Пазнавальна-творчы праект “Стань кнізе сябрам!”

- 20:41Дошкольное образование. Проекты, Методичка

 

Наталля КАВАЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік
ДУА “Яслі-сад № 2 г. Свіслач”,
Гродзенская вобласць

 

 

Напярэдадні Міжнароднага дня дзіцячай кнігі ў старшай групе № 10 Свіслацкага ясляў-сада № 2 быў рэалізаваны пазнавальна-творчы праект “Стань кнізе сябрам!”.

Кніга – добры і мудры дарадца, сябар і настаўнік. Для нас, педагогаў, гэтыя словы гучаць як няўхільная ісціна. А нашы выхаванцы толькі адкрываюць для сябе дзіўны свет чытання, кніжных цудаў і загадак. Таму пабудаваць працу па далучэнні дзяцей да чытання кніг трэба такім чынам, каб кніга знайшла месца ў розных галінах дзейнасці дзіцяці, каб дзеці мелі магчымасць штодзённых зносін з ёй, маглі развіваць свае літаратурныя інтарэсы. Бо прачытаная ў дзяцінстве кніга пакідае больш моцны след, чым прачытаная ў сталым узросце.

Старт праекту дала акцыя “Падары кнігу дзіцячаму садку”. Бацькі і дзеці прынялі актыўны ўдзел у стварэнні бібліятэчнага фонду, абсталяванні кніжнага кутка. Ён папоўніўся самымі рознымі кнігамі, якія знайшлі сваё месца на палічках “Вучымся чытаць”, “Палічка разумных кніг”, “У гасцях у казкі”, “З мультфільма ў кнігу”, “У свеце дзіцячых часопісаў”, “Угадай-ка”. Тут таксама размешчаны дыдактычныя гульні “Чароўны куфэрак”, “Дапамажы казачным героям вярнуцца ў казку”, лато “У свеце казак” і інш. Асаблівае месца займае палічка “Пісьменнікі – дзецям”, дзе прадстаўлены партрэты пісьменнікаў і іх творы. Матэрыял мяняецца кожны месяц. Падчас наведвання кніжнага кутка малыя задаюць адно аднаму пытанні пра творы, цікавяцца меркаваннем пра ўчынкі герояў, даюць аргументаваныя ацэнкі гэтых учынкаў. Так рэалізуюцца задачы, звязаныя з развіццём маўленчых зносін.

Разам з дзецьмі былі распрацаваны правілы абыходжання з кнігай і выраблена памятка “Сакрэтная просьба кніжкі”. Але калі ўсё ж кніга “хварэе”, выхаванцы старанна яе “лечаць”. Для гэтага ў групе створана “Кніжкіна бальніца”, што прывівае дзецям беражлівыя адносіны да кнігі.

Цікава прайшлі выставы дзіцячых малюнкаў і вырабаў, зробленых па матывах прачытаных твораў “Па старонках любімых казак”, “Мой любімы казачны герой”. Падчас падрыхтоўкі выставы “Мая любімая кніга” дзеці не толькі прынеслі кнігі, але і пазнаёмілі таварышаў з іх зместам, распавялі, чаму менавіта гэтая кніга ім дарагая. А гэта неацэнны ўклад у развіццё складнай гаворкі.

Асноўнай формай работы па далучэнні дзяцей да мастацкай літаратуры з’яўляюцца заняткі. На занятках дашкольнікі атрымліваюць выдатныя ўзоры літаратурнай мовы. У апавяданнях яны спазнаюць лаканізм і дакладнасць мовы; у вершах – музычнасць, напеўнасць, рытмічнасць; у казках – трапнасць і выразнасць. З кнігі дзіця пазнае шмат новых слоў, вобразных выразаў, яго гаворка ўзбагачаецца эмацыйнай і паэтычнай лексікай.  Літаратура дапамагае дзецям выкладаць сваё стаўленне да праслуханага, выкарыстоўваючы параўнанні, метафары, эпітэты і іншыя сродкі вобразнай выразнасці. Засвойваючы гукавы склад малых формаў фальклору, паўтараючы словы, воклічы, інтанацыі, дзіця засвойвае нацыянальны каларыт гаворкі. Яго гаворка становіцца эмацыйна афарбаванай. Гутаркі па змесце твораў суправаджаюцца паказам ілюстрацый. Для больш хуткага засваення твора прымяняюцца алгарытмы і мнемасхемы. Азнаямленне з мастацкай літаратурай уключае цэласны аналіз твора, а таксама выкананне творчых заданняў, што аказвае спрыяльны ўплыў на развіццё паэтычнага слыху, пачуцця мовы і слоўнага творчасці дзяцей. Пасля таго як верш вывучаны, мы праводзілі конкурс чытальнікаў. Пераможцаў выбіралі самі выхаванцы.

Знаёмыя апавяданні, казкі для паўтарэння прапаноўваліся дзецям у форме гульняў-драматызацый, інсцэніровак. Такая форма працы патрабуе вялікай падрыхтоўкі, але, з іншага боку, менавіта папярэдняя праца – выраб атрыбутыкі, дэкарацый, элементаў касцюмаў – выклікае жаданне ўбачыць вынік.

Шырока ўжываліся дыдактычныя гульні. Сярод хлопчыкаў і дзяўчынак сталі папулярнымі дыдактычныя гульні “Па слядах казачных герояў”, “Збяры казку”, “Выправі памылку”, “Раскажы па парадку”, “Крыжаванкі”, гульня ў рыфмы і інш.

Актыўна выкарыстоўваліся розныя віды тэатраў. Дзеці вельмі любяць гуляць у тэатр. Яны самі з задавальненнем выступаюць у ролі лялечнікаў і расказчыкаў, імкнучыся перадаваць у ролі настрой, характар персанажа, выразнасць вобразу. Мастацкі твор раскрывае перад дзецьмі ўсё невычэрпнае багацце мовы, спрыяе таму, што яны пачынаюць карыстацца гэтым багаццем у штодзённых маўленчых зносінах і ў самастойнай творчасці.

Наступная форма работы – стварэнне дзецьмі кніг-самаробкаў. Адна справа – прачытаць кнігу, і зусім іншая – зрабіць яе самому. Многія з іх складзеныя па творах дзіцячых пісьменнікаў, але ёсць і такія, якія дзеці прыдумалі самі. Гэта асабліва каштоўнае, спрыяе развіццю логікі апавядання, уменню ў апавяданні адлюстроўваць жанравыя асаблівасці твора.

З задавальненнем малыя прымалі ўдзел у стварэнні міні-насценгазет і калажаў, прысвечаных творчасці дзіцячых пісьменнікаў.

         

Праект стаў пачаткам руху кросбукінг. Цяпер выхаванцы з жаданнем прыносяць кнігі з хатняй бібліятэкі, дзеляцца сваімі ўражаннямі пра іх, пра гісторыю з’яўлення кнігі ў сям’і, абменьваюцца сваімі кнігамі.

Актыўна падтрымалі праект бацькі малых. Бо толькі партнёрскае супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і дапаможа далучыць дашкольнікаў да кнігі. Анкета для бацькоў “Арганізацыя хатняга чытання ў сям’і” паказала, што ў большай ступені ў выхаванцаў ёсць хатнія бібліятэкі, кнігі набываюцца рэгулярна, але з-за занятасці бацькоў не заўсёды знаходзіцца час для чытання. Бацькам былі прапанаваны папка-перасоўка “Як ператварыць чытанне ў задавальненне”, буклет “Як навучыць дзіця любіць чытаць”. Для іх таксама прайшлі кансультацыі “Што неабходна чытаць дашкольнікам”, “Як дапамагчы дзіцяці палюбіць кнігу”, “Выхоўваем дзяцей з дапамогай казак”, “Роля сямейнага чытання ў выхаванні дашкольнікаў”.

Хочацца верыць, што станоўчае стаўленне да кнігі, да працэсу чытання, выхаванае ў дашкольным узросце, стане падмуркам паспяховага навучання ў школе. І кніга стане добрым сябрам, дарадцам і памочнікам нашых выхаванцаў на працягу ўсяго жыцця.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий