Добрай традыцыяй ясляў-сада № 6 Смаргоні стаў удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. 10 снежня лялечным міні-спектаклем “Як Дзед Мароз да Новага года рыхтуецца” дадзены старт акцыі і навагоднім добрым справам.
Зімой, калі па зямлі падарожнічаюць завеі, а снежныя балерыны танцуюць у халодным іскрыстым паветры, мароз старанна ўпрыгожвае ўзорамі вокны нашых дамоў. Менавіта ў гэтую беласнежную пару года як ніколі хочацца казачнага чараўніцтва і хоць крышачку цудаў.
З першых хвілін галоўныя героі любімага свята–Дзед Мароз і Снягурка–адправілі выхаванцаў у неверагодную прыгоду. Каб запаліць святочныя агеньчыкі на навагодняй ёлцы, дзецям трэба было пераадолець займальны, заблытаны квест у казачным лесе. Захапляльныя заданні, зашыфраваныя пасланні, вясёлыя карагоды і гульні – шмат чаго прайшлі дзеці з верным памочнікам Дзеда Мароза–Снегавіком.
Гледзячы на радасныя твары дзяцей, можна з упэўненасцю сказаць, што навагоднія мары так лёгка выканаць, трэба проста падзяліцца дабром, якое жыве ў нашых сэрцах!
Ірына КЛЯПАЦКАЯ,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 6 Смаргоні