Зіма. Канспект інтэграванага занятку па адукацыйных галінах “Дзіця і прырода”, “Развіццё маўлення”, “Выяўленчае мастацтва” (маляванне) для дзяцей сярэдняй групы (4–5 гадоў)

- 14:23ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

У ходзе занятку дзеці даведаюцца пра ўласцівасці снегу, навучацца ўстанаўліваць простыя прычынна-выніковыя сувязі і маляваць ватовымі палачкамі сняжынкі.

 

Наталля ЕРМАКОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Навадворскі дзіцячы сад Свіслацкага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– працягнуць фарміраваць уяўленні дзяцей пра ўласцівасці снегу (белы; халодны; мокры снег можна ляпіць, а сухі нельга; у цяпле снег растае), вучыць устанаўліваць простыя прычынна-выніковыя сувязі, адказваць на пастаўленыя пытанні;
– развіваць цікавасць да эксперыментавання, слыхавую і зрокавую ўвагу, пачуццё колеру і рытму, дробную маторыку, актывізаваць слоўнік, стварыць станоўчы эмацыйны настрой у групе;
– выхоўваць цікавасць да пазнання прыроды і адлюстравання сваіх уражанняў у выяўленчай дзейнасці.

Матэрыялы да занятку: пакет з крухмалам, узор сняжынкі, лісты сіняй паперы, гуаш белага колеру, снег, шкляначка, мячык, ватовыя палачкі.

Папярэдняя праца: назіранне за сняжынкамі, разглядванне іх на прагулцы, чытанне вершаў, загадак, прагляд ілюстрацый, зімніх пейзажаў.

 

Ход занятку

 

Стварэнне добразычлівай атмасферы прыём Камплімент

Выхавальнік: Давайце станем у круг, будзем перадаваць мячык з усмешкай і называць ласкава імя суседа і гаварыць яму прыемныя словы. Я буду першай: “Імя дзіцяці, ты вельмі хуткі, прыгожы і разумны хлопчык”.

 

Сюрпрызны момант “Скрып снегу”

На камп’ютары гучыць запіс “Скрып снегу”.

Выхавальнік: Што гэта за гук? Дзеці, да нас, напэўна, хтосьці спяшаецца. Хто гэта можа быць? (Дзед Мароз, Снягурачка, снегавік, зіма …).

Я вам зараз прачытаю загадку, і вам адразу стане зразумела, хто да нас спяшаецца на занятак.

Вось вам, дзеці, верш зімовы.
Падкажыце ў вершы словы.
Зімой даліны і сцяжынкі
Пакрылі белыя … (сняжынкі).

Выхавальнік: Правільна, гэта сняжынка (выстаўляю макет сняжынкі).

Сняжынка на працягу ўсяго занятку будзе з намі. Яна падрыхтавала для вас заданні, і мы будзем размаўляць, эксперыментаваць, маляваць, гуляць.

 

Разглядванне і эксперыментаванне “Што такое снег?”

Прапаную дзецям сесці на дыван.

Выхавальнік: Дзеці, скажыце, якая пара года зараз? (Зіма). Правільна, зіма. А што для вас зіма?

Дзеці: Белы снег, свята Новы год, падарункі, Дзед Мароз, лыжы, санкі.

Выхавальнік: Якія вершы вы ведаеце пра зіму?

Дзіця чытае верш, астатнія апладзіруюць. Выхавальнік прапануе дзецям перайсці за сталы, на якіх ляжыць на талерках снег, стаяць аднаразовыя шкляначкі.

Выхавальнік: Дзеці, а які ён, снег?

Дзеці: Белы, халодны, ледзяны, чысты.

Выхавальнік: Снег нам здаецца вельмі чыстым. Давайце разгледзім яго ўважліва. Вы ўжо не раз бралі яго ў рукі, калі гулялі на вуліцы. Давайце паназіраем, што станецца са снегам, калі пакласці на далонь.

Выхавальнік кладзе на далоньку кожнаму дзіцяці трохі снегу, і ўсе назіраюць, што адбываецца.

Выхавальнік: Куды знік снег з вашых рук?

Дзеці: Растаў.

Выхавальнік: Чаму ён растаў? Разгледзьце ваду, у якую ператварыўся снег у шкляначцы. Ці чыстая яна? Апусціце ў шклянку палец і скажыце, якая ў ім вада? (Халодная).

Выхавальнік: Зараз растлумачце, чаму нельга есці снег?

Дзеці: Снег брудны, з мікробамі, халодны, можа балець горла, захварэеш.

Выхавальнік: А многія з вас на прагулцы бяруць снег у рот, думаюць, што гэта марожанае. Марожанае прадаецца ў магазіне, можна самім зрабіць марожанае дома, а снег шкодны для здароўя і гэта небяспечна.

 

Праблемная сітуацыя “Чаму снег рыпіць?”

Выхавальнік прапануе дзецям падысці да стала, на якім ляжыць пакецік з крухмалам. Выхавальнік просіць дзяцей закрыць вочы і націскае рукой на пакет.

Выхавальнік: Што нагадвае вам гэты гук? (Рыпенне снегу).

Выхавальнік: Правільна. Снег рыпіць, калі на вуліцы моцны мароз. Пры моцным марозе снег не лепіцца.

Прапаную дзецям націснуць на пакет.

Выхавальнік: Калі на вуліцы надвор’е не вельмі халоднае, то снег ліпкі. Чым тады любяць займацца дзеці? (Адказы дзяцей).

Вывад пра ўласцівасці снегу: снег можа быць сухім і мокрым. Мокры снег можна ляпіць, а сухі нельга. Снег у цяпле растае і ператвараецца ў ваду.

 

Фізхвілінка “Зіма”

Зіма хадою смелаю
Да нас прыйшла здаля,
(крочаць на месцы)
І стала белай-белаю
Уся вакол зямля
(разводзяць рукі ў бакі).
Такія гурбы выраслі,
Як прывіды стаяць
(паднімаюць рукі ўверх).
На двор мы лыжы вынеслі –
Давай гуртом з’язджаць
(пляскаюць у далоні).
І хутка-хутка з горачкі
На лыжах мы ляцім
(імітуюць язду на лыжах).
Не холадна ніколечкі –
Нам весела ўсім
(пляскаюць у далоні).

 

Моўнае практыкаванне з мячом

Патрабую канкрэтных адказаў дзяцей.

Выхавальнік:

– Снег рыпіць пад нагамі, як… (сухая галінка);
– Сняжынкі падаюць ціха, як… (пярынкі);
– Мяцеліца завывае, як… (воўк);
– Вецер свішча, як… (чалавек);
– Што ўмее рабіць снег? (Падаць, кружыцца, ляцець, бліскацець, скрыпець, раставаць);
– Што ўмеюць рабіць санкі? (Стаяць, з’язджаць, бегчы, перакульвацца).

 

Гульня “Закончы сказ” і перадай наступнаму

У нашым выпадку перадаецца сняжынка, якая прысутнічае на занятку. Дзіця адказвае на пытанне і перадае наступнаму для чарговага пытання ад выхавальніка.

– На вуліцы ў рабят пачырванелі шчокі, таму што… (быў моцны мароз);
– Вечарам зімой рана цямнее, таму што… (дні сталі карацейшыя);
– Зімой весела, таму што… (можна катацца на санках, гуляць у снежкі, ляпіць снегавіка);
– Без цёплага адзення нельга выходзіць на вуліцу, таму што… (можна захварэць);
– На вуліцы зімой прыгожа, таму што… (усё пакрыта белым покрывам, лятаюць у паветры сняжынкі).

 

Практычная частка

Выхавальнік: Рабяты, наша Сняжынка засумавала, бо яна адна, без сябровак. Давайце ўсе разам створым чараўніцтва і намалюем для сняжынкі сябровак.

Сёння мы будзем маляваць сняжынкі ватовымі палачкамі. Разгледзім узор. Паказваю, як правільна маляваць. Прапаную дзецям намаляваць сняжынкі, як у мяне. Уключаю музыку, і дзеці пачынаюць маляваць. Індывідуальна дапамагаю тым дзецям, у каго не атрымліваецца. Перад практычнай дзейнасцю праводжу пальчыкавую гімнастыку.

Пальчыкавая гімнастыка

Гэты пальчык – дзядуля,
Гэты пальчык – бабуля,
Гэты пальчык – татачка,
Гэты пальчык – матуля,
Гэты пальчык – я.

Выстава малюнкаў, падвядзенне выніку

Гатовыя малюнкі размяшчаю на выставе. Прапаную дзецям падысці і палюбавацца, якія выдатныя малюнкі атрымаліся.

Выхавальнік:

– Давайце ўспомнім, пра што мы гаварылі на занятку?
– Што вам найбольш спадабалася?
– Які ў вас настрой?

Псіхагімнастыка

Выхавальнік: Зараз кожны з вас стане сняжынкай. Закрыйце вочы… Уявіце, што вы – маленькая сняжынка. Раптам падзьмуў вецер – і сняжынкі падняліся высока ў паветра, закружыліся. Сціх вецер – і сняжынкі супакоіліся і апусціліся ціха на зямлю.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий