Рыцар без страху і папроку… Да 215-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

- 17:15Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 імя І.П.Бохана г. Гродна”

 

 

 

 

Я запрашаю вас зрабіць экскурс у далёкую мінуўшчыну. Калі зірнём на ніву пісьменства XIX стагоддзя, то ўбачым арыгінальную постаць беларускага дудара – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які “першы ўзяў ва ўмелыя рукі беларускую дуду нашага народа, дабыў з яе песню, якую народ зразумеў…”

 

Жыве паміж намі дудар наш…
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў добры сын сваю матку.
                                     Янка Купала.

 

Мінула ўжо колькі вякоў, але ў памяці жыве шчыры патрыёт, верны сын роднага краю, якому ва ўмовах прыгонніцкага ладу не ўдалося на ўсю веліч разгарнуць свае творчыя крыллі…

На айчынным Парнасе імя класіка новай беларускай літаратуры, яе Патрыярха – найбольш вядомае. Ён быў паэт і драматург, рэжысёр і артыст, спявак і музыка. Нястомны змагар за беларускую нацыянальную культуру, дэмакрат, які патрабаваў павагі да простага люду. Вось такога Марцінкевіча – пакутніка, гуманіста, асветніка, энтузіяста беларускага слова, які дасягнуў такіх вяршынь, якія відаць праз гады і адлегласці, – мы помнім, шануем, прымаем…

Дык як жа павярнулася жыццё песняра? Дарога яго пакручастая, не гладкая, поўная адчаю, драматызму, светлых парыванняў, але ён тварыў, “сеяў беларускасць поўнаю жменяю”.

Біяграфія мастака слова з’яўляецца загадкай, таямніцай, слаба вывучаная. На жаль, многае, не занатаванае ў дакументах, не дайшло да нас, згубіўшыся ў гісторыі. Мне хочацца нагадаць найбольш важныя і цікавыя “імгненні”, якія сталі лёсавызначальнымі ў грамадзянскім і літаратурным подзвігу паэта.

Роднае гняздо – фальварак Панюшкавічы, што на Бабруйшчыне. Яны выпеставалі хлопца, натхнілі на творчасць. Тут, 4 лютага 1808 года, нарадзіўся будучы неардынарны пісьменнік. Пры хрышчэнні нараклі сына двума імёнамі – Вінцэнт і Якуб, бо з’явіўся ён на свет кволым хлопчыкам. Бацькі, турбуючыся за яго лёс, паспяшаліся ахрысціць сваё немаўля ў дзень яго народзін. Лёс склаўся так, што на Бабруйшчыне ён жыў не так доўга, але сваё творчае вымярэнне пісьменнік пачаў менавіта з зямлі продкаў. Тут малы Вінцук захапіўся прыгажосцю і непаўторнасцю родных краявідаў, удыхнуў у душу любоў і пяшчоту да роднага слова, да фальклору. Назіраў, як бавіць час моладзь, цешыўся яе скокамі пад скрыпачку або дуду: “Кожны божы твор прывязваецца да роднага кута, у якім, выходзячы з мацярынскага лона, выдаў першыя гукі, у якім падтрыманы чулымі, клапатлівымі рукамі бацькоў, ступіў першыя крокі. Таму я, выхаванец Бабруйскага павета, ужо ў пазнейшыя часы, неаднаразова наведваючы зямлю бацькоў, з цікавасцю прыглядаўся да побыту сялян, якія насялялі бабруйскія абшары”. Варта падкрэсліць, што жывучы ў Вільні, Мінску, Люцінцы, ён ніколі ні на хвілінку не парываў сваёй крэўнай повязі з малой радзімай:

 

Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны,
Што швейцарскія горы, старыя Афіны.
Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны,
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!

 

З маленства пісьменнік цягнуўся да ведаў, да прыгожага. Закончыў Бабруйскую павятовую школу, затым некаторы час жыў і вучыўся ў Пецярбургу на медыка, але не змог прызвычаіцца да анатаміравання і пакінуў вучобу. Выхаваннем малалетняга Вінцука займаўся духоўны апякун, крэўны сваяк па мацярынскай лініі – біскуп усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расіі – Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Сіроцкае паўгалоднае вясковае жыццё яму, гэтаму верабейку пад саламянай страхой, давялося памяняць на “сталічны лад” і “становіцца гарадскім ускормленым галубком-пестунком”. Асабліва яму запомніўся звычай перакульвання талерак: за якое-небудзь непаслушэнства хлопчык мусіў праседжваць разам з біскупам за адным сталом цэлы абед, галодны, над перакуленай талеркай.

Вільня – даўняя сталіца Беларусі. Яна пакінула вялікі след у жыцці паэта: ён цешыўся яе веліччу і славай, бо ўсё дыхала гісторыяй, даўніной, апавядала пра жыццё продкаў. У Вільні выдаў першую кнігу “Сялянка”. Тут яго дзеці – Каміла і Міраслаў – далі першыя музычныя канцэрты. Тут разыгралася драма з выдадзеным перакладам “Пана Тадэвуша” на беларускай мове. У Вільні вырашыўся і сямейны Вінцукоў лёс: падчас службы Вінцэнт пазнаёміўся з дачкой свайго працадаўцы-чыноўніка Юзэфай, якую шчыра палюбіў. Бацькі былі супраць іх шлюбу. У вачах будучага цесця Вінцэнт быў “гарбатым мужланам”, да таго ж зусім бедным, а дзяўчыне на той час мінула ўсяго 16 гадоў. Юнак выкраў сваю каханую, узяў з ёй шлюб і падаўся ў Мінск.

Вельмі плённым было жыццё ў Мінску. Тут ён распачаў сваю літаратурную і тэатральную дзейнасць. Працаваў чыноўнікам, затым перакладаў паперы з польскай мовы на рускую, быў архіварыусам.

Кажуць, напісанае застаецца. Верш, паэма, вершаваная аповесць, камедыя, фарс-вадэвіль, опернае лібрэта, публіцыстыка, пераклад – багата прадстаўлены ў жанрава-тэматычным дыяпазоне Марцінкевіча. Давайце ж больш уважліва ўчытаемся ў гэтыя радкі, ды адбяром з іх, як кажуць, зярняты…

У Мінску напісаны такія творы, як “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, аперэткі “Чарадзейная вада”, “Спаборніцтва музыкаў”. Але яны да нас не дайшлі. У пяцідзясятыя гады ў Марцінкевіча пасыпаліся, нібы зоркі з неба, адна кніжка за адной – “Гапон”, “Вечарніцы і Апантаны”, “Дудар беларускі”, зборнік “Цікавішся? – Прачытай!”. Пісаў ён на польскай і беларускай мовах. Але і тут не ўсё было проста… У вялікіх пакутах нараджалася новая беларуская літаратура. Вывесці з-пад саламяных стрэх беларускае слова аказалася невымерна складана. Беларускія газеты ды часопісы не выдаваліся, не было беларускай школы. Царскі ўрад ніяк не мог дараваць пісьменніку за тое, што ён узяўся абрабляць літаратурныя аблогі на той мове, якая пагарджалася, не прызнавалася.

Паэт пераадолеў усе выпрабаванні, якія чынілі яму цэнзура, паліцыя. З першых крокаў творчай дзейнасці Дунін-Марцінкевіч робіць галоўным героем простага чалавека, селяніна, мужыка. Усімі сіламі душы, невычэрпнай фантазіі жадаў ён вольнага, шчаслівага жыцця працоўнаму люду, верыў у гармонію-яднанне людзей розных саслоўяў. Вялікі знаўца беларускай кнігі А.Ельскі пісаў: “Марцінкевіч быў як бы пасланнікам неба, каб сеяць у сэрцах братоў адзінай роднай зямлі згоду і лагоднасць, паводле наказу нашага боскага збавіцеля як для багатых, так і для ўбогіх”.

Сапраўды, пісьменнік у жыцці быў вельмі дасціпны чалавек, вызначаўся жывым, вясёлым тэмпераментам, глыбокай эрудыцыяй, меў шчырае, спагадлівае сэрца.

Успамінаюцца радкі Уладзіміра Караткевіча, які ў гістарычным рамане “Каласы пад сярпом тваім” жывапісна і цёпла апісаў знешнасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: “На краёчку канапы, у кутку, сядзеў, зручна ўціснуўшыся ў мяккую падушку, нібы патануўшы ў ёй круглаватай фігуркай, маленькі дабрадушны гарбун. Горб у яго быў невялічкі і нагадваў бы лёгкую сутуласць, калі б толькі правае плячо не было вышэй за левае… Гарбуну было пад сорак пяць, але праставатыя блакітныя вочы, светла-русыя валасы, у якіх цяжка было заўважыць сівізну, румяны ўсмешлівы рот надавалі ягонаму абліччу добры, наіўны, у нечым дзяціны выраз. Зірнуўшы на яго, нельга было не сказаць: “Ах, які добры чалавек!”

Першы Марцінкевічаў твор, цалкам напісаны па-беларуску – вершаваная аповесць “Гапон”. Гэта як бы маніфест новай беларускай літаратуры. Яна даносіць да нас час, эпоху, побыт той далёкай пары. У цэнтры – селянін, няхай сабе прыгонны, прыніжаны, але не забіты. Не страціў вольналюбівую натуру, бачыў, што ў сялянскім асяроддзі ёсць людзі актыўныя, дзейсныя, якія не саступаюць панам ні ў розуме, ні ў дасціпнасці, здольны пастаяць за сябе:

 

Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы
Ля парога гаманяць,
А старыя чараўніцы
Цішком ля печы сядзяць.

 

У сваіх творах вучыць нас, дарослых, падрастаючае пакаленне паважаць старасць, бо старасць мудрая і разважлівая. Герой вершаванай аповесці ”Вечарніцы” – стары чалавек, тыповы сельскі мудрэц, памяць якога захавала безліч жыццёвых прыгод, выпадкаў, здарэнняў, якія мелі месца ў жыцці навакольнага люду. Моладзь збіраецца ў яго хаце: то на попрадкі, то дзеля гульні і забавы, але нязменна зборы гэтыя заканчваюцца апавяданнем дзеда-ўсяведа, ягонымі быліцамі.

Аповесць “Купала” вызначаецца дасканалым апісаннем купальскага свята з усімі яго абрадавымі ўрачыстасцямі, бытавымі праявамі, танцамі-карагодамі і песнямі.

Якасна новай цаглінкай у падмурак нашай літаратуры быў зборнік з акрэслена выразнай назваю “Дудар беларускі”. Аўтар меў цудоўны дар – вобразна маляваць народ: па-майстэрску адлюстраваны яго звычаі і норавы, будні і святы, мары і спадзяванні. Гэты зборнік завяршыў мінскі творчы ўзлёт. Больш яму не ўдалося выдаць у Мінску ніводнай кніжкі.

Яго зборнікі – “першыя вестуны прыгожага пісьменства Беларусі на славянскім літаратурным мацерыку”. Яны выклікалі сардэчны, шчыры, зацікаўлены водгук чытачоў, таму што ўзнімалі селяніна ў яго ўласных вачах, напаўнялі душы пачуццём уласнай годнасці.

Непадалёку ад Шчаўраў месціўся маёнтак Хацюхова, дзе паэт быў жаданым госцем. Тут ён прыпаў душою да пані Марыі Грушэўскай, якая стала ягонай другой жонкай. Першая, Юзэфа Бараноўская памерла. На яго руках засталіся дочкі – Каміла, Цэзарына, Элёдыя, Яўгенія, і сын Міраслаў.

Так атрымалася, што пісьменнік пакінуў Мінск. Ён купіў невялікі фальварак Люцінка і пражыў там больш за 40 гадоў. Гэта былі гады яго творчых узлётаў і горкага расчаравання, змагання і адчаю, маральнага задавальнення і ўпадку:

 

Незайздросная хата: дах – лата на лаце,
Ды затое свая, нібы родная маці….

 

Вось сярод такіх “харомаў” жыў і працаваў беларускі пісьменнік. Да пераезду Люцінка была даволі глухім, забытым Богам і людзьмі кутком. Але вось пасяліўся пісьменнік, і ўсё тут ажыло: дочкі наладзілі школу, сам паэт заняўся тэатрам, стварыў хор. Тут, у вясковай цішы, ён напісаў свае творы “Люцынка, альбо Шведы на Літве”, “З-пад Іслачы, або Лекі на сон”, якія прасякнуты духам даўняй гісторыі, сівой старажытнасці. Зрабіў пераклад на беларускую мову “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча. Скончылася тым, што гатовы тыраж на беларускай мове проста ўзялі і спалілі. Уявіць цяжка, якое душэўнае ўзрушэнне перажыў Марцінкевіч.

А тым часам паўстанне Кастуся Каліноўскага ахапіла сваім усемагутным крылом. Па Беларусі ў тыя гады хадзіла шмат розных гутарак і зваротаў да беларускага народа. Складанне іх прыпісвалася Дуніну-Марцінкевічу. Гаспадара Люцінкі арыштоўваюць. Аднак даказаць царскім чыноўнікам яго віну аказалася няпроста: праз 10 месяцаў яго выпускаюць на волю. Але што гэта за воля? За ім наладжваецца суровы паліцэйскі нагляд. Яму забараняецца адлучацца за межы свайго фальварка, ставіць спектаклі, весці заняткі ў школе. Амаль 15 гадоў пражыў пад нядрэмным вокам паліцыі. Але не забываліся сябры: ад іх у Люцінку прыходзілі словы падтрымкі. Яны надавалі яму сілы і цярпення. Дачка Каміла адбывала сваё выгнанне ў Салікамску.

Трагічныя падзеі, незабыўныя балючыя выпрабаванні, пакуты падсеклі творчыя крылы пісьменніка, але не настолькі, каб ён увогуле перастаў пісаць. Ён стварае камедыі “Залёты” і “Пінскую шляхту”.

“Пінская шляхта” – бліскучы фарс-вадэвіль. Драматургія п’есы вышэй усялякай пахвалы. Яна захапляе дзевяцікласнікаў сваім займальным сюжэтам, жывымі характарамі, умелым выкарыстаннем багаццяў народнай мовы. У цэнтры – сварка бацькоў, якая замінае шчасцю дзяцей, што хочуць пажаніцца. Бацькі закаханых не адрозніваюцца ні адукаванасцю, ні культурай паводзін, ні высакароднасцю нораваў. Затое пыхі і гонару ім не пазычыць. Што ж не падзялілі два пінскія шляхцюкі? На гэтае пытанне адказвае вясёлая, як птушка, і ўпартая ў дамаганнях Марыська: “…. Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку і любіць яго век буду. Ох, бедныя ж нашы галованькі!…Што гэта за дур напаў на бацькоў? П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу…”. Мастак паэтызуе светлае, чыстае каханне, якому не страшны ніякія перашкоды, бязлітасна крытыкуе царска-чыноўніцкія парадкі, высмейвае засцянковую шляхту, якая абмяжоўваецца выпіўкай, закускай, ды яшчэ падтрыманнем уяўнай велічы. Гэты твор стварае ўмовы для выхавання ў юнакоў і дзяўчат пачуцця павагі да асобы пачынальніка новай беларускай літаратуры, грамадзянскай свядомасці і нацыянальнай годнасці, садзейнічае фарміраванню цікавасці да нацыянальнага тэатра, заклікае берагчы каханне.

Дунін-Марцінкевіч быў не толькі першы беларускі прафесійны драматург, але і акцёр, пастаноўшчык, ініцыятар многіх аматарскіх відовішчаў. Яго тэатральная дзейнасць – гэта той падмурак, на якім склаўся сучасны беларускі тэатр. Тут яму ў XIX стагоддзі не было роўных. Аўтар даваў магчымасць з тэатральных падмосткаў весці з сваімі гледачамі шчырую, зацікаўленую гаворку жывым словам пра самае надзённае з тагачаснага жыцця.

З найбольшай сілай артыстычны талент творцы выявіўся ў камедыі-аперэце “Сялянка”, дзе аўтар бліскуча выканаў ролю чалавека з народных нізоў – вясёлага і дасціпнага Навума Прыгаворкі. Усе ведалі, што ролю войта выконвае Дунін-Марцінкевіч, але на сцэне ў зрэбнай вопратцы і лапцях звычайны селянін. З якім імпэтам ён выступаў!

У цэнтры шырокая карціна жыцця вясковага люду: селяніна, сейбіта, чалавека працы з яго духоўнымі каштоўнасцямі: танцамі, бясконцымі прымаўкамі, прыказкамі, дзе выяўляецца душа народа, дзе асноўная гераіня – беларуская песня. Проста і сурова гучала песня-скарга.

З тае пары Марцінкевічава камедыя не сыходзіць з падмосткаў розных драматычных калектываў, цешыць душы гледачоў сваёй дасціпнасцю, гумарам, даючы нам уяўленне, як жылі нашы продкі, што іх хвалявала, трывожыла, які быў іх лад жыцця, якая была іхняя псіхалогія.

Тупальшчына… На могілках, усяго за пяць вёрст ад Люцінкі, у цішы стромкіх меднастволых хвой вось ужо 138 гадоў спачывае вечным сном Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Пахавалі яго тут 17 снежня 1884 года ўдзячныя землякі з навакольных вёсак, якія плакалі па ім так, як не часта плачуць дзеці па сваім родным бацьку…

Высока свеціць імя Дуніна-Марцінкевіча ў нашай літаратуры. Ён для нас Рыцар без страху і папроку. Духоўнасць, мэтанакіраванасць жыцця, творчая спадчына ніколі не страцяць сваёй актуальнасці і будуць заўсёды прадметам жывой увагі кожнага новага пакалення.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий