Падарожжа ў сялянскую хатку. Інтэграваны занятак па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства” і “Выяўленчае мастацтва”

- 9:18ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

На занятку пашыраюцца веды дзяцей пра нацыянальныя і культурныя традыцыі беларускага народа; выхоўваюцца паважлівыя адносіны да сваіх продкаў, іх працы, да гістарычнага мінулага Беларусі, фарміруюцца асновы патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці; замацоўваюцца спосабы і прыёмы выканання элементаў беларускага арнаменту.

 

Ірына ГІНЭЛЬ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 25 г.Гродна”

 

 

Праграмныя задачы:

– працягваць фарміраваць сацыяльны вопыт, усведамленне сваёй этнічнай прыналежнасці да пэўнай культуры народа праз азнаямленне з навакольным светам;
– далучаць дзяцей да нацыянальных і культурных традыцый беларускага народа: пазнаёміць з інтэр’ерам сялянскай хаты;
– працягваць фарміраваць уменне называць прадметы навакольнага асяроддзя, іх якасці, матэрыялы, з якіх яны зроблены;
– узбагачаць маўленне дашкольнікаў, выкарыстоўваючы творы беларускага фальклору (загадкі, прымаўкі, прыказкі, песні, казкі, гульні);
– замацаваць спосабы і прыёмы выканання арнаментальных элементаў беларускага арнаменту (выкарыстанне штампаў, трафарэтаў) пры дэкарыраванні сілуэтных выяў з тканіны (сурвэткі);
– развіваць пазітыўнае стаўленне да прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, эстэтычныя пачуцці;
– выхоўваць паважлівыя адносіны да сваіх продкаў, іх працы, да гістарычнага мінулага Беларусі.

Папярэдняя работа: развучванне беларускай народнай песні “Чаму ж мне не пець?”; развучванне гульні “Хустачка”; работа на занятках па тэмах “Посуд”, “Адзенне”, “Беларускі нацыянальны касцюм”, “Арнамент”, “Прадукты харчавання”; чытанне беларускіх народных казак; тэматычныя гутаркі, размовы.

Абсталяванне і матэрыял: падрыхтоўка групы ў выглядзе беларускай хаткі (печ, стол, накрыты абрусам, лавы, засцеленыя насцілам); гліняны посуд (збан, кубак, сподак, гаршок, міска, талерка), лыжка, чыгунок, ступа і таўкачык; лялькі Янка і Арынка; зерне пшаніцы, фасолі, гароху; прадукты харчавання (мука, цукар, соль, яйкі); матэрыял для малявання сурвэтак (тканіна, падстаўка, трафарэт, тычок, валік, фарбы чырвонага і белага колеру, папяровыя сурвэткі па колькасці дзяцей); беларускія народныя касцюмы для выхавальніка і дзяцей.

 

Ход занятку

Памяшканне абсталявана як сялянская хата. Пад музыку ўваходзяць дзеці з Гаспадыняй.

Выхавальнік (Гаспадыня) Гэй, сябры! Вітаю вас! Заходзьце хуценька да нас. Сёння наша хата цікавымі рэчамі багата!

Дзяўчынка. Міласці просім кожнага ў госці. Заходзьце, не пашкадуеце, калі час маеце!

Гаспадыня. У кожнага ёсць Радзіма. А як называецца наша Радзіма? (Наша Радзіма завецца Беларусь). І таму жыхароў Беларусі называюць… (беларусамі). На якой мове мы зараз размаўляем? (Мы размаўляем на беларускай мове).

Дзяўчынка.

Я – дзяўчынка беларуска
З васільковымі вачыма
Хоць малая, але знаю –
Беларусь – мая Радзіма!

Хлопчык.

Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае імя
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма.

Гаспадыня. А каб усе ведалі, што ў нас сёння шмат гасцей, давайце гучна заспяваем прыгожую беларускую песню.

Дзеці разам з выхавальнікам спяваюць песню “Чаму ж мне не пець?”

Песня “Чаму ж мне не пець?”

Чаму ж мне не пець?
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець?

Чаму ж мне не пець?
Чаму ж не гудзець?
Парсючок пад лаўкай
Бульбачку грызець.

 

Гаспадыня. Радзіма – гэта ўсё: сям’я, дом, мова, прырода, гісторыя краіны, яе святы, народныя песні, казкі. Я запрашаю вас сесці на лаву, праходзьце калі ласка. … Паслухайце загадку:

Яна галодная –
Хата халодная
Яна пад’ела –
У хаце пацяплела (Печ).

А з чаго зроблена печ? (Печ зроблена з цэглы). Што вы ведаеце пра печ? (Адказы дзяцей: у печы вараць смачны боршч, кашу, бульбу; боршч і бульба гатуецца ў чыгунках; кашу вараць у гаршках; зімой, каля печы можна грэцца).

Шмат вы ведаеце пра печ. Печ была галоўнай ў хаце і называлі яе “ласкавая матуля”, бо на печы спалі, сушылі вопратку, абутак, кожны дзень гатавалі ежу, ад яе было цяпло ў хаце. Печка нават лячыла: калі чалавек прастуджваўся, дык лез на печ, праграваўся там – і хваробу як рукой знімала.

А доўгімі зімовымі вечарамі сядалі ля печы і апавядалі казкі. Ды вось бяда – святла не было. У хаце запальвалі свечку і ўважліва слухалі. А якія беларускія народныя казкі вы ведаеце? (“Курка Рабка”, “Пшанічны каласок”, “Зайчыкава хатка”, “Піліпка-сынок” і т.д.).

Гучыць музыка, на шырме з’яўляюцца лялькі Янка і Арынка.

Гаспадыня. Да нас у госці завіталі Янка і Арынка.

Янка. Добры дзень, дзеці, пачулі мы пра казкі – і адразу да вас. Мы прапануем вам пагуляць у гульню “Адгадай казку”.

Янка і Арынка чытаюць урыўкі з казак, дзеці адгадваюць.

Гульня “Адгадай казку”

Урывак з казкі “Каза-Манюка”
Сеў зайчык пад елачкай і плача. Ідзе воўк:

– Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?
– Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка – новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.
– Ну добра, не плач, я таго звера выганю.

Урывак з казкі “Сынок-з-кулачок”
Паехаў аднойчы дзед араць, а бабе сказаў, каб згатавала абед ды прынесла яму на поле.

Баба згатавала абед ды кажа сыну:
– Каб ты быў большы, дык занёс бы бацьку абед за мяне. А так мне самой трэба ісці.
А сынок падхрабрыўся і кажа:
– Давай, мама, занясу абед.
– Дзе табе данесці яго? – не верыць маці.
– Данясу!
Узяў сынок-з-кулачок абед, паставіў у дзедаў лапаць, сам ззаду сеў і паехаў.

Арынка. Малайцы! Як вы добра ведаеце казкі! Прыміце ад нас падарунак – прыгожую хустачку. Да пабачэння!

Гаспадыня. Дзякуй вам. Каля печы было весела гуляць, давайце і мы пагуляем.

 

Гульня “Хустачка”

Выбіраецца “гаспадыня” (дзяўчынка) ці “гаспадар” (хлопчык). Дзеці бяруцца за рукі і ствараюць круг. У сярэдзіне – “гаспадыня”, якая трымае ў руцэ хустачку. Усе ідуць карагодам, прагаворваюць:

Гаспадыня, гаспадыня
Кідай пражу прасці,
Заві нас у госці
Вясна ідзе!

Так дзеці кажуць 2–3 разы. “Гаспадыня” падкідвае хустачку ўверх. Хлопцы імкнуцца яе злавіць. Той, хто гэта зробіць, будзе выконваць ролю “гаспадара”. Калі ў сярэдзіне знаходзіцца “гаспадар”, хустачку павінны лавіць дзяўчаты.

Гаспадыня. А яшчэ, дзеці, у печы пякуць хлеб і пірагі. Атрымліваюцца яны вельмі смачнымі і духмянымі. А ці ведаеце прыказкі і прымаўкі пра хлеб? (Адказы дзяцей).

Гаспадыня. А з чаго пякуць хлеб? (З мукі). Адкуль бярэцца мука? (З зерня, з каласкоў). А яшчэ пшанічнымі зярняткамі любіць частавацца певень і кураняткі. Зараз мы пагуляем у гульню “Знайдзі зерне для пірага”.

 

Гульня “Знайдзі зерне”

Гучыць беларуская мелодыя. Дзеці дзеляцца на дзве групы. На вялікіх талерках рассыпана зерне пшаніцы, гароху, фасолі. Дзеці выбіраюць гарох і фасолю ў маленькія талеркі.

 

Гаспадыня. Каб зрабіць хлеб або пірагі, трэба зерне стаўчы або змалоць. Нашы бабулі клалі зерне ў ступку і таўклі драўляным таўкачом, каб атрымалася мука. Давайце і мы паспрабуем. (Дзеці спрабуюць). Цяжкая гэта праца. Але ў нас ужо ёсць мука для пірага. (Выхавальнік насыпае муку ў глыбокую гліняную міску). Дзеці, дапамажыце мне, калі ласка, а якія прадукты харчавання нам яшчэ патрэбны для пірага? (Малако, цукар, яйкі, соль). (Выхавальнік налівае малако са збанка ў кубак, цукар на сподачку, яйкі, соль. Гаспадыня ў глыбокай глінянай місцы “вымешвае цеста”).

 

Пальчыкавая гімнастыка “Месім цеста”

Ча-ча-ча,
(Тры пляскі ў далоні)
Печка вельмі горача
(Паціраем далоні адна аб адну)
Чы-чы-чы,
(Тры пляскі ў далоні)
Пячэ печка калачы
(Паціраем далоні адна аб адну)
Мы спячэм пірог для нас,
Пастарацца трэба ў час.
Цеста мнём, мнём, мнём!
(Рукамі імітуем працэс вымешвання цеста)
Цеста жмём, жмём, жмём!

(Вельмі энергічна сціскаем і расціскаем рукі ў кулачкі, адначасова і па чарзе)
Пірагі мы ўсе спячом.

(Рукамі здзяйсняем рух як быццам лепім пірог)
У цеста сыплем сахарок,

Каб быў салодкім наш пірог.
Потым мы заварым чай
У госці сябра запрашай!

Гаспадыня разам з дзецьмі:

Ой ты, печка-сударыня,
Дапамажы нам, баярыня.
Ты звары, спячы, сагрэй, асвяці,
Палячы, у хату багацця прынясі,
Пірагі нам спячы.

Гаспадыня. А пакуль наша печка-гаспадыня будзе пячы пірог, я вам прапаную ўпрыгожыць сурвэткі для нашага стала, каб затым пачаставацца пірагом за ўпрыгожаным сталом.

Дэкаратыўнае маляванне

Дзеці падыходзяць да сталоў. На падрыхтаваных сталах – дошчачкі, фарбы, трафарэт, палітра, валік, белая сурвэтка (тканіна), штампік. Дзеці выконваюць работу. Выхавальнік у працэсе дзейнасці дзяцей задае пытанні, дапамагае пры неабходнасці. Дзеці малююць пад музыку.

 

Гаспадыня. Што азначае былы колер? (Чысціню і свабоду). Што азначае чырвоны колер? (Жыццё і шчасце). Дзеці, а што ў нас атрымалася? (Сімвал дзіцяці). Паглядзіце, як прыгожа ў нас атрымалася. (Дзеці разглядваюць малюнкі).

Гаспадыня. Правільна! На нашых сурвэтках палымнее сімвал дзіцяці! Вы малайцы!

З печкі Гаспадыня дастае пірог.

Гаспадыня. А ці спадабалася вам, дзеці, у маёй хаце? (Так). А што спадабалася больш за ўсё? (Адказы дзяцей).

Прыказкі

Свая хатка, як родная матка!
Слаўна хата не вугламі, а пірагамі!

Выхавальнік прапануе дзецям развітацца з гасцямі і пасля занятку паспрабаваць смачны пірог.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий