Перашкод няма, ці як вучыць анлайн дзяцей з парушэннямі слыху

- 23:27Стиль работы, Стиль работы. Педагогический лайфхак

Святлана ШРЭЙДЗЕР,
настаўнік пачатковых класаў,
Вольга САЎЧЫК,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 16 Гродна

 

Урокі анлайн – гэта новы падыход да правядзення і падбору вучэбнага матэрыялу, у адрозненне ад “звычайных” урокаў, асабліва калі працуеш з вучнямі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пры такім навучанні змяняецца роля настаўніка: ён ужо не дае вучням гатовыя веды, а з’яўляецца своеасаблівым навігатарам у самастойным авалодванні ведамі.

У сярэдняй школе № 16 Гродна арганізаваны адукацыйны працэс у класах інтэграванага навучання і выхавання для вучняў з парушэннямі слыху, кампенсаванага кахлеарным імплантам (слыхавым апаратам), з парушэннямі аутыстычнага спектру. Карэкцыйна-адукацыйны працэс для вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця патрабуе бесперапыннага ўзаемадзеяння з настаўнікам, настаўнікам-дэфектолагам.

Адзін з прынцыпаў работы педагогаў, якія працуюць з “асаблівымі” вучнямі: калі хочаш штосьці зрабіць – знойдзеш сродкі, калі не хочаш – знойдзеш прычыны – з’явіўся адпраўным пунктам для вывучэння інтэрнэт-платформ, якія можна прымяняць пры дыстанцыйным навучанні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Дыстанцыйнае навучанне мае як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Сярод станоўчых бакоў анлайн-навучання можна выдзеліць наступныя: візуалізацыя вучэбнага матэрыялу; доступ да вучэбнага матэрыялу ў любы момант; авалодванне новымі формамі, метадамі засваення ведаў; паспяховая ўнутраная матывацыя; пастаянны кантакт з бацькамі.

У той жа час назіраліся і адпаведныя цяжкасці пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання, а менавіта: недастатковае валоданне камп’ютарнымі тэхналогіямі; розная хуткасць інтэрнэта; некаторым вучням пастаянна патрабавалася дапамога з боку бацькоў.

Улічваючы індывідуальныя асаблівасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прыйшлі да высновы, што самымі аптымальнымі для работы з’яўляюцца такія платформы, як ZOOM, Google Classroom, электронныя дзённікі Schools.by. Для групавой работы таксама выкарыстоўваюцца відэакансультацыі у Viber, WhatsApp.

Бацькі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця станоўча аднесліся да правядзення анлайн-урокаў, аднак настаўнікам патрэбна было дадаткова правесці экспрэс-кансультацыі па арганізацыі дыстанцыйнага навучання. Бацькі сталі “хатнімі педагогамі” для сваіх дзяцей. Улічваючы той факт, што многія з іх самі маюць парушэнні слыху, настаўнікі-дэфектолагі праводзілі анлайн-кансультацыі з выкарыстаннем жэстаў.

Адна з задач карэкцыйна-адукацыйнага працэсу з вучнямі з парушэннямі слыху – развіццё вуснай і пісьмовай мовы. Напрыклад, на уроках рускай мовы праводзяцца дыстанцыйна тэкставыя і слоўнікавыя дыктанты:

  1. Спачатку праводзіцца калектыўны анлайн-урок на платформе ZOOM. Настаўнік прагаворвае вучэбны матэрыял у звычайным тэмпе. Вучні запісваюць словы альбо тэкст у залежнасці ад тыпу дыктанту. Затым робяць фотаздымак сваёй работы і праз функцыю “дэманстрацыя экрана” прад’яўляюць работу настаўніку. Праверка і аналіз работ праводзіцца ў індывідуальным парадку. Аналіз памылак праводзіцца калектыўна пры наступнай анлайн-сустрэчы.
  2. Для вучняў, у якіх маюцца цяжкія парушэнні слыху, тэкставы дыктант праводзіцца індывідуальна анлайн. Гэта дае магчымасць улічваць індывідуальныя магчымасці і ўспрымаць вусную мову на слых і візуальна. Неабходна адзначыць, што абавязкова неабходна добрая якасць інтэрнэта, наяўнасць гукаўзмацняльнай апаратуры.
  3. Тэкст дыктанта запісваецца з дапамогай праграмы SoundCloud. Пасля аудыязапіс выкладаецца на сэрвісе https://soundcloud.com і вучням у групавы чат дасылаецца паведамленне з інфармацыяй аб пачатку напісання дыктанта і спасылка на матэрыял. Удакладняецца працягласць дыктанта, калі вучні павінны даслаць фотаздымкі сваіх работ.

Мы прыйшлі да высновы, што пры необходнасці можна выкарыстоўваць дыстанцыйныя формы ў навучанні дзяцей з парушэннямі слыху. Гэта дазваляе бесперапынна ажыццяўляць адукацыйны працэс з выкарыстаннем сучасных камп’ютарных тэхналогій.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий