Смяшарыкі дапамагаюць дэфектолагам

- 21:25Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

 

Антаніна ХАМIНAВА,
Iрына БAХВАЛAВА,

настаўнікі-дэфектолагі
санаторнага ясляў-сада Брагiна

 

Сярод дзяцей ёсць тыя, хто мае асаблівасці маўленчага развіцця. Менавіта ім дапамагаюць настаўнікі-дэфектолагі. Больш за 10 гадоў у санаторным яслях-садзе Брагiна адкрыты пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. У яго штогод залічваецца каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў.

Часта гавораць, што дэфектолаг – гэта той, хто вучыць правільна вымаўляць гукі, але спецыялісты могуць з гэтым не пагадзіцца. У нас склаўся пэўны прафесійны вопыт, які сведчыць аб тым, наколькі шырэй і складаней работа дэфектолага. Мы задумаліся, напрыклад, як прыцягнуць малых да цяжкіх, часам манатонных заняткаў?

 

Першае, што мы зрабілі, гэта сталі паглыбляцца ў свет дзяцей 4–5 гадоў, аналізаваць іх заняткі ў вольны час, разглядаць іх любімыя размалёўкі, гуляць разам з іх любімымі цацкамі.

Размаўляючы са сваімі выхаванцамі, мы пераканаліся ў тым, што большасць з іх па вечарах і ў выхадныя дні заняты праглядам сучасных мультфільмаў. Вось і вырашылі выкарыстоўваць герояў мультфільма “Смяшарыкi” у нашай рабоце. Самі пашылі і аформілі рукавiчкавы тэатр.

       

Дзецям вельмі падабаецца размаўляць і дзяліцца сваімі “дасягненнямі” з героямі мультфільма. Мы заўважылі станоўчую дынаміку ў маўленчым развіцці дзяцей, што не можа не радаваць настаўніка-дэфектолага.

Для работы пастаянна набываем наглядныя дапаможнікі па карэкцыйнай педагогіцы. Вельмі практычныя ў карыстанні вучэбна-наглядныя дапаможнікі “Развіццё маўлення ў гульнях і практыкаваннях” серыі “Гуляем разам з лагапедам”, аўтарамі якіх з’яўляюцца Ю. М. Кiслякова і М. У. Былiна. Прадуктыўнымі лічым дыдактычныя дапаможнікi і рабочыя сшыткі пад рэдакцыяй С. С. Явaровiч па фарміраванні складовай структуры слова.

Важную ролю адыгрывае і афармленне месцa для заняткаў з дзецьмі: ад звычайнага люстэрка і вучнёўскага стала да разнастайных дыдактычных гульняў і навучальнай універсальнай дошкі, на якой дзеці вучацца маляваць маркерам і мелам.

У дашкольнай установе дзеці праводзяць вялікую частку часу. Каму, як не выхавальніку на занятках або ў свабоднай дзейнасці, паўтараць з дзецьмі тыя практыкаванні, якім іх вучыў настаўнік-дэфектолаг? На адным з пасяджэнняў педагагічнага савета нашай установы было прынята рашэнне аб арганізацыі ўзаеманаведванняў заняткаў выхавацелямі ў настаўнікаў-дэфектолагаў і наадварот. Гэта дазваляе больш дэталёва ўбачыць цяжкасцi, з якімі сутыкаецца дзіця і падабраць шляхі іх вырашэння.

Значную дапамогу ў нашай рабоце аказваюць бацькі і блізкія дзіцяці людзі. Пасля кожнага занятку мы даём дзецям заданні для выканання артыкуляцыйных практыкаванняў і на развіццё дробнай маторыкі. Па жаданнi многіх бацькоў заданні высылаюцца індывідуальна ў мэсэнджар Viber, што дазваляе падтрымліваць сувязь і спрашчае зносіны з імі, а таксама вызваляе ад папяровых носьбітаў, якія часта губляюцца.

Паступова, крок за крокам, дзеці вучацца правільна і выразна вымаўляць гукі, звязваць паміж сабой словы, будаваць сказы, ясна і паслядоўна выкладаць свае думкі. Развіццё дзіцяці – гэта працяглы і працаёмкі працэс для ўсіх, хто яго любіць і шчыра радуецца нават нязначным дасягненням. Наша задача – зрабіць гэты працэс     больш лёгкім і выніковым.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий