Сямейны клуб “Праменьчык” аб’ядноўвае дзіцячы сад і сям’ю

- 17:54Дошкольное образование. Работа с родителями, Методичка

 

Наталля СІНІЧЭНКА,
выхавальнік
ДУА “Яслі-сад № 1 г. Сянно”,
Віцебская вобласць

 

 

З 2007 года ў яслях-садзе № 1 Сянно працуе сямейны клуб “Праменьчык”. Асноўная задача яго работы – педагагічная асвета бацькоў.

Малое дзіця праводзіць дома шмат часу. Там яно гуляе, чытае, малюе, адпачывае, абменьваецца ўражаннямі з блізкімі. Звычкі і навыкі, атрыманыя ў сям’і, застаюцца на ўсё жыццё, а таксама з’яўляюцца асновай фарміравання асобы. Але, на жаль, не ўсе бацькі ўсведамляюць сваю вядучую ролю ў фарміраванні асноў будучыні сваіх дзяцей. Выхаванне дзіцяці не можа адбыцца без самаўдасканалення самой сям’і, без самавыхавання бацькоў. Аднак, акрамя самавыхавання, цярпення, прыроджаных здольнасцей і вопыту, неабходны яшчэ і спецыяльныя навыкі, якія бацькі змогуць атрымаць з дапамогай педагагічнай асветы.

На працягу некалькіх гадоў работы ва ўстанове дашкольнай адукацыі, асвету бацькоў я праводзіла традыцыйна: квартальна арганізоўвала бацькоўскія сходы, праводзіла гутаркі, кансультацыі. Па вызначаным плане працавалі члены бацькоўскага камітэту. Але ўсё гэта разам узятае не ў поўнай меры фарміравала бацькоўскі калектыў, а значыць не было дастаткова дзейсным.

Стала зразумела, што ранейшыя формы работы ўжо непрымальныя, састарэлі. Хацелася чагосьці новага, больш эфектыўнага, каб бацькоўскі калектыў жыў такім жа актыўным і творчым жыццём, як жыве калектыў нашай установы. Менавіта таму ў 2007 годзе быў створаны сямейны клуб “Праменьчык”. Асноўная задача яго работы – педагагічная асвета бацькоў.

Кожнае пасяджэнне сямейнага клуба прысвечана падрабязнаму вывучэнню пэўнай тэмы. Тэматыка заняткаў плануецца ў адпаведнасці з узростам выхаванцаў, пажаданнямі і запытамі, якія вызначаюцца ў працэсе анкетавання, індывідуальных размоў з бацькамі. Пры складанні плана работы сямейнага клуба “Праменьчык” абавязкова ўлічваюцца пытанні гадавых задач установы дашкольнай адукацыі.

Бацькам новапрыбыўшых малых складаней за ўсё, бо для іх паступленне дзіцяці ў дзіцячы сад яшчэ больш стрэсавая сітуацыя, чым для самога малога. А таму патрэбна грунтоўная падрыхтоўка. Прымаю ўдзел у бацькоўскім сходзе “Матчынай школы”, арганізую размовы і анкетаванні з бацькамі, выяўляю індывідуальныя патрэбы бацькоў і малых. Праводжу назіранні за выхаванцамі ў адаптацыйнай групе “Кроха”, вызначаю ступень прыхільнасці ў сям’і і іншыя падрабязнасці сямейнага ўкладу і выхавання.

Адаптацыйны перыяд для дзіцяці пройдзе лёгка, калі мама і тата будуць за яго спакойныя. Таму здымаю для кожнай сям’і невялікія відэасюжэты рэжымных момантаў. Адпраўляю індывідуальна на мэсэнджар, што спрыяе больш хуткаму ўсталяванню кантакту паміж выхавальнікам і сям’ёй.

Першае пасяджэнне праводжу разам з педагогам-псіхолагам, які тлумачыць нюансы адаптацыйнага перыяду. Абавязкова манцірую відэафільм для калектыўнага прагляду “Мама, я не плачу!” ці “Адзін дзень у дзіцячым садзе”. Атрымліваюцца вельмі цікаўныя, незабыўныя кадры, якія пацвярджаюць той факт, што дзецям ва ўсіх адносінах камфортна.

Трапляючы ў свет гульні, малыя забываюць, што мама не побач і што яны ў нязвыклых абставінах. Першы крок зроблены: знаёмства, першае паседжанне… А далей адчыняецца бязмежны акіян для рэалізацыі творчасці і педагагічных ідэй. “Усім нам патрэбны дом”, “Суд над камп’ютарам”, “Падарожжа ў краіну ведаў” ці “Толькі наперад!”, “Сямейны альбом” ці “Падарожжа ў гісторыю маёй сям’і” – вось далёка не самы поўны пералік заняткаў у нашым клубе.

Сямейны клуб “Праменьчык” не застаецца ў баку ад дасягненняў нашых вядомых спартсмэнаў. І, як прыклад, спартыўныя святы, прысвечаныя перамогам беларускіх спартсмэнаў на зімовай алімпіядзе ў Сочы, еўрапейскіх гульнях у Мінску. Натхнёныя дзеці і бацькі разам складаюць вершы, працуюць над выпускам насценгазет для выставы ў групе, прымаюць актыўны ўдзел у імправізаваных зімовых і лёгкаатлетычных спаборніцтвах.

Адна з самых запамінальных форм правядзення пасяджэнняў клуба “Праменьчык” – гэта сумесны вольны час: паходы, экскурсіі. Кожны год 1 чэрвеня разам з бацькамі мы арганізоўваем паходы ў знакавыя куткі нашай Сенненшчыны. Кожны куток прыроды дапамагае задумацца над пытаннямі экалогіі, над выкананнем правілаў бяспекі на гарадскім пляжы і стадыёне, над здаровым ладам жыцця.

У рамках цяперашніх умоў сацыяльнага дыстанцыявання, калі вочныя правядзенні пасяджэнняў не заўсёды магчымыя, арганізую анлайн-сустрэчы ў дадатку “Zoom”, што дазваляе абмеркаваць запланаваныя педагагічныя і псіхалагічныя тэмы, адказаць на хвалюючыя бацькоў пытанні. Як паказвае практыка, такая форма правядзення пасяджэнняў не менш эфектыўная. Бацькі з вялікім энтузіязмам і задавальненнем выказваюць свае меркаванні, дзеляцца вопытам, дэманструюць малюнкі, прэзентуюць насценгазеты і вырабы, якія падрыхтавалі разам з дзецьмі.

“Усё пачынаецца з дзяцінства!” – у каторы раз паўтараю асноўны дэвіз нашага клуба. Шчырасць і паразуменне паміж педагогамі і бацькамі, жаданне супрацоўнічаць і дапамагаць адно аднаму ў выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення – вось асноўныя дасягненні работы сямейнага клуба “Праменьчык”. Дзіцячы сад паступова становіцца для дзяцей другім домам, дзе ім спакойна і цікава кожную хвіліну, кожны дзень. А для бацькоў – месцам, дзе ім заўсёды рады, дзе яны заўсёды атрымаюць педагагічную і метадычную дапамогу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий