Апёкі. План-канспект урока па медыцынскай падрыхтоўцы ў 10-м класе

- 9:52Медицинская подготовка, Методичка

Урок азнаямлення з класіфікацыяй апёкаў, іх характарыстыкай; атрыманні ведаў па аказанні першай дапамогі пры апёках.

Жанна ЛУКША,
настаўнік медыцынскай падрыхтоўкі
ДУА «Геранёнская сярэдняя школа»
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: Апёкі (1-ы ўрок) 

Мэта: стварыць умовы для азнаямлення з класіфікацыяй апёкаў, іх характарыстыкай, садзейнічаць развіццю ўмення карыстацца атрыманымі ведамі для аказання першай дапамогі пры апёках, спрыяць фарміраванню пачуцця адказнасці за жыццё і здароўе пацярпелых пашкоджаных ад апёкаў.

 Тып урока: камбінаваны ўрок.  

Абсталяванне: падручнік, табліца “Будова скуры”, раздатачны матэрыял, капелюшы чатырох колераў (сіні, жоўты, чорны, чырвоны).

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Стварэнне псіхалагічнага настрою.

Скажыце, калі ласка, што вам хацелася б пажадаць сабе і сваім аднакласнікам на ўроку? (Выдатных адзнак, творчай працы). А я жадаю вам поспехаў.

 

ІІ Праверка дамашняга задання

1 Рашэнне сітуацыйных задач

А) У зімовы перыяд група хлопчыкаў гуляла каля гаражоў. Дзіма прапанаваў паскакаць з гаража ў сумёт. Хлопчыкі падтрымалі яго і сталі скакаць. Раптам Андрэй моцна закрычаў. Дзеці падбеглі да яго і ўбачылі, што правая калашына ўся ў крыві, хлопчык не можа ўстаць на нагу і плача ад болю. Што трэба рабіць?

Б) Падчас галалёду мужчына ўпаў на правы бок. З’явіўся боль пры дыханні, кашлі, назіраецца немагчымасць ляжаць на пашкоджаным баку. Боль памяншаецца ў становішчы паўседзячы. Грудная клетка справа ацёчная, пры пальпацыі балючая. Пра якую траўму грудной клеткі ідзе размова? Якую першую дапамогу неабходна аказаць пацярпеламу?

 

2 Знайдзіце няправільныя сцвярджэнні.

А) Поўнае або частковае парушэнне цэласнасці касцей у выніку ўдару, сціскання, выгібу або іншага ўздзеяння – гэта вывіх.

Б) Пры пераломе становішча з’яўляецца вымушаным.

В) Прычынай пералому можа стаць радыеактыўнае заражэнне.

Г) Пераломы бываюць прыроджанымі і набытымі.

Д) Адной з прымет, па якой можна здагадацца аб наяўнасці пералому, з’яўляецца паталагічная рухомасць косці.

 

3 Пісьмовая работа.

Абазначце лічбамі (1, 2, 3 і г.д.) паслядоўнасць аказання першай дапамогі пры адкрытым пераломе, які суправаджаецца артэрыяльным крывацёкам:

– пазбавіць руху пашкоджаную канечнасць;
– накласці шыну;
– ажыццявіць часовае спыненне крывацёку;
– адправіць пацярпелага да ўрача;
– апрацаваць рану;
– увесці абязбольвальны сродак;
– на рану ў вобласці пералому накласці стэрыльную павязку.

 

ІІІ Знаёмства з новай тэмай

Тэма нашага ўрока – “Апёкі”. Зыходзячы з тэмы ўрока і плана, якія размешчаны на дошцы, вызначце асноўныя мэты нашага ўрока. Для фармуліроўкі выкарыстоўвайце дзеясловы

вызначыць …
вывучыць …
даведацца …
выявіць …

Карэкціроўка адказаў вучняў.

 

ІV Актывізацыя ведаў

Разгледзьце табліцу “Будова скуры” і ўспомніце, з якіх слаёў яна складаецца? Як пабудаваны кожны слой? Ці будзе адрознівацца першая дапамога пры пашкоджанні эпідэрмісу і дэрмы?

 

V Вывучэнне новага матэрыялу

Вы будзеце працаваць самастойна. Знайдзіце адказ на пытанне “Якія ступені апёкавага паражэння вылучаюць? Па якіх прыметах? Як аказваць дапамогу?” Вам прапануецца выкарыстоўваць матэрыял падручніка на с. 47–48.

– З этычнай кропкі гледжання ў табліцы адсутнічае ІV ступень апёку. Якія сімптомы характэрныя для гэтай ступені?

– Што нельга рабіць, калі аказваеш першую дапамогу пры апёках?

– У якіх выпадках неабходна абавязкова звярнуцца да спецыялістаў?

(Можна выкарыстаць для азнаямлення з новай тэмай прэзентацыю “Апёкі”)

 

VІ Фізкультхвілінка

Настаўнік просіць вучняў устаць, называе сцвярджэнне. Калі яно праўдзівае, то вучні падымаюць рукі ўгору, калі не, то прысядаюць.

– за гарачыя прадметы брацца голымі рукамі нельга (+)
– з кіслотамі можна працаваць без пальчатак (–)
– калі апяклі руку, то закруціце яе шалікам (–)
– пры апёку І і ІІ ступені неабходна змясціць пашкоджаны ўчастак пад халаднаватую ваду (+)
– трымаць пад вадой пашкоджаны ўчастак неабходна 1–2 хвіліны (–)
– тэмпература праточнай вады павінна быць 12–18 градусаў (+)
– на месца апёку неабходна прыкласці вату, заклеіць пластырам (–)
– пры апёку ІІІ ступені нельга паліваць месца пашкоджання вадой (+)
– нельга ўскрываць пухіры з вадкасцю (+)
– прыклеенае або расплаўленае адзенне неабходна адарваць ад цела пацярпелага (–)

 

VІІ Замацаванне новых ведаў

Прыём “4 вуглы”. Настаўнік называе сімптом або першую дапамогу, а вучні вызначаюць ступень і перамяшчаюцца ў той вугал класа, дзе прымацавана таблічка з указаннем ступені.

 

VІІІ Інфармацыя аб дамашнім заданні

§ 10, с. 47–48

На выбар:
– скласці сінквейн “Апёкі”,
– падрыхтаваць калаж “Прафілактыка апёкаў”.

 

ІX Падвядзенне вынікаў

Настаўнік аналізуе работу навучэнцаў, выстаўляе адзнакі.

 

Х Рэфлексія

“Гульня з капелюшамі”

Вам прапануецца выбраць капялюш вызначанага колеру і прааналізаваць урок.

Сіні капялюш: інфармацыя, факты. Што новага вы даведаліся на ўроку, якая інфармацыя вам яшчэ неабходна?
Жоўты капялюш: “плюсы” ўрока. Для чаго вам гэта інфармацыя?
Чорны капялюш: “мінусы” ўрока. Ці ўсе мэты ўрока выкананы?
Чырвоны капялюш: эмоцыі. Што вы адчувалі? Ці было вам камфортна на ўроку?

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий