Сцвярджэнне гуманістычных каштоўнасцей у аповесці А.Федарэнкі “Вёска”. Урок беларускай літаратуры ў 11-м класе

- 17:28БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі

Мэта ўрока — спрыяць спасціжэнню вучнямі ідэі твора, аўтарскай пазіцыі, маральнай высновы аповесці, яе гуманістычнага пафасу.

Аксана ЦЕРАХОВІЧ,
настаўнік беларускай літаратуры
ДУА “Уселюбская сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: спрыяць спасціжэнню вучнямі ідэі твора, аўтарскай пазіцыі, маральнай высновы аповесці, яе гуманістычнага пафасу.

Задачы:

– стварыць сітуацыю свядомага маральнага выбару вучняў у адносінах да выбару роднай мовы, месца жыхарства;
– стварыць умовы для развіцця ўменняў вучняў суадносіць учынкі герояў і матывы іх паводзін;
– садзейнічаць фарміраванню паважлівых адносін да сваёй малой радзімы, да мовы, да маці.

Тып урока: урок-пераказ з каментарыямі-разважаннямі.

Абсталяванне: тэкст аповесці, літаратурныя сшыткі, партрэт А.Федарэнкі, фотаздымкі з выявамі вясковага пейзажу, лісткі для самаацэнкі.

Эпіграф: Федарэнка з’яўляецца, відаць, самым беларускім празаікам маладзейшага пакалення. У беларускую прозу прыйшла арыгінальная творчая асоба – са сваім бачаннем свету і чалавека ў ім, са сваім моцным вясковым характарам (Серафім Андраюк).

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

Настаўнік. З прыемнасцю і радасцю вітаю ўсіх! Спадзяюся, што наш урок будзе плённым, пройдзе ў атмасферы даверу і супрацоўніцтва. (Чытае верш Аляксея Галаскока “Жывіце, вёсачкі, не памірайце”).

Жывіце, вёсачкі, не памірайце,
Бо разам з вамі знікне мова.
Нашчадкі родныя, хавайце,
Шануйце кожна наша слова!
Засохне бор, здзічэе сад,
Іх чалавек пасадзіць знову.
Ці зможам мы вярнуць назад,
Як знікне, матчыную мову?
Засохне бор, здзічэе сад…
У кожнага свой шлях жыццёвы.
Не дай нам Бог, каб мы назад
Вярталі згубленую мову.

– Якой тэме прысвечаны гэты верш?

– Як вы думаеце, чаму мы пачынаем урок менавіта з верша на гэту тэму? (Адказы вучняў).

Настаўнік. Я думаю, што для нас, вясковых жыхароў, будзе актуальным разгляд твора А.Федарэнкі “Вёска”. На дошцы я змясціла фотаздымкі (Дадатак 1), на якіх відаць прыгажосць беларускай вёсачкі ў любую пару года. З асобай пісьменніка мы ўжо сустракаліся. Нагадайце, якія творы мы чыталі? (“Шчарбаты талер”, “Афганская шкатулка”).

Звярніце ўвагу на партрэт пісьменніка. На ім Андрэй Міхайлавіч трымае “Глінянага Вялеса”.

– За які твор ён атрымаў гэту ўзнагароду? (За твор “Ціша”. Андрэй Федарэнка падчас імпрэзы сказаў, што кнігу «Ціша», за якую ён атрымаў «Глінянага Вялеса», ён пісаў да свайго 50-гадовага юбілею. Таму прэмія за гэтую кнігу для яго яшчэ больш прыемная. Федарэнка адзначыў, што «Ціша» – гэта лепшае, што ён напісаў і атрыманне за яе прэміі – гэта аванс для таго, каб больш плённа працаваць і далей).

 

ІІ Падрыхтоўка да працы на асноўным этапе

Настаўнік. А цяпер увага на экран. Паглядзіце, калі ласка, відэаролік і падумайце, з якой мэтай ён створаны і прапанаваны вам? Як ён звязаны з тэмай нашага ўрока?

Дэманструюцца відэакадры з сучаснага жыцця, дзе адсутнічае жывое маўленне паміж людзьмі, бо ўсе вельмі занятыя сваімі гаджэтамі.

Настаўнік: Вы бачылі тыповыя кадры нашай рэальнасці. Сёння ў фармаце нашага ўрока я хацела б паказаць вам, як можна атрымаць асалоду не толькі ад віртуальных зносін, якія зацягваюць нас усё больш, але і ад рэальных.

– Падыміце рукі тыя, хто на гэтым тыдні ні разу не заходзіў у сацыяльную сетку “УКантакце”.

– Падыміце рукі тыя, хто за выхадныя прачытаў твор на беларускай мове не па праграме, а для душы.

– Падыміце рукі тыя, хто заўважыў і можа назваць тры-чатыры прыкметы вясновых змен у прыродзе.

Паставім перад сабой мэты.

Пачынаем працаваць. Першае ваша заданне “Прамова фактамі”. Перад вамі біяграфія пісьменніка, вызначце, што вам ужо вядома, а што з’яўляецца новым. Сваю работу вы будзеце ацэньваць самастойна і ўносіць балы ў ліст самаацэнкі (Дадатак 2).

Матэрыял для задання “Прамова фактамі”:

Андрэй Міхайлавіч Федарэнка, беларускі празаік, нарадзіўся 17 студзеня 1964 года ў вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.

Скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум і бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры (1985–1990). Служыў у Савецкай Арміі. Працаваў мулярам у Мікашэвічах Лунінецкага раёна, на чыгунцы ў Калінкавічах Гомельскай вобласці, старшым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі № 2 Мазырскага раёна, карэктарам штотыднёвіка “7 дзён”, загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”, на кінастудыі “Беларусьфільм». У 2005–2011 гадах – загадчык аддзела прозы ў часопісе “Маладосць”. У 2011–2012 гадах супрацоўнік аддзела прозы і паэзіі газеты “Літаратура і мастацтва”. Цяпер – стыль-рэдактар часопіса “Дзеяслоў”.

Творчасць. Друкуецца з 1987 года. У аповесці “Гісторыя хваробы” (1989) сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснай моладзі, у аповесці-фантасмагорыі “Смута, альбо XII фантазій на адну тэму” (1994) жыццё сучаснага грамадства, якое страціла маральныя арыенціры, у аповесці “Вёска” (1995) філасофскі роздум над лёсам Беларусі і беларусаў. Аўтар аповесцей “Такое кароткае лета”, “Ланцуг” (абедзве 1994), “Нічые” (2001), п’есы “Жаніх па перапісцы” (1993), публіцыстычных артыкулаў і інш. Дзецям і юнакам адрасаваны прыгодніцкія аповесці “Шчарбаты талер” (1999), “Афганская шкатулка” (2002). Яго творчасці ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць. Перакладае з беларускай мовы на рускую. Асобныя творы былі перакладзены на рускую, англійскую і іншыя мовы.

Кнігі. “Гісторыя хваробы (1989), “Смута” (1994), “Шчарбаты талер” (1999), “Афганская шкатулка” (2002), “Нічые” (2009), “Мяжа” (2011), “Сечка” (2012),”Ланцуг” (2012), “Вёска” (2013), “Ціша” (2014)

Узнагароды. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1995) за кнігу “Смута”; Лаўрэат прэміі “Залатая літара” (2009) за кнігу “Нічые”. Шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца (2011), трэцяя прэмія за кнігу “Мяжа”; лаўрэат літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” (2014) за кнігу “Ціша”.

Жыве ў Мінску. Героі многіх твораў – моладзь, якая жыве ў інтэрнатах, студэнты з вясковымі каранямі. Героі аповесцей “Шчарбаты талер” і “Афганская шкатулка” – падлеткі. Гэтыя аповесці вывучаюцца ў школе.

Як выхадзец з Беларускага Палесся, Федарэнка часта ў сваёй творчасці закранаў тэму экалагічнай катастрофы ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апавяданне “Бляха” прызнана лепшым на гэтую тэму не толькі ў творчасці аўтара, пра што сведчыць удзел у праекце “Літаратурны экспрэс – 2000”.

У 2006 годзе на экраны выйшаў міні-серыял “Тры талеры”, зняты па матывах аповесці “Шчарбаты талер”.

У самым пачатку 90-х А.Федарэнка выйграў Усесаюзны конкурс на лепшае апавяданне, аб’яўлены Саюзам пісьменнікаў СССР. Яго апавяданне “Пеля” назвалі лепшым.

А.Федарэнка піша: “Я ў вандроўцы па Еўропе. Выступленні, прадстаўленні, на якіх чуецца і маё прозвішча, ды яшчэ ў якой інтэрпрэтацыі! – белорашэ Мопассан энд Тшэхофф… На маёй Айчыне лічаць інакш. Ніхто з тых, – пісала беларуская газета, – хто вызначае аблічча цяперашняй беларускай літаратуры ў склад беларускай дэлегацыі з нейкіх прычын не трапіў…”

Дыскусійная сітуацыя. Зварот да эпіграфа.

 

ІІІ Асноўны этап

1 Праца з тэкстам аповесці

Бліцапытанне.

Настаўнік. Адной кароткай фразай (можна без аргументавання) адкажыце на пытанне: пра што аповесць?

Адказы вучняў запісваюцца на дошцы: мова, маці, вёска, горад, Бог, моладзь, сям’я, асоба, Беларусь… У канцы ўрока гэтыя словы стануць тэмай для сінквейна.

Настаўнік. Усе адказы правільныя, кожны вылучыў той аспект у аповесці, які зачапіў яго наймацней. Адбылося тое, пра што Васковіч расказваў Рамановічу: “Што я шукаю ў кожнай кнізе? Сябе я шукаю! І таго, што вакол мяне”.

Дома вам трэба было скласці двайны дзённік (Дадатак 2).

 

Праца ў парах. Узаемаацэнка.

– Вызначце мастацкі хранатоп аповесці.

– Вызначце ролю адкрытага фіналу.

– Сімволіка назвы.

– Прозвішча, якое гаворыць само за сябе.

 

Адказы вучняў:

1. Акрэсліць хранатоп нескладана: ён дакладна пазначаны аўтарам. Да таго ж у самым першым радку заяўлены і герой, і калізія (адлюстраванне жыццёвых канфліктаў і барацьбы ў мастацкім творы.): “Антона Васкевіча выгналі з інстытута ў канцы 1990 года, перад самай зімовай сесіяй”. Выгналі нібыта за “п’янства”. “Усе кажуць! Што ты п’янстваваў, кажуць!” – як адсек вар’ят Пульс, “шыракаплечы дзяцюк гадоў пад сорак”. Яго першага ўбачыў блізу станцыі выгнаннік, вярнуўшыся ў родную вёску, што на Мазыршчыне. Тут Васкевіч і пражыў амаль год чужаком, сам у сабе, да восені 1991 года.

Топас пашыраецца: 8-ы раздзел прысвячаецца этнаграфічным адметнасцям Палесся, якое абступілі, ціснуць з усіх бакоў Чарнігаўшчына, Кіеўшчына, Жытоміршчына. Антон успомніў, як дзед Пятро хваліўся: “Я ў Кіеў за суткі канём заязджаў!” Не ў Мінск, а ў Кіеў… На падрыхтоўчых курсах у Мінску, калі пайшла чутка пра Чарнобыль, Антон палез у карту (чаго ўсе забегалі, гэта ж недзе пад Кіевам) і абамлеў. На карце даволі вялікага маштабу адлегласць ад Чарнобыля да Мазыра была меншая за два запалкавыя пачкі. З гарачкі кінуўся пісаць дамоў ліст, каб маці кідала ўсё і… А што “і”? Кідаць – і дзе дзецца?

Топас зноў звужаецца да чатырох кропак: Сасноўка (малая радзіма Васкевіча), Двароўка, Бакоўка, і Стаў – чытачы чатырох вёсак дасталіся выгнанніку, якому нечакана пашанцавала атрымаць працу бібліятэкара.

2. Заканчваецца аповесць апісаннем той жа дарогі, як і пачыналася. Той жа вар’ят Пульс з маткай праводзяць Васкевіча да станцыі на мінскі цягнік: хлопца ўзнавілі ў інстытуце.

Развітваючыся, Антон прыціснуў да шчакі матчыну галаву… парукаўся з Пульсам, а потым бокам-бокам, з сумкаю патэпаў у вагон. Ні дурнога рогату Пульса, ні рэакцыі правадніцы, стомленай жанчыны, на яго дзікунскую прапанову Васкевіч ужо не чуў і не бачыў, у паўцёмным вагоне ён шукаў сваё месца.

У кантэксце аповесці фінал адкрыты і знакавы…. Пачыналіся ліхія дзевяностыя – шукаць у іх змроку “сваё месца” давядзецца ўсім. 

3. Пазіцыя А.Федарэнкі: Сапраўды, чым больш я жыву, чым больш чытаю, слухаю, бачу, тым больш пачынаю разумець, што вёска – гэта нешта адзіна сапраўднае, нейкі светлы разумны куточак у свеце вар’яцтва. I па-мойму, “вёска ўратуе свет”, а не нешта іншае. У маіх апавяданнях ёсць і пра вёску і пра вясковых людзей жорсткія словы, але яны не ад абыякавасці, а якраз ад жалю. І, паводле выразу Буніна, “любові лютай…”

 

Фізкультхвілінка

Я – чалавек.
Заўжды гатовы стаць побач. (крок ўбок, крок наперад)
Працягнуць руку дапамогі. (рукі ўперад)
Лёгка схіліцца да старога і малога. (наклон ўправа, наклон ўлева)
Азірнуцца на пройдзенае. (паварот галавой управа і ўлева)
Падняцца пасля няўдач. (прыўстаць на пальцы ног)
Пранесці праз жыццё любоў і сяброўства. (выцягнуць рукі ўперад і правесці імі з аднаго боку ў другі)
Дакрануцца да мары. (пацягнуць рукі ўверх)
Глыбока ўздыхнуць па тым, што не ўдалося, і ісці далей. (зрабіць глыбокі ўдых)

 

Карыстаючыся інтэлект-картамі, якія вы загадзя падрыхтавалі, коратка перакажыце змест твора. (Выступленне 1–2 вучняў, астатнія ў канцы ўрока здаюць на праверку).

Праца з тэкстам. Аналіз твора. Галоўная задача любога ўрока літаратуры – хоць штосьці ўцяміць з таго, што хацеў сказаць пісьменнік. Кожны пісьменнік хоча быць правільна прачытаным. Хто правільна адгадаў сапраўдны намер аўтара, таму і кнігу ў рукі.

 

2 Аналіз аповесці па праблемных пытаннях

Вучні самі знаходзяць пытанні ў тэксце, афармляюць іх, дапаўняюць, запісваюць іх у сшыткі.

– За што выдатніка Васкевіча выгналі з інстытута?

– У чым сутнасць “ідзеі” за якую пастрадаў Васкевіч?

– Нашто, от ты мне скажы, на што ты курыш? Нашто ты так бязбожна стаў піць? – Нашто ты зводзіш тую дзевачку?

– Згадайце сапраўдныя ўзоры сяброўства. Параўнайце іх з сяброўствам Васкевіча і Рамановіча. Чым стаў яго прыезд для Васкевіча?

– З якой мэтай уведзены вобраз Пульса?

– Рамановіч пахваліў маці Антона, сказаў, што ў яе чыстая беларуская мова. Ці згодны вы?

– Як паўплывала на Антона смерць аднакласніка?

Федарэнка – жорсткі рэаліст і прыхільнік рускай класікі, у пешую чаргу Дастаеўскага, у сцвярджэнні высокіх гуманістычных каштоўнасцей, ён адчувае ў жыцці пэўную дысгармонію, адсутнасць падстаў для аптымізму. Таму з усіх сіл імкнецца знайсці ў сучасным жыцці, у чалавеку хоць які светлы пачатак.

Настаўнік. Вылучыце светлыя пачаткі ў аповесці. Пералічыце лепшыя хвіліны жыцця Антона Васкевіча, як ён сам іх вызначае.

Прыём “Партфоліа героя” (словы запісваюцца на дошцы). Вобраз Васкевіча

 

IV Падагульненне

 

V Рэфлексія. Складанне сінквейна  

Скласці сінквейн па аповесці “Вёска”. Пакуль гучыць песня “Трэба дома бываць часцей” або “Вёска” гурта “Дразды”, вучні працуюць самастойна.

Кросенс “Вёска”

VI Дамашняе заданне

1-я група – напісаць сачыненне-мініяцюру “Урокі пісьменніка А.Федарээнкі і яго герояў ”; 2-я група – раскрыць сэнс кросэнса (Дадатак 3).

 

 

 

Дадатак 1

 

 

 

Дадатак 2

“Двайны дзённік”. Аповесць “Вёска”

Час напісання твора

 

 

Дзе і калі адбываюцца падзеі

 

 

Тэматыка

 

 

Асаблівасці кампазіцыі і сюжэта

 

 

Праблема

 

 

Асабістыя адносіны да твора

 

 

 

Схематычная сюжэтна-кампазіцыйная структура твора

Завязка

 

Развіццё дзеяння

 

Кульмінацыя

 

Развязка

 

 

 

Дадатак 3

Ліст самаацэнкі эфектыўнасці работы на ўроку
вучня (вучаніцы)
__________________________________

Этапы ўрока

Максімальная
 ацэнка ў балах

Самаацэнка

Узаемаацэнка

Ацэнка
настаўніка

Прамова фактамі

1

 

 

 

Бліцапытанне

1

 

 

 

“Двайны дзённік”

1

 

 

 

Праца ў парах. 
(Мастацкі хранатоп; роля адкрытага фіналу, яго сімволіка; паходжанне назвы; прозвішча галоўнага героя) 

1

 

 

 

Кароткі пераказ зместу. Інтэлект-карты

2

 

 

 

Аналіз твора. Праца над пытаннямі

2

 

 

 

Партфоліа галоўнага героя

1

 

 

 

Сінквейн

1

 

 

 

         

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий