Наш край у другой палове XІХ – пачатку ХХ ст. Урок гісторыі Беларусі ў 8-м класе  

- 17:03ИСТОРИЯ И ОБЩЕСТВОВЕДЕНИЕ, История и обществоведение. Сценарии, Методичка

Мэта прапанаванага ўрока – садзейнічанне развіццю пазнавальнай актыўнасці і самастойнасці вучняў праз выкарыстанне элементаў мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі, шасцівугольнага навучання. Для дасягнення адукацыйнай, развіваючай і выхаваўчай мэт выкарыстаны даследчая дзейнасць, прыёмы “мазгавы штурм”, “ХИМС”, “Веру – не веру”, гульні “Рэстаўрацыя”, “Чыстая дошка” і іншыя метады і прыёмы.

Святлана МАЕР,
настаўнік гісторыі
ДУА “Дварчанская базавая школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі” прадугледжвае правядзенне ўрокаў па тэме “Наш край”, што дазваляе пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі гістарычнага развіцця свайго рэгіёна.

Асаблівасць арганізацыі навучання пры засваенні краязнаўчага матэрыялу абумоўлівае выкарыстанне гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць”, матэрыялаў раённага краязнаўчага музея, арганізацыю праектнай (даследчай) дзейнасці вучняў.

На тэму “Наш край у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.” у 8-м класе адводзіцца дзве гадзіны. Гэты ўрок – другі. На першым уроку разгледжаны ваенна-палітычныя падзеі, якія закранулі жыхароў нашай мясцовасці ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.

Мэта ўрока – садзейнічанне развіццю пазнавальнай актыўнасці і самастойнасці вучняў праз выкарыстанне элементаў мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі, шасцівугольнага навучання. Для дасягнення адукацыйнай, развіваючай і выхаваўчай мэт выкарыстаны даследчая дзейнасць, прыёмы “мазгавы штурм”, “ХИМС”, “Веру – не веру”, гульні “Рэстаўрацыя”, “Чыстая дошка” і іншыя метады і прыёмы.

   

Клас:  8-ы.

Тэма: “Наш край у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.”.

Месца ўрока ў тэме: 31-ы ўрок, другі ўрок па тэме “Наш край у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. ”.

Тып урока: фарміраванне новых ведаў.

Мэты ўрока:

адукацыйныя

– вучні павінны ведаць асноўныя гістарычныя падзеі сваёй малой радзімы ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.;
– вучні павінны ўмець паказаць адлюстраванне агульнагістарычных працэсаў у канцы XІХ – пачатку XX стагоддзяў у “мясцовай” гісторыі; выкарыстоўваць метады вучнёўскага даследавання пры вызначэнні яго праблематыкі, зборы і апрацоўцы матэрыялаў, прадстаўленні вынікаў; рыхтаваць прэзентацыі праектаў пра гістарычныя працэсы (падзеі) і асоб;

развіваючыя

– стварыць умовы для развіцця аналітычнага мыслення, культуры вуснай і пісьмовай мовы;

выхаваўчыя

– выхоўваць разуменне значнасці захавання гістарычнай памяці пакаленняў для грамадзянскага станаўлення асобы, цікавасць да гістарычнага мінулага свайго роднага краю.

Абсталяванне: камп’ютар, сродкі мультымедыя, вучэбны дапаможнік, кніга “Памяць: Свіслацкі раён”, карта раёна, раздатачны матэрыял.

 

План

1. Вынікі сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў на Свіслаччыне.
2. Адукацыя. Дзейнасць Свіслацкай настаўніцкай семінарыі.
3. Іх шлях прайшоў праз Свіслаччыну. Славутыя ўраджэнцы нашага краю.

 

Ход урока

 І Арганізацыйна-матывацыйны этап (да 4 мін.)

Мэта этапу (чакаемы вынік): гатоўнасць вучняў да актыўнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці.

Педагагічныя задачы этапу: псіхалагічна настроіць навучэнцаў на плённую працу.

 

– Добры дзень! Сядайце! Паслухайце прытчу і паспрабуйце вызначыць яе асноўную думку.

Прытча пра дзве сахі

  У аднаго селяніна было дзве аднолькавыя сахі. Адну саху селянін браў з сабою ў поле, а другая заставалася стаяць у куточку. Саха, якая выкарыстоўвалася ў працы, была прыгожай, бліскучай. Другая ж пачынала іржавець. Аднаго разу сяброўкі сустрэліся. 
  – Скажы, чаму ты такая прыгожая? – спытала другая. – А я ўвесь час прастаяла ў куточку, і паглядзі, што са мной сталася.
  – Цябе загубіла тое, што ты не працавала, – адказала ёй сяброўка.

Вучні аналізуюць прытчу, выказваюць свае меркаванні.

– Праца робіць чалавека прыгажэйшым. Дзякуючы ёй, чалавек узбагачаецца і духоўна, і матэрыяльна. Спадзяюся, што праца на ўроку для кожнага з вас будзе карыснай і плённай.

– Прапаную вам гульню “Рэстаўрацыя”.

Заданне: складзіце радкі верша Н.Загорскай “Люблю цябе такой, якая ёсць, Зямля мая, зямля бацькоў святая …”, вызначыце тэму ўрока.

– Тэма ўрока “Наш край у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.”. (Вучні запісваюць тэму ў сшыткі).

 

ІІ Пастаноўка задач вучэбнай дзейнасці (да 2 мін.)

Мэта этапу: вызначэнне вучнямі задач вучэбна-пазнавальнай дзейнасці.

Педагагічныя задачы этапу: накіраваць вучняў на фармулёўку вучэбных задач урока.

– На папярэднім уроку мы даведаліся пра ваенна-палітычныя падзеі, якія закранулі жыхароў нашай мясцовасці ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Зыходзячы з тэмы, паспрабуйце сфармуляваць мэту і задачы сённяшняга занятку. (Вучні разам з настаўнікам фармулююць вучэбныя задачы – прыём “мазгавы штурм”).

 

ІІІ Аперацыйна-пазнавальны этап (27 мін.)

Мэта этапу: стварэнне ўмоў для вывучэння і асэнсавання навучэнцамі зместу асноўных пытанняў тэмы, развіццё пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў.

Педагагічныя задачы этапу: арганізаваць індывідуальную, парную, групавую дзейнасць вучняў, стварыць умовы для эфектыўнага ўзаемадзеяння вучняў пры рабоце ў парах і групах.

 

1 Вынікі сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. на Свіслаччыне.

Вучням прапануецца ўспомніць правілы складання ЛСМ.

 

Работа ў групах

Клас дзеліцца на групы, якія атрымліваюць заданні:

1-я група: вызначыць асаблівасці развіцця сельскай гаспадаркі Свіслацкага краю ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст, запоўніць каардынату К2.

2-я група: ахарактарызаваць становішча прамысловасці, гандлю на Свіслаччыне ў дадзены перыяд, запоўніць каардынату К3.

3-я група: запоўніць каардынату К4 “Сацыяльныя супярэчнасці Свіслацкага краю ў паслярэформенны час”, вызначыць іх прычыны.

 

Работа з кнігай “Памяць: Свіслацкі раён”

Групы працуюць з матэрыяламі артыкула “У паслярэформенны час”, картай раёна, запаўняюць у сшытках ЛСМ, рыхтуюць выступленні па сваёй тэме. Прадстаўнікі групы абараняюць праекты (выкарыстоўваючы матэрыял па тэме, кожная група тлумачыць атрыманы вынік, абараняе сваю работу). Настаўнік арганізуе дзейнасць класа. Вучні запаўняюць у сшытках ЛСМ: К2, К3, К4 (Дадатак 1).

 

Работа з гістарычным дакументам у парах

Вучні працуюць з дакументам, адказваюць на пытанні.

 

Дакументы сведчаць

Прамысловыя прадпрыемствы,
колькасць рабочых на іх у паветах Гродзенскай губерні

“В 1892 году в м. Свислочь находился кожевенный завод, где изготавливались следующие сорта кож: воловые (150 шт. на сумму 1350 рублей), коровьи (100 шт. – 350 рублей), телячьи (50 шт. – 50 рублей), конские (200 шт. – 600 рублей). Итого (500 шт. – 2350 рублей). На кожевенном заводе не было ни паровых машин, ни водяных, ни конных или тепловых двигателей. Рабочих насчитывалось насчитывалось трое человек взрослого мужского пола. Работали по 12 часов в сутки и получали по 50 копеек в день каждому рабочему. На заводе: имеется 6 чанов (т.е. станков). В течение года употребляется 7 бочек негашеной извести, 100 пудов еловой коры и 3 пуда деревянного масла. Сбыт изделий производится в окрестные места и в г. Варшаву. Завод располагается в деревянном здании. Производство на заводе идёт круглый год. Владелец завода русский подданный, не получивший образования мещанин Эля-Мошов Рубин.”

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне.
Ф.14 Воп.1. Спр.400. Л.1.

– На падставе азнаямлення са зместам дакумента адкажыце на наступныя пытанні і выканайце заданні:

1) Вызначыце, у чым заключаюцца асаблівасці развіцця прамысловасці на Свіслаччыне ў другой палове ХІХ ст.
2) Зрабіце вывад пра ўзровень прамысловага развіцця Свіслаччыны.
3) Папрацуйце з тэкстам па метадзе ключавога слова.

 

Фізкультхвілінка (2 мін.)

Вучні разам з настаўнікам выконваюць комплекс практыкаванняў для паляпшэння мазгавога кровазвароту:

1) Зыходнае становішча – седзячы на стуле.
1–2 – адвесці галаву назад, нахіліць назад;
3–4 – галаву нахіліць уперад, плечы не падымаць.
Паўтарыць 4–6 разоў.
2) З.с. – седзячы, рукі на поясе.
1 – паварот галавы направа,
2 – з.с.;
3 – паварот галавы налева;
4 – з.с.
Паўтарыць 4–6 разоў.
3) З.с. – стоячы, рукі на поясе.
1– махам левую руку занесці праз правае плячо, галаву павярнуць налева;
2 – з.с.;
3–4 – тое самае правай рукой.
Паўтарыць 4–6 разоў.

2 Культурнае жыццё нашай мясцовасці ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Адукацыя. Знакамітыя ўраджэнцы нашага краю.

Абарона праектаў

Навучэнцы абараняюць праекты, якія падрыхтаваны двума вучнямі як апераджальнае хатняе заданне (выкарыстоўваючы матэрыял па тэме, кожны навучэнец запаўняе гексы і тлумачыць атрыманы вынік, абараняе сваю работу). Настаўнік арганізуе работу класа.

Вучні слухаюць падрыхтаваную абарону праекта № 1 “Адукацыя. Дзейнасць Свіслацкай настаўніцкай семінарыі”, праекта № 2 “Іх шлях прайшоў праз Свіслаччыну. Славутыя ўраджэнцы нашага краю” (Дадатак 2, 3) і складаюць у сшытках кластары “Адукацыя. Дзейнасць Свіслацкай настаўніцкай семінарыі”, “Іх шлях прайшоў праз Свіслаччыну. Славутыя ўраджэнцы нашага краю”.    

 

ІV Кантроль, самаправерка і карэкцыя ведаў вучняў (да 8 мін.)

Мэта: паспяховае выкананне прапанаваных заданняў, выяўленне цяжкасцей і памылак, іх карэкцыя.

Педагагічныя задачы: арганізаваць выкананне вучнямі заданняў, вызначыць узровень засвоенасці вучнямі новага матэрыялу.

 

Гульня “Чыстая дошка”

Адкажыце на пытанні, якія размешчаны на дошцы.

1) Растлумачце, чаму большасць прамысловых прадпрыемстваў знаходзіліся ў мястэчках?
2) Дзе на Свіслаччыне ажыццяўляўся рознічны гандаль? Хто там працаваў?
3) Ці асобы з усіх саслоўяў прымаліся ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю?
4) Назавіце славутых ураджэнцаў нашага краю – дзеячаў другой паловы ХІХ ст, якія спрыялі развіццю культуры і асветы?
5) Ці можам мы адчуваць пачуццё гонару, гаворачы пра гісторыю нашага краю?

– А зараз прапаную выйсці да дошкі, пастроіцца ў адну лінію і адказаць на 10 сцвярджэнняў “так” ці “не”, растлумачыць сваю пазіцыю. Пры няправільным адказе навучэнцы займаюць сваё месца за партай (прыём “Веру – не веру”).

Ці верыце вы, што:

1) Большасць насельніцтва Свіслаччыны складалі сяляне? (Так)
2) Характэрнай рысай развіцця прамысловасці нашага краю другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. было пашырэнне дробнай вытворчасці і мануфактур? (Так)
3) У 1876 г. у мястэчку Свіслач адкрылася гімназія? (Не, настаўніцкая семінарыя)
4) Свіслацкая настаўніцкая семінарыя існавала ў 1876–1921 гг.? (Так)
5) Выпускнікі семінарыі мелі права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы? (Не)
6) У народным вучылішчы мястэчка Новы Двор у 1905 г. займалася 89 дзяўчынак і 16 хлопчыкаў? (Не, 89 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак?)
7) Камінская Эстэр Рахіль нарадзілася ў Поразаве. Яўрэйская тэатральная артыстка, заснавальніца яўрэйскага тэатра ў Польшчы. (Так)
8) Напалеон Орда – беларускі, літоўскі і польскі музыкант, мастак, кампазітар скульптар, педагог, выпускнік Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. (Не, Напалеон Орда – выпускнік Свіслацкай гімназіі)
9) Андрайковіч-Бутаўт Марыя Яраславаўна – вядомы жывапісец, удзельнік паўстання 1863–1864 гг. Пэўны час жыла на высылцы ў Расіі, пасля доўгі час жыла ў в. Гарнастаевічы. (Так)
10) Бітнер Уладзімір Адольф Здзіслававіч – адзін з настаўнікаў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. (Не, Бітнер – беларускі хірург, доктар медыцыны)

Пасля выканання заданняў настаўнік падводзіць вынікі.

 

V Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія (да 3 мін.)

Мэта этапу: асэнсаванне вучнямі зместу і вынікаў сваёй дзейнасці, ацэнка ступені дасягнення пастаўленых задач.

Педагагічныя задачы этапу: стварыць умовы для падвядзення вынікаў вучнямі  па вывучанай тэме.

 

– У пачатку ўрока былі вызначаны задачы. Давайце вернемся да іх і праверым, ці былі яны дасягнуты.

 

Рэфлексія (прыём “ХИМС”)

Настаўнік прапануе выказаць сваё меркаванне па вывучанай тэме. Інструкцыя для навучэнцаў:

Х – што добра атрымалася;
И – што было цікава;
М – што перашкаджала;
С – што ўзяў бы з сабою.

Настаўнік выстаўляе і каменціруе адзнакі, якія складаюцца з ацэнкі за работу на ўроку і выкананых заданняў.

 

VІ Дамашняе заданне (да 1 мін.)

Мэта этапу: усвядомлены выбар і паспяховае выкананне дамашняга задання.

Педагагічныя задачы этапу: падрыхтаваць вучняў да выбару дамашняга задання, прапанаваць ім некалькі варыянтаў дамашняга задання.

Абавязковае: Заданне 8 ці 9, с. 143 (на выбар).

 

Дадатакі 1-3

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий