Фарміраванне ў дашкольнікаў элементарных матэматычных уяўленняў з дапамогай аўтарскага дыдактычнага дапаможніка “Раз-умейка”

- 14:01Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Вольга ХАМЯНКОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад № 5 г. п. Карма”,
Гомельская вобласць

 

 

Сучасны рытм жыцця патрабуе ад педагога бесперапыннага прафесійнага росту, творчых адносін да працы, самааддачы. Наогул, педагагічная праца нятворчай не бывае і быць не можа, бо непаўторныя навучэнцы, абставіны, асоба самога педагога, і любое педагагічнае рашэнне павінна зыходзіць з гэтых заўсёды нестандартных фактараў.

Вось ужо больш як 27 гадоў працуе ў яслях-садзе № 5 г. п. Карма Гомельскай вобласці творчы педагог, выхавальнік дашкольнай адукацыі Наталля Тамашкова. 

Шмат увагі надае Наталля Валянцінаўна фарміраванню ў дзяцей дашкольнага ўзросту элементарных матэматычных уяўленняў. Яна імкнецца выхаваць у сваіх выхаванцаў цікавасць да самога працэсу навучання матэматыцы, сфарміраваць у дзяцей пазнавальны інтарэс, жаданне і звычку думаць, імкненне даведвацца нешта новае. Навучыць дзіця вучыцца, вучыцца з цікавасцю і задавальненнем, спасцігаць матэматыку і верыць у свае сілы – такая яе галоўная мэта ў навучанні дашкольнікаў.

Наталля Валянцінаўна адзначае, што развіццю пазнавальнай цікавасці да матэматыкі спрыяе такая арганізацыя навучання, пры якой дзіця залучаецца ў працэс самастойнага пошуку і адкрыцця новых ведаў, вырашае задачы праблемнага характару ў ходзе работы з займальным матэрыялам. Менавіта з гэтай мэтай яна вырабіла дыдактычны дапаможнік “Раз-умейка”, які ўключае гульні і практыкаванні, распрацаваныя на аснове спалучэння розных спосабаў уздзеяння на арганізм дзіцяці. 

Дыдактычны дапаможнік уяўляе сабой сучасны варыянт фланелеграфа, які змяшчае ў сабе неабмежаваныя магчымасці. Дыванок складаецца з гульнявога поля памерам 110×110 см. Палатно можна задзейнічаць з двух бакоў. Адзін бок размежаваны на клетачкі 10×10 см. Матэрыял добра фіксуецца дзякуючы ліпучкам, што дазваляе не адхіляцца дзецям ад дзейнасці. Для зручнасці пашыты кішэні, якія можна выкарыстоўваць для працы з малюнкамі, дыдактычным матэрыялам. Бакавая прастора задзейнічана для мадэляў гадзін, частак сутак, сезонаў, розных відаў шнуроўкі. Складзены камплект нагляднага гульнявога матэрыялу з улікам патрабаванняў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, а таксама з апорай на элементы сучасных адукацыйных тэхналогій, развіваючых гульняў і гульнявых практыкаванняў пры навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту матэматыцы. 

Дадзены дапаможнік дазваляе рэалізоўваць праграмныя задачы ўсіх раздзелаў адукацыйнай вобласці “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”. Працу з дапаможнікам можна выкарыстоўваць у розныя адрэзкі часу, у розных відах дзейнасці.

Так, пры вывучэнні раздзела “Колькасць і лічэнне” прымяняюцца дыдактычныя гульні “Палічы яблычкі і знайдзі лічбу”, “Лічбы пасварыліся”, “Мухаморчыкі ў лесе”, “Гусенічка-пярэкрут”, “Вожыкі ідуць па грыбы” і інш. 

Напрыклад, пры выкананні практыкавання “Вожыкі ідуць па грыбы” дзецям распавядаецца гісторыя пра тое, што наступіла восень, і сям’я вожыкаў вырашыла пайсці ў лес па грыбы. Малым прапануецца дапамагчы вожыкам сабраць грыбы з умовай: тата ўзяў на спіну пяць грыбочкаў, мама – чатыры, старэйшы сын – тры, малодшы сын – два, а дачка-малютка – адзін. Дзеці павінны ўзяць патрэбную колькасць грыбоў і аддаць вожыкам. Невялікія займальныя гісторыі выклікаюць цікавасць у дзяцей і ствараюць станоўчы эмацыйны настрой. Дзеці з задавальненнем выконваюць пастаўленую перад імі задачу.

Для замацавання лічэння і лічбаў выкарыстоўваецца гульня “Рамонкавае поле”. Дзіцяці неабходна ўзяць рамонак з названай лічбай або на кожны рамонак пасадзіць божую кароўку (колькасць кропачак на яе крыльцах павінна адпавядаць лічбе на рамонку).

Для замацавання паняцця “Велічыня” выкарыстоўваецца серыя малюнкаў “Пасялі кожную жывёлу ў домік патрэбнага памеру”, “Назавіце жывёл і насякомых ад вялікага да самага маленькага або ад маленькага да вялікага” і інш. 

Для фарміравання ўяўленняў пра геаметрычныя фігуры і формы прадметаў, арыентоўкі ў прасторы выкарыстоўваецца дыдактычная гульня “Фігуры вандроўцы”. Дзецям прапануюцца геаметрычныя фігуры і даюцца заданні назваць фігуру і змясціць яе ў пэўным месцы гульнявога поля, абапіраючыся на арыенцір, дадзены педагогам.

Пры выкананні гульнявога задання “Намалюем лета” дзецям прапануецца стаць мастакамі і “намаляваць” карціну пра лета, выкарыстоўваючы прапанаваны раздатачны матэрыял: сонца, аблокі, ялінкі, бярозы, кветкі, матылі і інш. Па заканчэнні дзецям прапануецца адказаць на пытанні, дзе знаходзіцца сонейка, неба, аблокі, трава, кветкі, дрэвы; колькі кветак, аблокаў, матылькоў і г. д.; чаго больш на карціне і інш.

Заняткі з выкарыстаннем гэтага дапаможніка дазваляюць абудзіць фантазію, уяўленне дзіцяці, актывізуюць усе разумовыя працэсы і дапамагаюць здабыць упэўненасць у сабе.

Выкарыстанне ў працы дыдактычнага дапаможніка “Раз-умейка” спрыяе праяўленню ў выхаванцаў самастойнасці і настойлівасці ў пазнавальна-практычнай дзейнасці, устанаўленню прычынна-следчых сувязей, праяўленню ініцыятывы ў вырашэнні пазнавальных задач. Дзеці сталі больш самастойнымі, назіральнымі, знаходлівымі, кемлівымі.

Наталля Валянцінаўна адзначае, што практыка навучання выхаванцаў паказала: на паспяховасць уплывае не толькі змест прапанаванага матэрыялу, але і форма падачы, якая здольная выклікаць зацікаўленасць і пазнавальную актыўнасць дзяцей. Дарослыя павінны не падаўляць, а падтрымліваць, не скоўваць, а накіроўваць праявы актыўнасці дзяцей, а таксама спецыяльна ствараць такія сітуацыі, у якіх тыя адчувалі б радасць адкрыццяў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий