Выкарыстанне кампетэнтнасна арыентаваных заданняў для фарміравання прадметных кампетэнцый вучняў. Прыклады

- 9:25БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

У матэрыяле не толькі разглядаюцца неабходнасць і прынцыпы выкарыстання кампетэнтнасна арыентаваных заданняў у сучаснай школе, але і даюцца канкрэтныя прыклады такіх заданняў па тэмах: “Тэкст як сэнсава-граматычнае цэлае”, “Назоўнік”, “Сказ як адзінка маўлення”, “Сказы па мэце выказвання і інтанацыі”, “Знакі прыпынку ў канцы сказаў” і іншыя.

Наталля ЦЫБУЛЬСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Квасоўская сярэдняя школа”
Гродзенскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Сучаснае грамадства ставіць перад школай задачу не толькі забяспечыць адукацыю вучняў, але і стварыць умовы для іх інтэлектуальнага, эмацыянальнага і духоўнага развіцця, падрыхтаваць да прафесійнай дзейнасці і актыўнага грамадскага жыцця. З шэрагу вучэбных прадметаў менавіта беларуская мова павінна стаць дзейсным сродкам фарміравання высокаадукаванай, высокакультурнай моўнай асобы. Як адзначана ў Канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская мова”, адной з задач сённяшняга настаўніка роднай мовы з’яўляецца прывіццё любові да роднай мовы і жадання “карыстацца ёю… ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: пазнавальнай, навучальнай, вытворчай, нацыянальна-культурнай, побытавай”. Неабходна так наладжваць працэс навучання, каб адным з галоўных напрамкаў у працы настаўніка стала фарміраванне сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, удумлівага чытача, адукаванага суразмоўніка, спагадлівага, высакароднага чалавека.

Рашэнне пастаўленых задач знаходзіцца ў распрацоўцы і выкарыстанні на ўроках кампетэнтнасна арыентаваных заданняў, якія забяспечваюць комплекснае ўкараненне кампетэнтнаснага падыходу на ўроках. Вучань павінен разумець, навошта ён выконвае падобнае заданне, для чаго, чаму ён можа навучыцца пры яго выкананні. Гэта пытанне знайшло адлюстраванне ў адукацыйным стандарце базавай адукацыі і канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская мова”.

На сучасным этапе пошуку найбольш эфектыўнага выкарыстання чалавечага рэсурсу амаль ва ўсіх галінах дзейнасці сталі больш увагі надаваць кампетэнтнаснаму падыходу. Сучасны адукацыйны стандарт і вучэбныя праграмы шмат у чым захоўваюць мінімум зместу і фармат тэарэтычнага вывучэння граматыкі беларускай мовы. Сучасныя ж патрабаванні кампетэнтнаснага падыходу ўказваюць на неабходнасць унясення пэўных змен у разуменне мэты і задач вывучэння дысцыпліны. У сваю чаргу гэта звязана з распрацоўкай адпаведнага лінгвадыдактычнага забеспячэння, укаранення новых дыдактычных прыёмаў.

Аналізуючы псіхолага-педагагічную літаратуру па тэме, можна заўважыць, што, нягледзячы на даволі частае ўжыванне паняццяў “кампетэнцыя”, “кампетэнтнасць” у педагагічнай практыцы, у сапраўдны момант адсутнічае адназначная трактоўка гэтых паняццяў. Акрамя таго, разыходзяцца меркаванні навукоўцаў адносна суадносін гэтых катэгорый, іх класіфікацыі і відаў. Найбольш удалым я лічу азначэнне А.Я.Лебедзева: “Кампетэнтнасць – здольнасць і гатоўнасць асобы да дзейнасці, заснаваная на ведах і вопыце, набытым дзякуючы навучанню”. Кампетэнтнасны падыход – гэта сукупнасць агульных прынцыпаў вызначэння мэт адукацыі, адбору яе зместу, арганізацыі адукацыйнага працэсу і ацэнкі адукацыйных вынікаў. Да ліку такіх прынцыпаў, на мой погляд, адносяцца наступныя палажэнні:

– сэнс адукацыі заключаецца ў развіцці ў вучняў здольнасці самастойна вырашаць праблемы ў розных сферах і відах дзейнасці на аснове выкарыстання сацыяльнага вопыту, элементам якога з’яўляецца ўласны вопыт школьнікаў;

– змест адукацыі ўяўляе сабой дыдактычна адаптаваны сацыяльны вопыт вырашэння пазнаваўчых, маральных, палітычных і іншых праблем;

– сэнс арганізацыі адукацыйнага працэсу заключаецца ў стварэнні ўмоў для фарміравання ў навучэнцаў вопыту самастойнага рашэння пазнаваўчых, камунікатыўных, арганізацыйных, маральных і іншых праблем, якія складаюць змест адукацыі;

– ацэнка адукацыйных вынікаў грунтуецца на аналізе ўзроўняў адукаванасці, якія дасягнутыя вучнямі на пэўным этапе навучання.

Такім чынам, кампетэнтнасны падыход фактычна арыентаваны на рэалізацыю мадэлі моўнай адукацыі, сутнасць якой заключаецца ў формуле “мова вывучаецца для таго, каб ведаць яе і валодаць ёю”.

Як паказалі даследаванні нямецкіх вучоных, чалавек запамінае толькі 10 % таго, што ён чытае, 20 % таго, што чуе, 30 % таго, што бачыць, 50–70 % запамінаецца пры ўдзеле ў групавых дыскусіях, 80 % – пры самастойным знаходжанні і фарміраванні праблем. І толькі калі вучань непасрэдна ўдзельнічае ў рэальнай дзейнасці, у самастойнай пастаноўцы праблемы, выпрацоўцы і прыняцці рашэння, фармуліроўцы вывадаў і прагнозаў, ён запамінае і засвойвае матэрыял на 90 %. А значыць, сучасная школа павінна накіроўваць свае намаганні не на перадачу вучням гатовых ведаў, а на стымуляванне пошуку гэтых ведаў, развіццё ўмення прымяняць іх на практыцы. Дасягнуць гэтага можна з дапамогай кампетэнтнасна арыентаваных заданняў (КАЗ). Такія заданні садзейнічаюць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, выпрацоўцы ўменняў і навыкаў, якія можна прымяняць у канкрэтных жыццёвых абставінах. Прааналізаваўшы метадычную літаратуру і распрацоўкі як айчынных, так і расійскіх навукоўцаў, правёўшы параўнальны аналіз падыходу да тэмы А.В.Хутарскога, Г.Э.Бяліцкай, М.В.Кузьміна, М.Г.Яленскага, І.У.Булаўкінай, можна вызначыць наступныя асаблівасці КАЗ:

– дзейнасны характар задання, які прадугледжвае выкарыстанне прадметных і ўніверсальных навучальных уменняў у практычнай дзейнасці для рашэння прапанаванай праблемы;

– мадэляванне ў тэксце заданняў рэальнай ці ўмоўнарэальнай (вучэбнай) сітуацыі;

– прымяненне для рашэння прапанаванай праблемы актуальных ведаў і ўменняў навучэнцаў і неабходнасць пошуку інфармацыі, патрэбнай для выканання задання, у дадатковых крыніцах;

– наяўнасць асаблівай структуры заданні, якая забяспечвае арганізацыю мэтанакіраванай дзейнасці навучэнцаў па рашэнні праблемы.

Пры распрацоўцы КАЗ неабходна ўлічваць узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў, прынцыпы навуковасці і даступнасці. З мэтай развіцця прадметных кампетэнцый, неабходна выкарыстоўваць кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні, накіраваныя на авалоданне вучнямі лагічных дзеянняў параўнання, аналізу, сінтэзу, абагульнення, класіфікацыі, групоўкі; выпрацоўку ўмення ўстанаўліваць узаемасувязі і заканамернасці; работу з мадэлямі (схемамі сказаў); выкананне заданняў пошукавага і творчага характару; прагназаванне мэты і задачы вучэбнай дзейнасці; авалоданне навыкамі сэнсавага чытання тэкстаў, пошуку ў тэксце відавочнай інфармацыі і яе апрацоўку.

Праілюструю адзначаныя віды заданняў і практыкаванняў канкрэтнымі прыкладамі.

 

Заданні, накіраваныя на выкананне лагічных дзеянняў параўнання, аналізу, сінтэзу (развіццё моўнай і маўленчай кампетэнцыі)

Заданне “Сарціроўшчык

Згрупуйце словы па колькасці гукаў у канчатках (0 гукаў 1 гук 2 гукі 3 гукі).

Гісторыя, кляновая, асенняя, чытаю, стол, поле, луг, хмара, мыш, дарую, мастацтва, ранняга.

Заданне “Карэкціроўшчык

З прапанаваных слоў вызначце тыя, у якіх дапушчаны арфаграфічныя памылкі. Запішыце гэтыя словы правільна.

Фіалка, біолаг, календар, жэмчужына, чорствы, мядзьведзь, біёграф, цецярук, шаптаць, цвёрды.

Гульнёвае Заданне “Склады наадварот

Настаўнік называе слова і кідае мяч вучню, які ў слове мяняе месцамі склады, гаворыць новае слова і вяртае мяч настаўніку.

Лексічны матэрыял для гульні: Шура (рашу), кара (рака), марка (камар), мара (рама), лаза (зала), вужы (жыву), салі (ліса), ліпа (палі) і інш.

 

Заданні на класіфікацыю і групоўку моўнага матэрыялу па пэўнай прыкмеце (лінгвакультуралагічная, камунікатыўная кампетэнцыі)

Гульнёвае Заданне Прыгатуем торт”

Да дошкі прымацоўваюцца прадметныя малюнкі, на якіх адлюстраваны мука, яйкі, цукар, малако, смятана, разынкі, вішні, тварог, кефір. Вучням неабходна выбраць кампаненты, якія спатрэбяцца для прыгатавання кексаў. Назвы кампанентаў павінны пачынацца з цвёрдага зычнага гука.

Гульнёвае Заданне У паход”

Да дошкі прымацоўваюцца прадметныя малюнкі, на якіх адлюстраваны крупы, ліхтарык, чай, хлеб, сцізорык, бульба, шкарпэткі. Вучням неабходна выбраць прадметы, якія спатрэбяцца ім у паходзе. Умова: гэта могуць быць толькі рэчыўныя назоўнікі.

Заданне Словы-хітруны”

Вучні павінны сярод літар слова-адгадкі, прапанаванай на ўроку, знайсці новыя словы. Заданне можна ўскладніць рознымі ўмовамі (словы толькі з 4 літар і г.д.)

Напрыклад: Карагод: кара, гара, рака, год, дар, дарога, агарод, рог, гора, род, рада, градка, горад, рак, грак, град, рад і г.д.

 

Заданні на ўстанаўленне ўзаемасувязей і заканамернасцей (моўная і камунікатыўная кампетэнцыя)

Заданне Карацей кажучы…”

Замяніце дадзеныя выразы адным словам.

Вучань першага класа
Той, хто вучыцца або вучыўся ў адным класе
Той, хто працуе на будаўніцтве
Той, хто займаецца пчалярствам
Той, хто ўмее рабіць і рамантаваць печы

Заданне Перакладчык”

Падбярыце да рускіх слоў беларускія адпаведнікі і дапасуйце ў патрэбным родзе прыметнікі:

1. Дробь 2. Валериана 3. Прибыль 4. Кофе 5. Туфля 6. Ромашка 7. Котёнок 8. Копыто 9. Бельё 10. Тополь

 

Заданні на пошук спосабу дзеяння (моўная, камунікатыўная кампетэнцыя)

Заданне Даследчык”

Дадзены прадметы: яблык, клён, слон, дуб, мыш, самалёт, банан, яхта, сабака, апельсін, хвоя, аўтамабіль. Паспрабуйце аб’яднаць іх па розных падставах. (Магчымыя віды класіфікацыі: скланеннях, па катэгорыі адушаўлёнасці – неадушаўлёнасці і г.д.).

Заданне Развіваем логіку”

Настаўнік называе азначэнні, а вучні павінны назваць слова. Напрыклад: хрумсткі, зялёны, калючы (агурок); маленькая, палахлівая, камп’ютарная (мыш); цікавая, тоўстая, бібліятэчная (кніга) і г.д. Можна прапанаваць вучням прыдумаць самастойна два аналагічныя прыклады.

 

Заданні творчага характару (камунікатыўная, сацыякультурная кампетэнцыя) 

Заданне Будаўнік”

Складзіце з прапанаваных слоў прыказкі. Апішыце 3–5 сказамі, як вы разумееце сэнс апошняй прыказкі.

1. Мёд, а, вуснамі, камень, разлівае, пазухай, за, трымае.
2. Па, сустракаюць, праводзяць, а, розуму, адзенні, па.
3. Адкладвай, не, тое, на, заўтра, паспееш, што, сёння, зрабіць.
4. Сяброў, не, новых, а, забывай, старых, набывай.

Заданне Мастак”

Вучням неабходна стварыць творчы партрэт вывучаемай часціны мовы (Дадатак).

Заданне Гісторык”

Растлумачце, як і ад чаго ўзніклі наступныя беларускія назвы.

Складанчык, абшэўка, асяроддзе, вочап, надвор’е, вясляр, дажынкі, паліва, дзяркач, бялізна, шкляр, ветразь, гушкалка, плётка, поўня, бездань, байка.

 

Заданні на прагназаванне мэты і задач вучэбнай дзейнасці (усе прадметныя кампетэнцыі)

Заданне Адшукайце домік”

Да дошкі прымацоўваюцца малюнкі і схемы слоў. Прыкладныя малюнкі: вясёлка, рыдлёўка, жолуд, кавун, лесвіца, гіра, чайнік. Што адлюстравана на малюнках? Падумайце і сфармулюйце заданне, якое неабходна выканаць.

Заданне “Карэктар”

Прачытайце сказы і сфармулюйце заданне, якое неабходна выканаць. Напрыклад: Падыходзячы да школы, у хлопцаў узнікла спрэчка. Пад’язджаючы да станцыі, з мяне зляцеў капялюш Вярнуўшыся дахаты, на дварэ задажджыла.Захаваўшыяся да вясны яблыкі былі салодкімі.

 

Кампетэнтнасна арыентаваныя заданні такога і падобнага тыпаў паспяхова рэалізуюцца на розных этапах урока. Існуюць яшчэ т.зв. комплексныя кампетэнтнасна арыентаваныя заданні. Заданні такога тыпу маюць тэкставую аснову, а гэта значыць, асаблівая ўвага надаецца фарміраванню ў вучняў пры навучанні беларускай мове чытацкай пісьменнасці, пад якой, згодна з даследаваннямі PISA, падразумяваецца здольнасць чалавека разумець і выкарыстоўваць пісьмовыя тэксты, разважаць пра іх і займацца чытаннем для рэалізацыі сваіх мэт, пашыраць свае веды і магчымасці, удзельнічаць у сацыяльным жыцці. Чытацкая пісьменнасць, згодна з даследаваннямі PISA патрабуе сфарміраванасці наступных уменняў:

    • знайсці і выбраць інфармацыю;
    • інтэграваць і інтэрпрэтаваць паведамленне тэксту;
    • асэнсаваць і ацаніць змест тэксту і форму тэксту.

На фарміраванне гэтых уменняў, што і патрабуе фарміраванне прадметных кампетэнцый, і накіраваны комплексныя КАЗ.

Прыклады комплексных кампетэнтнасна арыентаваных заданняў прыводзяцца ў дадатку.

Вядома, укараненне комплексных КАЗ патрабуе ад настаўніка папярэдняй падрыхтоўкі, змянення структуры ўрока, гатоўнасці да змянення сябе. Неабходна адзначыць, што кампетэнтнасны падыход у навучанні, у працэсе рэалізацыі якога фарміруюцца прадметныя кампетэнцыі, не адмаўляе значэнне прадметных ведаў і ўменняў, а акцэнтуе ўвагу на здольнасць выкарыстоўваць атрыманыя веды. Такім патэнцыялам якраз валодаюць КАЗ і ў адпаведнасці з іх функцыямі могуць выкарыстоўвацца як на ўроку, так і для арганізацыі індывідуальных, стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў.

Выкарыстанне кампетэнтнасна арыентаваных заданняў дазваляе актывізаваць самастойную вучэбную дзейнасць школьніка, дапамагае выхоўваць па-сапраўднаму адукаваных, зацікаўленых людзей, здольных самастойна прымаць рашэнні і супрацоўнічаць. Выкананне такіх заданняў спрыяе не толькі больш глыбокаму асэнсаванню праграмнага матэрыялу, але і дае магчымасць пашырыць рамкі вучэбнай праграмы, што стымулюе самаадукацыя і самаразвіццё вучняў.

 

Дадатак

Прыклады комплексных кампетэнтнасна арыентаваных заданняў па беларускай мове для 5–7-х класаў

Тэмы:

– “Тэкст як сэнсава-граматычнае цэлае”
– “Назоўнік”
– “Сказ як адзінка маўлення. Сказы па мэце выказвання і інтанацыі. Знакі прыпынку ў канцы сказаў”
– “Вымаўленне і правапіс галосных е, ё, я”
– “Слова, яго лексічнае значэнне”
– “Назоўнікі канкрэтныя і абстрактныя”
– “Род назоўнікаў”
– “Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова”
– “Скланенне дзеепрыметнікаў”
– “Прыслоўе як часціна мовы”

 

Тэкст як сэнсава-граматычнае цэлае (5-ы клас)

Прачытайце выразна сказы і падумайце, ці можна іх назваць тэкстам?

Нам трэба прайсці зжатае поле, потым арэхавы гаёк на ўзгорку і спусціцца ў даліну, да вінаграднікаў.
Сёння мы выйшлі на работу рана-ранюсенька.
Прыемна ісці басанож па густой расістай зялёнай траўцы, нібы па дыване.
Сонейка толькі што выглянула з-за гор, а мы ўжо ў дарозе.
Разграбаеш жоўтае лісце – і вось ён, арэх, у тваіх руках.
А ў гайку пад нагамі часта адчуваеш апалыя лясныя арэхі.

Заданне 1. Што трэба зрабіць, каб з прапанаваных сказаў атрымаўся тэкст? Утварыце правільны варыянт.

Заданне 2.

1. Дайце загаловак тэксту. Абгрунтуйце свой выбар.Вызначце тэму і асноўную думку тэксту.
2. Якая сувязь сказаў у тэксце?

 

Заданне 3. Складзіце маршрут дзяцей згодна з тэкстам, ужываючы назоўнікі.

Заданне 4. Выпішыце ўсе дзеясловы з тэксту, абазначце прыстаўкі, дзе яны ёсць.

Заданне 5. Да дзеяслова ісці падбярыце не менш 3 сінонімаў.

Заданне 6.

1. Апішыце настрой дзяцей. Абгрунтуйце сваю думку.
2. Ці адпавядае настрою тэксту карціна мастака Уладзіміра Макоўскага “Дзеці”?

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Назоўнік (5-ы клас)

Прачытайце выразна тэкст

Аленка выйшла на ганак і з вышыні яго ўбачыла горад, заліты вечаровымі агнямі, чорна-бліскучыя шаты таполяў усцяж тратуараў і за імі незвычайна лёгкую, бы не важкую зусім ажурную арку моста. Над галавой белым глобусам вісеў плафон. У святле яго Аленка нечакана заўважыла, што рукавы кофтачкі зырка і пералівіста зіхацяць ад мноства танюткіх маленькіх зорачак, падобных на сняжынкі. Аленка паспрабавала ўзяць адну з іх, дакранулася, але пальцы нават не адчулі дотыку шкла.

Заданне 1. Вызначце тэму і асноўную думку тэксту.

Заданне 2. Які настрой у Аленкі і чаму? Як вы думаеце, ад чаго ён залежыць?

Заданне 3. Гэты тэкст складаецца з 71 слова, з іх 23 – назоўнікі. Усяго часцін мовы – 10. Як вы лічыце, з якой мэтай ужыта такая вялікая колькасць назоўнікаў? Ці можна было б выкарыстаць замест назоўнікаў іншыя часціны мовы?

Заданне 4. Выпішыце з першага сказа назоўнікі і пастаўце іх у пачатковую форму.

Заданне 5. Выпішыце другі сказ, разбярыце яго па членах сказа.

Заданне 6.

1. Успомніце дзень або пэўную сітуацыю, калі вы адчувалі радасць. Апішыце свой настрой у той дзень не менш 5-6 сказамі.
2.
Як вы лічыце, якія колеры адпавядаюць радаснаму настрою?

 

Сказ як адзінка маўлення. Сказы па мэце выказвання і інтанацыі. Знакі прыпынку ў канцы сказаў (5-ы клас)

Прачытайце выразна верш Э.Агняцвет “Хто пачынае дзень?”

Раней за ўсіх устаў шафёр,
Пабег да гаража.
Не любіць соннай цішыні
Гарачая душа!
Ён неспакойны чалавек –
Хацеў бы сто гадоў
Цагліны цэлыя вазіць
Для новых гарадоў.
Устане рана хлебапёк,
Адчуе смачны пах –
І пойдзе жытні свежы хлеб
З румянцам на шчаках.
Па-свойму радуе маляр
Прыроду і людзей:
Прыносіць колеры вясны
Вясёлы чарадзей.
Спытайся ў сонца і зямлі,
Спытайся ў чыстых рэк:
– Хто пачынае новы дзень?
– Рабочы чалавек!

Заданне 1. Пра што гэты верш? У якім радку заключаецца яго асноўная думка?

Заданне 2. Якія думкі ўзнікаюць у вас, калі вы чытаеце верш?

Заданне 3.

1. Падлічыце, са скалькі сказаў складаецца верш?
2. Прывядзіце з верша прыклады сказаў па мэце выказвання.

Заданне 4. Выпішыце назоўнікі, якія абазначаюць прафесіі. Ад чаго ўтварыліся гэтыя словы?

Заданне 5.

1. Закончыце сказы.

Рабочы чалавек – гэта і шафёр, і маляр, і ….
Усе гэтыя прафесіі вельмі важныя для нашай краіны і для ўсіх людзей, бо

2. Адгадайце загадкі. Падумайце, якія сказы па мэце выказвання часцей за ўсё ўжываюцца ў загадках.

Хто, збіваючы расу, на плячы нясе касу?
Калі дзе штосьці забаліць, хто боль будзе гаіць?
Хто да зорак паляцеў, на зямлю з-за воблакаў глядзеў?

Заданне 6. Ракажыце пра прафесіі вашых бацькоў 5–7 сказамі. Па магчымасці выкарыстоўвайце сказы, розныя па мэце выказвання.

 

Вымаўленне і правапіс галосных е, ё, я (5-ы клас) 

Прачытайце ўважліва і выразна урывак з апавядання Б.Сачанкі “Кошык малін”.

Нaвaльнiцa дaгнaлa мянe, кaлi я нe aд’exaў i кiлaмeтpa aд лecy. Я нaцicкaў, як тoлькi мoг, нa пeдaлi, чyючы, штo зa cпiнаю вypкoчa гpoм, aлe ўcё poўнa ўцячы aд дaжджy нe ўдaлocя, – дapoгa cкpoзь вyзкaя, кapaнicтaя, i шмaт дзe тpэ былo кaцiць вeлaciпeд.  Блicнyлa мaлaнкa, i з гpyкaтлiвым aбвaлaм гpoмy ceкaнyў лiвeнь. Я cпынiўcя i xyцeнькa пaчaў aдвязвaць aд бaгaжнiкa плaшч, якi, выязджaючы з дoмy, зaxaпiў нa ўcякi выпaдaк, бo пяклo i пapылa.  Пaлявaя дapoгa ў мoмaнт pacкicлa, ycюды пaбeглi pyчaйкi, i ў кaлдoбiнax зaблiшчэлi кaлaмyтныя лyжыны. Чopт вeдae штo paбiлacя ў нeбe! Бы тaм нябaчны xтo мяшaў вялiзнaй мeшaлкaю нeзвычaйнae вapывa, – xмapы дыбiлicя, лeзлi aднa нa aднy.

Заданне 1. Пра што апавядае ўрывак? Да якога тыпу адносіцца тэкст?

Заданне 2. Ці ўдалося апавядальніку ўцячы ад дажджу? Як аўтар апісвае навальніцу?

Заданне 3. Запішыце першы сказ, падкрэсліце адной лініяй галосныя літары е, ё, я, якія абазначаюць адзін гук, і двума лініямі галосныя літары е, ё, я, якія абазначаюць два гука ?

Заданне 4.

1. Патлумачце выдзеленыя арфаграмы нябачны, незвычайнае?
2. Зрабіце фанетычны запіс слоў: веласіпед, лівень, педаль.

Заданне 5. Падбярыце сінонімы да слоў вуркоча, секануў. Запішыце іх словазлучэннях разам са словамі, з якімі яны ўжываліся ў тэксце.

Заданне 6. Ці даводзілася вам сустрэць навальніцу недзе далёка ад дома? Якія пачуцці вы перажывалі?

 

Слова, яго лексічнае значэнне (6-ы клас)

Прачытайце ўважліва і выразна тэкст

Традыцыйныя беларускія стравы разнастайныя.
Сярод усіх прадуктаў самым каштоўным у беларусаў быў хлеб. Хлеб беларусам заўсёды цяжка даваўся. Часцей за ўсё пяклі хлеб з жытняй мукі ў печы на капусных, дубовых, кляновых лістах ці на аеры. Адразаў хлеб гаспадар сям’і. Першы кавалак зваўся акраец, а вельмі тоўсты – луста ці скіба.
Бульба – другі хлеб беларусаў. З бульбы пяклі дранікі і бабку. Бульбу варылі і таўклі. Такую страву звалі камы. З бульбы рабілі клёцкі.
Любімымі былі таксама стравы з круп і мукі: бліны, каша. Вырылі верашчаку і зацірку. Верашчаку варылі з мясам, салам, духмянымі прыправамі. Зацірку – з малаком.
Беларускія стравы вельмі смачныя. Многія рэстараны зараз прапануюць іх пакаштаваць

Заданне 1. Пра што апавядае ўрывак? Якая яго асноўная думка?

Заданне 2. Выпішыце з тэксту назвы традыцыйных беларускіх страў. Ці даводзілася вам іх пакаштаваць?

Заданне 3. Растлумачце значэнне слоў “акраец”, “луста”, “скіба”, “скарынка”, “бохан”. Складзіце і запішыце з дадзенымі словамі словазлучэнні.

Заданне 4.

1. Знайдзіце ў тэксце словы па іх лексічным значэнні:

1) … – аладкі, бліны з дранай бульбы
2) … – страва з дранай бульбы, запечаная ў форме
3) … – малочны суп з зацертымі мучнымі кавалачкамі

2. Якія словы дапамаглі вам у выкананні папярэдняга задання? Як называюцца такія словы?

Заданне 5.

1. Зрабіце сінтаксічны разбор сказа: Хлеб беларусам заўсёды цяжка даваўся.
2. Патлумачце, што меў на ўвазе аўтар?

Заданне 6. Што такое аер? Дзе ён расце? Зрабіце фанетычны разбор слова

Заданне 7. Раскажыце, як правільна прыгатаваць дранікі, бабку, зацірку, клёцкі (на выбар).

 

Назоўнікі канкрэтныя і абстрактныя (6-ы клас)

Прачытайце выразна тэкст

У характары беларуса спакой і мяккасць. Беларус добры гаспадар, умее шанаваць капейку. Аднак гэта не перашкаджае яму праяўляць гасціннасць.
Беларус любіць павесяліцца. Весялосць у яго ад усяго сэрца. Беларус не помніць злосці і лёгка даруе крыўду. Беларусы ніколі не вызначаліся ваяўнічасцю. Таму часта аказваліся пад прыгнётам іншых. Разам з тым беларусы лічыліся найлепшымі салдатамі.
Для беларусаў характэрны добрыя адносіны да суседзяў. Але іх ніколі не пакідае гордасць (паводле А. Смоліча).

Заданне 1. Пра што апавядае ўрывак? Якая яго асноўная думка?

Заданне 2. Як вы разумееце словазлучэнне “праяўляць гасціннасць”? Ці можаце вы назваць сябе гасцінным чалавекам?

Заданне 3. Уладзімір Караткевіч сказаў: “Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць”. Ці згодны вы з гэтым выказваннем? Дакажыце сваю думку, абапіраючыся на тэкст.

Заданне 4. Выпішыце з тэксту абстрактныя назоўнікі ў той форме, у якой яны ўжыты ў тэксце, вызначце іх склон.

Заданне 5. Выпішыце з тэксту тры канкрэтныя назоўнікі другога скланення.

Заданне 6. Выпішыце з тэксту словы з падоўжанымі зычнымі, зрабіце іх фанетычны запіс

Заданне 7. Раскажыце, што вы ведаеце пра Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны? Пацвердзіце думку аўтара, што беларусы – “найлепшыя салдаты”. Паспрабуйце ў сваім выказванні ўжываць як мага больш абстрактных назоўнікаў.

 

Род назоўнікаў (6-ы клас)

Прачытайце выразна верш

Вучыць мову рускую Глеб і беларускую.
Мовы блізкія, аднак Глеб на мове беларускай
Словы звязвае не так, як звязаў бы іх па-руску.
Усвядоміў добра Глеб, што на мове нашай трэба
Па ваду ісці, па хлеб, а не за вадой і хлебам.
І яшчэ, апроч таго, як хто кпіць па-беларуску,
Дык патрэбна кпіць – з каго, а над кем – калі па-руску.
З тропу не саб’еш больш Глеба бо вядома ўжо яму,
Не каго прабачыць трэба, як па-руску, а каму.
Шмат са словамі турбот, ды і тут бяды ніякай,
Бо мужчынскі маюць род боль, медаль, палын, сабака.
                                                                               А.Зэкаў

Заданне 1. Якая асноўная думка выказана ў вершы? Які загаловак вы можаце прапанаваць?

Заданне 2. Пра якія асаблівасці беларускай мовы гаворыцца ў вершы?

Заданне 3. Падбярыце сінонім (сінонімы) да слова «кпіць». Перакладзіце яго на рускую мову.

Заданне 4. Выпішыце з тэксту назоўнікі мужчынскага роду, складзіце з імі словазлучэнні.

Заданне 5. Патлумачце, як вы разумееце словазлучэнне «з тропу не саб’еш»?

Заданне 6. Перакладзіце прапанаваныя словазлучэнні. Паспрабуйце дапоўніць табліцу

 

 

 

 

 

 

 

Заданне 7. Паспрабуйце змяніць гэты вершаваны твор у празаічны, мэта якога – паведаміць слухачам пра асаблівасці перакладу з рускай мовы на беларускую некаторых назоўнікаў.

 

Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова (7-ы клас)

Прачытайце рэцэпт халадніку па-гарадзенску

700 гр. шчаўя, 400 гр. буракоў, 2 свежыя агуркі, 1 яйка, 2 шкл. кефіру, 120 гр. зялёнай цыбулі, 2 ст.л. смятаны, 1 ст.л. цукру, соль, кроп.
У падсоленай вадзе зварыць прамытае і нарэзанае шчаўе, астудзіць. Асобна зварыць цэлыя буракі, абабраць, накрышыць саломкай, змяшаць са шчаўем, пакласці дробна нарэзаную і расцёртую з соллю і жаўтком зялёную цыбулю, нашаткаваныя свежыя агуркі, здробнены бялок, цукар, узбіты кефір. Халаднік заправіць смятанай і пасыпаць дробна нарэзаным кропам.

Заданне 1. Прааналізуйце структуру тэксту. Як бы вы падзялілі тэкст? Дайце назву часткам.

Заданне 2. Падумайце і запішыце апошні сказ тэксту, які ўдала ўпісаўся б у кантэкст.

Заданне 3. Спішыце першы абзац тэксту, замяняючы лічбы і скарачэнні словамі.

Заданне 4. Напішыце алгарытм прыгатавання халадніку па прыкладзе: падсаліць ваду, прамыць і нарэзаць шчаўе,..

Заданне 5. Выпішыце з тэксту дзеепрыметнікі, запісваючы ў дужках пасля іх род, лік, склон.

Заданне 6. Запішыце тэкст, змяняючы дзеясловы ў дужках дзеепрыметнікамі.

Халаднік любілі як простыя сяляне, так і заможная шляхта. У вёсках спажывалі больш танны варыянт – з гародніны з дабаўленнем (парэзаць) яйка і (узбіць) смятаны. Шляхта мела магчымасць запраўляць летні суп (пакрышыць) халодным мясам, рыбай або ракавымі шыйкамі, часам дабаўлялі (раскалоць) кавалкі лёду. У нашых продкаў існаваў мудрагелісты спосаб падачы халоднага супу. У багатых дамах яго раскладвалі на трох талерках: на адной – (зварыць) бацвінне, на другой – (накрышыць) лёд, а на трэцяй – (адварыць) чыр­воная рыба. Лёд падкладвалі, каб страва ўвесь час была халодная. 

Заданне 7. Адгадайце загадку: У печы парыцца ў вопратцы, да стала ідзе распранутаю.

З дапамогай дзеепрыметнікаў назавіце бульбу, якую вараць – …; бульбу, якую смажаць – …; бульбу, якую пякуць – …; бульбу, якую тушаць – …; бульбу, якую запякаюць – …; бульбу, якую фаршыруюць – ….

Заданне 8. З дапамогай дзеепрыметнікаў запішыце рэцэпт капусніку, баршчу, крупніку (на выбар).

 

Скланенне дзеепрыметнікаў (7-ы клас)

Прачытайце ўважліва і выразна тэкст

Некалькі гадоў таму я перабіраў у сваім кніжным куфэрку, што хаваўся дома на гары. Сярод іншых, выпадкам купленых кніжак, я знайшоў томік выбраных твораў Янкі Купалы – першую, якую можна было дастаць пасля вайны, кніжку ў нашай хаце. Я зберагаў яе як нейкую памятку, як зберагае мая маці скрутак таго тонкага, вытканага разам са сваёй нябожчыцай-маці кужэльнага палатна.
Я бяру ў руку гэтую зжаўцелую кні…ку з сінім, пад н…бесны кол…р партрэтам разумнага, прыгожага і ціхага чалавека з нейкім насц…рожаным позіркам у прыжмураных вачах і думаю, што н…ма на свеце таго, што ты любіў бы толькі адзін, што ёсць людзі, у душы якіх таксама жыла і жыве паэзія. Што іхняя душа чула і чуе хараство (Паводле В.Адамчыка).

Заданне 1. Вызначце асноўную думку тэксту? Да якога тыпу і стылю адносіцца тэкст?

Заданне 2. Чаму аўтару так блізка гэта кніга? Знайдзіце пацверджанне ў тэксце

Заданне 3. На якім з партрэтаў Янка Купала? Што вам вядома пра гэтага беларускага песняра?

А)                            Б)                         В)                       Г)

Заданне 4. Спішыце другі абзац тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары. Падкрэсліце дзеепрыметнікі як члены сказа.

Заданне 5. Выпішыце з першага абзаца тэксту дзеепрыметнікі разам са словамі, якія яны паясняюць. Вызначце склон дзеепрыметнікаў, растлумачце правапіс склонавых канчаткаў.

Заданне 6. Зрабіце марфемны разбор слоў зжаўцелая, вытканы. Напішыце, ад якіх дзеясловаў яны ўтвораны.

Заданне 7. Патлумачце значэнне слоў куфэрак, скрутак, кужаль. Складзіце з імі словазлучэнні, дадаючы дзеепрыметнікі.

Заданне 8. Прачытайце радкі з верша Ніны Кавальчук:

Зусім не важна, хто ты, дзе працуеш,
Калі любоў да кнігі ў сэрцы ёсць,
Калі ты слова роднае шануеш,
То кніга ў хаце сябар, а не госць.

Ці згодны вы з паэтэсай? Як гэтыя радкі звязаны з тэкстам? Складзіце вуснае выказванне на тэму “Прачытаная кніга – час, пражыты недарма”.

 

Прыслоўе як часціна мовы (7-ы клас)

Прачытайце ўважліва і выразна тэкст

Ранішні туман развеяўся, і ўнізе ўсё добра відаць. Што гэта? Глядзіце, які дзіўны, незвычайны пейзаж! Няўжо мы на Беларусі?
Так, гэта Беларусь. Але такая, якой яна была дзясяткі тысяч год назад. I характар мясцовасці пад намі мала нагадвае прывычныя абрысы, знаёмыя нам па сучасных картах. Але прыгледзьцеся добра. Далёка ўнізе працягнуліся светлымі стужкамі рэкі. Вы пазнаяце іх?
Вось Дняпро і Прыпяць, Бярэзіна і Сож. А вось і Нёман, і Заходняя Дзвіна. Яны цякуць у тых жа напрамках, што і цяпер. Дняпро нясе свае воды ў Чорнае мора, Нёман і Дзвіна ў Балтыйскае. У параўнанні з Дняпром і Прыпяццю гэта яшчэ зусім маладыя рэкі. Але ўсе яны, і старыя, і маладыя, выглядаюць значна шырэй і магутней за цяперашнія.
У нізінах – неабсяжныя прасторы балот. Святлеюць шматлікія люстры азёр. Не відаць ні дарог, ні гарадоў, ні вёсак, ні статкаў хатняй жывёлы на лугах. Толькі дзікія звяры, ідучы на вадапой, пакінулі сляды на вільготнай зямлі. Чакайце, а гэта хіба не статак? Вунь на той палянцы сярод лесу пасуцца нейкія буйныя жывёліны.    Зірніце ўважліва! Здаецца, яны крыху падобны на кароў? Толькі ж нейкія калматыя. I колер у іх аднолькавы. Усе цёмна-бурыя, каштанавыя. Спусцімся крыху ніжэй. Трэба ж іх разгледзець як след. Э, ды гэта ж нашы добрыя знаёмыя! На палянцы пасуцца зубры.

Заданне 1. Вызначце асноўную думку тэксту. Прапануйце загаловак.

Заданне 2. Якія карціны паўстаюць перад вамі, калі вы чытаеце тэкст?

Заданне 3. Якая жывёла лічыцца сімвалам Беларусі? Дзе можна пабачыць зубра сёння?

Заданне 4. Выпішыце з тэксту словазлучэнні з прыслоўямі. Запоўніце табліцу.

 

Заданне 5. Спішыце першы абзац. Падкрэсліце прыслоўі як члены сказа

Заданне 6. Утварыце антанімічныя пары з прыслоўямі добра, далёка, ўнізе, шырока, нізка.

Заданне 7. Які зычны гук найчасцей сустракаецца ў назвах рэк з урыўка? Запішыце як мага больш прыслоўяў, якія пачыналіся б з гэтага гука.

Заданне 8. Уявіце сябе экскурсаводам. Па якіх месцах роднай вёскі вы правялі б экскурсійную групу? Аргументуючы свой выбар, карыстайцеся прыслоўямі.

 

Літаратура

1 Адукацыйны стандарт базавай адукацыі [Электронный ресурс] // Партал Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Рэжым доступу: https://www.adu.by/images/2019/01/obr-standarty-ob-sred-obrazovaniya.pdf. – Дата доступу 19.05.2023.
2 Беларуская мова: вучэб. дапам. для 5 кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі вучання: у 2 ч./ В.П.Красней [і інш.]. 2-е выд., перапрац. і дап. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2014. 160 с.
3 Валочка, Г.М. Беларуская мова.7 клас: Дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы / Булаўкіна, І. У. – Мінск : Сэр-Вит, 2018. – 76 с. – (Кампетэнтнасны падыход).
4 Вучэбныя праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. Беларуская мова. Беларуская літаратура. V–IX класы. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2017. – 54 с.
5 Зяткіна, Н.М. Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні па беларускай мове (лексічная тэма “Хлеб”, VIII клас) / Н.М.Зяткіна // Беларуская мова і літаратура. – 2018. – № 5. – С. 37 – 39.
6 Канцэпцыя вучэбнага прадмета «Беларуская мова» // Роднае слова. – 2009. – № 8. – С. 90–95.
7 Лебедев, О.Е. Компетентностный подход в образовании / О.Е.Лебедев // Школьные технологии. – 2004. – № 5. – С. 3–12.
8 Мартынкевіч, С.В. Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў пры вывучэнні беларускай мовы (5 – 6 класы) / С.В.Мартынкевіч. – Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2010. – 102 с.
9 Методыка выкладання беларускай мовы / М.Г.Яленскі [і інш.]; пад рэд. М.Г.Яленскага. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2007. – 448 с.
10 Хуторской, А.В. Ключевые компетенции и образовательные стандарты / А.В.Хуторской [Электронный ресурс]. – Рэжым доступу: http://www.eidos.ru/journal/2002/0423.htm. – Дата доступу: 19.05.2023

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий