Вольга САКОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі № 1 Астраўца
У сваёй педагагічнай практыцы настаўнікі сутыкаюцца з праблемай нізкай матывацыі вучняў да вучэбнай дзейнасці. Таму адна з важных задач для кожнага педагога – арганізоўваць урокі і пазакласную работу так, каб абудзіць у вучняў матывы – устойлівыя ўнутраныя псіхалагічныя прычыны для засваення імі неабходных ведаў, уменняў і навыкаў, выпрацоўкі станоўчых якасцей асобы, імкнення да самаўдасканалення.
Для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту стымулам, які абуджае, накіроўвае і падтрымлівае матывацыю, з’яўляецца цікавая, інтэлектуальна захапляльная творчая дзейнасць.
Для абуджэння цікавасці да тэмы, якая вывучаецца на ўроках беларускай літаратуры, выкарыстоўваю такі спосаб, як паведамленне цікавых фактаў з асабістага жыцця пісьменнікаў або гісторыі напісання асобных твораў. Напрыклад, пры вывучэнні творчасці А.Куляшова дала заданне некалькім вучням прачытаць кнігу яго дачкі В.Куляшовай “Лясному рэху праўду раскажу” і падрыхтаваць паведамленні “А.Куляшоў ва ўспамінах родных і блізкіх”.
Школьнікі вельмі любяць глядзець дакументальныя фільмы і відэасюжэты пра жыццё пісьменнікаў, урыўкі з мастацкіх фільмаў і спектакляў па творах беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, мы глядзелі дакументальныя фільмы пра дзейнасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, В.Быкава, К.Чорнага, урыўкі з кінастужак “Людзі на балоце”, “Паром на бурнай рацэ”, спектакляў “Пінская шляхта”, “Паўлінка”, “Вечар”.
Дзецям падабаецца, калі на ўроку літаратуры выкарыстоўваюцца рэпрадукцыі карцін мастакоў. Я прапаную заданне параўнаць вершы пейзажнай лірыкі і блізкія па тэме і вобразах творы выяўленчага мастацтва. Так, вучні вобразна і маляўніча апісвалі творы жывапісу, з дапамогай пытанняў параўноўвалі верш П.Труса “Падаюць сняжынкі…” і рэпрадукцыю карціны Э.Рымаровіча “Іней”, верш М.Багдановіча “Зімой” і рэпрадукцыю карціны С.Давідовіча “Санная дарога”.
Своеасаблівы эмацыянальны настрой на ўроку ствараецца дзякуючы праслухоўванню песень, напісаных на вершы паэтаў. Вучні з задавальненнем слухалі песню ”Бывай” на верш А.Куляшова, ”Спадчына” на верш Янкі Купалы, “Жураўлі на Палессе ляцяць” на твор А.Ставера, выказвалі свае ўражанні і думкі пра тое, ці здолелі спевакі і музыканты перадаць пачуцці паэтаў.
З асаблівым захапленнем школьнікі рыхтуюць інсцэніроўкі ўрыўкаў з мастацкіх твораў. Дзеці вельмі любяць уяўляць сябе артыстамі і з ахвотай падбіраюць касцюмы, разыгрываюць перад класам ролі герояў літаратурных твораў. Мы паказвалі інсцэніроўкі па творы Я.Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”, З.Бядулі “На Каляды к сыну”, В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”.
На ўроках беларускай мовы і літаратуры выкарыстоўваю рознаўзроўневыя заданні. Яны з’яўляюцца важнымі, паколькі ў гэтым выпадку вучань разумее: у яго ёсць магчымасць выбраць з шэрагу прапанаваных тое заданне, з якім ён можа справіцца. Таму ў ім з’яўляецца ўпэўненасць у сабе і павышаецца матывацыя для выканання задання.
Матывуючы сродак для самастойнай працы дома – дамашняе заданне на выбар. Па беларускай мове я прапаную зрабіць адно з некалькіх пісьмовых практыкаванняў, па беларускай літаратуры – або намаляваць малюнак да твора і славесна апісаць яго, або падрыхтаваць вусны пераказ, або напісаць кароткае сачыненне па праблеме твора. Некалькі заданняў, прапанаваных для выканання, даюць магчымасць выбраць адно з іх, якое адпавядае здольнасцям вучня і выклікае больш моцнае жаданне яго зрабіць .
У пачатку ўрока літаратуры запісваю на дошцы або дэманструю на слайдзе ключавое пытанне, якое з’яўляецца галоўным на ўроку і пэўным чынам звязана з творам, які будзе вывучацца. Гэта можа быць праблемнае пытанне, гіпотэза, малюнак, фотаздымак, звязаныя з праблемай мастацкага твора. Вучні на працягу ўсяго ўрока вымушаны думаць над ім, больш уважліва чытаць старонкі кнігі, каб адказаць на ключавое пытанне ў канцы вучэбнага занятку. Напрыклад, у час працы над апавяданнем З.Бядулі “На Каляды к сыну” перад сямікласнікамі было пастаўлена такое ключавое пытанне: ”Якую памылку зрабілі бацькі Лаўрука і як гэта памылка паўплывала на фарміраванне яго характару?” Або пры вывучэнні алегарычнай казкі Якуба Коласа “Крыніца” пяцікласнікі думалі над такім пытаннем: “Што асуджае і што ўхваляе Якуб Колас у казцы “Крыніца”?”
На этапе пастаноўкі мэтаў урока даю магчымасць дзецям выбраць з іх тыя, якія яны самі ставяць перад сабой. Калі вучань выбірае свае мэты з некалькіх прапанаваных, то адпаведна прыкладае намаганні для іх дасягнення і павышае матывацыю да вывучэння тэмы.
У пачатку ўрока беларускай мовы папярэджваю, што на этапе кантролю ў канцы занятку вучням неабходна будзе выканаць тэст або пісьмовае выніковае практыкаванне. На ўроку беларускай літаратуры – адказаць на пытанні пісьмовай віктарыны. Гэта таксама дапамагае павысіць жаданне працаваць, быць максімальна ўважлівымі.
Перад вывучэннем новай тэмы часта даю такое заданне: ”Назавіце сітуацыі, у якіх веды і ўменні па гэтай тэме могуць спатрэбіцца вам у жыцці”.
Усведамленне таго, што веды і ўменні па тэме можна будзе практычна прымяніць пры здачы экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання, ва ўзаемаадносінах з людзьмі, у будучай прафесіі, павышае матывацыю.
У пазакласнай рабоце аддаю перавагу правядзенню інтэлектуальных гульняў па беларускай мове, літаратуры, культуры. Пытанні ў іх павінны быць сфарміраваны так, каб утрымліваць вядомую дзецям інфармацыю і новую, каб не згубілася цікавасць. Пытанні і адказы абавязкова афармляць на слайдах з фотаздымкамі, каб дзеці маглі зрокава ўявіць іх. Тут фактары для развіцця матывацыі – цікавыя пытанні і візуалізацыя матэрыялу. Я праводзіла інтэлектуальныя гульні па тэмах ”Этнаграфія Беларусі”, “Літаратурная Астравеччына”, “Паэма “Новая зямля” Якуба Коласа – энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства”.
У час тыдня беларускай мовы і літаратуры абавязкова праводжу конкурс інсцэніровак беларускіх баек і п’ес. Матывуючым фактарам для вучняў з’яўляецца іх падсвядомае жаданне быць артыстамі хоць бы не на прафесійнай сцэне, а на школьнай. П’есы павінны адпавядаць узроставым асаблівасцям дзяцей і быць цікавымі па змесце. З 5-м класам мы інсцэніравалі казку Г.Міхалюк “Пшанічны каласок”, а з 9–11 класамі – камедыю М.Чарота “Мікітаў лапаць” і ўрывак з камедыі В.Вольскага “Несцерка”, байкі К.Крапівы.
У гімназіі № 1 Астраўца дзейнічае навуковае таварыства вучняў “Гімназіст”. У яго ўваходзяць найбольш здольныя дзеці, якія пад кіраўніцтвам настаўнікаў выконваюць вучэбна-даследчыя работы. Для дзейнасці ў гэтым накірунку я выбіраю вучня, які ахвотна і выдатна выконвае на ўроках заданні даследчага характару, прапаную яму некалькі тэм, каб з іх ён сам мог выбраць тую, якая яму больш падабаецца для напісання вучэбна-даследчай работы. Найбольш паспяховымі атрымаліся работы па тэмах “Мастацкія сродкі выразнасці ў вершах Казіміра Сваяка на тэму кахання” і “Беларускія народныя святы ў паэме Якуба Коласа “Новая зямля”. Матывуючым фактарам з’яўляецца магчымасць асабістага выбару тэмы даследавання, мая дапамога, падтрымка і добразычлівыя, без крытыкі, адносіны да школьніка.
Галоўнымі псіхалагічнымі стымуламі, якія станоўча ўплываюць на засваенне ведаў, фарміраванне ўменняў і навыкаў, набыццё пэўных асобасных якасцей, лічу адабрэнне і пахвалу. Вельмі важна ў адказах, работах і дзеяннях вучняў знаходзіць станоўчыя рысы, называць тое, што ў іх атрымліваецца найлепш, хваліць за гэта. Прызнанне станоўчых момантаў, іх высокая ацэнка, пахвала як у жыцці, так і ў навучанні, надаюць чалавеку натхненне і жаданне вучыцца і выконваць усе неабходныя справы.