Таццяна ГАГАРЫНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Лапацінская сярэдняя школа”
Гомельскага раёна,
Гомельская вобласць
Узровень матывацыі вучняў да вывучэння беларускай мовы з года ў год зніжаецца. Школьнікі ўспрымаюць родную мову як другую замежную. Увесь час чуеш нараканні бацькоў: “Ну каму яна ўжо патрэбна “ВАША” беларуская мова? Ды і не спатрэбіцца яна дзецям у жыцці.” Цяжка працаваць, калі ты “адзін воін у полі”. А мова павінна жыць, павінна функцыянаваць, павінна быць патрэбнай у сваім грамадстве.
Сучасны вучань вельмі патрабавальны. Кожны хоча быць паспяховым, кожны хоча, каб яму было цікава на ўроку. А гэта ўжо задача настаўніка. І задача даволі складаная. Педагог павінен прапанаваць такі матэрыял, каб кожны вучань у класе мог праявіць сябе, праявіць паспяхова, а інакш цікавасць да прадмета адразу прападзе. Разам з тым, нельга забываць і на асноўную функцыю настаўніка – навучыць, даступна растлумачыць тэму.
З кожным годам я прыходжу да высновы, што грунтоўнымі ведамі вучань можа авалодаць толькі тады, калі будзе непасрэдным удзельнікам, а яшчэ лепш – галоўным героем навучальнага працэсу на ўроку. Мая практыка паказвае, што павышэнне ўзроўню вучэбнай матывацыі магчыма толькі пры комплексным выкарыстанні шматлікіх аспектаў. Адным з такіх прыёмаў, які дазваляе найбольш эфектыўна пачынаць ці працягваць вывучэнне матэрыялу, з’яўляецца прымяненне творчых заданняў. Менавіта гэта дазваляе вучням паглядзець на складаныя для засваення тэмы з другога боку і адначасова дае магчымасць узняць урок на якасна новы ўзровень.
Каб дзейнасць вучняў была паўнавартаснай і вяла да сапраўднага засваення зместу адукацыі, у іх павінна быць сфарміравана ўнутраная мэта дзейнасці. Матывацыя дзейнасці вучняў – першая і асноўная задача настаўніка, без якой нельга вырашыць ніякія педагагічныя задачы.
Безумоўна, паспяховай з’яўляецца тая матывацыя, якая заахвочвае вучня да адпаведнай дзейнасці з мэтай свядомага пашырэння і паглыблення сваіх ведаў, павышэння свайго культурнага ўзроўню [1, с. 12].
У псіхолага-педагагічнай літаратуры вызначаецца два тыпы матывацыі: знешняя і ўнутраная. Кожная з іх можа быць станоўчай і адмоўнай. І хоць унутраная матывацыя лічыцца больш трывалай, я лічу, што немагчыма фарміраванне ўнутранай матывацыі без знешняй. Яны цесна ўзаемазвязаны.
Для павышэння ўзроўню вучэбнай матывацыі вучняў выкарыстоўваю розныя формы і метады. І перш за ўсё гэта формы ўрочнай дзейнасці.
Неад’емнай часткай любога ўрока беларускай мовы з’яўляецца выкананне разнастайных лінгвістычных заданняў. І калі гэтыя заданні будуць мець творчы характар, то гэта стане адным з рашэнняў праблемы матывацыі вучняў пры вывучэнні роднай мовы.
У выніковасці і эфектыўнасці ўрока важным з’яўляецца кожны этап. Часцей за ўсё ў сваёй практыцы абапіраюся на традыцыйны камбінаваны ўрок. Асноўнымі формамі арганізацыі вучэбнай дзейнасці лічу парную, групавую і індывідуальную. Найбольш шырока ў сваёй дзейнасці выкарыстоўваю слоўныя метады, часткова-пошукавыя, метад узроўневай дыференцыяцыі, метад праблемнага выкладання матэрыялу, рознаўзроўневае навучанне, метад нагляднага навучання. Прымяненне названых форм і метадаў можна лічыць эфектыўным толькі ў тым выпадку, калі гэта праца сістэматызаваная.
Заўсёды лічу неабходным прыцягненне кожнага вучня ў навучальную дзейнасць з першых хвілін заняткаў. Менавіта на гэтым этапе вызначаецца эмацыянальны настрой урока, жаданне працаваць, агульная псіхалагічная атмасфера. Для гэтага выкарыстоўваю прыказкі, вершы, фразеалагізмы, прытчы, якія стануць дэвізам урока. Вельмі цікавым для дзяцей з’яўляецца прыём выкарыстання вобразаў-сімвалаў. Напрыклад, на ўрок я прыношу вялізны цвік і гавару, што гэты прадмет будзе сімвалізаваць сённяшнюю працу на ўроку. Расказваю такую прытчу:
Калі згубіцца цвік, згубіцца падкова, калі згубіцца падкова, упадзе конь, калі ўпадзе конь, загіне коннік, загіне коннік – згубіцца ліст, згубіцца ліст – будзе праіграна бойка, калі будзе праіграна бойка, будзе страчана дзяржава. Дзяржава будзе страчана з-за цвіка? З-за такой дробязі! Так і на ўроку: важнай з’ яўляецца кожная дробязь.
Таксама выкарыстоўваю крыптаграмы (зашыфраваныя ў лічбах выказванні). У кожнага вучня на ўроку ёсць пранумараваны алфавіт. У крыптаграмах зашыфроўваю пэўныя выказванні, якія даюць настрой на працу. Як правіла, з гэтым заданнем спраўляюцца ўсе вучні, нават самыя слабыя. І менавіта ім я даю магчымасць праявіць сябе і агучыць расшыфраванае выслоўе, адчуць сябе паспяховым. Сітуацыя поспеху з’яўляецца эфектыўным стымулам пазнаваўчай дзейнасці. Яна задавальняе важную патрэбу кожнага чалавека, школьніка ў прыватнасці, у самапавазе і павышэнні прэстыжу ў грамадстве [2, с. 66]. Такія прыёмы з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі на матывацыйна-арганізацыйным этапе пры стварэнні псіхалагічнага настрою вучняў у пачатку ўрока.
Для паспяховай работы на ўроку практыкую індывідуальныя дамашнія заданні. Уводжу ў працэс навучання элементы даследчай дзейнасці вучняў, што садзейнічае фарміраванню іх самастойнасці, адказнасці.
Так, перад вывучэннем тэмы “Складаныя назоўнікі, іх правапіс” у 6-м класе я даручыла вучням знайсці і прадэманстраваць матэрыял пра святы Вялікдзень, Дабравешчанне, Вадохрышча. Гэта міні-даследаванне лягло ў аснову ўрока: вучні пазнаёмілі аднакласнікаў з цікавым матэрыялам, зрабілі выснову, што аб’ядноўвае гэтыя назоўнікі і “вывелі” тэму ўрока. Тэксты пра гэтыя святы былі выкарыстаны ў якасці дадатковага матэрыялу .
Адной з задач кожнага ўрока з’яўляецца развіццё вуснага і пісьмовага маўлення вучняў. Творчая дзейнасць навучэнцаў не абмяжоўваецца толькі набыццём новага, яна ўключае яшчэ і стварэнне новага [3, с. 129]. Творчая праца – гэта такая дзейнасць, у выніку якой набываецца нешта новае, арыгінальнае, якое адлюстроўвае індывідуальныя схільнасці, здольнасці і індывідуальны вопыт вучня [4, с. 71]. З гэтай мэтай выкарыстоўваю вусныя і пісьмовыя сачыненні розных відаў. Адным з такіх відаў з’яўляецца “Сапсаваны ліст”, які вельмі падабаецца дзецям.
Вучні атрымліваюць пачатак ліста і яго канец: “Далёка на востраве адбылося вывяржэнне вулкана……………таму сёння наша кошка засталася галоднай”. Асноўную частку яны павінны скласці самі.
Гэту работу спачатку добра праводзіць у групах. Пазней выкарыстоўваць яго як індывідуальнае заданне. Захапляльнасць заключаецца ў тым, што пачатак і канец ліста зусім не адпавядаюць адной тэме, што дазваляе вучням выкарыстаць усе магчымасці сваёй фантазіі, крэатыўнасць мыслення, праявіць сябе і стаць паспяховым.
Таксама прапаноўваю работу ў групах па стварэнні вусных сачыненняў па ланцужку. Першую фразу гаворыць настаўнік: “Аднойчы я трапіла ў зімовы лес”. Далей кожная група па чарзе працягвае маё апавяданне ці апісанне (у залежнасці ад мэты). Такія формы сачыненняў выкарыстоўваю ва ўсіх класах пры вывучэнні тэм “Тэкст”, “Стылі і тыпы маўлення”.
Кожны настаўнік ведае, што тэмп работы на ўроку ва ўсіх вучняў розны. Часта бывае так, што некалькі вучняў выконваюць заданне хутчэй за астатніх і ім становіцца сумна. Каб пазбегнуць такіх сітуацый, я прапаноўваю індывідуальныя заданні. Вучань, які выканаў агульнае для ўсіх заданне, аддае свой сшытак настаўніку на праверку, а сам выконвае індывідуальнае практыкаванне. Асаблівасць гэтага прыёму заключаецца ў тым, што вучань сам вырашае, заданне якога ўзроўню ён будзе выконваць. Індывідуальныя заданні знаходзяцца ў “кішэнях” на стэндзе (на фота).
Кожнае заданне ў каляровым канверце, дзе колер абазначае ўзровень, кошт задання (ружовы – 9–10 балаў, зялёны – 7–8; фіялетавы – 5–6; блакітны – 3–4). Тут жа знаходзяцца крытэрыі адзнак. Гэта заахвочвае вучняў працаваць, каб мець магчымасць выканаць заданне ў канверце і зарабіць адзнаку. Дзеці не баяцца такіх заданняў, таму што кожны вучань мае магчымасць дапрацаваць заданне дома, калі не справіўся ў класе. Такі прыём найбольш актуальным будзе на этапе замацавання ведаў вучняў.
Напрыклад, для вучняў 9-га класа на 7–8 балаў прапаную такое заданне:
Вызначце, якія словы выходзяць за межы аналагічнага раду з пункту погляду вымаўлення (дж) і (дз)? Абгрунтуйце свой адказ.
Джала, дождж, аджыць, ураджай, дрожджы, гараджанін, аджымаць.
Дзірван, падзел, маладзік, людзі, поўдзень, мядзведзь, аддзел, кудзеля.
Падабаюцца вучням і “Заданні ад Бусліка”. Яны таксама размешчаны на стэндзе і размеркаваны па класах (на фота). Такія заданні больш аб’ёмныя, і таму іх дазваляецца выконваць дома. Гэта дае дзецям магчымасць праверыць свае веды і вельмі заахвочвае іх да ўдзелу ў лінгвістычным конкурсе “Буслік”.
Даволі цікавымі для маіх вучняў сталі заданні рубрыкі “Пошта” (на фота). Навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніка, а некаторыя і самастойна (дома або на стымулюючых занятках) рыхтуюць заданні творчага характару. Затым праз “Пошту” дасылаюць гэтыя заданні вучням іншых класаў або аднакласнікам. Такія заданні могуць быць адрасаваны ўсяму класу, а могуць быць і індывідуальнымі. У гэтай форме работы можа праявіць сябе вучань любога ўзроўню навучання.
Напрыклад, сямікласнікі пасля вывучэння тэмы “Ступені параўнання прыслоўяў” прыдумалі такое заданне для вучняў 10-га класа: прыдумайце фізкультхвілінку, ужываючы ўсе формы ступеняў параўнання прыслоўяў. У гэтай працы ўдзельнічаў увесь 10-ы клас.
Пры планаванні ўрокаў беларускай мовы стараюся стварыць такія ўмовы, пры якіх дзіця сутыкаецца з праблемнымі сітуацыямі. Поспех на ўроку залежыць ад умела пастаўленай, часам невырашальнай праблемы. Вельмі важна заінтрыгаваць вучняў новым матэрыялам. Гэта і стане своеасаблівай псіхалагічнай зачэпкай для далейшага пазнання [1, с. 14].
Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыметнік як часціна мовы” прапаноўваю растлумачыць значэнне фразеалагізмаў адным словам, а потым сказаць, што аб’ядноўвае гэтыя словы. Вучні гавораць, што ўсе гэтыя значэнні – прыметнікі. Гэта і будзе тэмай нашага ўрока.
Кату па пяту (маленькі); зімою снегу пашкадуе (скупы); ад зямлі не адрос (маленькі); без клёпак у галаве (неразумны).
Такі спосаб дазваляе не толькі вызначыць тэму ўрока, але і пашырыць слоўнікавы запас вучняў, узбагаціць іх маўленне.
Пры тлумачэнні новай тэмы захоўваю прынцып дыферэнцыраванага падыходу (калі гэта неабходна). Не кожны вучань класа здольны да аналітычных дзеянняў, да самастойнай падрыхтоўкі новай тэмы з мэтай рэтрансляцыі яе аднакласнікам. Напачатку будую ўрок так, каб у вырашэнні праблемнай сітуацыі прынялі ўдзел усе навучэнцы. Бывае так, што і слабыя праяўляюць здольнасць да асабістых высноў, і таму нельга іх адразу пазбаўляць такой магчымасці. Затым, калі гэта неабходна, тлумачу тэму ў індывідуальным парадку.
Напрыклад, пры тлумачэнні тэмы “Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на -з, -с” прапаную прааналізаваць іх правапіс, вызначыць, чаму дадзеныя словы падзелены на 3 групы? Абгрунтаваць адказ.
усход бясконцы рассмяшыць
узлесак бестурботны раззваніць
Для вучняў з высокім і дастатковым узроўнем навучання прапаную ролевую гульню “Ідэальны настаўнік”. Тут яны не толькі дэманструюць веды па прадмеце, але і сваімі паводзінамі, адносінамі да аднакласнікаў паказваюць, якім, на іх думку, павінен быць ідэальны настаўнік, што і для настаўніка вельмі карысна. Асноўны прынцып работы з такімі вучнямі – саманавучанне.
Вучням з сярэднім і здавальняючым узроўнем прапаную запоўніць табліцу з “белымі плямамі”. Сюды абавязкова далучаю вучняў з нізкім узроўнем ведаў, каб яны, гледзячы на аднакласнікаў, уключыліся ў працэс. Часцей за ўсё вучні спраўляюцца з заданнем і “выводзяць” самастойна правіла. Затым правільнасць зробленага вываду правяраецца па падручніку навучэнцамі самастойна, робіцца карэкцыя, дадаецца інфармацыя. Таксама такі прыём выкарыстоўваю і на матывацыйна-арганізацыйным этапе пры праверцы ведаў вучняў.
Так, пры вывучэнні тэмы “Правапіс мяккага знака” выкарыстоўваю такое заданне:
1 Утварыце назоўнікі, растлумачце правапіс.
Камень + чык = | ? |
Цюльпан + чык = | ? |
Падтрымцы цікавасці вучняў да вывучэння роднай мовы спрыяе займальны матэрыял і міжпрадметныя сувязі. Настаўнік, які часта выкарыстоўвае на ўроках элементы гульні, – гэта, як правіла, любімы настаўнік, а яго прадмет становіцца любімым прадметам вучняў [3, с. 67]. Тут выкарыстоўваю работу ў парах і групах. Такая форма работы дазваляе вучням не адчуваць разгубленасці, страху, няўпэўненасці. Заўсёды ёсць магчымасць паглядзець, як выконваюць заданне члены групы, паўдзельнічаць у абмеркаванні. Такі прыём найбольш эфектыўным з’яўляецца на этапе праверкі або замацавання ведаў.
Напрыклад, пры замацаванні тэмы “Складаназлучаныя сказы” ў 9-м класе прапаноўваю такое заданне ў групах:
Напішыце па два прыклады слоў з падоўжанымі гукамі і складзіце з пяццю словамі складаназлучаныя сказы. Заданне на хуткасць.
____ ___ ___ ___ ___ ___ ___ ___ ___
[дз’], [с’], [ з’], [л’], [н’], [ц’], [ж ], [ш], [ч] .
У працы з вучнямі нізкага ўзроўню аддаю перавагу сачыненням па апорных словах. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыметнік як часціна мовы” прапаноўваю аблегчанае творчае заданне. Вучню патрэбна падабраць і ўставіць па сэнсе прыметнікі ў падрыхтаваны тэкст, абапіраючыся на ілюстрацыю (на фота).
Таксама карысным для павышэння ўнутранай матывацыі вучняў з’яўляецца выкарыстанне розных відаў рэфлексіі адначасова, што дазваляе кожнаму ацаніць сваю работу на ўроку. Напрыклад, не кожны вучань можа адрэфлексаваць сваю дзейнасць пры дапамозе прыёма “Пахвалі сябе сам” (вучань павінен сказаць: “Сёння на ўроку я лепш за ўсіх… адказваў, працаваў з правілам і г. д.”). І калі ўзяць вучня, які нічым не вылучыўся на ўроку, то яму нечага будзе сказаць пра сябе, што адмоўна скажацца на матывацыі. Каб пазбегнуць такой сітуацыі, я выкарыстоўваю прыказкі і прымаўкі.
На дошцы змешчаны надрукаваныя прыказкі з указаннем узроўняў: высокі, сярэдні, нізкі. (Смачны хлеб ад сваёй працы (высокі ўзровень); век жыві, век вучыся (сярэдні ўзровень); гультай і сядзець стамляецца (нізкі ўзровень). Напрыклад, калі вучань лічыць, што працаваў на высокім узроўні, то ён выбірае прыказку “Смачны хлеб ад сваёй працы ” і тлумачыць, чаму выбраў менавіта гэты ўзровень.
На мой погляд, такі падыход дазволіць настаўніку ўключыць у дзейнасць кожнага вучня, тым самым забяспечыць дзіцяці пачуццё ўласнай годнасці, каштоўнасці, зацікавіць прадметам, гэтым самым павысіць узровень вучэбнай матывацыі.
Выкарыстанне творчых заданняў на ўроках беларускай мовы таксама садзейнічае развіццю разумовых здольнасцей вучняў, павышае ўзровень іх ведаў, уменняў, навыкаў.
Спіс літаратуры
1 Жуковіч, М.В. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. / М.В.Жуковіч. – Мінск : Аверсэв, 2015. – 252 с.
2 Гликман, И.З. Основы мотивации учения // Инновации в образовании. – 2007. – № 3.
3 Маркова, А.К. Формирование мотивации учения / А.К.Маркова, Т.А.Матис, А.Б.Орлов. – М. : Наука, 1990. – 212 с.
4 Кухарев Н.В. Формирование умственной самостоятельности / Н.В.Кухарев. – Мн. : Народная асвета, 1972. – 136 с.