Пазнаём свой родны край. Канспект занятку па сацыяльна-маральным і асобасным развіцці для выхаванцаў старшай групы

- 17:10ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Канспект занятку па сацыяльна-маральным і асобасным развіцці для выхаванцаў старшай групы

 

Святлана СКОК,
выхава
льнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Дзіцячы сад № 16 г. Слоніма”,
Грод
зенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– удакладніць веды дзяцей пра родны горад;
– растлумачыць паходжанне назвы горада, звярнуць увагу на своеасаблівую прыгажосць архітэктурных помнікаў;
–развіваць увагу, успрыманне, мысленне, навыкі правільнага маўлення;
– выхоўваць патрыятычныя пачуцці, павагу і цікавасць да гістарычнага мінулага горада, да роднай мовы.

Папярэдняя работа: гутаркі: “Дом, у якім ты жывеш”, “Мой горад Слонім”, “Мая Радзіма Беларусь”; разгляданне альбома “Архітэктурныя помнікі Слоніма”; беларускія народныя гульні “Хустачка”, “Гарлачык”, “А мы проса сеялі…”; слоўнікавыя гульні “Назаві правільна”, “Растлумач прыказку”; дыдактычныя гульні з выкарыстаннем інтэрактыўных відэаплакатаў на тэмы: “Прыродныя сімвалы Беларусі”, “Знаёмімся з народнымі промысламі Беларусі”; знаёмства з картай і сімволікай Рэспублікі Беларусь; назіранні за прыродай і навакольным асяроддзем у розныя поры года; экскурсія ў бібліятэку; знаёмства з творамі мастацкай літаратуры беларускіх пісьменнікаў; выяўленчае мастацтва на тэмы: ”Прырода роднага краю”,”Мая любімая кветка”, “Птушкі Беларусі”; сумесная даследчая дзейнасць бацькоў і дзяцей: “Архітэктурныя помнікі Слоніма”.

Метады і прыёмы на занятку:

– наглядны – мультымедыйная прэзентацыя  і мультымедыйныя гульні;
– славесны – гутарка, мастацкае слова, пытанні, паясненні, заахвочванне, паведамленні дзяцей, расказ выхавальніка, аналіз і падвядзенне вынікаў, славесная ацэнка дзейнасці дзяцей;
– гульнёвы – народная гульня “Лянок”, мультымедыйныя гульні “Цудоўная скрынка”, “Чароўнае слова”.

Форма навучання: індывідуальная, калектыўная.

Матэрыял да занятку: мультымедыйная прэзентацыя “Мой горад” (https://drive.google.com/drive/folders/1PiqxznfvOd-jT4HRExtWs987XyZZgwBN?usp=sharing), мультымедыйныя гульні “Цудоўная скрынка”, “Чароўнае слова”.

  

Ход занятку

 

Уступная частка

Мэта: арганізаваць выхаванцаў, пераключыць іх увагу на будучую дзейнасць, матываваць на яе і выклікаць цікавасць праз выкарыстанне мастацкага слова і сродкаў візуалізацыі (выявы прыгожых мясцін нашай краіны, пра якія ідзе гаворка ў вершаваным творы), раскрыць пазнавальную задачу.

Выхавальнік: Дзеці, а вы любіце падарожнічаць? А з якім настроем падарожжа будзе больш цікавым і разнастайным? (Адказы дзяцей). Давайце ўсміхнёмся адно аднаму. Малайцы! І мы з вамі адпраўляемся ў цікавае падарожжа па родных мясцінах. Наш край  – прыгожы і непаўторны.

Паслухайце верш Артура Вольскага, які так і называецца “Непаўторны край” (верш расказваюць дзеці).

Слайд № 1 (выявы на слайдзе змяняюцца адна за другой на працягу гучання верша).

 

То ялінкі, то сасонкі
Падпіраюць небакрай…
Прыгажэйшае старонкі
Не знайсці, як не шукай.
На бярозе – белы бусел,
Пад бярозаю – ручай…
А завецца Беларуссю
Непаўторны родны край.

 

Асноўная частка

Мэта: арганізаваць самастойную разумовую, моўную і пазнавальную дзейнасць дзяцей, якая заключаецца ў засваенні ўяўленняў, фарміраванні ўменняў, якія вызначаны вучэбнай задачай, праз індывідуалізацыю метадаў і прыёмаў у адпаведнасці з узроўнем развіцця, тэмпам успрымання, асаблівасцямі мыслення кожнага дзіцяці.

Слайд № 2

Выхавальнік:

– Як называе паэт Беларусь? (Адказы дзяцей).
– Пра якія дрэвы расказваецца ў вершы?

– Якая птушка апісваецца ў вершы?
– Чаму менавіта бусел, бярозы, сосны апісваюцца ў вершы?
– Якія яшчэ прыродныя сімвалы Беларусі вы ведаеце?
– А ці ведаеце вы, што такое Радзіма?

Выхавальнік: Так, Радзіма – гэта наш родны кут, тое месца, дзе мы з вамі нарадзіліся, дзе жывём разам з бацькамі і дзядамі. Давайце раскажам пра нашу Радзіму.

Слайд № 3

– Як называецца наш горад? (Адказы дзяцей).
– У якой вобласці ён знаходзіцца?

– У якой краіне мы жывём?
– Такім чынам, хто мы па нацыянальнасці?
– Колькі абласцей у Беларусі?
– А як называецца рака, што працякае праз наш горад?

Выхавальнік: Звярніце ўвагу на экран.

Слайд № 4

Выхавальнік: Кожны падарожнік, які прыедзе на экскурсію ў наш горад, абавязкова сустрэне вось такі знак, дзе напісана дата заснавання нашага горада. А што яшчэ адлюстравана на знаку? (Адказы дзяцей). Дзеці, а ці ведаеце вы, чаму наш горад называецца Слонім? (Адказы дзяцей) Пра паходжанне назвы горада існуе шмат версій і здагадак, з якімі мы зараз і пазнаёмімся. Увага на экран.

Слайд № 4 

– Паколькі ў летапісах Слонім упамінаецца як Услонім, Заслонім, то большасць вучоных лічаць, што назва горада паходзіць ад слоў “усона”, “заслона”, што азначае “высокая сцяна, крэпасць” (расказвае выхавальнік).
– Назва Слоніма магла ўзнікнуць ад слова “слон”, бо існавала легенда, што на тэрыторыі Слоніма былі знойдзены косці слана ці маманта (расказвае выхаванец).
– Назва горада можа быць звязана з тым, што Слонім размешчаны ў нізіне ракі Шчара. А нізіна – гэта “слэніс”, адсюль і Слонім (расказ выхавальніка).

– Назва горада магла пайсці ад слоў “салома” ці “сала”, таму што ў старых будынках былі саламяныя дахі, а ў горадзе прадавалі шмат сала (расказвае выхаванец).

Выхавальнік: Дык ад якіх слоў магла ўтварыцца назва горада Слонім? (Адказы дзяцей).

А якое падарожжа без гульняў?! Гуляць любіце? І я хачу прапанаваць вам гульню, якая называецца “Лянок”. Увага на экран.

Слайд № 6

– Якая расліна адлюстравана? (Адказы дзяцей).
– Для чаго ў Беларусі вырошчваюць лён?

– Якія ільняныя вырабы вы ведаеце?

Гульня “Лянок”

Выхавальнік пераапранаецца ў бабулю.

Дзеці пытаюцца: Што, ты, бабуля, нам прасці дасі?

Адказ: Старым бабулькам воўны патрошку, а прыгожым хлопцам і дзяўчатам – белы лянок.

Дзеці рухаюцца па крузе, вымаўляючы наступныя словы, якія суправаджаюцца рухамі:

А мы сеялі, сеялі лянок
Белы, слаўны кужалёк.
Мы лянок ірвалі, ірвалі,
Жалі, жалі, у снапочкі збіралі.
Урадзіўся лянок, белы, слаўны кужалёк.

Выхавальнік: Малайцы, добра пагулялі. Адкажыце, калі ласка, а цуды вы любіце? Я вам прапаную яшчэ адну гульню, якая называецца “Цудоўная скрынка”. Увага на экран.

Слайды № 7–11 (На слайдах скрынка адкрываецца і з літар з’яўляюцца прыказкі).

– Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.
– Радзіма – матка, чужына – мачаха.
– Кожная птушка свае гняздо любіць.

Дзеці па чарзе тлумачаць сэнс прыказак пра родны край.

Выхавальнік: А цяпер мы адпраўляемся ў гістарычнае мінулае нашага горада. Увага на экран.

Слайды № 12–17 

Відэападарожжа па архітэктурных помніках

Выхавальнік расказвае кароткія паведамленні пра архітэктурныя помнікі, дзеці дапаўняюць звесткамі, якія яны падрыхтавалі дома з дапамогай сваіх бацькоў, адказваючы на пытанні выхавальніка.

– Каменны касцёл Святога апостала Андрэя. Менавіта апостал Андрэй быў першым, каго Хрыстос прызваў на служэнне. Касцёл быў пабудаваны ў Слоніме яшчэ ў 1490 годзе. Яго сцены аздоблены роспісам. Над уваходам размешчаны скульптуры святых Пятра і Паўла.
– Капліца Святога Дамініка. Капліца размешчана ў заходняй частцы горада, каля дарогі. Кожны, хто міма едзе ці ідзе, можа пакланіцца святому Дамініку. Адкажыце, калі ласка, за якія ўчынкі Дамініка сталі называць святым?
– Слонімскі краязнаўчы музей імя І.І.Стаброўскага. Музей заснаваў Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі. Адкажыце, колькі ў музеі залаў? З якімі цікавымі з’явамі мы можам там пазнаёміцца?
– Свята-Траецкі сабор. Пачаў сваё існаванне яшчэ ў XVI стагоддзі. Чаму вучыць нас наведванне святых месцаў? (Адказы дзяцей)
– Слонімскі драматычны тэатр імя Агінскага. Навошта дарослыя і дзеці наведваюць тэатр? (Адказы дзяцей)

Заключная частка

Мэта: падвядзенне і ацэнка вынікаў пазнавальнай дзейнасці дзяцей.

Выхавальнік: Дзякую за грунтоўныя веды. Родны край – гэта не толькі прыгажосць, разнастайнасць навакольнага асяроддзя і добразычлівыя людзі, але яшчэ і нешта незвычайнае. Зараз я прапаную вам гульню “Чароўнае слова”. Увага на экран.

Слайд № 18 (Пры правільным адказе дзяцей на слайдзе з’яўляюцца літары і ствараецца назва нашага горада).

Каб чароўнае слова з’явілася на экране, вам неабходна назваць, выявы якіх аб’ектаў нашага горада адлюстраваны на слайдзе.

Выхавальнік: Малайцы, вы шмат ведаеце пра свой родны горад, родны беларускі край, але на заканчэнне папрашу вас адказаць яшчэ на адно пытанне. Радзіма – гэта што (хто)? (Дзеці па ланцужку гавораць па адным слове).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий