Занятак для дзяцей 4-5 гадоў “Сінічка-невялічка” па адукацыйнай галіне“Выяўленчае мастацтва” (лепка)

- 12:00ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак для дзяцей 4-5 гадоў “Сінічка-невялічка” па адукацыйнай галіне“Выяўленчае мастацтва” (лепка)

 

Ларыса ЖЫНКО,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа” Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уменні выдзяляць адметныя асаблівасці сініцы: афарбоўку, будову;
– развіваць уменні выкарыстоўваць прыёмы нетрадыцыйнай тэхнікі лепкі – пластылінаграфіі;
– выхоўваць беражлівыя адносіны да птушак.

Матэрыялы: пісьмо-загадка, малюнак сінічкі, набор пластыліну, стэкі, контур сінічкі на кардоне, дошка для раскачвання пластыліну, сурвэткі.

 

Ход занятку

 

І Арганізацыйны момант

Выхавальнік: Добры дзень, дзеці! Сталі ўсе ў круг, узяліся за рукі і павіталі адно аднаго ўсмешкай.

Сёння па дарозе ў дзіцячы сад паштальён даў мне пісьмо-загадку:

Між дрэў я лётаю
Розных мошак збіраю.
У кусціках ежу шукаю,
Крошкі хлеба падбяру.
Кемлівая птушка
І завуць мяне…
(Сінічка)

Якая зараз пара года? Які корм можа знайсці сінічка зімой? (Адказы дзяцей). Зімой птушкам холадна і голадна. З раніцы да вечара яны шукаюць сабе пракорм. Якую дапамогу зможам аказаць птушкам? (Адказы дзяцей).

Правільна, павесіць кармушкі і насыпаць для іх розны корм: зерне, семкі. А я, адкрыю вам сакрэт: сінічкі вельмі цікаўныя, вёрткія, рухавыя птушкі і вельмі любяць сала.

ІІ Асноўная частка

Выхавальнік паказвае ілюстрацыю з выявай птушкі.

Выхавальнік: Як выглядае сініца? Якога колеру пёркі ў яе на галаве, спінцы, грудцы, крылах, хвасце?

Гульня “Назаві часткі цела птушкі”

Выхавальнік: З якіх частак складаецца цела птушкі? Якая частка цела самая вялікая (маленькая), якой формы? Давайце разам з птушкай сінічкай павесялім яе і паскачам.

Фізкультхвілінка

Птушкі скачуць, лётаюць (дзеці скачуць)
Крошкі птушкі збіраюць.(“дзяўбуць”)
Пярынкі пачысцілі,
Дзюбы пачысцілі(“чысцяцца”)
Птушкі лятаюць, спяваюць (махаюць рукамі)
Дзяўбуць зярняткі (нахіляюцца)
Далей паляцелі
І на месца селі (“ляцяць”, садзяцца)

ІІІ Практычная частка

Выхавальнік: Як весела стала. Давайце хутчэй з дапамогай пластыліну “намалюем” сінічцы сяброў, бо ёй цяжка адной перазімаваць. У нашай групе будзе жыць цэлая зграя гэтых дзіўных птушак. Перад тым як пачнём, давайце разам узгадаем алгарытм працы з пластылінам у тэхніцы пластылінаграфіі:

1) адшчыпнуць маленькі кавалачак пластыліну;
2) размяць пластылін;
3) нанесці пластылін на выяву птушкі, якая размешчана на кардоне;
4) расцягнуць яго на кардоне.

Выхавальнік: Для таго каб наша сінічка атрымалася прыгожай, нам неабходна падрыхтаваць нашы пальчыкі да працы.

Пальчыкавая гімнастыка (па выбары выхавальніка)

Выхавальнік: Успомнім, якімі колерамі пластыліну будзем карыстацца (галава – чорная, шчочкі – белыя, спінка – жоўта-зялёная, брушка – жоўтае, хвост і крылы – блакітныя, вочкі – белыя кропкі). А зараз ажывім нашу сінічку.

Выхавальнік у пакрокавым тлумачэнні вырабляе свой уласны малюнак (наглядны ўзор) і тлумачыць дзецям заданне. Спачатку неабходна адлюстраваць галаву, з усімі яе часткамі (вочы, дзюбу). Потым малюем крылы, спінку і хвосцік. Затым пераходзім да грудкі. Лапкі робім са жгуцікаў. Пластылін раскатваем жгуцікамі і наляпляем па контуры. Працуем ад светлага колеру да цёмнага.

Выхавальнік аказвае дапамогу, хваліць.

Выхавальнік: Дзеці, а зараз выйдзіце з птушкамі і давайце палюбуемся, якія выдатныя сінічкі ў нас атрымаліся! І мая сінічка-сястрычка вельмі рада, што ў яе з’явілася шмат сяброў!

Давайце праспяваем песеньку сінічкі, трэніруючы дыханне. Глыбока ўдыхніце, выцягніце рукі ў бакі і зноў апусціце рукі, на выдыху прамаўляючы “Сінь-цень” – гэта песенька сінічкі. Паўтараем некалькі разоў.

ІV Заключная частка

Вынікам занятку становіцца выстава гатовых работ дзяцей.

Выхавальнік: Давайце ўзгадаем, як мы дапамагаем зімуючым птушкам выжыць у зімовыя халады? Правільна, мы зрабілі кармушкі для птушак і кожны дзень падкормліваем іх, каб яны не галадалі. Сёння на прагулцы пакормім сінічак, вераб’ёў і іншых птушачак, якія прылятаюць да нас на ўчастак.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий