Сакрэт кабінета беларускай літаратуры  

- 19:34Стиль работы

У сярэдняй школе № 41 Гродна працуе незвычыйны кабінет беларускай літаратуры. Асаблівасцю яго стала практычная накіраванасць – кабінет працуе як невялікі музей-лабараторыя, кабінет-эксплорыум.

 

Таццяна СОЎЦА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 41 г. Гродна”

 

 

 

 

Ад таго, як выглядае і чым з’яўляецца кабінет беларускай літаратуры, залежыць многае ў адносінах вучняў і да самога прадмета. Сучасныя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры часта задаюць сабе пытанне: якім сёння павінен быць кабінет беларускай літаратуры?

Не сакрэт, дзеці XXI стагоддзя цесна сябруюць з ІКТ. Для іх гаджэты – гэта ўжо нешта звычайнае, штодзённае. Чым сёння здзівіць навучэнцаў, каб выклікаць цікавасць да беларускай літаратуры, заахвоціць да вывучэння ўсіх тых твораў, якія настаўніку прапануе праграма па прадмеце? А яшчэ неабходна, каб гэта мела практыкаарыентаваны характар, было вобразным, і самае галоўнае – цікавым.

У сярэдняй школе № 41 Гродна адказ на гэтыя пытанні быў знойдзены дзякуючы ўласнаму захапленню настаўніка Аксаны Бітук, якая стараецца стварыць у кабінеце своеасаблівы “эксплорыум”. Іншымі словамі, Аксана Тадэвушаўна напаўняе кабінет экспанатамі, якія абавязкова знойдуць прымяненне ў адукацыйным працэсе. Такім чынам, кабінет ператвараецца ў невялікі музей-лабараторыю.

Першым экспанатамі сталі кнігі, якія дасталіся ў спадчыну ад бабулі: “Крёстная песнь” (1938 года выдання, г. Варшава) і асобныя лісты кнігі “Образцовая кухня” (1892 года выдання, Масква).

   

Калекцыя стала папаўняцца дзякуючы бацькам, калегам, навучэнцам. Паступова да працэсу далучыліся работнікі школы, супрацоўнікі бібліятэкі. Так з’явіліся “Арфаграфічны слоўнік” пад рэдакцыяй К.Крапівы (1948 года выдання), “Сымон-музыка” Я.Коласа (1968 года выдання), “Война и мир” Л.Талстога (выдадзеная ў Маскве ў 1957 годзе), старонкі “Евангелля ад Іаана” (1938 года выдання), “Катэхізіс” (1910 года на польскай мове, выдадзены ў Кракаве), “Малітваслоў” (1921 года, выдадзены ў Варшаве) і інш.

Зразумела, што кожны з гэтых экспанатаў займае пачэснае месца на адпаведным уроку літаратуры.

Звяртаюцца да экспанатаў і на факультатыўных занятках па беларускай мове. Напрыклад, праводзіўся дослед, і вучні параўноўвалі правапіс некаторых слоў з “Арфаграфічнага слоўніка” пад рэдакцыяй К.Крапівы са словамі, якія ўжываюцца ў сучаснай мове. Так навучэнцы заўважаюць розніцу ў правапісе і вучацца тлумачыць, з чым гэта звязана, а таксама знаёмяцца з гістарызмамі і архаізмамі. Падчас таго, як яны трымаюць у руках кнігі розных часоў выдання, расце цікавасць да прадмета.

Кабінет-эксплорыум – месца для даследаванняў. Напрыклад, разам з настаўнікам гісторыі падрыхтавана навукова-даследчая работа па тэме “Кніга: ад мінулага да сучаснасці і будучыні”. Прадметам даследавання сталі дзве кнігі – “Крестная песнь” і “Образцовая кухня”. У працэсе даследвання былі адчынены малавядомыя старонкі гісторыі напісання і значэння гэтых кніг. А правільнае суправаджэнне даследавання і міжпрадметны кампанент паспрыялі атрыманню дыплома пераможцы ў абласным краязнаўчым конкурсе “Скарбонка краязнаўчых знаходак”.

Дапаўняюць калекцыю эксплорыума выданні падручнікаў 50–60-х гадоў XX стагоддзя. На падставе гэтых экспанатаў распрацаваны прафарыентацыйны ўрок для будучых педагогаў, а таксама вучняў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня”.

  

Не засталіся без увагі і перыядычныя выданні. Старонкі газет “Звязда” ад 7 кастрычніка 1970 года, “Советская Белоруссия” ад 13 студзеня 1955 года, “Комсомольская правда” ад 18 мая 1925, а таксама часопіса “Маладосць”, убачыўшага свет у снежні 1953 года, і іншых пашыраюць карціну развіцця беларускай інфармацыйнай прасторы і адлюстроўваюць актуальныя старонкі соцыума тых часоў.

Асобную цікавасць выклікае нумар навукова-папулярнага радыётэхнічнага часопіса “Радио” (№ 7 1984 года). Знаёмства з ім абавязкова арганізуе педагог дадатковай адукацыі на першых занятках па радыётэхніцы. 

Менавіта “сакрэт” кабінета-эксплорыума дапамагае ўзаемадзейнічаць з установамі культуры і літаратуры. З мэтай узаемабмену вопытам ладзяцца экскурсіі як навучэнцаў, так і і педагогаў у Музей Максіма Багдановіча, дзіцячы філіял бібліятэкі Я.Ф.Карскага, нават Музей гісторыі літаратуры ў Мінску.

Такім чынам, у кабінеце беларускай літаратуры кніга – гэта не проста падшытыя надрукаваныя старонакі, а цэлы сусвет. Кабінет-эксплорыум дае магчымасць выйсці са звычных прасторавых уражанняў, з рамак свайго дома, са штодзённасці. Дапамагае цікаўнаму арганізаваць асабістае падарожжа і дае магчымаць зазірнуць за рамкі вучэбнай праграмы, павялічыць свой кругагляд.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий