Нарыс У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Вучнёўскія даследванні па творы класіка

- 15:24Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

 

Таццяна ГРЭЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”

 

 

Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці
і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс…
Уладзімір Караткевіч

Мы даўно звыкліся з тым, што Беларусь называюць “Зямлёй пад белымі крыламі”. І наўрад хто ўспомніць пра тое, што ў гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў з таго часу, як сам твор быў напісаны. Між тым рукапіс самага першага варыянту нарысу цяпер захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На ім указана дата заканчэння твора: 12 ліпеня 1971 года.

Да юбілею яшчэ ёсць час, але як не ўспомніць пра гэту дату тады, калі твор вывучаюць як праграмны ў 7-м класе. Нягледзячы на тое, што ў падручніку размешчаны толькі некалькі раздзелаў з кнігі, магчымасць даследаваць непаўторнасць нашай краіны была ў кожнага сямікласніка нашай школы. Прачытаць твор, пераказаць змест – гэта самае простае, што можна зрабіць на ўроку. А вось выбраць з 50 тэм для даследавання тую, якая будзе цікавая табе, няпроста. Тым больш, што вынiкi можна было прадставіць у розных варыянтах: выступленнях з прэзентацыяй, у выглядзе віктарыны, відэароліка, крыжаванкі і г.д. Лепшыя праекты былі прадстаўлены на апошнім уроку па вывучэнні тэмы.

Выбраўшы тэму “Вёска, родная вёска мая!”, Вераніка Шкробат правяла паралель паміж тымі звесткамі, што знайшла ў творы, і сучаснай вёскай, дзе жыве і сёння яе бабуля. Яна з захапленнем расказвала не толькі пра прыгожыя краявіды, але і пра лёс жыхароў у час Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, як змяніўся выгляд вёскі за апошнія 50 гадоў.

Уладзімір Паддубны таксама закрануў тэму вайны, але яго аповед “Пасля 1812 года” вярнуў нас у ХІХ стагоддзе, адкрываючы не толькі вядомыя ўсім, але і архіўныя звесткі пра вызваленчы рух на Беларусі. Сціплы на папярэдніх уроках вучань, здолеў сваё захапленне гісторыяй звязаць з адным з радзелаў поўнага зместу твора і прадставіць у выглядзе прэзентацыі.

А вось Дзіяна Януцэвіч і Вікторыя Юрэчка падрыхтавалі праектныя работы па тэме “Адзенне беларусаў”. Здаецца, тэма адна і тая ж, а вось аповед і знойдзеныя матэрыялы былі розныя. Тут праявіўся характар дзяўчынак, іх захапленіі і ўменне прадставіць падрыхтаваны матэрыял.

Улічваючы тое, што Гродна вядомы сваім Фестывалем нацыянальных культур, шматлікімі пляцоўкамі, дзе прадстаўлены вырабы рамеснікаў, аповед Ксеніі Кардаш пра ганчарныя вырабы беларусаў, быў вельмі актуальны. Пры гэтым яна прыгадала і тыя вырабы, што знаходзяцца ў школьным этнаграфічным музеі “Беларускi куток”,

А калі ўспомніць словы У.Караткевіча: “Беларус любіць смачна паесці”, то выступленне Мікіты Корабава “Хлеб і да хлеба” выклікала не толькі цікавасць, але і пазітыўныя эмоцыі, жаданне некаторых падзяліцца ўспамінамі пра тое, як адзначаюць святы ў іх сям, і якія нацыянальныя стравы ўпрыгожваюць стол.

Пра знакамітых сыноў нашай краіны і асаблівасці характару беларусаў расказалі Анастасія Нікіціна і Мікіта Кананенка. А азарт і ўзрыў эмоцый выклікала віктарына, якую падрыхтавалі Андрэй Давыдзік і Аляксандр Пік.

Вучні не толькі выступалі, удзельнічалі ў апытванні, выконвалі заданні віктарыны і розных тэстаў, яны паспрабавалі сябе ў ролі журы, якое ацэньвала работы сваіх аднакласнікаў. Пры гэтым улічвалася сувязь з нарысам У.Караткевіча, багацце матэрыялу, арыгінальнасць iдэi, мастацкае афармленне і само выступленне.

Дзякуючы такой працы можна не толькі заўважыць таленавітых вучняў, даведацца пра іх захапленні, але і зрабіць урокі беларускай мовы і літаратуры цікавымі і запамінальнымі. Таму мы не развітваемся з творам-юбілярам, а пачынаем ствараць свой праект “Мая “Зямля пад белымі крыламі”, які будзе расказваць пра Беларусь праз прызму ўспрыняцця сучасных падлеткаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий