Даследуем на ўроках біялогіі

- 22:00Биология. Идеи, Методичка

 

Аксана АНДРУКОНІС,
настаўнік хіміі і біялогіі
Доцішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці

 

Адной з формаў арганізацыі дзейнасці навучэнцаў, якая дазваляе максімальна набліжаць навучанне да жыцця, з’яўляецца праектная і  даследчая праца. Сёння вялікі акцэнт у адукацыі дзяцей робіцца на фарміраванні іх здольнасці думаць самастойна, прымяняць і знаходзіць веды, эфектна працаваць у групах.

Я лічу, што добра арганізаваная і сістэматызаваная даследчая дзейнасць навучэнцаў спрыяе не толькі развіццю іх творчых здольнасцей, але і матывіруе на выкананне вучэбнай задачы ў цэлым і, самае галоўнае, спрыяе іх сацыяльнай адаптацыі ў асяроддзі аднагодкаў, дапамагае змяніць статус у калектыве, дазваляе адчуць уласную значнасць.

Вельмі важна своечасова выяўляць адораных дзяцей і спрыяць іх развіццю. Але не менш важна адносіцца да звычайнага навучэнца як да адоранага.

Галоўныя мэты маёй педагагічнай дзейнасці – стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальных, творчых здольнасцей навучэнцаў на уроках біялогіі праз праектную і даследчую дзейнасць, фарміраванне навуковага светапогляду, неабходнага для разумення з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе.

Пры арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці на ўроках біялогіі стараюся дакладна арганізаваць працу, якая ўключае працяглыя назіранні, эксперымент, самастойныя даследаванні на ўроках і ў пазаўрочны час.

Асновай урочнай дзейнасці з’яўляецца самастойная дзейнасць вучня па рашэнні праблемных задач урока, пастаўленых настаўнікам. Віды нетрадыцыйных урокаў, якія дазваляюць выкарыстоўваць даследчы метад навучання, якія прымяняю ў сваёй працы: урок-даследаванне, урок-лабараторыя, урок-творчая справаздача, урок-праект, урок-прэзентацыя, урок-экспертыза, урок-падарожжа, урок-аповед, урок-экскурс у эпоху дзейнасці вучонага і іншыя.

Але лічу, што найбольшыя магчымасці для правядзення сістэмнай даследчай работы навучэнцаў дае пазакласная даследчая дзейнасць.

Даследаванні можна выкарыстоўваць на алімпіядах, разнастайных конкурсах, інтэлектуальных марафонах, канферэнцыях, факультатыўных занятках, экспедыцыях, экскурсіях і інш.

Для прадуктыўнай арганізацыі ўрокаў біялогіі ў VI класе пры вывучэнні тэмы “Фотасінтэз – спосаб харчавання раслін” выкарыстала хатнія расліны для правядзення вопыту “Уплыў навакольнага асяроддзя на фотасінтэз раслін”.

Эфектыўна арганізаваць даследчую працу з вучнямі можна пры вывучэнні тэмы “Размнажэнне жывых арганізмаў. Бясполае размнажэнне”. На ўроку вучням даецца некалькі хатніх раслін, прапануецца выканаць заданні: назваць расліны згодна з фотокаталогам-вызначальнікам, апісаць спосаб вегетатыўнага размнажэння раслін, карыстаючыся падручнікам і дадатковай літаратурай.

На ўроках біялогіі ў VII класе пры вывучэнні тэмы “Папараці” расказваю вучням, што ў дэкаратыўных мэтах вырошчваюцца папараці з роду адыянтум “венерын волас”, платыцэрыум, нефралепіс, дэманструю гэтыя віды. А затым прапаную вучням дома скласці этыкетку, якая будзе прымацавана да вазону для выкарыстання ў кабінеце біялогіі. У этыкетцы трэба апісаць дэкаратыўныя якасці папараці і рэкамендацыі па яе доглядзе.

У IX класе пры вывучэнні тэмы “Захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам. ВІЧ-інфекцыя” прапаную вучням практычнае заданне – скласці памятку на тэму “Паняцці пра захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам”.

Вынікі работы па арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці маіх навучэнцаў: удзел у раённых, абласных павукова-практычных канферэнцыях (дыплом І ступені ў раёне і ІІ ступені на абласной канферэнцыі за работу “Чайны грыб: тэхналогія вырошчвання і прымянення ў хатніх умовах”,  дыплом III ступені ў раёне за работу “Пігменты расліннага свету. Чаму яны такія розныя?”, дыпломы II ступені ў раёне і вобласці за работу “Імправізаваны інкубатар: кураня, народжанае ў “кашулі”, дыплом I ступені за работу “Лета–2019: гісторыя выратавання шапачкавага грыба”, удзел у алімпіядах і конкурсах.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий