленькай глыбокай, кружкі, гарлача.

Далей неабходна падрыхтаваць ком гліны. Дасканала яго перамяць і перабіць, каб як мага лепей пазбавіцца ад паветра і камячкоў. Не павінна заставацца ні адной паветранай кішэнькі, а таксама каменьчыкаў і цвёрдых камячкоў гліны.

Для вырабу любога ганчарнага посуду існуе адпаведная паслядоўнасць.

 

Этапы вырабу посуду на ганчарным крузе

 

1 этап. Дыск ганчарнага круга злёгку змочваем вадой. Падрыхтоўваем неабходныя інструменты.

2 этап. Падрыхтаваны ком гліны замацоўваем на крузе. Уключаем станок і выстаўляем аптымальную хуткасць кручэння. Адбываецца цэнтроўка кома гліны на крузе.

3 этап. У цэнтры адцэнтраванай гліны вялікімі пальцамі праціскаем адтуліну.

Неабходна звяртаць увагу на глыбіню праціснутай варонкі, каб не праціснуць дзірку ў донцы. Таксама неабходна як мага больш змочваць вадой рукі і гліну, каб не разбоўтаць ком і не збіць цэнтроўку.

4 этап. Рассоўваем атрыманую адтуліну, фармуючы гліняны тор і выраўніваем донца цыклем. Таўшчыня донца павінна быць 5–6 міліметраў. Патрэбны дыяметр лепш кантраляваць кронцыркулем, каб атрымаць выраб заданага памеру.

5 этап. Выцягваем цыліндр. Сценкі цыліндра павінны быць раўнамернай таўшчыні знізу да верху і толькі на самым версе неабходна зрабіць патаўшчэнне.

6 этап. Надаем выцягнутаму цыліндру форму задуманага посуду. Спачатку пашыраем сценкі знутры, потым завужваем, дзе неабходна. На рыльцы фармуем венцік.

7 этап. Сценкі посуду загладжваем шналлю на дыску, які верціцца з невялікай хуткасцю.

Гатовы посуд: талерку вялікую, дзве маленькія глыбокія міскі, дзве кружкі і гарлач ставім на паліцу да поўнага высыхання, а потым адпраўляем абпальваць у печ.

Пасля абпальвання посуд набывае характэрны для керамікі тэракотавы колер

 

Роспіс набору глінянага посуду

Гатовы гліняны посуд мы вырашылі распісаць у традыцыях беларускага народнага роспісу.

Беларускі роспіс – адносна малады від народнага мастацтва, які з’явіўся ў другой палове XIX стагоддзя. Роспісам займаліся як мастакі-прафесіяналы, так і народныя ўмельцы. Роспіс дзеліцца на дзве групы: арнаментальны (геаметрычныя і прыродныя матывы) і сюжэтны (з адлюстраваннем міфічных, рэлігійных сюжэтаў, бытавых сцэнак, пейзажаў). У агоўскім роспісе выкарыстоўваліся кветкавыя матывы.

Кветкі, лісце, трава, гронкі ягад, птушкі, казуркі, чалавечыя фігуры – традыцыйныя матывы беларускага роспісу. Ім упрыгожвалі куфары, шафы, шкло, тканіну, а таксама керамічны посуд.

Агоўскі роспіс узнік у пасёлку Агова і блізляжачых сямі вёсках на паўднёвым захадзе Беларусі. Гэта арнаментальны дэкор з выразным кветачным узорам матываў, які мае замкнёную кампазіцыю, без манернай надуманасці. Кветкі заўсёды малявалі ў абрамленні лісця – зверху ці знізу, з абодвух бакоў або ў вольным рытме. Сэнс малюнка тлумачыцца лёгка. Букет кветак сімвалізуе абсалютнае дабро, хвалепадобная лінія прадстаўляе сабой метафару зямной і нябеснай вады, вянок азначае вечнасць і нябесную дасканаласць, а ромбы і квадраты нагадваюць пра ўрадлівую зямлю.

Для таго каб выканаць роспіс посуду, неабходны наступныя матэрыялы: папера для эскіза, трафарэт. А таксама інструменты: пэндзлік і аловак. Роспіс выконваецца акрылавымі фарбамі, якія не губляюць інтэнсіўнасці колеру пры высыханні.

Набор посуду складаецца з шасці адзінак.

 

Этапы роспісу

1 этап. Распрацоўка эскіза кампазіцыі ў адпаведнасці з памерам посуду на паперы.

Талерка вялікая

Роспіс выкананы ў цэнтры посуду, а па краях – абводка (раслінны арнамент). У цэнтры – тры вялікія фантастычныя кветкі ў абрамленні лісця, галінак з ягадамі і больш дробных кветак. Завяршае кампазіцыю абводка, якая складаецца з расліннага арнаменту, галінкі з лісцем і ягадамі. Колеры кантрасныя. Роспіс кветак, злучных матываў (больш дробных кветак, гронак ягад, галінак) мае плоскасцевы характар. Паміж кветкамі выконваецца інтэрвал.

У аснове пабудовы букета кветак – трохкутнік. Роспіс выконваецца пастозна, акуратна ўводзячы працоўны колер уздоўж пялёсткаў і лісця. Пасля высыхання наносяцца дэкаратыўныя рыскі, ажыўкі, блікі.

Міска маленькая глыбокая

Міска маленькая глыбокая – дзве адзінкі. У аснове кампазіцыі – адна буйная кветка ў апраўленні лісця, кветак галінак з ягадамі. Па краю міскі – раслінны арнамент.

 

Кружка

Кружка – дзве адзінкі. Роспіс выконваецца з двух бакоў. У аснове кампазіцыі – букет, які складаецца з буйнай кветкі, мелкай кветкі, лісткоў і галінак з ягадамі. Па краі, зверху і знізу раслінны арнамент.

Гарлач

Гарлач. Роспіс выконваецца з двух бакоў, як кружка.

 

2 этап. Роспіс эскіза посуду на паперы

Колеры выбіраюцца кантрасныя. Роспіс кветак, злучных матываў (больш дробных кветак, гронак ягад, галінак) мае плоскасцевы характар. Паміж кветкамі выконваецца інтэрвал.

У аснове пабудовы букета кветак – трохкутнік.

Распрацоўваючы эскіз роспісу, неабходна ўлічваць законы кампазіцыі, падбіраць спалучэнне колераў, памятаць пра тое, што агоўскі роспіс – гэта завершаная, замкнутая кампазіцыя.

3 этап. Перанос эскіза на посуд з дапамогай трафарэта. Дамалёўка дробных элементаў

4 этап. Роспіс посуду па эскізу. Выкананне дэкаратыўных штрыхоў, ажывак, блікаў

Пасля заканчэння праекта была падрыхтавана прэзентацыя, у ходзе якой навучэнцы расказалі пра гісторыю ганчарнага промыслу, а таксама пра асаблівасці беларускага роспісу.

Заключэнне

Захаванне народнай культуры, народных традыцый мае ў наш час вялікае значэнне для выхавання падрастаючага пакалення. Мы павінны ведаць сваю гісторыю і зберагаць усе лепшае, назапашанае тысячагоддзямі.

За час працы над праектам была вывучана гісторыя ганчарнага промыслу на тэрыторыі Беларусі, асаблівасці агоўскага роспісу, набыты навыкі работы на ганчарным крузе.

У ходзе рэалізацыі праекта быў выраблены набор керамічнага посуду на ганчарным крузе з шасці прадметаў: вялікая талерка, дзве маленькія глыбокія міскі, дзве кружкі, гарлач, і выкананы іх роспіс у тэхніцы агоўскага роспісу.

На працягу рэалізацыі праекта назіралася даследчая дзейнасць вучняў. Яны з цікавасцю вывучалі гісторыка-культурную спадчыну беларусаў, выконвалі практычную работу, удасканальваючы свае ўменні і навыкі.

Асваенне тэхналогіі вырабу керамічнага посуду на ганчарным крузе дазволіць працягнуць працу па вырабе розных відаў посуду, характэрных для беларускай керамікі і ўдасканаліць навыкі ў традыцыях беларускага роспісу.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Пачынава, Н.В. Беларускі народны дэкаратыўны роспіс / Н.В.Пачынава. – Вышэйшая школа, 2005.
2 Пилар Наварро М. Практическое руководство. Декорирование керамики. История. Основные техники. Изделия /Наварро М. Пилар.– Ниола 21-й век, 2005.
3 Раманюк М.А. Сучасная кераміка Беларусі. Выяўленчае мастацтва. Беларусь./М.А.Раманюк. – Мн.,1981.
4 Оговская роспись – народное творчество Беларуси [Электронный ресурс]. – Рэжим доступа: https://veryimportantlot.com/ru/news/obchestvo-i-lyudi/tradicionnoe-iskusstvo-belarusi-ogovskaya-rospis. – Дата доступа: 05.01.2022.
5 Технология изготовления глиняных изделий на гончарном круге [Электронный ресурс]. – Рэжим доступа: http://patlah.ru/etm/etm-01/teh%20glina/goncar%20kryg/goncar%20kryg.htm. – Дата доступа: 05.01.2022.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий