Падарожжа па родным краі. Занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця i грамадства” у старшай групе (5-6 гадоў)

- 17:35ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак накіраваны на развіццё ўяўленняў пра родны горад, беларускія традыцыі.

 

Алена ПУНЖАЛЬ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 74 г. Гродна”

  

 

Праграмныя задачы:

– працягваць фарміраваць уяўленні пра родны край, беларускія традыцыі;
– пашыраць веды пра народнае мастацтва беларусаў, развіваць цікавасць да гісторыі роднага краю;
– замацоўваць веды пра родны горад Гродна, яго краявіды, пра беларускіх пісьменнікаў;
– выхоўваць павагу да роднай мовы, фарміраваць нацыянальную самасвядомасць.

Матэрыял і абсталяванне: беларускае нацыянальнае адзенне для дзяцей, аўдыязапіс беларускай народнай песні “Наш край беларускі”, беларускага танца “Зайграй жа мне, дударочку”; макет вясковай хаты, вазок, два конікі, вырабы з гліны, куфэрак з ільнянымі вырабамі, ілюстрацыі (Беларусь і Гродна, беларускія пісьменнікі, маёнтак “Каробчыцы”, Аўгустоўскі канал), крэйда для гульні “Лянок”.

 

Ход занятку

Гучыць беларуская народная песня “Наш край беларускі”.

Выхавальнік. Добры дзень, дарагія дзеці! Сёння ў нас цудоўны дзень. Мы з вамі будзем размаўляць пра нашу Радзіму. У якой рэспубліцы мы жывём? (Адказы дзяцей.) Я ўпэўнена, што ўсе вы вельмі любіце сваю родную Беларусь. Як называецца галоўны горад Беларусі? (Адказы дзяцей.) Якія гарады Беларусі вы ведаеце? (Адказы дзяцей.) Як называецца горад, у якім мы нарадзіліся і жывём? (Адказы дзяцей.) Гэта і есць куток нашай малой радзімы. Тут і знаходзіцца наш дзіцячы садок № 74.

Наш горад прыгожы і цудоўны. Тут знаходзіцца тэатр лялек і адзіны ў Беларусі музей-аптэка, заапарк, які заснаваў Ян Каханоўскі. У Гродне таксама знаходзіцца домік пісьменніцы Элізы Ажэшка. У нашым горадзе працавалі пісьменнікі Васіль Быкаў і Максім Багдановіч. А зараз тут жыве і працуе беларускі пісьменнік Віктар Кудлачоў. Мы з вамі памятаем шмат яго вершаў, а сёння паслухайце верш пра галоўную плошчу Гродна.

Советская площадь
Главная наша
Нет ее в Гродно
Просторней и краше.
Здесь Фарный костел
И аптека-музей
И памятник-танк
И исторических дней.
Концерты и ярмарки-
Площадь живет
И дети приходят
И взрослый народ.

Шмат цікавага ёсць у нашым родным Гродна. Як называецца цудоўная наша рака? (Адказы дзяцей.) А непадалек ад Гродна ля вёскі Сонічы праходзіць Аўгустоўскі канал, размешчаны на тэрыторыі Польшчы і Беларусі.
Дзеці, а на якой мове мы з вамі размаўляем? (Адказы дзяцей.) Беларуская мова – гэта мова нашых бабуль, матуль, гэта цудоўная мова. Раз мы з вамі нарадзіліся і жывём у Беларусі, хто мы? (Адказы дзяцей.)

Беларусам я нарадзіўся,
Беларусам буду жыць,
Беларускую зямельку
Буду шчыра я любіць,
Бо радзімая старонка
Над усё мне прыгажэй,
Беларуская гаворка
Над усё мне даражэй.

Дзеці, а што гэта ў вас за адзенне такое прыгожае? У што гэта вы апрануты? (Адказы дзяцей.) Ой, якія ж вы прыгожыя беларусы і беларусачкі. Сядайце, калі ласка, на крэселкі. І бачу я па вашых тварах, што вам не церпіцца расказаць пра сваё прыгожае адзенне. Ну, а цяпер такіх прыгажунь дзяўчынак і прыгажуноў хлапчукоў я запрашаю на беларускі танец “Зайграй жа мне, дударочку”.

Танец “Зайграй жа мне, дударочку

Цудоўна павесяліліся. А цяпер вось што я хачу вам прапанаваць. Памятаеце, дзеткі, як я расказвала вам пра дзеда Міхася і бабулю Ганну? Дык вось, у нядзелю я ездзіла да іх у госці. Яны цікавіліся, ці вялікія вы ўжо сталі, і запрашалі ўсіх у госці. Таму я і прапаную вам, такім прыгожым, паехаць у веску Каробчыцы.
Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” знаходзіцца недалёка ад Гродна. Тут размешчаны “Замак Зеваны”; экапарк, шмат драўляных скульптур звяроў, коннаспартыўны клуб “Амадэус”; “Гродзенская крэпасць – Партызанскі лагер” і яшчэ шмат цікавага. А паедзем мы не на машыне, не на аўтобусе, а на канях. Мы выберам двух “конікаў” пры дапамозе лічылкі. Сядайце ў вазок і паехалі ў госці ў вёску Каробчыцы.

Дзеці становяцца парамі за “конікамі”і, падскочваючы, рухаюцца па кругу са словамі:

Дожджык, дожджык, не ідзі,
Мы паедзем на кані,
На кіях драўляных,
З вербаў наламаных.
Дожджык, дожджык, не ідзі,
Мы паедзем на кані.
Едзем мы без шапак,
Не баімся крапак.

Ну, вось, мы і ў вёсцы Каробчыцы. Крыху адпачніце, а я пагляджу, каля якой хаты мы спыніліся.

Выхавальнік стукае ў дзверы.

Выхавальнік. Дзень добры вам у хату!

Выходзіць дзед Міхась і баба Ганна.

Дзед Мiхась і баба Ганна. Добры дзень, дзеці дарагія, унучкі і ўнучыкі. Заходзьце, калі ласка, да нас.

На століку або на паліцы стаяць вырабы з гліны, на другім – куфэрак з ільнянымі вырабамі.

Выхавальнік. Дзеці, паглядзіце, колькі ўсяго цікавага ў дзядулі з бабуляй. Хата незвычайная, бо тут жывуць незвычайныя рэчы. Увесь гэты посуд, што вы бачыце, дзед Міхась вырабляў сам у сваёй майстэрні.

Дзед Міхась. Так-так, даражэнькія. А ці ведаеце вы, з якога матэрыялу зроблены гэты посуд? (Адказы дзяцей.) Для працы я адбіраю самую лепшую гліну, замочваю яе, потым скочваю, адпрацоўваю на спецыяльным прыстасаванні і раблю вось такія прыгожыя і патрэбныя рэчы.

Выхавальнік. Дзякуй, дзядуля, вельмі шмат мы даведаліся цікавага. Ой, а што ж гэта такое тут стаіць? (Куфэрак). У ім таксама шмат цікавага. Вось паглядзіце. (Дастае вырабы і паказвае, з чаго яны зроблены.)

Баба Ганна. Гэта ўсё я выткала сама.

Выхавальнік. Дзякуй, бабуля, вельмі цудоўна! Дзеці, дзед Міхась і баба Ганна шмат працуюць. Для гэтага трэба рана ўставаць, старанна выконваць сваю працу, быць цярплівым, і толькі тады будуць атрымоўвацца такія прыгожыя рэчы. Давайце павесялімся з дзедам і бабуляй і пагуляем з імі ў гульню “Лянок”.

Гульня “Лянок”

Выхавальнік. Дзякуй вам, дзед і баба, за ўсё. Нам час ужо вяртацца ў дзіцячы садок.

Дзеці “садзяцца ў вазок”, “едуць” у дзіцячы садок.

Выхавальнік. Наша падарожжа падышло да канца. Дзеці, што вам больш за ўсё спадабалася? (Адказы дзяцей). Што для вас было самым цікавым, што незвычайным? (Адказы дзяцей). Хачу сказаць вам усім дзякуй, на гэтым наш занятак скончаны.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий