Формулы плошчы трохвугольніка і паралелаграма. 9-ы клас  

- 9:46МАТЕМАТИКА, Математика. Сценарии, Методичка

Пасля вывучэння тэмы навучэнцы будуць ведаць формулы для знаходжання плошчы трохвугольніка і паралелаграма па дзвюх старанах і вуглу паміж імі, умець выводзіць формулы і рашаць практыка-арыентаваныя задачы.

Алена ПАЖАРЫЦКАЯ,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Паляцкішская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэты ўрока

У канцы ўрока вучні будуць:
– ведаць
формулы для знаходжання плошчы трохвугольніка і паралелаграма па дзвюх старанах і вуглу паміж імі;

– умець выводзіць формулы і рашаць практыка-арыентаваныя задачы.

Задачы ўрока

Адукацыйныя:

– праверыць якасць выканання д/з праз матэматычную дыктоўку і работу з формуламі, вывучанымі ў 8-м класе;
– даказаць тэарэму аб плошчы трохвугольніка, працуючы з вучэбным дапаможнікам і вывесці формулу плошчы паралелаграма;
– рашыць задачы на замацаванне новых формул і выканаць практыка-арыентаванае заданне, ужываючы новыя формулы.

Развіваючыя:

– развіваць лагічнае мысленне праз аналіз і доказ тэарэмы аб плошчы трохвугольніка, плошчы паралелаграма, рашэнне практыка-арыентаваных задач;
– развіваць вусную звязаную мову праз пастаноўку задач на ўроку; праз ацэнку вынікаў сваёй дзейнасці, тлумачэнне рашэння задач пры рабоце ў парах і групах;
– фарміраваць адэкватную ацэнку і самаацэнку на розных этапах урока.

Выхаваўчыя:

– выклікаць зацікаўленасць вучняў у вывучэнні тэмы праз рашэнне практыка-арыентаванай задачы;
– замацаваць упэўненасць ва ўласных ведах і магчымасцях праз рашэнне рознаўзроўневых заданняў;
– абудзіць цікаўнасць навучэнцаў.

 

 Ход урока

I Арганізацыйны момант

Добрага дня вам, дзеці. Ці ўсе гатовы да ўрока? Тады ўсміхніцеся суседу па парце і сядайце.

У мяне да вас пытанне: аб чым вы падумалі, калі пачулі тэму ўрока?

Прыкладныя адказы дзяцей:
– што формулы плошчы трохвугольніка і паралелаграма мы ўжо ведаем;
– нам на сёння было дамашняе заданне паўтарыць формулы плошчаў плоскіх фігур, і сёння мы будзем рашаць задачы на іх прымяненне;
– мне адразу прыйшла думка, што я ведаю ўсе формулы і нічога новага сёння я не даведаюся.

Тады давайце вызначым, якія задачы мы будзем з вамі вырашаць на працягу ўрока?

Адказы дзяцей:
– актуалізаваць тэарэтычны матэрыял па тэме “Плошчы”;
– рашаць розныя задачы на знаходжанне плошчаў плоскіх фігур.

Ну што ж, пазней мы даведаемся, ці маюць рацыю вашыя меркаванні.

А зараз давайце праверым дамашняе заданне.

 

II Праверка дамашняга задання

Я прапаную вам папрацаваць самастойна і супаставіць карткі з формуламі для вылічэння плошчаў фігур з выявамі адпаведных фігур. (Дадатак 1)

Вучні працуюць самастойна (праверка на экране).

Формула для знаходжання плошчы якой фігуры паўтарылася двойчы? (Трохвугольнік.)

Трохвугольнік – не самая папулярная фігура ў прыродзе і ў нашым звычайным жыцці. Але ёй увесь час карыстаюцца дызайнеры адзення, ювеліры, архітэктары. І, напэўна, знаходжанне плошчы трохвугольніка з’яўляецца іх частай задачай.

– Як вы ацэньваеце веданне формул?

Настаўнік называе імя – вучні адказваюць:
– ведаў усе формулы;
– памылак не было;
– зрабіў памылку з формулай…;
– не ўспомніў для якой фігуры формула….

 

III Праверка атрыманых раней ведаў

Праца ў парах

А цяпер папрацуем у парах. Вы атрымалі карткі з формуламі і заданнем.

Тры пары ў нас будуць выражаць зменную a з формул для плошчы адвольнага трохвугольніка, прамавугольнага трохвугольніка і квадрата. (Дадатак 2)

Дзве пары выражаюць зменную h з формулы паралелаграма і трапецыі і зменную r з формулы для плошчы круга. (Самаправерка па слайдзе)

Ацаніце на словах веданне формул суседа па парце. (Вучні ацэньваюць)

Формулы вы ведаеце, прыменім іх для рашэння задач.

Дыктоўка

Задачы – на слайдах. На рашэнне кожнай задачы адводзіцца 30 секунд, потым слайд пераключаецца.

1) Знайсці плошчу прамавугольнага трохвугольніка, калі яго катэты роўныя 4 і 9. Адказ: 18.

2) Знайсці плошчу трохвугольніка, калі яго аснова роўна 22, вышыня 15. Адказ: 165.

3) Знайсці плошчу прамавугольнага трохвугольніка, гіпатэнуза якога роўна 13, адзін з катэтаў 5. Адказ: 30.

4) Знайсці плошчу квадрата, калі перыметр яго роўны 20. Адказ: 25.

5) Знайсці плошчу трохвугольніка, дзве стараны якога роўныя 10 і 12, а вугал паміж імі роўны 30 градусам.

Узаемаправерка. Вучні мяняюцца сшыткамі ў парах і правяраюць па слайдах; ставяць “+” ці “–“ насупраць задачы простым алоўкам.

Хто набраў 10 балаў? 8…6…4…2..?

Высвятляецца, што заданне № 5 выканаць не змаглі.

(Адказы высвечваюцца на экране, вучні не могуць ацаніць сваю працу без гэтага задання).

Адкладзём пакуль завяршэнне працы з дыктоўкай.

З якой задачай з дыктоўкі вы не справіліся і чаму? (Не хапае формул.)

Гэта значыць, што нам не хопіць тых формул, якія вы вывучалі ў 8-м класе, для таго каб знайсці плошчу трохвугольніка, ведаючы дзве стараны і вугал паміж імі.

Якая задача паўстае перад намі?

 

Давайце ўдакладнім задачы, якія далей будзем вырашаць. Што новага вы хацелі б даведацца і чаму навучыцца?

Вучні ставяць задачы на ўрок:
– даведацца формулу, па якой змагу рашыць апошнюю задачу;
– авалодаць навыкамі прымяняць новую формулу;
– даведацца, дзе мы зможам на практыцы прымяніць новую формулу;
– навучыцца аргументавана тлумачыць ход рашэння задач.

Усе згодны, што далей мы будзем працаваць менавіта над рашэннем гэтых задач? Ці хтосьці хоча нешта дабавіць?

 

IV Вывучэнне новага матэрыялу

Звернемся да падручніка. Прачытайце ў падручніку тэарэму аб плошчы трохвугольніка і яе доказ.

Хто зразумеў і гатовы даказаць тэарэму на дошцы? Адзін вучань даказвае тэарэму каля дошкі па гатовым чарцяжы на экране. Астатнія сочаць і, калі патрэбна, удакладняюць.

Цяпер мы можам вярнуцца да задачы № 5 з дыктоўкі і рашыць яе. (На слайдзе дапушчана памылка, вучні аналізуюць свае вынікі і знаходзяць памылку на слайдзе).

Цяпер, калі ласка, ацаніце вынікі дыктоўкі. Кожнае заданне – 2 балы; + 1 бал да дыктоўкі за доказ тэарэмы на дошцы.

 

А хто ўжо здагадаўся, якая будзе формула для знаходжання плошчы паралелаграма, калі вядомыя дзве стараны і вугал паміж імі? Растлумачце.

Малайчына, тлумачэнне было зразумелае і аргументаванае.

Замацуем новыя формулы пры рашэнні задач № 55 і 56. Першы рад – 55а; другі рад – 55б, трэці рад – 56а, чацвёрты рад – 56б. Уважліва чытайце задачу, аналізуйце даныя, разважайце, і ў вас атрымаецца правільны вынік. (Самаправерка па слайдзе).

 

Праўду сказаў Л.М.Талстой: “Правільны шлях такі: зразумей тое, што зрабілі твае папярэднікі, і ідзі далей”. Таму зараз я прапаную вам пайсці далей і прымяніць новую формулу для рашэння практычнай задачы. А працаваць вы будзеце групамі.

Праца ў групах (тры групы, кожная група атрымоўвае па 3 трохвугольнікі).

Уявіце, што перад вамі трохвугольныя кветнікі, на якіх вам патрэбна высадзіць расаду астры нізкарослай. Я падрыхтавала вам макет такога кветніка з кардону.

Ваша задача – разлічыць, колькі патрэбна набыць расады астры нізкарослай, каб засадзіць ваш кветнік, калі на 1 м2 павінна расці 25 кустоў прыгожых кветак. У вашым распараджэнні лінейка, транспарцір і табліца Брадзіса, або калькулятар. Пры вымярэнні старон прымем 1 см за 0,5 м.

(Вучні працуюць самастойна. Называюць атрыманыя вынікі. Дапамагаюць аднакласнікам зрабіць вымярэнні і разлікі. Ацэньваюць работу суседа).

 

V Дамашняе заданне

№ 57а і 58а (на дошцы).

Творчая праца (па жаданні): “адкрыццё” новых формул; ваша задача ў тым, каб вывесці новыя формулы для плошчы ромба і паралелаграма, праз дыяганалі гэтых фігур з выкарыстаннем формулы плошчы трохвугольніка, якую мы з вамі сёння даведаліся.

 

VI Рэфлексія і ацэньванне

Давайце падвядзём вынікі. Ці дасягнулі вы пастаўленых задач?

Нагадаю, што вы хацелі даведацца формулу, па якой зможаце рашыць апошнюю задачу з дыктоўкі і ставілі наступныя задачы:

– авалодаць навыкамі прымяняць новую формулу;
– даведацца, дзе мы зможам прымяніць на практыцы новую формулу;
– навучыцца аргументавана тлумачыць ход рашэння задач.

Знайдзіце на партах карткі для рэфлексіі. (Дадатак 3) Яны дапамогуць вам сфармуляваць вашыя думкі і выказаць сваё меркаванне. Вам застаецца закончыць сказы.

Ацаніце ў балах сваю работу. Нагадаю, што патрэбна ўлічыць выкананне ўсіх заданняў, якія былі прапанаваныя на ўроку – як вусныя, так і пісьмовыя. (Настаўнік дае ацэнку работы вучняў і выстаўляе адзнакі).

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий