Даследча-творчы праект «И всякому человеку потребна чести»

- 16:41Дополнительное образование

Сумесны адукацыйны праект педагогаў і навучэнцаў.

 

Тамара ЕМЯЛЬЯНЕНКА,
педагог дадатковай адукацыі,
ДУА “Жлобінскі гарадскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”,
Гомельская вобласць

 

Актуальнасць

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў.
                                             Францыск Скарына

Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. І наш славуты зямляк Францыск Скарына ў гэтым сэнсе найярчэйшы прыклад. Ён з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Рэнесансу.

Гэты час называецца Адраджэнне, бо менавіта тады адраджаліся цэлыя народы і нацыянальныя культуры, рабіліся вялікія геаграфічныя і творчыя адкрыцці. Эпоха Адраджэння нарадзіла Францыска Скарыну – чалавека невычэрпнай энергіі і ініцыятывы, першадрукара і гуманіста, паэта і медыка, батаніка і астранома.

Францыск Скарына – першы, хто адкрыў ва ўсходняй Еўропе кнігадрукаванне і зрабіў кнігу даступнай вялікаму колу людзей. Ён дамагаўся, каб кнігі, асвета, здабыткі навукі належалі простым людзям. Выданне кніг на роднай мове дзеля навучання “люду паспалітага”, малі мэту выхаваць нацыянальную інтэлігенцыю, якая па ведах і інтэлекце стаяла б упоравень з заходнееўрапейскімі дзеячамі навукі і мастацтва.

Уся Біблія бачылася яму важнейшым дапаможнікам для вывучэння пашыраных у той час навук. А з якім выдатным, непараўнальным мастацкім густам былі аформлены ўсе без выключэння яго выданні.

Францыск Скарына – наш гонар і слава, бо яго нарадзіла і выкарміла менавіта наша беларуская зямля. Вобраз вялікага Францыска Скарыны, яго дзейнасць – гэта пласт гісторыі, на якой фарміруюцца жыццёвыя арыенціры, маральныя каштоўнасці маладога пакалення.

Пасля вывучэння біяграфіі Францыска Скарыны, яго творчасці з’явілася жаданне стаць часткай той вялікай працы, якую ён праводзіў па кнігадрукаванні.

Менавіта сёння, у час камп’ютарных тэхналогій, самыя актуальныя задачы – гэта накіроўваць вучняў, далучаць да роднай мовы, далучаць да гістарычнай спадчыны беларускага народа. Фарміраваць пачуццё гонару за сваю краіну, за сваіх продкаў.

Асноўная ідэя праекта

Праект прысвечаны дзейнасці ўсходнеславянскага першадрукара, філосафа-гуманіста, пісьменніка, грамадскага дзеяча Францыска Скарыны. Гэта быў незвычайна адораны Богам, высокаадукаваны і дасведчаны прадстаўнік беларускага народа.

Праца над праектам дала магчымасць вучням дакрануцца да таямнічай дзейнасці Францыска Скарыны. Вучні з цікавасцю чыталі кнігі Бібліі, якія пераклаў на родную мову Францыск Скарына. Для праекта былі выбраны тыя кнігі, якія найбольш спадабаліся. Кнігі Францыска Скарыны былі аформлены з выдатным, непаўторным густам.

Выкарыстоўваючы матэрыялы знаёмай тэхнікі “Лепка з цеста”, распрацаваўшы спецыяльны склад (мука, соль, клей ПВА, папера), вучні зрабілі аснову, падобную да драўлянай дошкі, і прыступілі да рэалізацыі асноўнай ідэі: стварэнне вокладак да кніг Бібліі Францыска Скарыны, а таксама падрыхтоўка выставы, прысвечанай яго дзейнасці.

Мэта: вывучэнне дзейнасці Францыска Скарыны, стварэнне вокладак да кніг Бібліі Францыска Скарыны падрыхтоўка выставы.

Задачы:

– фарміраваць у вучняў уяўленне пра творчасць Францыска Скарыны;
– садзейнічаць набыццю вучнямі вопыту праектнай дзейнасці і яго прымяненню на практыцы;
– ствараць умовы для рэалізацыі творчых задум вучняў у працэсе навучання;
– развіваць творчае мысленне вучняў і вобразнае бачанне будучай кампазіцыі пры выкананні малюнкаў праз азнаямленне з творчасцю Францыска Скарыны.

Тып праекта: даследча-творчы.

Працягласць: з 1 верасня па 20 снежня.

Этапы рэалізацыі праекта:

Дыягнастычны этап (1–7 верасня).

– правядзенне анкетавання вучняў для выяўлення ведаў па тэме;
– апрацоўка матэрыялаў апытанняў.

Падрыхтоўчы этап (7–20 верасня).

– выяўленне праблемных пытанняў;
– фарміраванне групы ўдзельнікаў праекта.

Планава – прагнастычны этап (20–28 верасня).

– пастаноўка мэты і задач праекта;
– падбор наглядна-дыдактычных матэрыялаў і літаратуры па тэме праекта;
– распрацоўка плана мерапрыемстваў па рэалізацыі праекта;
– азнаямленне з ідэяй праекта;
– прагляд стартавай прэзентацыі.

Даследчы этап (28 верасня – 5 кастрычніка).

– вывучэнне біяграфіі і дзейнасці Францыска Скарыны;
– падрыхтоўка паведамленняў па тэме;
– аналіз паведамленняў;
–  чытанне перакладаў кніг Бібліі Францыска Скарыны.

Практычны этап (6 кастрычніка – 8 снежня).

– рэалізацыя асноўных відаў дзейнасці па напрамку праекта;
– выкананне эскізаў вокладак;
– праца ў матэрыяле.

Завяршальны этап (9 снежня – 20 снежня).

– падвядзенне вынікаў выкананай працы;
– анкетаванне ўдзельнікаў;
– прэзентацыя праекта;
– выстава.

 

Змест і механізм рэалізацыі

У залежнасці ад этапа выкарыстоўваліся розныя метады і формы працы з удзельнікамі праекта. Так на дыягнастычным этапе было праведзена анкетаванне сярод удзельнікаў аб’яднання для выяўлення ўзроўню ведаў пра творчы і жыццёвы шлях Францыска Скарыны і іх адносіны да знакамітага продка. Ці ёсць у вучняў цікавасць да зместу кніг Францыска Скарыны.

Аналіз вынікаў анкетавання паказаў, што ўсе вучні ведаюць пра гэту асобу, яго дзейнасць. Аднак змест кніг цікавіў не ўсіх. Таму задача педагога была ў тым, каб зацікавіць вучняў зместам кніг.

Былі падрыхтаваны паведамленні “Гравюры да кніг Францыска Скарыны”, “Цікавыя звесткі з жыцця Францыска Скарыны”. Таксама вучні падрыхтавалі стартавую прэзентацыю. На занятках чыталіся пераклады Бібліі, потым вылучалі асноўныя думкі кніг, і жадаючым вучням прапанавалася выканаць эскізы вокладак да кніг Бібліі. На гэты момант група ўдзельнікаў праекта паменшылася.

Па выніках падрыхтаваных эскізаў вылучыліся дзве вучаніцы, якія працягвалі працаваць над праектам. Адна вучаніца падрыхтавала эскізы, другая выканала работы ў матэрыяле.

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” была арганізавана прэзентацыя і выстава, прысвечаная творчасці Францыска Скарыны.

 

План рэалізацыі праекта

Віды дзейнасці

Форма рэгістрацыі выніку

Адказныя

1 Дыягнастычны этап (01.09-07.09)

Правядзенне анкетавання сярод вучняў для выяўлення ведаў па тэме.
Апрацоўка матэрыялаў апытанняў

Анкеты вучняў

Педагог дадатковай адукацыі

2 Падрыхтоўчы этап (07.09-20.09)

Выяўленне праблемных пытанняў.
Фарміраванне групы ўдзельнікаў праекта. Распрацоўка канцэпцыі рэалізацыі праекта

 

Педагог дадатковай адукацыі

3 Планава-прагнастычны этап (20.09-28.09)

Пастаноўка мэты і задач праекта

План рэалізацыі праекта, стартавая прэзентацыя

Педагог дадатковай адукацыі

4 Даследчы этап (28.09-05.10)

Вывучэнне біяграфіі і дзейнасці Ф.Скарыны.
Падрыхтоўка паведамленняў па тэме

Паведамленні па тэме, аналіз паведамленняў

Педагог дадатковай адукацыі, вучні

5 Практычны этап (06.10-08.12)

Рэалізацыя асноўных відаў дзейнасці па напрамку праекта.
Выкананне эскізаў, вокладак.
Падрыхтоўка пластычнай масы.
Праца ў матэрыяле.
Выкананне ў колеры

Фотасправаздача

Педагог дадатковай адукацыі, вучні

6 Завяршальны этап (09.12-20.12)

Падвядзенне вынікаў выкананай працы.
Анкетаванне вучняў.
Ацэнка ўзроўню дасягнутага выніку ў параўнанні з мэтамі і задачамі.
Прэзентацыя праекта.
Выстава

Фотасправаздача

Педагог дадатковай адукацыі, вучні, педагогі цэнтра

 

Рэзультатыўнасць праекта

Для таго каб лічыць праект паспяховым, а яго задачы – выкананымі, неабходна дасягненне канкрэтных паказчыкаў. У ходзе рэалізацыі праекта ўдзельнікамі было выканана 25 эскізаў, з якіх было выбрана 8 лепшых. Адказным за падрабязнае дапаўненне эскізаў была назначана адна з удзельніц праекта. Над гэтымі эскізамі працягвалася работа па ўдакладненні дэталей і ўпрыгожванні эскізаў.

Калі эскізы былі падрыхтаваныя, перад удзельнікамі ўзнікла новая задача: якім матэрыялам карыстацца, бо работы з салёнага цеста маюць вялікую вагу і крохкасць – гэта выклікала пэўныя праблемы.

Пачаліся пошукі патрэбнага матэрыялу. Заўважыўшы, што пры дабаўленні ў салёнае цеста паперы, яно становіцца больш лёгкім, а пры дабаўленні алеяў – пластычным, клею – менш крохкім. Было вырашана спыніцца на гэтым матэрыяле: салёнае цеста з дабаўленнем паперы, алеяў, клею.

І пачалася праца над вокладкамі. Адказнасць за выкананне работ, матэрыял узяла на сябе адна з удзельніц праекта.

Спыніліся на каве, якая надала работам не толькі цёплы, прыемны колер, але яшчэ і цудоўны, духмяны водар.

У выніку работы атрымалася 8 вокладак, не падобных адна на другую, аб’яднаных адной тэмай. Яны адлюстравалі змест кніг Бібліі Францыска Скарыны.

“И всякому человеку потребна чести” – Далоні, вылепленыя на гэтай вокладцы – сам Скарына, а птушкі – веды і кнігі, якія даляцелі да нас з таго часу. На птушках намаляваны знак “шалі”, які ўтвараецца літарай “Т”, што азначае “мікракосм, чалавек”, і трохвугольнік “дэльта” (∆), які сімвалізуе вучонага і ўваход у каралеўства ведаў.

“Псалтыр” – На ёй выкананы Цар Давід, які звяртаецца да вернікаў з павучальнымі словамі (псалмамі). Вернікі ў сваю чаргу знаходзяць у іх суцяшэнне і надзею ў дні ўласных цяжкіх выпрабаванняў.

“Эклезіяста” – На вокладцы размешчаны Цар Саламон, які ўклаў у гэту кнігу ўсю мудрасць і светапогляд. Нават далёкія ад веры мудрацы звярталіся да яе, як да аднаго з найбольш глыбокіх філасофскіх трактатаў.

“Песня Песняў” – На вокладцы размешчаны Цар Саламон, аслеплены прыгажосцю дзяўчыны, і сама дзяўчына, сэрца якой належыць іншаму. І як ні спрабаваў Саламон пераканаць дзяўчыну прыняць яго каханне, як ні імкнуўся ўздзейнічаць на яе сэрца праяўленнем прыгажосці і абяцаннямі, але яна пераадолела спакусы і засталася вернай свайму каханаму.

“Плач Ераміі” – На вокладцы выкананы прарок Ерамія. Пасля таго як Ізраіль быў захоплены ў палон, а Іерусалім спустошаны, Ерамія, які быў сведкам гэтай страшнай карціны, апісаў у гэтай кнізе ўсе нягоды і пакуты па Іерусаліме.

“Эсфір” – На вокладцы выканана гераічная дзяўчына, якая заступілася перад царом за свой народ, які быў на мяжы знішчэння. Насуперак строгаму этыкету, парушэнне якога пагражала яе жыццю, дзяўчына з’явілася да цара без запрашэння і пераканала яго наведаць прыгатаваны ёю баль, падчас якога і звярнулася да яго з просьбай пра абарону свайго народа.

“Руф” – На вокладцы выканана добрая дзяўчына, якая збірае каласкі пасля жніва для сваёй свекрыві. Побач з ёй Ваоз, уладальнік поля. Дзяўчына зачароўвае Ваоза сваёй дабрынёй, імкненнем да міру і маральнай чысцінёй. Пазней Ваоз выкупляе Руф сабе ў жонкі.

“Апостал” – На вокладцы выкананы апостал Павел, які на шляху ў Дамаск ад раптоўнага найярчэйшага святла з неба аслеп і, пачуўшы дакорлівы голас Езуса, паверыў у Яго. Пасля ён быў вылечаны ад слепаты, прыняў хрышчэнне, а пазней пачаў прапаведаваць вучэнне пра выратаванне не дзеямі, а верай і сілай ласкі.

На кожнай вокладцы выкананы месяц і сонца. Гэта так званы “Месяц сонечны”, які Францыск Скарына выкарыстоўваў на кожнай гравюры. Яна абазначае атрыманне ведаў, фізічнае і духоўнае лячэнне чалавека.

У студзені прайшла выстава і прэзентацыя праекта.

Рэсурснае забеспячэнне праекта

Для паспяховай рэалізацыі праекта неабходна выкананне наступных умоў:

– кваліфікаваны педагог, гатовы да выкарыстання новых форм работы з вучнямі;
– добра спланаваная арганізацыя мерапрыемстваў, прадуманы выбар удзельнікаў праекта;
– падрыхтоўка неабходных матэрыялаў;
– наяўнасць інфармацыйна-метадычных матэрыялаў.

 

Спіс літаратуры
1 Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнцаў. Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2015 № 82.
2 Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны / У.У.Агіевіч. – Мн., 1999.

3 Алексютовіч М.А. Скарына, яго дзейнасць і светапогляд / М.А.Алексютовіч. – Мн., 1958.
4 Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве : пер. з чэш. мовы / І.Дварчанін.  – Мн., 1991.
5 Спадчына Скарыны: Зборнік матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытанняў (1986). – Мн., 1989.
6 Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. – Мн., 1988.

 

Дадатак

 

Выкананне эскізаў вокладак

Вокладкі да кніг Бібліі Ф. Скарыны

Прэзентацыя праекта

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий